Global UGRAD: адказы на простыя пытанні ад выпускніцы

  • 17.11.2016
  • Блог
  • Здымкі: з прыватнага архіву Марыі, flickr.com

Колькі тыдняў таму стартаваў прыём заявак на праграму студэнцкіх абменаў Global UGRAD. Сёлета яна выклікала вялізную зацікаўленасць і не меншую заклапочанасць пытаннямі ад нашых чытачоў: як падацца? што рабіць? колькі ў мяне шанцаў? Adukacyja.info адшукала былую выпускніцу праграмы Марыю Скараход і простай мовай распытала пра ўсё, што патрэбна ведаць, калі вы плануеце стаць стыпендыятам Global UGRAD.

5551225213_b6d22b42dd_z

Калі я падам заяўку, то мяне абавязкова возьмуць?

Не. Адбор на праграму складаецца з трох этапаў:

  • анлайн-заяўка;
  • сумоўе;
  • TOEFL.

На кожным этапе частка аплікантаў адсейваецца, і на наступны, вядома, праходзяць не ўсе. Не магу сказаць дакладна, колькі чалавек праходзіць на сумоўе, але ведаю, што больш за ўсё людзей адпадае якраз на ўзроўні заявак. Аўтараў самых моцных анкет запрашаюць на інтэрв’ю, пасля чаго, наколькі мне вядома, пяцёрку самых моцных удзельнікаў запрашаюць здаваць TOEFL. З іх трое – патэнцыйныя фіналісты і двое – “запасныя” ўдзельнікі. Няма дакладнага мінімальнага бала за тэст, людзі прыязджаюць у Штаты па гэтай праграме з самымі рознымі вынікамі. Ён павінен быць прыкладна 70+ (як мне (!!) здаецца). Варта таксама ўлічваць, што ад вынікаў TOEFL у тым ліку залежыць ваш універсітэт ў Амерыцы.

Ад Беларусі апошнія два гады бралі тры чалавекі. Гэтая лічба можа нязначна змяняцца з года ў год.

gdw-s-mae5k

Я вучуся на трэцім курсе з чатырох. Гэта мой апошні шанец? А першакурснікам можна ўдзельнічаць?

Калі ты навучаешся на трэцім курсе з чатырох, то твой апошні шанец быў у мінулым годзе.

Справа ў тым, што ты не можаш вучыцца па Юграду на апошнім курсе навучання. А ў цябе атрымліваецца, што, падаўшыся на трэцім, ты павінны ехаць на чацвёртым, то бок апошнім. Удзельнічаць могуць студэнты першых двух курсаў (па чатырохгадовой сістэме навучання) і першых трох (па пяцігадовай).

Але ж, мабыць, варта сказаць, што ў Амерыцы былі юградаўцы, якія прыехалі туды на апошнім курсе навучання і па вяртанні дадому адразу атрымалі дыплом. Гэта супярэчыць правілам праграмы, таму я не ведаю, як яны гэта зрабілі. Але ж гэта было.

Я вывучаю раманскую лінгвістыку ці беларускую мову і літаратуру. Мяне не возьмуць, бо ў ЗША няма такіх сецыяльнасцей?

У Амерыцы зусім не абавязкова вучыцца па сваёй спецыяльнасці. Прадметы выбіраюцца ўжо пасля таго, як вас абіраюць у якасці ўдзельніка праграмы ад Беларусі. Пра свой універсітэт вы таксама даведваецеся ўжо пасля таго, як вам сказалі “так”. Я, да прыкладу, вывучала ў Штатах паліталогію і, акрамя ўсяго іншага, узяла псіхалогію сэксуальных паводзін ды гісторыю джаза. Беларускі бок справаздачы пра абраныя прадметы ад вас не патрабуе. Адзінае, у анкеце будзе пытанне, якія прадметы вы хацелі б вывучаць у ЗША. І вось там, як мне здаецца, важна пазначыць іх даволі канкрэтна. Не ў стылі “я б вывучала нешта з мастацтва”, а дакладна з назвай курсаў. Яшчэ я пісала, што для мяне важна вывучаць менавіта іх, таму што ў сваім “дамашнім” універы прайсці іх не магу. Па маім меркаванні, галоўнае растлумачыць, чаму курсы не па спецыяльнасці ўсё адно важныя для цябе як асобы і, магчыма, спецыяліста.

