Global Youth Forum: што гэта і як туды патрапіць?

  • Час чытання: 5 хвілін
Даслаць сваю анкету

Кожны год напрыканцы лістапада Global Youth Forum збірае маладых людзей з усёй планеты, каб абмеркаваць глабальныя пытанні і натхніцца досведам іншых. Кожны, хто тут пабываў, з’язджае з вялізным запалам і пашыраным нэтворкам, а некаторыя – нават з грантам на рэалізацыю свайго праекта мары. Пра тое, як нараджаўся Global Youth Forum, да якіх лакальных, але значных зменаў ён ужо прывёў, а таксама якім чынам можна стаць удзельнікам GYF, расказала дырэктарка Youth Time International Movement Юлія Кінаш.

Глабальны моладзевы форум – гэта 4-дзённае мерапрыемства, удзельнічаць у якім можа моладзь з любой краіны свету. Сёлета ў Арабскія Эміраты прыехала амаль 100 чалавек, сярод якіх – амбітныя маладыя людзі з Мексікі, ЗША, Інданэзіі, Індыі, Ганы, Бельгіі, Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Украіны, Расіі, Кітая, Егіпту, Вялікабрытаніі, Харватыі, Нідэрландаў, ААЭ і іншых.

Апроч культурнага ўзбагачэння (ого, мы едзем на сафары!) і невымернага натхнення (ў наступным годзе я прыеду з уласным праектам!), удзельнікі мелі магчымасць паслухаць прэзентацыі экспертаў, паўдзельнічаць у майстар-класах і пазнаёміцца з сацыяльнымі праектамі калегаў, якія жадаюць зменаў для свайго грамадства.

Кожны год форум мяняе сваю лакацыю: першы праходзіў у Барселоне, другі – у Джакарце, трэці паехаў у Дубай. А пачыналася яго гісторыя наогул на востраве Радос.

Юлія Кінаш

Якой была першапачатковая ідэя Форуму? Навошта вы пачалі яго ладзіць?

Ідэя нарадзілася падчас форуму «Дыялогі цывілізацый» на моладзевая панэлі. Сярод удзельнікаў утварылася ініцыятыўная група з 20 чалавек, я была ў яе складзе. Раптам да нас прыйшла агульная думка: «Было б класна зрабіць такое мерапрыемства для маладых людзей з усяго свету, дзе яны маглі б абмярковаўваць пытанні, актуальныя ў дадзены час».

Але, вядома, паміж ідэяй і рэалізацыяй пралягае доўгі шлях. Не заўсёды людзі, якія стаяць у вытоках задумкі, могуць дайсці да яе рэалізацыі. Але мне пашчасціла (ці проста была больш уцягнутая ў працэс), і мы пачалі гэты праект, у які запрасілі ў якасці сузаснавальнікаў Петра Маціякавіча і Андрэя Кафку. У 2010 годзе нашу арганізацыю Youth Time International Movement зарэгістравалі ў Чэхіі. З тае пары вось ужо 7 гадоў я з’яўляюся прэзідэнтам.

З чаго пачыналі? 12 найбольш смелых прыйшлі да арганізатараў форуму «Дыялогі цывілізацый», прэзентавалі нашу ідэю — і нас падтрымалі. Падтрымалі фінансава і арганізацыйна, таму што першы крок — самы складаны. Тут важна знайсці людзей, сяброў, якія маглі б дапамагчы гэты крок зрабіць.

Калі вы рэгістравалі вашу арганізацыю, якія мэты вы ставілі перад ёй?

Першапачаткова мы хацелі, каб гэта была платформа для адкрытага дыялогу ў асяродку маладых людзей, паміж генерацыямі (са старшымі ментарамі) і паміж культурамі.

Каб гэта была платформа, куды маладыя людзі маглі б прыехаць і абмеркаваць свае важныя праблемы. Без палітычнага ціску, павесткі дня, якая магла б інакш фармаваць іх светаўспрыманне. Нам было важна нічога не навязваць — толькі абменьвацца досведам, вывучаць культуры адно аднаго і натхняцца. Бо вельмі часта мы карыстаемся культурнымі клішэ, якія нам транслююць медыі. Мы ж хацелі паказаць на рэальным пракладзе, што межаў і канфлікту не існуе, калі ты бачыш жывога чалавека, а не яго вобраз у медыях.

