IELTS: рухавічок да дзеяння
- 03.01.2015
Аўтарка www.adukacyja.info Галіна Мазан дзеліцца парадамі, як паспяхова здаць тэст па ангельскай мове. Першае і самае галоўнае, што патрэбна вызначыць – гэта дзе, калі і навошта?
Частка 1: Дзе? Калі? Навошта?
Дзе?
У Беларусі магчыма здаць гэты экзамен толькі ў Мінску ў адным месцы. Гэта міжнародная школа International House, ў якой таксама займаюцца падрыхтоўкай да экзамена. Наколькі я ведаю – гэта тры месяцы, падчас якіх вы пройдзеце спецкурс па падрыхтоўцы да іспыту, пазнаёміцеся з працэдурай здачы тэста, даведаецеся пра пэўныя пасткі на экзамене і увогуле вам раскажуць, што ды як. Таксама ў інтэрнэце трапляліся аб’явы, што для падрыхтоўкі да IELTS вас чакаюць і ў Lingualand, і ў Streamline.
Ну а тым, каму, як і мне, пашэнціла мешкаць ў іншых месцах нашай Радзімы (я з Брэста), то прапаную дачытаць артыкул да самага канца, таму што з чыстым сумленнем і ад душы магу сказаць, што падрыхтавацца самому на высокі бал рэальна!
Калі ў вас ёсць час і магчымасць падарожнічаць па-за Беларуссю, то можна здаваць экзамен і за мяжой. Я звязвалася з прадстаўніцтвам British Council ў Польшчы. Справа ў тым, што вусную частку экзамена (Speaking) у Беларусі прымаюць не носьбіты мовы, а акрэдытаваныя людзі, нашы беларусы, ў якіх ёсць права гэта рабіць. Мне ж вельмі-вельмі хацелася пагутарыць з экзаменатарам, які, што называецца, самы сапраўдны native speaker, каб рэальна паспрабаваць IELTS “на смак”. Аднак, я выбрала ў рэшце рэшт Мінск, таму што ў Польшчы нават калі ты і прыехаў аднекуль, то табе, як і ўсім, паставяць розныя часткі экзамену ў розныя дні. У Мінску ж ідуць насустрач, і, па жаданні, магчыма здаць ўсё за адзін дзень. Гэты варыянт для мяне быў больш зручны, таму што я ўжо працоўны чалавек, таму дазволіць сабе адсутнічаць некалькі дзён было магчыма, але непажадана.
Калі?
У Мінску экзамен праводзіцца кожны месяц. Не так і часта, але, на маю думку, як было б больш жадаючых, то, магчыма, ён адбываўся і часцей. Тут лепш памятаць пра іншае: важны момант ў гэтай справе – гэта загадзя зарэгістравацца. Гэта трэба зрабіць за 5 тыдняў, у гэты час таксама і аплаціць магчымасць праверыць узровень сваёй ангельскай. Каштуе гэтае задавальненне не мала – 2 200 млн бел руб.
І самае сумнае – гэта тэрмін дзеяння сертыфіката, які складае толькі 2 гады. Калі б ён прысвойваўся на ўсё жыццё, было б значна лепш, але ж ніхто не абяцаў, што будзе лёгка:)
Навошта?
Каму як. Хто плануе навучацца ў еўрапейскім універсітэце, а каму ў Канаду на пмж хочацца. Для гэтага і зрабілі 2 розныя модулі: Academic Module і General Module. Розніца назіраецца толькі ў змесце некаторых частак тэста. Пра часткі размова пойдзе далей, але я маю вопыт толькі ў здаванні Акадэмічнага Модуля, таму акрэслю тыя пункты разыходжання, якія мне вядомыя з іншых крыніц.
Частка 2: Listening
І вось з квітанцыяй аб аплаце вы вяртаецеся дадому і разумееце, што праз 5 тыдняў наступіць ЁН – экзамен. Я б раіла пачаць рыхтавацца значна раней, таму што, напрыклад, курсы ў моўных школах разлічаныя на тры месяцы, таму заняцца ёсць чым, але гэта залежыць наўпрост ад узроўня, на якім вы ўжо валодаеце мовай. Нават і тым, хто сам сабе зайздросціць ў ведах англійскай граматыкі, трэба насцярожыцца і папрыктавацца, прывыкнуць да тыпу заданняў. Гэты экзамен не правярае вашу здольнасць ўстаўляць артыкль a/the куды патрэбна, ці адрозніваць Past Simple ад Present Perfect. Усё, што правяраецца – гэта ўжо не мова як мэта, а мова як сродак.
