Стыпендыя-вучоба-праца: гісторыя адной стыпендыяткі DAAD

  • Час чытання: 5 хвілін
Даслаць сваю анкету

Нядаўна кіраўніца маёй праграмы ў нямецкім універсітэце, які я скончыла тры гады таму, папрасіла мяне напісаць колькі радкоў для сайта офіса DAAD у Мінску. У той момант я ўсвядоміла, што сем гадоў таму маё цяперашняе жыццё падавалася чымсьці абсалютна нерэальным і далёкім. З часам і не заўважаеш, што шматлікія мары збываюцца… Але пра ўсё па парадку.

Воля мары

Частка першая: стыпендыя

Менавіта стыпендыя DAAD змяніла ход майго жыцця і адкрыла для мяне шматлікія магчымасці. Яшчэ студэнткай факультэта міжнародных дачыненняў БДУ, дзесьці на чацвёртым курсе, я задумалася пра магчымасць павучыцца за мяжой. Часткова гэта было звязана з жаданнем пазнаёміцца з палітычнымі тэорыямі “на іншым баку мяжы”, часткова – з вельмі простай і натуральнай прагай студэнтаў атрымаць міжнародны досвед. Як той казаў, сам факультэт абавязвае:)

Другой замежнай мовай у мяне была нямецкая, таму пошукі я пачала з Германіі. Ёй жа іх і скончыла, у чым моцна “пралічылася” – стыпендыю я атрымала толькі з другой спробы. Адразу хацелася б даць параду: калі ёсць жаданне паступаць – падавайце дакументы адразу ў некалькі краін ці ў некалькі ВНУ. Я, даведаўшыся ў БДУ пра праграму DAAD, чамусьці толькі ёй і абмежавалася. Яна, вядома, самая маштабная для замежных студэнтаў, якія жадаюць вучыцца ў Германіі, але і конкурс на яе велізарны.

ДААД

Пазней, праўда, зразумела, што так было нават лепей. Пасля стажыроўкі ў МЗС я пайшла працаваць у сектар НДА, у праваабарончую арганізацыю. Менавіта гэты невымерна каштоўны досвед адкрыў для мяне шматлікія праблемы і асаблівасці трэцяга сектару ў Беларусі, плюс я пачала ўсведамляць, чым хацела б займацца. Думаю, мая праца дадала мне балаў пры падачы на стыпендыю ў другі раз.

Падавалася я па асобным конкурсе, на гуманітарныя навукі. Тады яшчэ быў конкурс па эканамічных навуках і агульны. На агульны пабаялася: давялося б канкурыраваць з прадстаўнікамі дакладных навук. Мінус агульнага конкурсу – фіксаваны спіс ВНУ, з якіх можна абіраць. Першапачаткова я выбрала Hertie School of Governance (прыватная і вельмі дарагая ВНУ), праграму MA in Public Policy. Мяне нават туды залічылі, цэлы дзень скакала ад радасці. Але пазней высветлілася, што ад аплаты ў гэтай ВНУ вызваляюць толькі двух стыпендыятаў з усяго свету – пра гэта мне ніхто не казаў, давялося тэрмінова перападаваць дакументы. Асаблівасць DAAD у тым, што табе трэба і атрымаць стыпендыю, і паступіць ва ўніверсітэт: без месца ў ВНУ стыпендыя “згарае”.