Каманда арганізатараў Youth Global Forum

Добры прыклад — наша сённяшняя каманда амбасадараў. У нас ёсць праграма, паводле якой кожны год мы абіраем амбасадараў, якія дапамагаюць асноўнай камандзе прамоўціць форум, распрацоўваюць праграму форумаў, летніх школаў, шукаць экспертаў, таксама яны адказваюць за нефармальную камунікацыю падчас форуму.

Дык вось зараз у нашай камандзе ёсць хлапец з Косава і дзяўчына з Сербіі. Яны сябруюць, ужо год супрацоўнічаюць адно з адным. І няма ніякіх канфліктаў. На палітычным узроўні ёсць, а на чалавечым — не. Гэта таксама адзін з імпактаў, пра які напачатку мы нават не падазравалі.

Форум, наколькі мы разумеем, не адзіны фармат мерапрыемстваў Youth Time International Movement. Якія фарматы ў вас ёсць яшчэ?

Летняя школа. Яна менш публічная. Звычайна мы запрашаем 30-35 удзельнікаў з ліку маладых спецыялістаў альбо студэнтаў апошніх курсаў. Школа мае больш практыкаарыентаваны фокусу ў адрозненне ад форуму. Мы ладзім шмат варкшопаў, на якіх удзельнікі могуць патрэніраваць свае навыкі. Ёсць майстар-класы, прэзентацыі. У апошні дзень адбываецца дзелавая гульня. Веды, атрыманыя цягам чатырох папярэдніх дзён, удзельнікі могуць на месцы прымяніць пад ментарствам экспертаў, з якімі яны працавалі.

Наогул, нашыя праграмы ўнікальныя. Калі вы прыедзеце два гады запар на розныя мерапрыемствы ці на адны і тыя ж, вы ніколі не пачуеце адну і тую ж тэму, інфармацыю, нават калі яе будзе агучваць той самы спікер.

Лакацыі таксама абіраем розныя. Апошні раз былі ў Пекіне. Першая школа праходзіла на Алтаі. Мы жылі ў звычаных доміках, сплаўляліся па горнай рэчцы — такая вось культурная праграма атрымалася. Для замежнікаў гэта было нешта неверагоднае. Таксама былі ў Нямеччыне, Чэхіі, Харватыі. Нашыя праграмы мабільныя ва ўсіх сэнсах.

Падчас прэзентацыі Dr. Allam Ahmed – прэзідэнта Сусветнай асацыяцыі ўстойлівага развіцця

Форум таксама пастаянна “пераязджае”?

Так, першы быў ў Барселоне, летась у Джакарце, сёлета ў Дубаі. Хаця пачыналі наогул на Радосе – там прайшло пяць форумаў, але ў іншым фармаце.

Мы размаўлялі з маладымі людзьмі, пыталіся, што ім цікава, якія тэмы яны хацелі б абмеркаваць, у якую краіну паехаць і г.д. І зразумелі, што трэба расці далей. Проста гаварыць і навучацца — гэта добра, але для гэтага ў нас ёсць летняя школа. Аднак калі мы жадаем нешта змяніць, то мусім пачынаць ужо зараз. Няхай гэта будуць невялікія крокі, але яны будуць крокамі. Так мы прыдумалі наступны фармат: частка ўдзельнікаў прыязджае ў якасці слухачоў, а частка – у якасці тых, хто хоча выйграць грант на рэалізацыю свайго сацыяльнага праекта (для апошніх унёсак за ўдзел меншага памеру). То бок маладыя людзі маюць магчымасць самі рабіць перамены ў сваёй супольнасці. А таксама могуць натхніць такіх жа маладых людзей са сваёй краіны ўласным прыкладам. «Я такі ж самы, як і вы. Але ў мяне ёсць ідэя. Я ў яе веру і магу прэзентаваць. Калі атрымаю грант — дык і рэалізаваць».

Атрымоўваецца, што ўдзел у форуме платны. Чаму?

Так, унёсак за ўдзел ёсць, але ён, вядома, не пакрывае ўсіх выдаткаў на пражыванне, харчаванне, трансфер. Гэтыя грошы ідуць на фармаванне прызавога фонду для праектаў-пераможцаў. То бок кожны і кожная можа адчуць сябе інвестарам. Унёскі ідуць выключна на бюджэт для гранту.

