Інтэрв’ю ад пераможцаў. На мяжы мінулага і будучыні

  • 03.03.2016
  • Блог
  • Здымкі аўтаркі

28 лютага грымнуў і скончыўся АдуМарафон. Нашы ўдзельнікі ўдосталь паваланцёрылі, адчулі сябе рэжысёрамі ды сцэнарыстамі, выпрабавалі сваю моц у якасці цікаўных журналістаў. Мы не прыпыняем здзіўляцца, колькі талентаў жыве ў маладых і перспектыўных беларусах, і захапляцца іх энергічнасцю ды прагай да ведаў.

Сёння мы публікуем інтэрв’ю з другога этапу, якое падрыхтавала Алена Пішчук – пераможца АдуМарафона. Хаця мы перакананы, што пераможцамі сталі ўсе, хто пачаў дзейнічаць. У справе і ёсць перамога.

12771864_10206007740814506_1931689627661364839_o

Алена ўзрушана тым, што паедзе на АдуФэст.

Частка 1. Наперад у Мінулае

Анатоль Паўлавіч Шыловіч – журналіст з амаль паўвекавым стажам працы, чалавек у Віцебску вядомы і паважаны. Зараз, калі яго ўзрост сягнуў за мяжу, якую ў Беларусі называюць пенсіяй, ён з’яўляецца старшынёй клубу нумізматаў і, вядома, не забывае сачыць за развіццём той галіны, якой прысвяціў сваё жыццё.

Я вельмі хвалявалася, у галаве змяшаліся ўсе парады і правілы “добрага інтэрв’ю”. Але наша гутарка прайшла, быццам за кубачкам гарбаты з малінавым варэннем. Толькі зусім не жорстка з журналісцкага пункту гледжання.

Як і чаму Вы трапілі ў журналістыку?

Гэта быў доўгі і цікавы шлях. Я нарадзіўся і вырас у Паўстыні. Гэта невялікая вёска ў Мінскай вобласці. І паколькі хацеў атрымаць вышэйшую адукацыю, мне трэба было ехаць у горад. І я накіраваўся ў… Навасібірск, паступаць на інжынера. Здаў усе іспыты добра, але потым зразумеў, што змагу бываць дома толькі раз на год, на летніх вакацыях! Бо цягнік дадому едзе тры дні. Пакуль дабярэшся, ужо і назад можна вяртацца. На гэтым мая інжынерная гісторыя скончылася. Пасля я некаторы час працаваў дома, паралельна пісаў артыкулы ў мясцовую газету. Стаў заўважаць, што ў мяне гэта нядрэнна атрымоўваецца, ды і падабалася мне. І вырашыў паступіць на журфак. Атрымалася.

nAPI_O6IpUI

Як праходзілі Вашы студэнцкія гады?

Было ў нас цікавае студэнцкае жыццё, не ведаю, як цяпер яно плыве. Вучыцца падабалася. У нас на факультэце сабралося шмат таленавітых людзей, у іх ліку Янка Сіпакоў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін. Жылі мы ў інтэрнаце на Свярдлова. Было весела. Здалі экзамен, сядзім. Барадулін кажа: “Ці не паслаць Блатуна за бутэлечкай віна?” (а Блатун таксама быў паэтам). І ўсе дружна: “Паслаць!” Потым за марозівам на вакзал хадзілі. Прыемна ўзгадваць гэтыя гады.

А як склаўся ваш шлях у журналістыцы пасля заканчэння ўніверсітэта?

Мяне размеркавалі ў Віцебск, дзе я працаваў больш за 40 гадоў. Я быў уласным карэспандэнтам тэлеграфнага агенцтва і газеты “Звязда” па Віцебскай вобласці. Уласкар – гэта такі чалавек, як нам тады казалі, які павінен быць на пажары за паўгадзіны да яго пачатку. Асабліва гэта было важна падчас працы ў тэлеграфным агенцтве, якое тады ўваходзіла ў сістэму ТАСС (Тэлеграфнае Агенцтва Савецкага Саюза). Ацэньвалі працу па тым, колькі матэрыялаў туды сыходзіла. Калі за месяц 4-5, то гэта добра, менш – значыцца працуеш сярэдненька.

Раскажыце, калі ласка, пра самы кур’ёзны выпадак у вашай працы.

За час маёй працы было шмат цікавых выпадкаў, але самы трагічны і кур’ёзны адбыўся падчас пагранічнага канфлікту на востраве Даманскі. Раней сістэма выпуску была такая: дзяжурны па нумары чытае выпуск, робіць праўкі, карэктар адносіць гэтыя праўкі лінатыпісту, а той перадрукоўвае, пасля чаго дзяжурны робіць вычытку і глядзіць, ці былі выпраўлены недахопы. Тэхніка была такая, што нават калі ў цэлым радку апіска ў адну літару, перадрукоўваць трэба ўвесь радок, па-іншаму было нельга. Дык вось у той вечар я быў дзяжурны, прачытаў выпуск, зрабіў праўкі. Карэктар дадаў свае – у адным з радкоў была невыразна надрукавана літара – перадрукаваць! Гэты злашчасны радок гучаў так: «Напад на Савецкіх памежнікаў». Лінатыпіст, выпраўляючы адну літару, здзейсніў фатальную памылку – не надрукаваў прыназоўнік «НА». Я ж, калі перачытваў выпуск, звяртаў увагу толькі на свае папраўкі, а паколькі ў гэтым радку я нічога не правіў, то яго і не чытаў. Часопіс  выйшаў з радком «Напад Савецкіх памежнікаў». Назаўтра, натуральна, у рэдакцыі КДБ, часопіс канфіскавалі ўсюды, дзе толькі гэта было магчыма. Але было ўжо позна, пайшлі размовы. Кажуць, BBC перадалі, што адзіны часопіс ў СССР напісаў праўду. Рэдактару – строгая вымова, мне – вымова. Нашаму рэдактару на той момант спаўнялася 50 гадоў, яго рыхтавалі на ордэн як Героя савецкага саюза. А тут такое. Ён не вытрымаў і лёг пад цягнік.