IMG_2261

Калі праходзіш конкурс па дакументах, запрашаюць на сумоўе з прафесарамі. Спытаць могуць абсалютна па любым прадмеце з твайго дыплома. Мяне, помню, пыталі пра Асветніцтва як перыяд, які паўплываў на фарміраванне агульных каштоўнасцей у Беларусі і Заходняй Еўропе. Гэта каб праверыць агульную эрудыцыю. Плюс важна мець сацыяльную актыўнасць (я актыўна супрацоўнічала з Institut für Deutschlandstudien), досвед працы па спецыяльнасці (не абавязкова, але будзе перавагай), матывацыю вучыцца, адзнакі ў дыпломе, планы на будучыню, азнаямленне з праграмай навучання – у гэтым выпадку мае сэнс пачаць перапіску з прафесарамі і паказаць гэта на сумоўі. Вялікае значэнне маюць рэкамендацыі – пажадана з розных сфер: вучобы, працы, грамадскай актыўнасці. Плюс наяўнасць сертыфіката аб узроўні нямецкай і/ці ангельскай мовы (звычайна гэта TestDaF/TOEFL) – сумоўе ў мяне адбывалася на нямецкай. Баяцца мовы не варта: майго ўніверсітэцкага ўзроўню хапіла, трэба толькі ўмець фармуляваць свае думкі. Але вельмі раю папрасіць знаёмых перад сумоўем пачытаць ваш матывацыйны ліст і задаць па ім некалькі пытанняў. Прыдумайце і свае пытанні, вывучце адказы на іх на памяць. Менавіта вывучце: на сумоўі такі стрэс, што адразу забываеш ўсе замежныя словы. Мне тады вельмі дапамог немец-славіст André Böhm. Ён працаваў лектарам DAAD і ладзіў кансультацыі наконт падачы дакументаў. Дарэчы, нядаўна ён стаў суаўтарам выдатнага даведніка пра Беларусь на нямецкай мове.

Volha

Колькі словаў пра тэрміны. Пачынаць пошук ВНУ трэба як мага раней, можна і за год да падачы дакументаў – у DAAD дэдлайн звычайна наступае ўвосень. Вось зручны партал для пошуку DAAD, але можна і самому ў інтэрнэце. Пра тое, ці атрымалі вы стыпендыю, паведамляюць вясной. Паралельна з падачай дакументаў у DAAD трэба падаваць асобны пакет у ВНУ, у кожнага свае патрабаванні і дэдлайны. Пры выбары ВНУ варта звярнуць увагу на кошт навучання: у DAAD ёсць абмежаванні. Хоць адукацыя ў дзяржаўных універсітэтах Германіі бясплатная, існуюць невялікія Studienbeiträge (унёскі за семестр).

Раю звярнуць увагу і на іншыя стыпендыі – у Германіі іх безліч. Па-першае, звычайна стыпендыі ёсць і ад саміх ВНУ. Па-другое, усемагчымыя фундацыі (Stiftungen) – палітычныя і непалітычныя. Вось, напрыклад, адзін з парталаў па пошуку стыпендый. Варта ўлічваць усе патрабаванні, шматлікія з іх толькі для грамадзян ФРГ. У Германіі ёсць шмат англамоўных магістарскіх праграм, але большасць патрабуе веданне нямецкай мовы. Трэба быць гатовым да таго, што гадзіны, дні і нават месяцы змарнуюцца толькі на пошук інфармацыі ў інтэрнэце. Я працяглы час марнавала на гэта ўсе выходныя. Асобны дзякуй парталу adukacyja.info, ён мне тады таксама дапамог.

Можна, вядома, і без стыпендыі вучыцца. Складаней будзе, але працы для студэнтаў хапае, хоць і з абмежаваннем 20 гадзін на тыдзень. У нас былі такія замежнікі “за свой кошт”. Праўда, для адкрыцця візы ў гэтым выпадку трэба паказаць, што ў цябе на рахунку ёсць вельмі прыстойная сума – звычайна на ўвесь час вучобы ў разліку 600-700 еўра на месяц.

Калі ж зоркі на небе сышліся і вы атрымалі два пацверджанні – ад DAAD і з ВНУ – самае страшнае засталося за спінай! Можна скакаць, збіраць рэчы і дакументы на візу. Таксама DAAD арганізуе перад вучобай моўныя курсы для жадаючых. Водгукі пра іх добрыя. Сама на іх не была, бо акурат у гэты час стажыравалася ў Берліне па праграме Marion Dönhoff Stiftung. Па той самай прычыне прапусціла ўрачыстую цырымонію ўручэння стыпендыі – пэўна, таксама прыемны момант.

У тым жа годзе я атрымала яшчэ некалькі стыпендый – Манчэстар у Англіі (Chevening Scholarship), Фленсбург у Нямеччыне (стыпендыя ад ЕЗ была, здаецца), былі яшчэ Нідэрланды і Венгрыя. Але я абрала (сябры вельмі здзівіліся: “Ты што, гэта ж Манчэстар!!!”) мала каму вядомую ВНУ Hochschule Fulda з двухмоўнай праграмай MA “Intercultural Communication and European Studies” па стыпендыі DAAD. І ніводнага разу не пашкадавала! Тое, што ты паспеў зрабіць, як прымяніў веды, часта нашмат важней, чым лакацыя і назва твайго ўніверсітэту. Тады ў нямецка-беларускім супрацоўніцтве я ўбачыла больш прафесійных перспектыў.

