Гульні бываюць ня толькі спартыўнымі: пракачай мазгі!
Інтэлектуальныя гульні з’яўляюцца ня толькі цікавым баўленнем свайго вольнага часу, але і спосабам паляпшаць свае веды і мысленне. Існуе шмат гульняў, якія таксама развіваюць розум, дапамагаюць знайсці новых сяброў і аднадумцаў. Сяргей Дубялевіч з’яўляецца трэнерам каманды “Што? Дзе? Калі?”.
– Сяргей, якое месца займае рух інтэлектуальных гульняў у моладзевым асяродку?
– Не зусім тое, на якое заслугоўвае. Так, пра інтэлектуальныя гульні маюць уяўленне шмат людзей: дастаткова таго, што ў сінхронным рэспубліканскім турніры, які вызначае ўдзельнікаў чэмпіянату Беларусі сярод школьнікаў, штогод удзельнічае каля 400 каманд. Разам з тым, пра “Што? Дзе? Калі?” (далей ШДК) мае уяўленне не кожны старшакласнік – і дарма.
– Распавядзіце, калі ласка, пра свой першы досвед у інтэлектуальных гульнях.
– У 1997 годзе мая школа (СШ №1 г. Шчучына ) атрымала запрашэнне паўдзельнічаць у сінхронным рэспубліканскім труніры (і адначасова – у чэмпіянаце Гарадзенскай вобласці). Я прыйшоў на адбор у каманду і паспяхова яго прайшоў. Тады я быў вучнем шостага класа, астатнія гульцы былі з 9-11 класаў. На чэмпіянаце таксама выступіў паспяхова: выйграў ва ўсіх старшакласнікаў адну з індывідуальных гульняў. З тых часоў усё і пашло 🙂
– Як інтэлектуальныя гульні паўплывалі на адукацыю?
– Што тычыцца мяне – толькі станоўча. Я лічыў, што інтэлектуальныя гульні і поспехі на занятках абавязкова павінны сумяшчацца – інакш якія мы знаўцы? І ў школе, і ва ўніверсітэце я вучыўся на выдатна, для мяне гэта было зусім няцяжка. Наогул лічу, што школьнікам і студэнтам гульні не могуць прынесці шкоду. Тыя, хто гуляе ў ШДК і ў іншыя інтэлектуальныя гульні, насамрэч маюць гнуткае мысленне, яны прывучаныя думаць інтэўсіўна, слухаць іншых, працаваць у камандзе, рабіць высновы… І агульная эрудыцыя ў такіх хлопцаў і дзяўчат значна вышэй. Сярод гульцоў ШДК шмат алімпіяднікаў самага высокага ўзроўню.
– Чаму Вы вырашылі стаць трэнерам? Будучы трэнерам, якую карысць для сябе знайшлі? Чаго жадаеце дасягнуць?
– Па прычынах, пра якія я ўжо згадваў, лічу, што ШДК павінна развівацца далей, у ідэале з гэтай з’явай павінны быць пазнаёміцца ўсе школьнікі. І тое, што дзякуючы мне і маім калегам дзеці становяцца больш дапытлівымі, эрудыяванымі, і – адважуся сцвярджаць – разумнейшымі і кемлівейшымі, можа толькі цешыць.
Акрамя таго, мне падабаецца мець зносіны з цікавымі людзьмі, якія да таго ж прыходзяць да мяне не па прымусу, а толькі па сваёй волі. Ніводная каманда не падобная на іншую, да ўсіх патрэбен адмысловы падыход. Ні ў якім разе нельга паслабляць увагу, лічыць, што сітуацыя пад кантролем, што можна пусціць усё на самацёк. Цікава назіраць за тым, як новы занятак і новыя знаёмствы ўплываюць на маіх выхаванцаў. І, што граху ўтойваць, прыемна, калі мае каманды перамагаюць, хоць гэта зусім не першасная задача.
– Рух інтэлектуальных гульняў у Беларусі – дзе і з кім можна пагуляць?
– Падобныя кружкі і клубы ёсць практычна ў кожным палацы дзіцячай творчасці – як у Менску, так і ў абласных, і раённых гарадах. Інфармацыю пра гульні лёгка атрымліваць дзякуючы сацыяльным сеткам: у шматлікіх клубаў ёсць свае старонкі “Вконтакте”, напрыклад. Гульняў праводзіцца вялікае мноства – было б жаданне!
– Шмат хто лае сучасную моладзь – яна гультаяватая, безыніцыятыўная… На Вашую думку, наколькі гэта апраўдана?
– Моладзь лаялі заўсёды – першыя тэксты з нагоды сапсаванасці новых пакаленняў з’явіліся яшчэ ў Старажытным Егіпце. Аднак я лічу, што не ўсё так дрэнна. Так, каб адарваць дзяцей ад экранаў гаджэтаў, часам трэба вельмі шмат папрацавць над гэтым. Аднак мы ж даказваем, што гэта магчыма! Насамрэч, як ні парадаксальна, нуднай моладзі цяпер не менш, чым у пушкінска-анегінскія часы, і маладых людзей – калі яны, вядома, не безнадзейна атупелі – цалкам сабе можна захапіць чымсьці новым.
– Што павінна здарыцца, каб людзі захацелі заняцца самаадукацыяй?
– Людзі павінны ўсвядоміць, што гэта проста злачынства: мець у кішэні прыладу, якая забяспечвае практычна не абмежаваны доступ да самай разнастайнай інфармацыі, і карыстацца ім выключна для тупой балбатні і разгледжвання фотак. Нічога не ведаць пра тое, што адбывалася і адбываецца ў свеце, дзе ты жывеш – гэта нават не чалавечна неяк.
Натуральна, гэтыя думкі павінны прышчапляцца з дзяцінства: і бацькамі, і сябрамі, і педагогамі. І трэнерамі па інтэлектуальных гульнях:-)
– Ці ведаеце Вы сем’і, якія ўтварыліся дзякуючы інтэлектуальным гульням?
– Сем’і з калегаў ці аднадумцаў – з’ява ў прынцыпе нярэдкая. І ШДК у гэтым плане выключэннем не з’яўляецца. У мяне ў самога такая сям’я, урэшце:-) З будучай жонкай пазнаёміліся падчас студэнцкага чэмпіянату Беларусі. Разам з тым, гэта зусім не значыць, што “знатакі” маюць зносіны вылучна з сабе падобнымі: прыкладаў “змяшаных” пар і сем’яў колькі заўгодна.