Таму не марнуем час і рыхтуемся да першай часткі ўспрымання мовы на слых ці Listening. Канешне, вам варта слухаць анлійскія песенкі, глядзець фільмы з субтытрамі і без, а таксама падпісацца на ўсемагчымыя паблікі ў сацсетках а-ля “I love English”. Гэта тое, што парэкамендуюць ўсе і гэта тое, без чаго немагчыма ўявіць развіццё і пашырэнне слоўнікавага запасу. Аднак, як ўжо было прыкмечана: нядрэнна было б і прыстасавацца да тыпу заданняў.
Listening доўжыцца паўгадзіны, і потым яшчэ даецца 10 хвілін на перанос адказаў ў бланк. Слухаць вы будзеце толькі разок, а гэта значыць, што трэба і слухаць, і пісаць адначасова, таму пажадана не губляцца ў аблоках і не задумвацца пра сваё, пра вечнае ні на хвілінку, таму што праслухаеце і не паспееце выбраць патрэбны варыянт – будзе шкада.
Я рыхтавалася па падручніку Listening for IELTS (Collins). У гэтага выдавецтва ёсць асобныя падручнікі на ўсе віды дзейнасці IELTS. Нават каму ён здаецца і няцяжкім, то рэкамендую пагартаць увесь падручнік, каб дакладна зразумець, што ад вас будуць чакаць на экзамене.
Таксама для сябе я яшчэ адзначыла такую кнігу – Listening Strategies for the IELTS Test (Beijing Language and Culture University Press). Там ўсё вельмі структурна падзелена і трэніроўка адбываецца па разделах. Напрыклад, таму, хто блытаецца яшчэ ў лічбах і літарах – цэлы падзел практыкаванняў, дзе патрэбна паслухаць і запісаць нумары тэлефонаў і імёнаў. Каму складана ўспрымаць на слых напрамкі руху – калі ласка, папрацуйце і над гэтым пытаннем. Недахопам лічу тое, што ўвесь падручнік агучаны аднымі і тымі ж галасамі. Было б значна лепш, каб фон і галасы змяняліся, каб не прывыкаць да аднаго і таго ж.
Увогуле, падручнікаў больш, чым зашмат у вольным доступе на прасторах інтэрнэту. Трэба палазіць, а потым толькі паспявай раздрукоўваць. Гэта і Objective IELTS (Cambridge), і Focus on IELTS (Longman), і шмат чаго іншага.
За свой Listening я атрымала 8.0. Не магу не сказаць, што застаюся ім задаволеная, аднак няма мяжы дасканаласці, таму што можна атрымаць яшчэ і 9.0. Аналізуючы свой тэст, ведаю, дзе згубіла балы. Трэба пільна сачыць за мовай і пісаць адказы без памылак. Я ж ў сваю чаргу напісала ў бланку адказаў слова diary (дзённік) замест патрэбнага dairy (малочны) products ў адказе на пытанне, якія прадукты лепш спажываць дзецям. Менавіта па гэтай справе раю Спадарыні Арфаграфіі надаваць дастаткова часу пры падрыхтоўцы:)
Калі апынулася так, што страцілі нітку думак і бачыце, што ужо абмяркоўваюць 15 пытанне, а вы ўсё спрабуеце знайсці адказ на 11, то раю ўсё ж працягваць далей, а не фіксавацца на тым жа. Так будзе магчымасць не прапусціць і астатняе.
Поспехаў! А зараз айда на сайт слухаць падкасты!
Пра наступныя часткі пагаворым ў наступным выпуску! Магчыма, ў вас ёсць уласны вопыт наконт IELTS і вы жадаеце падзяліцца сваім сакрэцікам, а можа, вы не згодныя з маімі парадамі і маеце іншае меркаванне – запрашаю пытацца і абмяркоўваць ў нашых групах ў сацыяльных сетках.
To be continued…