Гарадскі парк у Фульдзе

Гарадскі парк у Фульдзе

Частка 2: вучоба 

На мой выбар, вядома, паўплываў і змест вучэбных модулей. Гэта было цікавае для мяне спалучэнне: еўрапейская палітыка, па якой я ўжо мела пэўныя веды, і міжкультурная камунікацыя, што было для мяне зусім новым. Некаторыя прадметы былі абавязковымі, некаторыя на выбар. Іх разнастайнасцю я засталася задаволенай: права, палітыка і гісторыя ЕЗ, асновы праектнага мэнэджменту, адукацыйны мэнэджмент, тэорыя камунікацыі, міжкультурная камунікацыя (зараз выкарыстоўваю матэрыялы прафесара ў падрыхтоўцы ўласных семінараў) і шмат іншага. Апроч лекцый, было багата семінараў, групавых заданняў, пісьмовых прац, міні-праектаў. Запомніліся экскурсіі ў Еўрапейскі парламент у Брусэлі і Еўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбургу, мадэляванне ЕЗ. Абавязковым элементам многіх магістарскіх праграм у Германіі з’яўляецца стажыроўка падчас вучобы, якую студэнты шукаюць самі ў адпаведнасці са сваімі інтарэсамі. Я стажыравалася ў Германскай Радзе па знешняй палітыцы (DGAP) у Берліне. Такія стажыроўкі часта не аплочваюцца і не гарантуюць працаўладкавання, але даюць вопыт і кантакты, што вельмі важна. Таксама магчыма запаралеліць напісанне выпускной працы са стажыроўкай.

Падчас паездкі ў Брусэль

Падчас паездкі ў Брусэль

Будынак Еўрапейскага Эканамічнага і сацыяльнага Камітэта ў Брусэлі

Будынак Еўрапейскага эканамічнага і сацыяльнага Камітэта ў Брусэлі

Што кідаецца ў вочы ў параўнанні з Беларуссю? Першае – гэта ўзровень стасункаў “студэнт-прафесар”. Тут навучанне адбываецца хутчэй у фармаце дыскусіі, чым лекцыі. Са сваім будучым навуковым кіраўніком я спачатку пазнаёмілася за півам, з выкладчыкам па праве коўзалася на каньках. Тут вельмі развіта культура дыялогу, аргументацыі, крытычнага асэнсавання матэрыялу. Мне запомніліся апытанкі па кожным прадмеце пра якасць выкладання, пра актуальнасць вывучанага матэрыялу. Такія ж апытанкі я атрымоўвала і пасля сканчэння ВНУ – пра тое, як мая адукацыя дапамагла мне знайсці працу. Адчуваецца, што студэнт тут у цэнтры ўвагі. Але я нічым не хачу пакрыўдзіць свой родны БДУ: база ведаў, якую я там атрымала, апынулася вельмі годнай.

Мой навуковы кіраўнік

Мой навуковы кіраўнік

На каньках з прафесарам

На каньках з прафесарам

У ВНУ можна было пракансультавацца, як знайсці стажыроўку, куды зарыентаваць сябе прафесійна. Існуе сетка выпускнікоў праграмы, шмат магчымасцей для актыўнага студэнцкага жыцця, выдатная спартыўная прапанова – чаго там толькі не было! Помню, нават была на курсах па самаабароне. Яшчэ адна асаблівасць – гэта магчымасць падоўжыць вучобу. У маім выпадку было акурат так: дзеля правядзення экспертных інтэрв’ю для магістарскай працы мне спатрэбілася нашмат больш часу, чым я думала. Стыпендыю ў аргументаваных выпадках таксама можна падоўжыць пры наяўнасці рэкамендацыі ад прафесара і добрых адзнак.

