Ілля Малафей: “Вучоба за мяжой – не панацэя”
- Час чытання: 7 хвілін
Ілля Малафей – стыпендыят, навучэнец бакалаўрыяту 3-га курса Ўніверсітэцкага Каледжа Маастрыхту (University College Maastricht ў Нідэрландах).
Ілля, прывітанне! Ты ўжо распавядаў пра сваё паступленне і структуру навучання ў Маастрыхцкім Універсітэцкім каледжы ў больш раннім інтэрв’ю тут, таму зараз больш хочацца даведацца пра стыпендыю. Раскажы, калі ласка, яна дзяржаўная або ўніверсітэцкая?
Стыпендыя адмініструецца ўніверсітэтам Маастрыхта і маім каледжам. Даецца адразу на 3 гады і цалкам пакрывае навучанне і ўсе выдаткі на жыццё. Аднак каб захаваць яе, я павінен здаваць курсы (прадметы) своечасова і мець станоўчы прагрэс у навучанні.
Ты падаваўся толькі ў адзін нідэрландскі ўніверсітэцкі каледж?
Так. Паддаваўся толькі ў Маастрыхцкі каледж, хоць у іншых нідэрландскіх універсітэтах ёсць падобныя стыпендыі. Таксама паралельна я паступаў у ЗША.
Можа ты таксама ўдзельнічаў у праграме Opportunity ад амерыканскай амбасады?
Так. Падаваўся ў Штаты і Нідэрланды двойчы, у 11 класе і на першым курсе вучобы ў МДЛУ. У першы год ні туды, ні туды не паступіў. Таксама для паступлення ў Нідэрланды трэба было мець скончаную сярэднюю адукацыю і адзін год вучобы ў беларускім універсітэце, якога ў мяне тады не было. Таму мае дакументы нават не разглядалі. А на другі год прайшоў і ў ЗША, і ў Нідэрланды.
Калі падаваў дакументы – адчуваў, што паступіш?
Не. Калі паступаў на першым курсе, я вырашыў для сябе, што гэта будзе апошняя спроба на бакалаўрыят. Мне казалі, што некаторыя па 5 гадоў спрабуюць, але я вырашыў, што гэта не для мяне. І даволі выпадкова атрымалася, што падаўся на другі раз. Каардынатар праграмы Opportunity звязаўся са мной і ўгаварыў паспрабаваць ізноў. Мой выпадак – гэта ўдалы збег мноства абставінаў. Таму што стыпендый толькі 5, большасць якіх сыходзіць выпускнікам United World College.

Амстэрдам. Мы часта робім аднадзённыя вандроўкі па Нідэрландах
Чаму паміж ЗША і Нідэрландамі ты выбраў другі варыянт?
Гэта быў своеасаблівы кампраміс. Я не хацеў цалкам губляць сувязь з Беларуссю. Як з сябрамі, так і з акадэмічнага пункту гледжання. Цяпер шмат пішу даследчых работ, звязаных з Беларуссю. Таксама фінансавыя ўмовы былі больш бяспечныя ў Нідэрландах. У ЗША кожны год стыпендыя пераглядаецца. У дадатак, я хацеў скончыць бакалаўрыят за 3 гады, хоць цяпер бы лепш павучыўся 4. І яшчэ, у маім каледжы больш гнуткі навучальны план, што дазваляе больш развіваць свае навучальныя інтарэсы.
Куды прасцей паступіць? У ЗША ці ў Нідэрланды?
Гэта можа гучаць контрінтуітыўна, але ў Штаты. Калі надаваць дастаткова шмат увагі і часу і правільна сябе прэзентаваць, то паступіць у ЗША, мне здаецца, нескладана. Таксама трэба быць гатовым падаваць дакументы некалькі разоў.
Якія пытанні былі падчас інтэрв’ю?
Пытанні даволі тыповыя. Мяне прасілі ўдакладніць дэталі з матывацыйнага ліста. У цэлым, пытанні залежаць ад інтэрв’юера. Звычайна гэта два выкладчыкі з універсітэта. Часта пытаюць пра навыкі даследчай працы. Таму лепш пачытаць пра метады даследавання перад інтэрв’ю. Я мала пра гэта ведаў, але мне пашанцавала. Яшчэ ўсіх заўсёды пытаюцца пра любімую кнігу.
Якая была твая любімая кніга?
Я не люблю канцэпт любімай кнігі або фільма. І я расказаў пра кнігу, якую чытаў. Гэта быў твор Мілана Кундэры «Невыносная лёгкасць быцця». Распавядаў, што гэта дакумент, дзе сплятаецца персанальнае, палітычнае і гістарычнае.
І колькі па часе трывала інтэрв’ю?
Хвілін 40 ці гадзіну.
Што важна данесці да прыёмнай камісіі падчас інтэрв’ю?
Важна вырашыць, чаму ты падыходзіш у акадэмічным і персанальным сэнсах для дадзенага ўніверсітэта. І ўжо гэта спрабаваць данесці падчас інтэрв’ю. Таму лепш пабольш даведацца аб працэсе вучобы і пра каштоўнасці навучальнай установы. Таксама важна разумець, якія прадметы ты хочаш вывучаць і як мадэль Liberal Arts дапаможа табе ў гэтым. Мне здаецца, цікавая камбінацыя прадметаў выйграе. Напрыклад, філасофія і матэматыка.