1534739047_bf81e493af_z

Па выбары прадметаў ёсць яшчэ два моманты, якія трэба ўлічыць: у вас будзе патрабаванне вывучаць як мінімум адзін прадмет з вобласці “American studies” і абмежаванне па колькасці крэдытаў (каля 5 прадметаў максімум) – гэта момант адзін. Другі заключаецца ў тым, што для вывучэння некаторых прадметаў на досыць высокім узроўні амерыканцы патрабуюць спачатку засвоіць іх асновы. Гэта значыць, каб вывучаць, напрыклад, “медыі і палітыку”, трэба перш прайсці курс паліталогіі. Паколькі часу зрабіць гэта ў Штатах няма, можна паклапаціцца пра тое, каб ваш універсітэт загадзя зрабіў вам выпіскі, што вы прайшлі патрэбныя курсы. Часта амерыканцам гэтага больш чым дастаткова. А наогул, велізарная колькасць пытанняў, у тым ліку спрэчныя моманты ў стылі “браць ці не браць вас на курс” вырашаюцца там непасрэдна з выкладчыкам.

Такім чынам, ваша спецыяльнасць не перашкаджае стаць удзельнікам праграмы, можна нават на сумоўі распавесці, якім чынам і чаму яна дапаможа лепш прадставіць Беларусь.

Калі мае адзнакі не вельмі, то ўсё — можна нават не падавацца? 

Ну, мае былі таксама “не вельмi”:) То бок як: мой сярэдні бал на той момант быў сем з нечым. Падавацца варта. Адназначна. Мне падаецца, адзнакі – гэта істотны, але далёка не вырашальны фактар. Можа, гучаць банальна, але калі вы цікавы для камісіі як чалавек, праявілі сябе ў сацыяльным жыцці і дзейнасці грамадзянскай супольнасці, напісалі яскравыя, цікавыя эсэ, не так важна, што ў вас не “10,0”. Вам потым прадстаўляць Беларусь за мяжой. Тут мае значэнне, хто вы як асоба. Там нікому не патрэбны сумныя зануды, нават калі ў іх “10,5”. А за яркую асобу вам даруюць недахопы ў адзнаках. Дакладна даруюць.

6677001005_b023b53d9f_z

Кандыдат мусіць дэманстраваць лідарскія якасці. Я стараста групы / быў-была старастаў у школе. Гэта яно? Што такое лідарскія якасці? Што тут маецца на ўвазе?

Гэта важнае пытанне. Тут трэба зразумець некалькі момантаў. Першае: тое, што вы стараста групы, зусім не абавязкова кажа пра тое, што вы лідар. Вашу анкету разглядаюць людзі, якія выдатна разумеюць, што для таго, каб у Беларусі стаць старастай, шмат не трэба. Часам іх наогул “прызначаюць”. То бок сама па сабе фраза “я стараста” – дакладна не білет на Юград. Роўна як і ўсе астатнія ў стылі “я старшыня / дырэктар(ка) / заснавальнік(ца)” і г.д. Замест таго, хто вы ці якую пасаду займаеце (гэта можаце пазначыць у біяграфіі), у эсэ варта пісаць пра рэальныя дзеянні. “Я стараста” – не тое. “Як стараста класа я аднойчы ўсю школу паставіла на вушы, адстойваючы перад дырэктарам інтарэсы маіх аднакласнікаў” – ужо лепш. Яшчэ лепш – якія канкрэтна інтарэсы і якія свае якасці вы праявілі, пакуль “змагаліся”:).