Ну і пра стыпендыю нарэшце. Яе вельмі нават хапае. “Чыстымі” было каля 800 еўра на месяц плюс медыцынскае страхаванне. Стыпендыятам нават дазволена працаваць – праўда, зарабляць можна не больш за 400 еўра на месяц, калі я не памыляюся, гэта датычыцца і аплочваемых стажыровак. Жыла ў WG (Wohngemeinschaft), то бок здымала пакой, інтэрнату мне не хапіла. Праезд бясплатны па федэральнай зямлі, у якой вучышся, плюс безліч зніжак для студэнтаў паўсюль. Канешне, мне хацелася падарожнічаць падчас вучобы і сяброў за мяжой наведаць – на гэта таксама хапала. Але ўсё залежыць ад бягучых выдаткаў, таму па рэстаранах лепш не хадзіць:) DAAD вельмі клапоціцца пра сваіх стыпендыятаў: у нас былі рэгулярныя сустрэчы па ўсёй Нямеччыне, нават свой ментар у ВНУ.

Экскурсія ўздоўж Рэйна, арганізаваная ўніверсітэтам

Экскурсія ўздоўж Рэйна, арганізаваная ўніверсітэтам

Пра вучобу ў мяне засталіся самыя цёплыя ўспаміны. А вось пасля атрымання дыплома мяне чакала шмат праблем, выклікаў і расчараванняў.

Частка 3: праца 

У замежных студэнтаў нямецкіх ВНУ ёсць магчымасць атрымаць візу на пошук працы працягласцю паўтары гады. Гэты час можна працаваць кім заўгодна, пасля – ужо па спецыяльнасці. Шанцам гэтым я вырашыла скарыстацца, загадзя пераехаўшы ў Берлін (сваю магістраскую працу я пісала ўжо ў сталіцы). Маё рэзюмэ тады мне падавалася прыстойным: за час вучобы я прайшла некалькі стажыровак, зладзіла колькі міні-праектаў. Плюс некалькі замежных моў. Працу шукала ў некамерцыйнай сферы і звязаную з Усходняй Еўропай. Тады я яшчэ не ведала, што на вакансіі, якія мяне цікавілі, конкурс складае 200-300 чалавек на месца, а людзей з такім досведам, як у мяне, – паў-Берліна. Прайшло каля года, перш чым я знайшла першую сталую працу. І хоць дамова была ўсяго на 15 гадзін на тыдзень з ганарарам у 600 еўра за месяц (гэтым нават не аплоціш усе рахункі) і без сацпакета, я была рада. Потым ужо было лягчэй.

Чаму такі шалёны конкурс? Дысбаланс на рынку працы: зашмат гуманітарыяў, менш працоўных месцаў і ніжэйшы абарот у сферы ў параўнанні з камерцыйнымі структурамі. Тут нават са ступенню доктара могуць падавацца на вакансію асістэнта. Галоўнае – не спалохацца напачатку і не прыпыніць верыць у свае сілы. Гэта вельмі складана: калі табе дасылаюць адмову за адмовай, пачынаеш думаць: штосьці з табой не так. Нават не ўяўляю, колькі разоў за гэты час я адсылала рэзюмэ – дакладна некалькі соцень. Ты адна ў чужой краіне, патанаеш у блытаных законах (іх у Германіі да канца разумеюць толькі юрысты). Ёсць сябры, канешне, але яны таксама істэрычна шукаюць працу. Табе даводзіцца раздаваць улёткі, маючы два дыпломы аб вышэйшай адукацыі. Быў час, калі я не ведала, ці змагу заплаціць за арэнду праз месяц. Псіхалагічна было вельмі складана. Асобны і вялізны дзякуй майму любімаму чалавеку, які, хоць і на адлегласці, заўсёды падтрымліваў мяне і прасіў не здавацца. І, вядома, маім бацькам.