З сябрамі арганізоўвалі варкшопы для сацыяльна актыўных студэнтаў
Ілля, раскажы, калі ласка, пра сакрэты свайго матывацыйнага ліста.
Я думаю, ён быў вельмі звычайны. Асабіста я звязваў сябе мінулага, у сучаснасці і будучыні. Паказваў, як дадзеная вучоба падыходзіць для маіх будучых планаў, і чаму я падыходжу для гэтай праграмы. Я лічу, важна паказаць гэтую «падыходзячасць» у розных аспектах.
Ты ўдзельнічаў у праграмах абмену свайго ўніверсітэта?
Так, я ездзіў на абмен у Ганконг на паўгады. Хацеў больш пазнаёміцца з Азіяй. Таксама абраў Ганконг, таму што ён знаходзіцца на цікавым этапе развіцця і складана прадказаць, як будзе мяняцца грамадства.

У Ганконгу
У праграме абмену можна ўдзельнічаць толькі адзін раз? Ці можна кожны год ездзіць у іншую краіну?
У маім каледжы – толькі аднойчы і толькі ў 4-ым ці 5-ым семестры.
А як называецца твая спецыяльнасць?
Каледж ўяўляе Liberal Arts and Sciences праграму. Ты сам выбіраеш сабе курсы з каталога, дзе ёсць 150 розных варыянтаў. І ёсць 3 раздзелы, з якіх ты можаш выбраць: гуманітарныя, дакладныя + натуральныя і сацыяльныя навукі. Адпаведна, гледзячы на курсы, якія выбіраў, я хутчэй за ўсё буду бакалаўрам гуманітарных навук, альбо бакалаўрам гуманітарных і сацыяльных навук.
Твой універсітэт з’яўляецца даследча арыентаваным. На якія тэмы ты пісаў даследчыя працы?
На першым курсе я рабіў даследчую працу пра людзей, якія ідэнтыфікуюць сябе як квір ў Беларусі. Таксама пісаў на тэмы «Успрыманне савецкага мінулага сучаснай моладдзю ў Беларусі і Малдове». Апошняя даследчая праца пра сталых людзей з Фландрыі, якія граюць у лакальных аматарскіх тэатрах. Я выпускаюся ў ліпені, таму трэба пісаць дыплом. Я пакуль не ведаю пра што. Больш думаю пра метады. Абдумваю нейкае інтэрв’ю, альбо аналіз кіно і літаратуры. Спачатку хачу вызначыцца з метадам, а потым ужо з тэмай. Але хочацца нешта звязанае з Беларуссю.