Што паказаў досвед мінулых двух гадоў? Праекты, якія вы падтрымалі, працуюць?

У нас ёсць добры прыклад — першы пераможца. Ён выйграў грант на правядзенне шэрагу невялікіх канферэнцый па ўсёй Індыі на тэму зялёнай эканомікі і перапрацоўкі смецця. Канферэнцыі былі прызначаны для маладых прафесіяналаў, з якіх гэты пераможца стварыў кам’юніці. Нядаўна ён заснаваў невялікі стартап у галіне зялёнай эканомікі. Працуе ўсё вельмі паспяхова. То бок першапачаткова дзякуючы нашай падтрымцы хлапец стварыў нэтворк, знайшоў каманду, а далей працэс пайшоў сам.

З году ў год якасць і глыбіня праектаў расце. Цікава назіраць, як нашыя ўдзельнікі намагаюцца камбінаваць і сацыяльнае, і матэрыяльнае ў сваіх ідэях: яны імкнуцца зарабляць, але найперш жадаюць вырашыць сацыяльную праблему. Вельмі радасна, што такія маладыя людзі ёсць — з неверагоднай энергетыкай, жаданнем змяняць свет. Пакуль яны ёсць, у нашага свету ёсць надзея.

Колькі праектаў было сёлета?

Першапачаткова мы атрымалі ці то 84, ці то 85 заявак з праектамі. З іх мы абралі 18 фіналістаў. Пасля з імі працаваў ментар, які дапамагаў распрацаваць праект больш якасна і прафесійна. Бо на першым этапе нам дасылаюць проста ідэі. Ніхто з удзельнікаў не падае заяўку, дзе ўжо ёсць SWOT-аналіз, прапісаны бюджэт, патэнцыйныя партнёры, не кажучы ўжо пра тое, што гэта ўжо рэальны праект, які працуе. Эксперт дапамагае дацягнуць ідэю да патрэбнага ўзроўню. Сёлета нашым экспертам, дарэчы, быў выкладчык з Бізнэс-школы ў Загрэбе.

Па якіх крытэрах вы абіраеце праекты?  

Першы — гэта сацыяльная арыентаванасць. Па-другое, праекты павінны адпавядаць агульнай ідэі форуму. І трэцяе — наколькі праект рэалізуемы. Бо можа прыйсці чалавек і папрасіць грант на будаўніцтва касмічнага шатла для палёту на Марс альбо на прыкладанне за 100 тысяч даляраў — такія праекты мы наўрад ці падтрымаем. І апошняе — гэта актуальнасць для той супольнасці, у якім жыве ўдзельнік. Бо, зноў жа, можна прэзентаваць праект па вытворчасці гумавых мішак, калі насамрэч грамадству патрэбна чыстая пітная вада. Гэта мы абавязкова ўлічваем.

Ці адсочваеце вы лёс праектаў, якія заяўляліся на форуме?

Не, усе не адсочвалі. Але ёсць маладыя людзі, які застаюцца актыўнымі ўдзельнікамі нашай арганізацыі. Нехта забываецца на свае праекты, нехта шукае іншае выйсце, нават калі не атрымаў грант: «Не атрымалася тут — атрымаецца недзе яшчэ».

Якія патрабаванні вы прад’яўляеце да праектаў-пераможцаў?

У нас ёсць вызначаная форма фінансавай справаздачнасці і план. Перш чым атрымаць першы транш, пераможца мусіць прадставіць дэтальна распрацаваны праект, час, графік рэалізацыі, партнёраў. Таксама важны элемент — мы не даем 100 адсоткаў заяўленай у прэзентацыі сумы, толькі 70. Гэтым мы стараемся матываваць людзей шукаць дадатковыя рэсурсы, бо ў адваротным выпадку атрымоўваецца надта проста. Хочацца вывесці іх з зоны камфорту і даць імпульс для развіцця.

Тэмы кожны год мяняюцца. Мы робім папярэдняе даследаванне ў нашым кам’юніці, глядзім, якія тэндэнцыі зараз у свеце. На аснове гэтага абіраем тэму наступнага мерапрыемства. Мы заўжды хочам быць актуальнымі і адпавядаць рэаліям ды праблемам, з якімі сутыкаецца сённяшняя моладзь.

