Get To Know About Poland: Што мы даведаліся пра Польшчу і Беларусь

  • 14.08.2015
  • Блог
  • Здымкі аўтарак

Пра праект Get To Know About Poland* мы даведаліся на Adukacyja.info і адразу зацікавіліся. На першы погляд здаецца, чаго мы яшчэ не ведаем пра Польшчу? Але калі задумацца, то не так ужо і шмат мы ведаем пра культурна-гістарычную спадчыну краіны-суседкі.

Стася і Мальвіна

Як патрапілі?

Першай справай было падаць заяўку на ўдзел у праекце, дзе, акрамя матывацыі, патрэбна было напісаць пра самыя значныя падзеі ў гісторыі Польшчы на нашу думку. Мы ўзгадалі агульнае мінулае Беларусі і Польшчы ды пра грамадскі рух “Салідарнасць”.

Другім этапам адбору было праходжанне скайп-сумоўя з арганізатарамі праекта. Мы вельмі хваляваліся, але ў выніку ўсё прайшло паспяхова і ўрэшце мы артымалі сваё запрашэнне на ўдзел ў праекце. Пасля двух месяцаў актыўнай падрыхтоўкі мы нарэшце апынуліся ў Кракаве.

Дазнаемся пра Польшчу (і не толькі) на месцы

Нягледзячы на тое, што мы былі ў Кракаве не ў першы раз, горад нас вельмі ўразіў. Ужо адразу на вакзале мы адчулі дух даўніны, які, здаецца, прысутнічае ў кожным каменьчыку і проста лунае ў паветры.

На наступны дзеньзранку мы адразу ж пазнаёміліся з астатнімі ўдзельнікамі праекту з Арменіі, Азербайджану, Грузіі, Малдовы, Вугоршчыны, Чэхіі, Славакіі, Украіны і Румыніі. Ад кожнай краіны было па два ўдзельнікі.

Праграма ў цэлым была напружанай, але вельмі цікавай. Мы ўдзельнічалі ў разнастайных варкшопах па гісторыі, культуры, эканоміцы Польшчы, стваралі свае турыстычныя агенцтвы, прыдумлялі рэкламу польскіх брэндаў, стваралі казкі і тэатральныя пастаноўкі пра вядомых дзеячаў Польшчы. Акром таго, мы мелі ўнікальную магчымасць пазнаёміцца з прадстаўнікамі Кракаўскіх НДА і наладзіць з імі сувязі для далейшага супрацоўніцтва. Больш за тое, амаль усе ўдзельнікі прэзентавалі свае грамадскія суполкі, што таксама дало нам шанец пашырыць нашыя кантакты і сувязі. Асабліва адметным стала межкультурная вечарына, дзе мы танчылі азербайджанскія танцы, елі пахлаву, пілі малдаўскае віно, слухалі армянскія песні і, вядома, распавялі шмат пра Беларусь.

GTAP1

Важным складнікам праекту стала культурная праграма, якая ўключала ў сябе разнастайныя экскурсіі, мерапрыемствы і падзеі. Мы як сапраўдныя дыпламаты мелі паседжанне ў Кракаўскай мэрыі, наведалі бізнэс-цэнтр Malopolska Regional Development Agency, дзе даведаліся пра магчымасці развіцця прадпрымальніцкіх ініцыятыў у Польшчы.

Вельмі запамінальным было знаёмства з музыкам і фатографам Бартэкам Казекам. У ягонай студыі мы адыгралі сапраўдны драм-канцэрт і атрымалі асаблівую асалоду ад праведзенага майстар-класу.

Спадабалася нам двухдзённая экскурсія па цэнтры Кракава, дзе гід распавёў нам шмат пра паданні і легенды гэтага, як здавалася, містычнага гораду.

Акрамя экскурсій па Кракаве, у нас было два падарожжы за межы гораду. Мы з энтузіязмам даследвалі саляныя шахты Вялічкі на глыбіні 135 метраў пад зямлёй.

З аднаго боку эмацыйна цяжкімі, а з другога – вельмі пазнавальнымі сталі наведаванні канцлагераў Асвенцім і Біркенаў, а таксама фабрыкі Шындлера. Перед вачыма быццам бы пранесліся крывавыя гады вайны, пакуты людзей, разбітыя лёсы.