Іншае пытанне, ці дастаткова досведу старасты для таго, каб стаць удзельнікам Юграда. Суб’ектыўнае меркаванне: не, не дастаткова.

Я пісала пра свой досвед працы ў НДА, рэалізацыі і арганізацыі доўгатэрміновых праектаў і невялікіх мерапрыемстваў. Прыводзіла прыклады таго, як мне даводзілася займацца рызыка-мэнэджментам, прымаць рашэнні ў самыя кароткія тэрміны і браць на сябе адказнасць.

Думаю, можна пісаць пра спорт. Пра тое, што вы лідар каманды, пра тое, як выбудоўваеце стратэгіі, улічваючы слабыя і моцныя бакі кожнага.

То бок вы можаце пісаць, што былі старастам, але дайце камісіі зразумець, што на гэтым усё не скончылася і гэта не апагей таго, чаго вы дасягнулі ў жыцці, не адзінае, пра што вы можаце напісаць. “Прыцягнутыя” дасягненні ў заяўцы заўважыць нескладана.

m_b6mmzmcie

15402268909_b79e55e71c_z

Калі мая ангельская добрая, але сертыфікатаў не маю, што рабіць?

Выдатна! Падавацца на Юград. Калі вы праходзіце этап заяўкі і гутаркі, вас запрашаюць на TOEFL (які, дарэчы, аплочвае праграма). Нядрэнна здаяце яго і едзеце ў Штаты. Бонус для тых, у каго ўжо ёсць сертыфікат, толькі ў тым, што яны могуць адразу прыкласці яго да заяўкі і не здаваць яшчэ раз. Да тэсту нам, дарэчы, далі дастаткова часу падрыхтавацца, хоць праграма ніяк вам у падрыхтоўцы не дапамагае.

Калі мая ангельская не вельмі, а па ўсіх іншых параметрах я “красаўчык”, што рабіць?

Падавацца на Юград. Раскажу адну гісторыю. У якасці часткі праграмы ўсіх удзельнікаў Юграду (250 чалавек) дзеляць на дзве групы і запрашаюць на семінар у Вашынгтон, каб яны маглі пазнаёміцца, падзяліцца досведам і have fun. Я сустрэла там хлопца з Туніса, які прыйшоў на сумоўе, наогул не ведаючы ангельскай. Ён напісаў шыкоўную анкету, спадабаўся камісіі, яны паклікалі яго на інтэрв’ю. Ён заходзіць у кабінет, яго на ангельскай запрашаюць прысесці і просяць прадставіцца. Ён адказвае на французскай. Камісія ў непаразуменні. Тлумачаць, што працоўная мова сумоўя – ангельская, правілы такія, вучыцца яму ў Амерыцы таксама трэба будзе па-ангельску і г.д. Ён усё гэта слухае і выдае ім хвілін на 10 прамову на французскай пра тое, які ён класны, як шмат усяго зрабіў і як моцна хоча на Юград. Абаяльнасць і харызма прыкладаюцца. Пасля чаго кажа нешта накшталт “калі я змог вас цяпер пераканаць, што не ведаючы ангельскай я ўсё роўна лепшы кандыдат, думаеце, я не змагу за тыя пару месяцаў, што засталіся, вывучыць ангельскую?” Мала таго, што яго ўзялі, яму яшчэ аплацілі семестр падрыхтоўчых курсаў ангельскай у амерыканскім універсітэце.

Не, я не раю прыходзіць на сумоўе і размаўляць па-беларуску. Зусім не раю. Мараль гісторыі ў іншым:

каб ездзіць па такіх праграмах, часам трэба быць вельмі настойлівым і самому верыць у тое, што ты шыкоўны кандыдат для ўдзелу, нават калі па якім-небудзь з крытэрыяў не лепшы. Калі не верыш у гэта сам/а, камісію дакладна пераканаць не зможаш. TOEFL – не самы важны этап адбору, тут галоўнае дайсці да яго і па дарозе ўразіць камісію.

