Gap year: знайсці сябе ў жыцці


У заходніх краінах распаўсюджана такая з’ява як Gap year. Гэта цэлы год паміж заканчэннем школы і паступленнем ва ўніверсітэт, які моладзь праводзіць розным чынам, каб адпачыць ці знайсці тое, чым ім падабаецца займацца.

За мяжой нават працуюць спецыяльныя агенцый, якія займаюцца арганізацыяй такога года для моладзі: можна паехаць папрацаваць на ферму, памедытаваць у Індыі або проста паспрабаваць сябе ў розных прафесіях, каб выбар месца навучання быў больш асэнсаваным.

Тут вы знойдзеце найбольш папулярныя і даступныя спосабы правесці «gap year». Магчыма, вы натхніцеся і таксама вырашыце правесці год пасля школы ў пошуках сябе?

gap year

Змяніць свет праз валанцёрства

Калі ты знаходзішся ў падвешаным стане і не ведаеш, які кірунак абраць для будучага навучання, можна паспрабаваць добраахвотную грамадска-карысную працу. Існуе шмат розных праграмаў валанцёрства, у тым ліку Peace Corps, AIESEC, ці EVS.

Падчас валанцёрства, як правіла, выдаткі валанцёра на пражыванне ў краіне пакрываюць арганізацыі, якія вас прымаюць. Гэта выдатны спосаб трапіць у розныя прыгоды, зрабіць рэчы, якія раней не спрабаваў, і трошкі лепей зразумець сябе, а, разам з тым, яшчэ і зрабіць гэты свет крышачку лепей. Гэта ж так цудоўна!

Стаць Рычардам Брэндсанам

Распачаць свой бізнэс і запусціць старт-ап жадаюць многія, але далёка не ўсе вырашаюцца на гэты крок. Год пошуку сябе можна правесці, распачаўшы ўласную справу. Гэта можа быць утульная кавярня ў спальным раёне ці вытворчасць вопраткі, а, можа быць, захочацца заняцца рамонтам аўтамабіляў. Спектр сфер для выбару вельмі шырокі, засталося толькі спыніццца на нечым адным. Не адцягвай гэты момант! Калі ты малады, узяць на сябе рызыку і пачаць значна прасцей! Акрамя таго, толькі ўявіце, якую адукацыю вы атрымаеце, пакуль будзеце развіваць свой уласны праект! Гэта бясцэнны досвед!

Працаваць у Google ці Wargaming – чаму б і не?

Атрымаць працу ў такой буйной кампаніі прэстыжна, ды і працаваць там, безумоўна, цікава: кожны дзень даведваешся нешта новае і трапляеш у нестандартныя сітуацыі. Натуральна, што без адукацыі прабіцца ў такую крутую кампанію амаль немагчыма. Але ж насамрэч многія буйныя кампаніі бяруць маладых людзей без досведу працы, каб навучыць іх. Магчыма, адразу прыйдзецца працаваць на ўмовах неаплочваемай стажыроўкі. Але паказаўшы сябе і свае здольнасці, ёсць шанец атрымаць пастаянную і цікавую працу!

Аб’ехаць увесь свет!

Трэба выйсці за рамкі камфорту. Вось самы стандартны варыянт: ляці ў Індыю! Пазнаёмся са светам, абсалютна не падобным на твой. Правядзі там год. Ты сустрэнеш мноства цікавых людзей, убачыш сапраўдную беднасць і зразумееш каштоўнасць кожнага даляра. Ты часта будзеш аказвацца ў сітуацыях, дзе прыйдзецца выжываць нягледзячы на абставіны. Тады ты зразумееш, што ты не цэнтр cвету.

338_original

Усе мы маем таленты!

Правядзі год займаючыся маляваннем, навучыся граць на музычным інструменце або напішы некалькі навэл. Навучыся тварыць! Творчасць не здараецца з натхнення і тым больш не прыходзіць ад Бога, яна нараджаецца з дысцыпліны, працы і страсці. Чаму б не навучыцца ствараць зараз, пакуль твой мозг усё яшчэ вырабляе новыя ідэі ў шалёным тэмпе? Пазней гэта зрабіць будзе больш складаней.

Яшчэ можна заняцца спортам, дабрачыннасцю, напісаць кнігу, навучыцца гатаваць ежу, паспрабаваць ванроўкі аўтаспынам, вывучыць эканоміку, пайсці на латынскія танцы або спяваць у хоры. Варыянтаў настолькі шмат, што выбар становіцца вельмі складаным.

Паводле статыстыкі, студэнты, якія добра прадумалі свой Gap year больш паспяхова навучаюцца ва ўніверсітэце, больш заматываваныя і здольныя да цяжкай інтэлектуальнай працы. А ўсё таму, што большасць з іх ведае, навошта яны гэта робяць і як гэта дапаможа ім стаць бліжэй да сваіх мэтаў.

“Я на год пазней атрымаю дыплом”

На жаль, у Беларусі год пошукаў сябе не практыкуецца: усе імкнуцца паступіць ва ўнівер адразу пасля школы, і іншыя варыянты не разглядаюцца. Гэтаму ёсць некалькі прычын.

Па-першае, многія абітурыенты лічаць, што год перапынку – страта гэтага года. Сам gap year супярэчыць разуменню беларускай мадэлі «школа-універсітэт-праца-пенсія». Пазіцыя бацькоў хутчэй за ўсё будзе прадказальнай, паколькі фінансавае становішча большасці беларускіх сем’яў не дазволіць інвеставаць сродкі ў цэлы год ”пошукаў сябе” сваіх дзяцей.

Па-другое, для хлапцоў правесці год пасля школьнага выпускнога ў грамадска-карысным сектары супярэчыць праходжанню абавязковай ваеннай службы. Закона аб альтэрнатыўнай службе ў Беларусі пакуль, на жаль, не прынята.

Gap year – магчымасць для моладзі абдумаць свае жыццёвыя мэты і прыярытэты, і ў выніку абраць ВНУ не таму, што тэрмінова трэба, а таму, што вельмі хочацца.

А можа, варта паспрабаваць у Беларусі ўвесці такую практыку, каб дапамагаць падлеткам вызначыцца з прафесійнай дзейнасцю не толькі з дапамогай прафаарыентырных тэсцікаў? Глядзіш, і студэнты стануць больш заматываваныя і па спецыяльнасці потым пойдуць працаваць, бо выбіралі яе сваім сэрцам, паспрабавалі сябе ў розных ролях і абралі сваё. Пакідайце свае меркаванні ў каментарах ці пішыце нам на adukacyja@gmail.co