Робім поп-ап кафэ ў акне майго пакою
Ілля, раскажы пра свой узровень стрэсу, лічыцца, што вучоба ў Нідэрландах вельмі расслабленая.
У нас даволі вялікая канкурэнцыя ў каледжы і даволі высокі ўзровень стрэсу. Часта ўсе перажываюць неабгрунтавана. На трэцім курсе, вядома, прасцей і хутчэй арыентавацца ў такой атмасферы. Але гэта ўсё вар’юецца ад універсітэта і краіны. Напрыклад чуў, што ў ЗША больш расслабленае навучанне.

Традыцыйны паход па ежу на пятнічны кірмаш
Колькі часу на дзень сыходзіць на вучобу?
Зараз на вучобу надаю менш часу ў параўнанні з першым курсам. Трэба шмат чытаць і проста вучышся гэта рабіць хутчэй. Часта можа спатрэбіцца поўны працоўны дзень. Але ўсё залежыць ад літаратуры. Над некаторымі тэкстамі трэба папацець, асабліва калі гэта філасофскі твор.
Якія культурныя праекты табе падабаюцца ў Беларусі?
Падабаюцца лабараторыя сацыяльнага тэатра ECLAB, яны робяць дакументальныя спектаклі. Таксама праграма крэатыўнага лідэрства Outloud ад makeout, яшчэ Dotyk, Belarus Free Theatre класныя.

Некалькі разоў вандраваў у Кітай, пакуль быў у Ганконгу
У вас ёсць студэнцкія арганізацыі, якія змагаюцца за правы студэнтаў?
Наш універсітэт трошкі апалітычны. У нас усё больш трымаецца на ўзаемадапамозе. У фэйсбуку, напрыклад, ёсць група, дзе можна запосціць сваю праблему і табе падкажуць куды лепш звярнуцца і іншыя падобныя рэчы.
У цябе з’явіліся якія-небудзь новыя захапленні ў Нідэрландах?
Усе мае захапленні акурат зніклі. Але пачаў займацца нерэлігійнай медытацыяй, як практыкай для лепшай канцэнтрацыі.
Займаешся індывідуальна або ў групе?
Як калі. У нас ёсць розныя камітэты (арганізацыі), напрыклад камітэт фільма, фемінісцкі камітэт або камітэт дабрачыннасці. А ёсць камітэт медытацыі. Яны ладзяць медытацыі раз на тыдзень. Даўжынёй у 20-30-40 хвілін. Там у першы раз і паспрабаваў. Таксама ёсць медытацыя абдымкаў, калі проста каго-небудзь абдымаеш на працягу 2 хвілін.
Што змянілася ў табе пасля пераезду?
Навучыўся ўзаемадзейнічаць з ведамі, змяняць іх і крытыкаваць, таксама стаў нашмат больш скептычны. І каледж навучыў такой рысе, як ўсведамленне свайго права на пазіцыю. Што ўсе тэксты – гэта чужыя аргументы, і нейкія лепш аргументаваныя, нейкія горш. І не трэба быць нейкім супер геніяльным чалавекам, каб бачыць гэтыя недахопы і паказваць на іх.
Якія ў цябе мары ў кар’ерным плане?
Мой жыццёвы, глабальны і акадэмічны інтарэса – змагацца з няроўнасцю, з забабонамі і з недаступнасцю розных магчымасцяў без сур’ёзных падстаў на тое. Я б хацеў дзяліцца тымі ведамі і тым вопытам, які атрымаў.
Што яшчэ ты хацеў бы дадаць пра навучанне за мяжой?
Вучоба за мяжой – гэта не панацэя. Важна разумець, што і для чаго ты робіш. Ёсць розныя камбінацыі і варыянты. І паміж імі можна пераключацца. Можна пазней паехаць вучыцца за мяжу, можна вучыцца і ў Беларусі, але ведаць больш чым калі б ты нават паехаў вучыцца за мяжу. Цяпер ёсць ECLAB, Youtube, шмат рэсурсаў для самастойнага навучання.

Святкаванне 15-годдзя каледжа ва ўнутраным дворыку