4286475665_85d98cafa2_z

Што адбываецца пасля таго, як сабраў-падаў усе дакументы?

Чакаеш, пакуль камісія або адмовіць табе, альбо запросіць на сумоўе. Звычайна ад моманту падачы заяўкі да адказу праходзіць нямала часу, часам больш за месяц. па-рознаму. Я свой адказ атрымала на наступны (!) дзень, а сумоўе было прызначана прыкладна праз тыдзень. Калі запрасілі, праходзіш сумоўе, калі і там атрымалася – здаеш тэст. Паспяхова? Значыць ты фіналіст, ура! На кожным этапе, калі праходзіш далей, табе выразна і зразумела распавядаюць, што ад цябе патрабуецца і ў якія тэрміны.

Праходзіць сумоўе страшна? Што там пытаюць?

Неее, мне вельмі спадабалася! Але зноў жа, усё вельмі суб’ектыўна. Упэўнена, што былі і тыя, каму было страшна.

Прыходжу на сумоўе. У мяне яго праводзілі двое беларусаў-прадстаўнікоў амбасады і амерыканец – консул ЗША. Мне ўсе ўсміхаюцца, атмасфера шыкоўная. Жартаваць пачынаюць з парогу. Па-першае, у мяне ёсць звычка даволі моцна паціскаць руку пры сустрэчы, пасля чаго мне прапанавалі замест сумоўя спаборніцтва па армрэстлінгу. Па-другое, мяне завуць Маша, а праходзіла я сумоўе далёка не першай, то бок да мяне было дастаткова Даш, Саш, Наташ, Паш і г.д., каб на гэты конт таксама пажартаваць. Наогул, “падколы” і жарты былі падчас усяго сумоўя. Што мяне забаўляла, я таксама аджартоўваўся ў адказ. І тут, напэўна, галоўнае “злавіць хвалю” і адказваць жартам на жарт, што я і зрабіла. Пасля сумоўя размаўляла з іншымі кандыдатамі (не, нас адзін з адным не знаёмілі, проста ў мяне былі сярод іх сябры), шмат хто казаў “усё прайшло кашмарна, мяне не ўспрымалі сур’ёзна і ўвесь час жартавалі з мяне”. Мне гэта наадварот спадабалася. То бок што б ні адбывалася на сумоўі, важна зрабіць з гэтага плюс.

45nt4usalag

Так атрымалася, што ў маёй ангельскай амерыканскі акцэнт. Вядома, мяне спыталі і пра гэта. І пра тое, ці гляджу я фільмы на ангельскай, ці часта падарожнічаю, ці чытаю на замежнай, і калі так, то што. Папрасілі назваць апошняе, што прачытала на ангельскай. Гэта апынуўся Брэдбэры – любімы пісьменнік прадстаўніка камісіі. Пагулялі яшчэ ў цытаты:) Не думаю, што мяне ўзялі за Брэдбэры, але пажартавалі, што гэта падвоіла мае шанцы. Пыталіся, кім я хачу працаваць, кім бачу сябе ў будучыні. Чаму я думаю, што гатовая да Юграду і што стане самым складаным, калі мяне абяруць, як я прадстаўлю Беларусь у Амерыцы і чаму ўпэўненая, што змагу закахаць у яе амерыканцаў. Задавалі пытанні і па анкеце, па маіх эсэ (склалася ўражанне, што хутчэй для таго, каб пераканацца, што я іх пісала сама).

Здаецца, пыталі, ці змагу я адаптавацца да новага асяроддзя і мультыкультурнага жыцця. Пыталі, як я планую змагацца з культурным шокам. У канцы удакладнілі, ці ёсць у мяне да іх пытанні.

