Год, каб спазнаць Інданэзію
- Час чытання: 5 хвілін
Як правесці незабыўны год на іншым кантыненце ды вывучаць інданэзійскую мову і культуру? Пра гэта пагутарылі з Алёнай Раманейка – стыпендыяткай праграмы урада Інданэзіі Darmasiswa.
Алёна, раскажы пра сябе: колькі год, чым займаешся зараз і як апынулася ў Інданэзіі?
Мне 23 гады і я паходжу з Мінска. Зараз вывучаю інданэзійскую мову па праграме Darmasiswa у Інданэзіі ў культурнай сталіцы краіны – Джок’якарце. У Мінску вывучала турызм і гасціннасць, паспела з’ездзіць у Чэхію па праграме EVS.
Калі валанцёрыла ў Чэхіі, то намагалася ўвесь вольны час прысвячаць вандроўкам. У выніку за 10 месяцаў у мяне атрымалася наведаць 10 краін і я зразумела, што мне гэта неверагодна падабаецца. Калі вярнулася ў Мінск, то зразумела, што хачу яшчэ куды-небудзь паехаць. Потым трапіла ў Маскву, дзе спачатку працавала ў турагенцыі. Там пазнаёмілася з дзяўчынай, якая была ў Інданэзіі па праграме Darmasiswa.
Яна пачала расказваць мне пра краіну і гэтую праграму. Я ўвогуле ніколі ня думала пра Азію, мне здавалася, што зноў куды-небудзь у Еўропу паеду. Мы пачалі з ёй размаўляць і яна мяне проста захапіла ідэяй паехаць у Інданэзію!
А што гэта за праграма? Хто можа паехаць, што там вывучаюць?
Darmasiswa існуе з 1974 году. Гэтая праграма фінансуецца ўрадам Інданэзіі і накіраваная на тое, каб павышаць статус Інданэзіі ў свеце. Сэнс у тым, што ты можаш прыехаць сюды на год, каб вывучаць інданэзійскую мову або культуру. Дарэчы, інданэзійская мова не такая і складаная і хутка вучыцца. У 2018 годзе па гэтай праграме прыехала 650 удзельнікаў з 92 краін. Беларусь удзельнічае ў Darmasiswa апошнія некалькі год, за гэты час тут была адна ці дзве дзяўчынкі ў наборы 2017 году, ды я і яшчэ адзін хлопец у наборы 2018 года.
Калі коратка, то ў гэтай праграме могуць удзельнічаць людзі ад 17 да 35 год, што маюць сярэднюю адукацыю і жаданне вывучаць інданэзійскую мову ды культуру. Поўны спіс патрабаванняў і дакументаў знойдзеш на сайце стыпендыі.
Падзяліся досведам, як праходзяць працэс падачы ды адбор?
Спачатку трэба сабраць спіс неабходных дакументаў, напісаць матывацыйны ліст, абраць горад і ўніверсітэт ды адправіць сваю заяўку праз сайт стыпендыі. У матывацыйным лісце табе трэба напісаць, чаму ты цікавішся Інданэзіяй і як ты можаш быць карысным для краіны пасля таго, як вернешся. Напрыклад, чалавек працуе поварам і хоча даведацца больш пра інданэзійскую кухню, каб пасля прасоўваць яё ў сваёй краіне. У мяне таксама было проста – я звязала сваю турыстычную адукацыю, працу ў гэтай сферы і любоў да падарожжаў з Інданэзіяй.
Калі зробіш усё правільна, то праз пару тыдняў пасля таго, як закрыецца срок рэгістрацыі на сайце, атрымаеш паведамленне, што з імі ўсё окей і цябе запросяць на сумоўе ў амбасаду яшчэ праз пару тыдняў. У Беларусі няма консульства Інданэзіі, таму магчыма інтэрв’ю праз скайп або можна прайсці яго ў амбасадзе ў Маскве, калі ты недзе побач. На сумоўі ў цябе запытаюць яшчэ раз, чаму ты хочаш паехаць і чаму менавіта табе павінны даць стыпендыю. Таксама важна каб тое, што напісана ў тваім матывайцыйным лісце і тое, што ты кажаш на інтэрв’ю, не адрознівалася. Калі ў амбасадзе цябе ўхваляюць, то дакументы адпраўляюць ва ўніверсітэт, які абраў(ла). Яны яшчэ раз усё правяраюць, ухваляюць, і адпраўляюць дакументы ў Джакарту. Гучыць крыху страшна, але на самой справе самыя адказныя часткі – гэта падрыхтоўка дакументаў ды cумоўе. Канчатковы адказ атрымліваеш недзе ў траўні-чэрвені.
З гэтага года стыпендыя прадастаўляецца на 10 месяцаў, але студэнцкая віза на 12 месяцаў. Пры жаданні пасля вучобы ты яшчэ можаш тут застацца для падарожжаў або пошуку далейшых альтэрнатыў. Квіткi на самалёт з роднай краіны і назад ты аплочваеш сам(а).
