IELTS: Reading

  • 03.01.2015

Аўтарка www.adukacyja.info Галіна Мазан працягвае дзяліцца парадамі, як паспяхова здаць тэст па ангельскай мове. Наступная частка экзамена IELTS – чытанне.

З гэтай часткай мне было не вельмі складана, аднак давялося сутыкнуцца з некаторымі момантамі, пра іх чытайце ніжэй. Я сабе ўзяла за правіла кожны дзень чытаць мінімум адзін артыкул з англамоўнага сайта. Маім ўлюбёным быў www.yahoo.com. Галоўная ўмова – гэта чытаць не аб тым, што падабаецца выключна вам, а пра ўсё на свеце: пра штодзённае жыццё лугавых сабачак ці пра нядаўнія медыцынскія эксперыменты. Вы можаце чытаць і артыкулы з Вікіпедыі, я нават сабе яе дадатак спампавала з PlayMarket для свайго Андроіда, але неяк тыя рандомныя артыкулы, што мне трапляліся, былі занадта сухімі. Спрабуйце і шукайце тое, што вам бліжэй да сэрца. Думаю, што сёння ўвечары ўжо пара новых інфармацыйных дадаткаў з’явіцца на вашых тэлефончыках і планшэтах.

Я яшчэ выпісвала незнаёмыя словы і выразы ў спецыяльны сшытак пад назвай IELTS. Заглядала ў яго час ад часу і адчувала, што запас слоў пашыраецца, а дата экзамену набліжаецца, і таму трэба яшчэ падрыхтавацца да заданняў, набіць руку, кажучы іншымі словамі.

Нічога новага там не прыдумалі, гэта ўсім вядомыя заданні на True/False/Not Given, множны выбар, суаднясіце часткі і гэтак далей.

На чытанне вылучаецца гадзіна. Гэта значыць, што з кожным тэкстам працаваць трэба па 20 хвілін. Што адбывалася ў мяне: першы тэкст я лёгенька за 15 хвілін апрацавала і вуаля; у другім – пра працэс вырошчвання штучных пярлін – хоць і былі спрэчныя моманты з адказамі, але таксама больш ці менш было ўсё зразумела. Аднак, над трэцім тэкстам давялося пакарпець. Не тое, каб у ім гаворка ішла пра нейкія складаныя рэчы, – не! Проста, на мой погляд, фармулёўка адказаў абурала. І нават той факт, што ў тэксце распавядалася пра Конана Дойля, калекцыя чыіх раманаў ў мяне стаіць на паліцах дома, было складана вырашыць, што да чаго. Увогуле атрымлівалася так, што два варыянты з чатырох адкідваеш адразу, а над астатнімі дзвюма ламаеш галаву. Ну на тое, ён і экзамен, каб прыкласці максімум намаганняў. Вам трэба разумець перафразаваныя думкі і яшчэ сачыць за часам. Я, напрыклад, калі пачула ад арганізатараў, што засталося ўсяго 10 хвілін, і акінула позіркам свае астатнія 10 пытанняў, то паскорылася і метэорам заканчвала працу.

Такім чынам за Reading я атрымала 7.5. Напэўна, нешта ўсё ж наблытала я з Дойлам:) Для падрыхтоўкі смела магу параіць падручнік Rawdon Wyatt Check your english vocabulary for IELTS. Выдатна пасуе для тых, хто рыхтуецца самастойна. І ён жа зробіць вам яшчэ вялікую паслугу пры падрыхтоўцы да наступная часткі – Writing, пра якую падрабязней у наступным выпуску. Таксама рэкамендую прапрацоўваць тэксты з афіцыйных крыніц да падрыхтоўкі, такія, як Cambridge English – IELTS з першай па дзевятую частку.