Што адрознівае сумоўе ад эсэ? На сумоўі знаёмяцца не з вашай біяграфіяй, а з вашай асобай. Харызмай, пачуццём гумару, камунікабельнасцю, уменнем падаць сябе. Вось гэта і трэба паказаць.

mior01tft4q

Куды я паеду? У які ўнівер мяне адправяць?

А ніхто не ведае. Ужо пасля таго, як вы сталі фіналістам праграмы, ваш універсітэт выбіраюць для вас па шэрагу загадкавых крытэраў. Ходзяць чуткі, што глядзяць на вынік тэста, вашу анкету, прадметы, якія вы хочаце вывучаць і краіну, ад якой вы едзеце. Плюс звяртаюць увагу на тое, каб 2 чалавекі з адной краіны не вучыліся ў адной і той жа ВНУ у ЗША. Але ўвогуле ніхто не ведае, як праходзіць адбор, таму паўплываць на гэта вы не можаце.

Праўда, не варта чакаць лігі плюшчу. У Юграда ёсць спіс партнёрскіх універсітэтаў, пераважная большасць з якіх – сярэднестатыстычныя, звычайныя ўніверы Амерыкі ў невялікіх гарадах. Але гэта ўсё адно неверагодны досвед, ад якога можна атрымаць вееельмі шмат!

mvfl4cwkddi

Там вельмі цяжка вучыцца? Шмат задаюць?

Там вельмі лёгка вучыцца. Вельмі. Адзінае, з чым можа быць цяжкавата, – па некаторых прадметах трэба шмат чытаць, і чытаць на ангельскай. Чым больш чытаеш, тым лягчэй гэта рабіць, але адразу можа быць чэленджам. Зноў жа, прадметы па складанасці можна падабраць пад сябе, абмеркаваць з прафесарам, ці зможаце вы паспяваць усё. Але, па-першае, вы вывучаеце там значна менш, чым у сваім універсітэце ў Беларусі, а па-другое, гэта праўда нескладана, калі толькі зразумееш схему, па якой усё ўладкавана.

Тут, дарэчы, я б не зацыклівалась толькі на вучобе. Гэта вельмі важна, і гэта быў адзін з самых цікавых аспектаў маёй паездкі. Але потым вучоба не апынулася адзіным, што вы запомнілі. Нікому, па сутнасці, не патрэбны ваш ідэальны GPA. Куды больш істотна атрымліваць ад гэтага задавальненне.

Калі я не змагу вучыцца — адпавядаць узроўню мясцовых студэнтаў, — у мяне адбяруць стыпендыю і выганяць з ЗША?

Ну, па-першае, з велізарнай верагоднасцю такога не адбудзецца. Мне не вядома пра выпадкі, калі людзей выганялі за акадэмічную паспяховасць (ці, дакладней, непаспяховасць:). Там ёсць некалькі патрабаванняў і правілаў праграмы, частка з якіх тычыцца акадэмічнай сферы, але ў цэлым ні адзін з бакоў не зацікаўлены ў тым, каб адправіць вас назад дадому. Тым больш акадэмічныя патрабаванні ну вельмі нізкія. Каб іх выконваць, дастаткова проста з’яўляцца на парах. І, як па мне, яны накіраваны хутчэй на тое, каб вас дысцыплінаваць і каб вы зусім не ленаваліся. Да таго ж гэта Штаты: заўсёды можна пагутарыць са сваім прафесарам ці academic advisor’ам, перш чым узяць прадмет. Будзе магчымасць даведацца, што і як вам будуць выкладаць, чаго патрабуе прафесар і што дае, а таксама магчымасць прыйсці да яго на “пробную пару”. Не выганяць вас за вучобу, калі толькі вельмі не захочаце.

24382932290_ae41d88b6e_z

Пішуць, што “ўдзельнікі змогуць развіць прафесійныя якасці праз серыю варкшопаў, пазнаёміцца з амерыканскай культурай”. Якім чынам гэта робіцца?

