Гішпанская мова ў Беларусі

  • 24.02.2015

IMG_6329

Я ніколі не ведала дакладна, навошта вывучаю гішпанскую мову. Адзіны сапраўды шчыры адказ – для сябе. Прыемна, што двойчы станавілася абсалютнай пераможцай Рэспубліканскай Аліміпяды, ды брала дыпломы на Рэспубліканскай канферэнцыі па гішпанскай мове.

Апошняе і найвялікшае з маіх дасягненняу на сённяшні дзень – гэта перамога ў конкурсе Арганізацыі Аб’яднаных Нацый ды ўдзел ў канферэнцыі «Шмат моў – адзін свет» у штаб-кватэры ААН у Новым Ёрку…

…Мяне адукавала першая гiмназiя ў Менску, за што я ёй бясконца ўдзячная. Гэта было для мяне месца, куды хацелася iсцi кожны дзень, бо настаўнiкi зацiкаўленыя ў развіцці сваіх вучняў. І не толькi ў перадачы ведаў, але i ў духоўным выхаваннi школьнікаў. Адзін з такiх настаўнiкаў для мяне Падымака Вольга Васiльеуна – выкладчык гішпанскай мовы ды мой сапраўдны сябар па жыцці.

Асноўная замежная мова у нашай гiмназii – ангельская. Ды з пятага класа можна было выбiраць памiж нямецкай, французскай, iтальянскай, польскай цi гiшпанскай. Але што можа абраць самастойна ў адзiнаццаць год? Паслухалася бацькоў ды абрала нямецкую як другую замежную. А мая сяброўка пайшла на гiшпанскую. Я абсалютна выпадкова неяк зайшла на ўрок, мяне вельмі зацікавіла настаўнiца і яе метад выкладання. Так я абрала гішпанскую як трэцюю замежную. Сустракалiся мы на ўроках два разы на тыдзень.

Нават зараз не ведаю, што мяне так бавiць у гiшпанамоўных краiнах, але я закахалася ў мову. І ўлетку, і на зiмовых канiкулах, i ў грамадскім транспарце, і ў чарзе ў паліклініку, – паўсюль i заўсёды мела з сабой нейкую кнiжку цi слоўнік, цi тэмы, якiя вывучаць патрэбна было да алiмпiяды.

Вядома, аснова якаснай падрыхтоўкi – гэта добрая база, напрацаваная за кошт гадзiн самастой практыкi. Аднак жа заняткаў у школе не заўсёды бывае дастаткова, ды і iншыя спосабы вывучэння моў не менш (а то і больш:) цiкавыя.

Сапраўды, зручна слухаць цi глядзець навiны на замежнай мове. Напрыклад, Еўраньюз: не зразумеў па-ангельску — праглядзеў тое ж самае па-руску і зразумеў. Так ты заўсёды ў курсе ўсяго, яшчэ i вымаўленне правільнае i лексiку якасную набiраеш.

Можна глядзець серыялы, мне падчас падрыхтоўкi да рэспублiканскай алiмпiяды добра зайшоў гiшпанскi моладзевыFisica o quimica”, — пра адносiны ды вельмі знаёмыя надзённыя праблемы.

Бясплатныя моўныя курсы, якія можна лёгка знайсці сёння ў Менску ці іншых гарадах. Тут дапамагаюць забыцца на сціпласць і няўпэўненасць ды пачаць размаўляць валанцёры-замежнікі, – заўсёды вельмі адкрытыя і цікавыя людзі, атмасфера на курсах цёплая.

Так я нейкi час наведвала Лацiнаамерыканскi культурны цэнтр iмя Сiмона Балiвара пры амбасадзе Венесуэлы у Мiнску. Кожны ўдзельнік атрымлiваў артыкул з навiнамi ў свеце ды ў гiшпанамоўных краiнах i тыя, хто не саромеўся, павiнны былi распавядаць саю навiну ўсiм астатнiм, а потым ўжо мы ўсёй суполкай каментавалi, выказвалі сваю думку наконт таго, што пачулi. Там i сёння праводзiць бясплатныя заняткi носьбіт мовы з Калумбii – Герман дэ ла Калье.

У бібліятэцы імя Пушкіна цудоўны аддзел замежнай мовы, дзе проста прыемна вандравать скрозь шэрагі паліц, і дзе вечарамі праводзяць сустрэчы, вечарыны замежнага кіно і бясплатныя моўныя курсы, у тым ліку – гішпанскія. Таксама чула пра Фiальту, якiя праводзяць свае бясплатныя моўныя курсы.

Улетку сустрэлася з хлопцам-каучсёрферам, якi за год навучыўся размаўляць па-руску казачна добра, амаль што iдэальна. Ён параіў мне сайт LingQ, на якiм ён вывучае адначасова некалькi моў. Наогул, цудоўная платаформа для набыцця і замацавання ведаў, не важна, цi ты пачынаеш з нуля, цi хочаш паглыбляць веды — я там зараз нямецкай мовай займаюся.

Калі вас цікавіць міжнародны сертыфікат па гiшпанскай мове DELE, ён аналаг таго ж TOEFL і IELTS па ангельскай цi DAF па нямецкай мове. Асноўная функцыя яго — выявiць ваш узровень мовы ды падцверзiць, што вы здольныя навучацца цi працаваць у гiшпанамоўнай краiне. Я рыхтавалася да Рэспублiканскiх алiмпiяд па матэрыялах з мiнулых выпрабаванняў DELE і магу сказаць, што ён, сапрауды, аналагiчны TOEFL, якi здавала ў мiнулым годзе. Вядома, што патрэбныя перш за ўсё веды. Але ж практыкаваннi даволi тыповыя, i можна калi не набiць руку, дык знайсцi найлепшую для сябе стратэгію: з чаго лепей пачынаць, дзе патрэбна больш канцэнтрацыі, на што звярнуць увагу. Галоўнае пры хатняй падрыхтоўцы – стварыць умовы, максімальна блізкія да сапраўднага тэсту: абмежаванне па часу ды максімальная канцэнтрацыя. Калі кожны тэст вырашаеш як самы апошні і самы важны, тады і на сапраўдным тэсце не разгубішся і не дасі волю нервам.

Наогул поспехі ў навучанні залежаць толькі ад самога сябе. Можна, канешне, апраўдваць сябе тым, што ў кагосьці больш магчымасцяў для вандровак ды моўнай практыкі. Хтосьці хадзіў ў спецыяльную школу. Разумела, што камусьці мовы даюцца лягчэй, але ж, калі мець моцную матывацыю, усё магчыма, – пераканалася ў гэтым на ўласным вопыце!

А гішпанская – не толькі казачна-цудоўная мова, дык яшчэ і гарантуе вам новых шчырых і добрых сяброў-носьбітаў, якіх можна сустрэць ў любой краіне свету і якія будуць бясконца радавацца вашым першым крокам!