А ці магчыма намацаць гэтую агульную тэму для ўсёй моладзі? Ці так шмат агульнага, напрыклад, у моладзі, што жыве ў Расіі і Бразіліі? 

Ад гэтага якраз і залежыць месца, куды мы прыязджаем з мерапрыемствам. Першы форум быў у Барселоне. На той момант у Гішпаніі была вялізная праблема з незанятасцю моладзі, з беспрацоўем. Мы размаўлялі пра магчымыя праграмы ці стартапы, якія праблему вырашылі б. І мясцовыя гішпанцы пераймалі гэты досвед.

А чаму вы паехалі ў Джакарту год таму?

Па-першае, у нас заўжды было шмат удзельнікаў з Інданэзіі. Кожны год першае і другое месца па колькасці заявак займала якраз гэтая краіна. Калі маладыя людзі жадаюць прыехаць да нас, то чаму мы не можам прыехаць да іх?! Калі такі вялікі інтарэс, то чаму б нам яшчэ больш не ангажаваць ужо зацікаўленых кандыдатаў? Таму што вандроўка ў Еўропу абыходзіцца даволі дорага, а краіна небагатая. І гэта шмат каго спыняе. Вось так мы і вырашылі. Гэта быў першы раз, калі мы не былі матываваныя найперш тэмай.

І аказалася, што мы зрабілі правільна. Так мы ўпершыню змаглі папрацаваць з дзяржструктурамі: з міністэрствам замежных справаў, амбасадай Інданэзіі ў Празе. Ніколькі б не падумалі, што дзяржслужбоўцы могуць быць такімі адкрытымі і зацікаўленымі!

Як у трэці раз вы апынуліся ў Дубаі?

Праз тэму. Наогул, гэта заўжды выклік — правільна абраць тэму, месца і пры гэтым адпавядаць патрэбам маладых людзей. Мы зрабілі даследаванне, якое паказала, што сярод моладзі ёсць вялікая зацікаўленасць ў прадпрымальніцтве і тэхналогіях. Пачалі шукаць месца. Так знайшлі нацыянальную агенду Арабскіх Эміратаў, у якой ішла гаворка пра knowledge based economy. Пачыталі і зразумелі, што гэта якраз тое, што адпавядае запыту нашых патэнцыйных удзельнікаў.

Форум – гэта не толькі сур’ёзныя размовы, але і фан. Напрыклад, у гэтым годзе ўдзельнікі ездзілі ў сапраўдную пустыню на сафары.

Зразумела, з якой матывацыяй едуць на форум удзельнікі, што прэзентуюць праекты. А дзеля чаго варта ехаць у якасці слухачоў?

Па-першае, каб пашырыць свой нэтворк. Тут можна сустрэць людзей з усяго свету – амбітных і адукаваных. Мы запрашаем маладых прадпрымальнікаў, студэнтаў апошніх курсаў, творчых людзей, маладых навукоўцаў, даследчыкаў.  Другое — гэта натхненне, каб паглядзець і выйсці за межы, у якіх мы звыклі жыць. Нядаўна ў мяне была размова з адным з удзельнікаў: «Ведаеце, гэта класна, што ёсць магчымасць выбрацца хаця б раз на год. Таму што пасля паўгады жыцця ў монакультурным грамадстве я пачынаю ўспрымаць свет у чорна-белым свеце». Так, насамрэч класна, што ёсць магчымасць вырвацца і паглядзець на свет іншымі вачыма — вачыма маладых людзей з Мексікі, Інданэзіі, Бельгіі, Ганы і г.д.

І трэцяе — эксперты. Мы камбінуем сесіі такім чынам, каб пагутарыць як са сваімі равеснікамі, так і з больш сталымі, дасведчанымі людзьмі.

Сёлета ў нас было каля 100 удзельнікаў. З іх 13 прэзентавалі свае праекты. А атрымалі мы 350 заявак. Цікавасць ёсць, і мы вельмі радыя гэтаму – таму што людзі вераць у свае ідэі і жадаюць змяняць свет, нават праз выпадковыя сустрэчы, якія ў любым выпадку змяняюць нашае светаўспрыманне.