Шчыра кажучы, не ведаю, што яны маюць на ўвазе пад “шэрагам”. У нас быў адзін агульны варкшоп ў Вашынгтоне, які, па праўдзе кажучы, складана назваць “развіваючым прафесійныя якасці”. А вось магчымасцей пазнаёміцца з амерыканскай культурай у вас будзе дастаткова. Ад розных івэнтаў і конкурсаў ва ўніверсітэце да падарожжаў і жыцця ў інтэрнаце. Тут яшчэ момант у тым, што ў вашым амерыканскім універсітэце, напэўна, будзе велізарная колькасць магчымасцей палепшыць прафесійныя навыкі. Тут ужо ад вас і вашай камунікацыі з прадстаўнікамі універсітэта залежыць, як шмат вы зможаце атрымаць. Дарэчы, можаце спытаць гэта ў камісіі падчас сумоўя, яны з задавальненнем вам распавядуць.

Грашэй на пражыванне не хопіць? Трэба ўжо зараз уладкоўвацца на падпрацоўку, каб назбіраць?

Усё вельмі індывідуальна. Стыпендыя на месяц скаладе 300$, гэта выключна на вашыя асабістыя выдаткі, усё харчаванне, вучобу і пражыванне пакрываюць асобна. Акрамя таго, вам даюць 100$ пры засяленні на тое, как набыць бялізну і г.д. (іх хапае дакладна) і асобна даюць грошы на кнігі. У Штатах па ўмовах праграмы вам працаваць нельга. Тэарэтычна, пражыць увесь семестр можна наогул без грошай, таму што ўсім неабходным вас забяспечваюць. Плюс часцей за ўсё ваш універсітэт размешчаны ў зусім невялікім горадзе, дзе і выдаткоўваць грошы, акрамя як на пару волмартаў і аднаго кафэ, асабліва няма на што. Іншая справа, калі вы пачынаеце падарожнічаць. Квіткі на самалёт там даволі дарагія, і лепш купляць іх вельмі загадзя (так танней), прычым можна яшчэ ў Менску. У Нью-Ёрку можна спакойна пакінуць сваю месячную стыпендыю за дзень. То бок калі плануеце “паглядзець краіну”, лепш узяць грошай з сабой, а вось дакладныя сумы ўжо вызначаюцца вашымі запытамі.

ecy2ndetikc

7391818060_0fc766f774_z

Хто мне будзе купляць квіткі на самалёты? Я сам/сама? Хто будзе шукаць інтэрнат альбо кватэру?

Інтэрнат вам прадастаўляе ўніверсітэт, білеты набывае праграма. Па пытаннях лагістыкі ўсё робяць за вас і падрабязна распавядаюць, куды і калі трэба не спазніцца. Вам застаецца толькі не згубіцца ў аэрапорце і патэлефанаваць свайму куратару, калі згубіліся:)

У ЗША я буду зусім-зусім адна/адзін?

Ой не. Па-першае, у вашым універсітэце будзе яшчэ некалькі юградаўцаў з іншых краін, з якімі вас адразу пазнаёмяць. Па-другое, ў вас будзе чалавек у Вашынгтоне – адзін з каардынатараў праграмы, з якім вы можаце звязацца, калі нешта пойдзе не так. Ва ўніверсітэце вас сустрэнуць прадстаўнікі ВНУ, якія раскажуць, што і як там уладкавана, правядуць экскурсіі, дапамогуць адкрыць рахунак у банку, выбраць прадметы і зарэгістравацца на іх, засяліцца ў інтэрнат і г.д. Ды і наогул, прадстаўнікі Вашынгтона рэгулярна тэляць вам па скайпе і правяраюць, ці ўсё ў парадку.

Ну і ў цэлым, мне здаецца, што каб у Штатах застацца аднаму, пэтрэбны нейкі неверагодны талент сацыяфоба. Асабіста мне неаднойчы па розных пытаннях дапамагалі людзі, якіх я ўвогуле ўпершыню бачыла.

hvlhmwhqgzk