Асабістыя ўражанні

Мальвіна:

Калі распавядаць пра людзей – іншых удзельнікаў праекту – то ўсе былі вельмі ветлівыя і дружалюбныя. Улічваючы тое, што палова людзей была з краін мінулага СССР, то мы адразу знайшлі шмат агульнага, з лёгкасцю разумелі жарты адзін аднога. Асабліва мы пасябравалі з хлопцамі і дзяўчатамі з Арменіі і Азербайджану, шмат праводзілі з імі часу і зараз з імі падтрымліваем сувязь.

Што датычыць Польшчы, то, зыходзячы з усёй інфармацыі, якую нам давалі на кожным занятку, увогуле краіна “адчувае сябе” добра. Яны вельмі паспяхова прасоўваюць свае тавары і брэнды у іншыя краіны Еўропы і не толькі. Але ўзровень іміграцыі ўсё ж такі даволі высокі. У асноўным палякі імігруюць у Лондан ды ў Чыкага. Яны нават жартуюць і называюць гэтыя гарады 17-м ваяводствам Польшчы.

Калі знаходзішся за мяжой, пачуццё беларускасці абвастраецца, таму што адчуваеш, што ты адзіны прадстаўнік краіны і патрэбна яе прадставіць як мае быць. Вось на гэтым праекце, напрыклад, усе цікавіліся Беларуссю, культурай, пыталі пра людзей, пра Мінск. Дарэчы, шмат хто цікавіўся беларускай мовай, чым яна падобная да расейскай, чым адрозніваецца. А на міжкультурнай вечарыне мы спявалі песню на беларускай мове. А яшчэ праводзілі віктарыну пра Беларусь, дык на пытанне пра кошт білету ў мінскім метро з трох варыянтаў адказу ўсе выбралі 5 000 000 замест 4500. 

GTAP2

Стася:

Падарожжа у Кракаў стала для мяне незабыўным досведам. Гэта была камбінацыя адукацыйнага, культурнага, забаўляльнага зместаў. Неверагодны горад са сваей спецыфічнай атмасферай і духам, са сваімі сакрэтамі і таямніцамі.

Калі я трапіла у міжкультурнае асяроддзе, то адчула ўсю вастрыню і адказнасць “быць беларускай”, данесці да еурапейскай моладзі, у чым адметнасць і ўнікальнасць нашай беларускасці. Пачынаючы з асноў – месцазнаходжання, тэмпературы ўзімку, нацыянальнага спорту, правільнасці назвы (не “Беларусія” і не “Белараша”, а Беларусь), мы перайшли да гутаркі аб культурных стасунках паміж нашымі краінамі, агульнай спадчыны, адметнасці гістарычнага развіцця. Канешне, не абмінулі спрэчку з палякамі аб Адаме Міцкевічы. Таксама для мяне вялікім сюпрызам было тое, што у Польшчы Ігнат Дамейка, нацыянальны герой Чылі, выдатны геолаг и мінеаролаг, лічыцца нацыянальным дзеячам. Але ж я як зараз памятаю, што па ўсіх беларускіх школьных падручніках па гісторыі ён праходзіць як беларус! Такія моманты, насамрэч, толькі яшчэ раз даказалі мне, што мы маем непарыўнае мінулае з Польшчай – больш за чатыры стагоддзі агульнай гісторыі, якія нельга ігнараваць. Гэты праект на самой справе адчыніў новыя вектары для далейшага супрацоўніцтва моладзі нашых краін, асабліва ў галіне аховы і прасоўвання агульнай культурнай спадчыны.

Вынікам нашга ўдзелу ў праекце стала follow-up мерапрыемства – польская вечарына, на якую была запрошана не толькі беларуская моладзь, але таксама прадстаўнікі Украіны, Гішпаніі, Індыі, Аўстраліі ды іншых краінаў. Мы падзяліся тым досведам і ведамі, якія атрымалі на праекце ў Кракаве. Прыемна было заўважыць, што моладзь мае даволі шырокае прадстаўленне аб Польшчы – ведае нацыянальную ежу, пісьменнікаў, музыкаў, асноўныя мясціны ды славутасці. Мы ў сваю чаргу хацелі паказаць тыя паралелі, якія можна правесці паміж беларускай і польскай культурамі.

*Праект быў зарганізаваны Інстытутам усходніх ініцыятыў пры падтрымцы польскага Міністэрства замежных спраў. ГА “Цэнтр “Трэці сектар”  быў беларускім партнёрам у гэтым праекце, займаўся першасным адборам і падрыхтоўкай беларускіх удзельнікаў.