Графіці ва ўсходнем Берліне

Графіці ва ўсходнім Берліне

Фрагмент Берлінскага мура

Фрагмент Берлінскага мура

Галоўнае подчас пошуку працы – гэта не прыпыняць развівацца далей. Прабел у рэзюмэ даўжынёй у год не стане плюсам на сумоўі. Стажыроўкі, праекты, валанцёрства, дадатковая адукацыя – усё гэта дапаможа завесці новыя кантакты і ўзбагаціць досвед. Пасля заканчэння ўніверсітэта я прайшла паўгадовую падрыхтоўку (Weiterbildung) у сферы EU-Fundraising, якая каштуе больш за 5000 еўра. Такіх грошай у мяне тады не было, але была магчымасць прайсці стажыроўку ў арганізацыі практычна бясплатна (плацілі 100 еўра за месяц, на жыццё зарабляла перакладамі) і за гэта атрымаць вельмі каштоўныя веды ў галіне ЕЗ-фандрайзінгу і праектнага мэнэджменту. Гэта стала добрай інвестыцыяй і зыграла ролю пры атрыманні майго першага працоўнага кантракта.

Кабінет канцлера ў Бундэстазе

Кабінет канцлера ў Бундэстагу

Яшчэ адзін вельмі важны аспект – кантакты, ці Vitamin B (Beziehung – стасункі), як любяць жартаваць немцы. Я неяк палічыла, што каля 75 адсоткаў маіх праектаў, стажыровак, кантрактаў я атрымала праз кантакты альбо па ініцыятыўным рэзюмэ. Раю яшчэ ў студэнцкія гады зрабіць візітоўкі, наведваць тэматычныя імпрэзы і знаёміцца з людзьмі. Таксама варта завесці профіль у прафесійных сетках – LinkedIn і XING. У свой час я патрапіла на ментарскую праграму для выпускнікоў, мяне кансультаваў бясплатна паспяховы прадпрымальнік і эксперт па Ўсходняй Еўропе. Пад кантактамі я не маю на ўвазе нічога кепскага: калі патрэбны спецыяліст у канкрэтнай сферы, часта спачатку пытаюцца ў калегаў і знаёмых у вызначаных колах, каб пазбавіць сябе неабходнасці чытаць 300 рэзюмэ. І вось тады своечасова прэзентаваная візітоўка можа спатрэбіцца.

Тое, што вы замежнік, – гэта хутчэй плюс, чым мінус. Таму што вы, прыехаўшы з іншай краіны і меўшы зносіны не на роднай мове, ужо запрошаны на сумоўе нароўні з мясцовымі жыхарамі, а гэта значыць, вы ўжо дасягнулі большага, вы стрэсаўстойлівыя, матываваныя і таленавітыя – менавіта такія супрацоўнікі патрэбны многім. Плюс у Германіі, асабліва ў Берліне, шмат ініцыятыў для людзей з іншых краінаў. Мне вельмі дапамагла бясплатная юрыдычная кансультацыя, калі ў мяне былі праблемы з падаўжэннем візы. Цяпер я сама там калі-нікалі перакладаю для тых, хто не размаўляе на нямецкай.

Зараз у мяне некалькі прац, ёсць з сацыяльным пакетам, ёсць фрыланс. Я кірую міжнароднай праграмай стажыровак у галіне працы з моладдзю, працую ў сферы нямецка-беларускага праектнага супрацоўніцтва, знаходжуся ў рэдакцыйнай камандзе аднаго нямецкамоўнага выдання пра Беларусь, праводжу семінары і кансультую арганізацыі на тэмы ЕЗ-фандрайзінгу, міжнароднага праектнага мэнэджменту і міжкультурнай камунікацыі. Працую, як і хацела, у асноўным з Усходняй Еўропай, у тым ліку і з Беларуссю. Я шчаслівая, калі іду на працу. Я жыву ў горадзе, які вельмі люблю.

від на Берлін с аднаго з бараў на дасе

Мае сябры па вучобе працуюць у самых розных сферах і краінах: ад інстытутаў ЕЗ да буйных камерцыйных кампаній ды ўніверсітэтаў.

Што я хацела сказаць ды паказаць гэтым мноствам слоў? Перш за ўсё, што трэба верыць у свае мары і памкненні, не баяцца выклікаў і шукаць у любой магчымасці дзверы, якія вядуць да мэты. Іх заўсёды некалькі, галоўнае – не прапусціць. Я не хачу сваім прыкладам матываваць беларусаў з’язджаць за мяжу, я толькі кажу, што магчымасцей для самаразвіцця шмат і імі можна карыстацца. А як і дзе чалавек знойдзе гэтаму прымяненне – гэта асабістая справа кожнага і ў многім збег абставінаў.