Ты ўжо ў Інданэзіі ўжо чатыры месяцы. Расскажы, што ты для сябе зразумела за гэты час? Гэта ж не проста іншая краіна, а нават іншы кантынент!
У любым выпадку, бачыш розніцу культур. Напрыклад, у маёй групе толькі пару еўрапейцаў, астастнія – азіяты і афрыканцы. З азіятамі мне часам складана, бо яны ніколі не паказваюць свае эмоцыі. Калі недзе канфлікт, то нават не зразумееш, што нешта адбылося, бо яны табе гэтага не пакажуць. І табе трэба сядзець і адгадваць: што тут добра, а што – дрэнна.
Яшчэ калі мне нешта не падабаецца, то я гэта выкажу і буду шукаць рашэнне праблемы. А тут вырашэння хутка ты не знойдзеш. Напрыклад, вы чакаеце нейкiя дакументы і хочаце аформіць іх хутчэй. Калі яны разумеюць, што гэта нельга зрабiць хутчэй, то табе адразу пра гэта ніхто не скажа. Асабліва людзі з вострава Ява. Увогуле, на кожным востраве ў людзей свае “забабоны”. Людзі будуць абяцаць, прасіць прыходзіць заўтра і так да бясконцасці. А потым ты разумееш, што гэта бессэнсоўна і трэба проста чакаць (а чакаць тут можна доўга, бо нiхто нiколi не спяшаецца). Яны робяць гэта з ветлівасці, баючыся цябе засмуціць. Такая культура.
Мала хто ведае, але Iнданэзiя амаль на 90% – мусульманская краіна. Ёсць меркаванні, што тут пануе будызм альбо індуізм, але гэта ўсяго пару адсоткаў, і, у асноўным, на Балі. На астатніх вастравах жывуць мусульмане і троху хрысціян. Проста недзе ставяцца больш строга, недзе менш. Напрыклад, на Яве мусульмане лаяльныя, а на Суматры – не. Раю ўлічваць гэтыя моманты тым, хто збіраецца падавацца.
А колькі атрымліваеш стыпендыі і ці хапае яе на жыццё?
Штомесяц мы атрымліваем 2,5 мільёна рупій, але з гэтых грошай таксама трэба плаціць за жыллё. У маім горадзе – Джок’якарце – звычайна арэнда пакоя з кандыцыянерам каштуе каля мільёна – паўтары рупій. Харчаванне, транспарт і вандроўкі па краіне тут танныя. Таксама, як студэнту, табе даюцца льготы на квiткi на цягнiкi, а многія славутасцi ты можаш глядзець па цэнах для iнданэзiйцаý, што ў 3 разы танней, чым для турыстаў.
Але калі атрымалася нешта адкласці на радзіме, то лепш прыехаць з сваімі грашыма, калі хочаш жыць “па поўнай” або падарожнiчаць. Стыпендыяты Darmasiswa знаходзяцца ў краіне па студэнцкай візе, таму афіцыйна падпрацоўваць нельга.
Ці ўзнікалі нейкія цяжкасці ў побытавым плане, калі ты прыехала ў Інданэзію?
Так, канешне былі, але я хутка адаптуюся да розных умоваў. Напрыклад, мой універсітэт прадастаўляе жыллё толькі на першыя тры дні, а далей трэба шукаць самой. Праблема ў тым, што ў Інданэзіі няма сайтаў па пошуку жылля. Ты проста ходзіш па вуліцах, шукаеш абвесткі, пытаеш знаёмых. Потым прыходзіш, і трэба ўсё высвятляць ды гандлявацца на інданэзійскай мове, бо дарослая частка насельніцтва ня ведае англійскай. Самы распаўсюджаны варыянт таннага жылля для студэнтаў – гасцявыя дамы, асобныя для хлопцаў і для дзяўчат. І тут ёсць важны момант, звязаны з рэлігіяй – часта гаспадары патрабуюць, каб ты вярталася да 10 гадзін вечару. Пасля яны зачыняюць вароты і табе трэба тэлефанаваць і прасіць, каб адчынілі дзверы або шукаеш, дзе ночыць. Без такіх умоваў таксама можна знайсці, але хадзіць трэба даўжэй.
Я пераязджала тры разы, пакуль не знайшла свой ідэальны варыянт.
Невялічкі шок для жыхароў буйных гарадоў – грамадскага транспарту тут няма. Тратуараў і пешаходных дарожак у вялікіх гарадах Інданэзіі таксама няма. Звычайна людзі перасоўваюцца тут на скутэрах, ёсць скутэр-таксі. Дзіўна, але тут такі дзікі рух, што ехаць на скутэры больш бяспечна, чым ісці пешшу. Выклікаць скутэр-таксі часам танней, чым набыць марозіва.
А яшчэ трэба таргавацца, калі нешта набываеш – ежу на рынку, шукаеш жыллё і гэтак далей. Калі ты з белым колерам скуры, то мясцовыя будуць казаць табе цану вышэй. Таму лепш вучыць інданэзійскую мову і троху ўмець гандлявацца.
Якія адрозненні і падабенствы ты бачыш паміж адукацыяй у Беларусі і ў Інданэзіі?
Я вучуся з замежнікамі, не з інданэзійцамі, але знаёмыя, якія вучацца менавіта ў атачэнні інданэзійцаў, расказвалі, што тут ўсё робіцца ў групах. У Беларусі студэнты, з большага, індывідуалісты і працуюць самі на сябе падчас семінараў. Тут студэнты прывыклі працаваць у групах, дапамагаць адзін аднаму. Да I наогул iнданэзiйцы ніколі не любяць заставацца адны, заўсёды ўсё робяць у групах.
Варта адзначыць, што Darmasiswa накіравана на тое, каб мы атрымлівалі асалоду ад часу ў Інданэзіі і самастойна адкрывалі для сябе культуру гэтай краіны. Галоўнае – тваё жаданне. Ва ўніверсітэце нас ніхто не нагружае вялікімі хатнімі заданнямі і хапае часу, каб, напрыклад, вандраваць. Я вучуся пяць дзён, але ў некаторых універсітэтах наогул 4 дні на тыдзень. У студзені нам даюць больш за месяц канікул паміж семестрамі.
На самой справе, людзі, якія былі ў Інданэзіі па Darmasiswa, часта вяртаюцца сюды, каб, напрыклад, навучацца ў магістратуры. Для студэнтаў з краінаў, што развіваюцца, тут існуе стыпендыя Kemitraan Negara Berkembang (KNB), падрабязнасці чытай па спасылцы.
Ты казала, што вам хапае часу, каб самастойна адкрываць для сябе краіну. Раскажы, а як звычайна праходзіць твой дзень і чым можна заняцца ў Інданэзіі ў вольны час?
Па-першае, вандраваць! Інданэзія – гэта 17 тысяч вастравоў, вадаспады, джунглі, акіян! Звычайна заняткі скончваюцца ў першай палове дня, таму пасля можна сесці на скутэр і паехаць куды заўгодна. У выходныя я звычайна езджу вандраваць, а ў будні праводжу час у горадзе. Джок’якарта лічыцца культурнай сталіцай Інданэзіі, тут увесь час праходзяць цікавыя мерапрыемствы, шмат міжнародных студэнтаў і заўсёды ёсць, як правесці час.
А якія ў цябе планы на будучыню, што будзеш рабіць пасля стыпендыі?
Ёсць шмат магчымасцяў, але пакуль не буду загадваць. Цікавыя рэчы здараюцца выпадкова і хто ведае, куды мяне занясе. Калі я была на EVS у Чэхіі, то думала, што вучыцца буду таксама ў Еўропе, але нечакана трапіла ў Маскву, а там даведалася пра Darmasiswa і апынулася тут, у Інданэзіі. Калі прыйдзе час – тады і буду прымаць рашэнне.
Дарэчы, выпускнікі Darmasiswa працягваюць так ці інакш захоўваюць сувязі з Інданэзіяй. Хтосьці працягвае тут адукацыю, уладкоўваецца у дыпламатычныя прадстаўніцтвы сваёй краіны ў Інданэзіі, ідзе у кампаніi з інданэзійскім капіталам, хтосьцi пачынае працаваць у турызме тут або на своёй радзiме і прасоўваць Iнданэзiю як турыстычны напрамак. Для рускамоўных, напрыклад, дастаткова магчымасцяў, каб застацца працаваць у расійскіх кампаніях у Джакарце.
Што ты параіш тым, хто збіраецца падавацца на Darmasiswa?
Спачатку вызначыцца, ці на самой справе табе трэба табе ехаць у Інданэзію. Таксама падумаць, навошта ехаць і куды менавіта. Шмат хто хоча паехаць на Балі, таму што ўсе хочуць на Балі – няшмат вучобы, шмат акіяна, сёрфінга і гэтак далей. Але туды, відавочна хочуць усё, таму там вялікі конкурс. Я вызначылася, што хачу паехаць менавіта у Джок’якарту, каб вывучаць культуру краіны. Таксама перад тым, як падавацца, раю знайсці тых, хто ўжо ездзіў па гэтай стыпендыі, бо хто раскажа лепей, чым тыя, хто ўжо прайшоў праз гэта. Увогуле ў мяне было 3 знаёмых, якія ужo былі на Darmasiswa у розных гарадах. Таму я дакладна ведала што я хачу вучыць, у якім горадзе, у якім унівэрсытэце, і што мяне тут чакае. Менавiта таму я ні разу не пашкадавала пра свой выбар.