Сапраўды вельмі трагічная гісторыя. Жахліва разумець, што адна апіска можа зруйнаваць чалавечы лёс. Цяжка пасля такой тэмы пераходзіць да наступнай, але ўсё ж такі.

Вы можаце прыгадаць імя вядомага чалавека, з якім вам пашчасціла працаваць?

Гэта быў Уладзімір Ігнатавіч Бровікаў. Пасля той трагічнай гісторыі ён стаў рэдактарам нашага часопісу. Прапрацаваў у нас недзе год, потым стаў старшынёй савета міністраў БССР, пасля – паслом СССР у Польшчы. Гэта быў чалавек новага мыслення, пра яго можна вельмі многа распавядаць. Самае цікавае, калі пачалася перабудова, ён адзін з нямногіх выступаў з рэзкай крытыкай гэтага курсу. За гэты выступ на пленуме 1990 года яго знялі з пасады. Падчас нашай сустрэчы, ужо пасля ўсіх адставак, ён сказаў: “Палітыка – несумленная справа”. Нягледзячы на ​​такі канец кар’еры, ён усё ж пахаваны на Новадзявочых могілках. Калі бываю ў Маскве, заўсёды заходжу на яго магілу, там шмат кветак, яго памятаюць і паважаюць. У Мінску ёсць вуліца, названая ў яго гонар, але ў Віцебску, дзе ён пачынаў свой шлях, пра яго забыліся.

Як, на Ваш погляд, змянілася журналістыка за тыя гады, што вы не працуеце?

Яна, як і палітыка, стала менш сумленнай. Раней, вядома, была цэнзура, але калі ўжо напісана, то факты амаль на 100% дакладныя. Я бачу, што журналістыка развіваецца, шмат новага нараджаецца. Але журналіст у першую чаргу павінен несці праўду, а цяпер фантазій шмат. А маладым журналістам я б сказаў, што нягледзячы на ​​развіццё тэхналогій, галоўнае, як і раней, – гэта веды. Таму што яны будуць працаваць і з матэматыкамі, і з палітыкамі, і з дзеячамі мастацтва, так што ў першую чаргу трэба вучыцца і вучыцца.

TT-OzvKXJ40

Зараз актыўна сталі развівацца выданні на беларускай мове. Як вы да гэтага ставіцеся і  ці лічыце, што трэба падтрымліваць развіццё беларускамоўных СМІ?

Я думаю, што чытач зразумее і па-руску, і па-беларуску, аўтар павінен пісаць на той мове, якая яму бліжэй. Павінны быць выпускі і на рускай, і на беларускай мове, каб у людзей быў выбар. Я, напрыклад, пісаў у асноўным усе матэрыялы па-беларуску. Акрамя тых, вядома, якія мы атрымалі ад тэлеграфнага агенцтва вышэй.

У часопісе і інтэрнэт-выданні “Esquire” ёсць рубрыка “Правілы жыцця”. Людзі распавядаюць пра свае прынцыпы, даюць парады. Калі б вы давалі інтэрв’ю гэтаму часопісу, то якое правіла свайго жыцця Вы агучылі б?

Я скажу так. Трэба рабіць сваю справу, і рабіць яе якасна. Мудры савет – гэта добра, але добрая справа – яшчэ лепей.

І напрыканцы хацелася б спытаць: калі б у Вас была магчымасць вярнуцца ў мінулае, Вы па-ранейшаму абралі б журналістыку ці нешта змянілі б?

Я застаўся б у прафесіі. Але з сённяшніх гадоў я бачу, што нешта б і змяніў. У тыя часы было шмат межаў. Цэнзары часам былі такія, што, напрыклад, метафарычны абарот “думкі лёталі як верталёты над ХХХ” выкрэслівалі. Таму што там не павінна быць верталётаў, не павінны яны там лётаць, мы ж сакрэты выдаем, што там аэрадром ёсць. Ты кажаш: гэта ж думкі. А табе ў адказ: “Але думкі жа як верталёты, значыць, яны ж там лётаюць”. Так што я застаўся б журналістам, але паспрабаваў бы пісаць больш разняволена.

***

Мы яшчэ доўга размаўлялі пасля сканчэння інтэрв’ю пра ўсё на свеце. Анатоль Паўлавіч чытаў на памяць Ясеніна і расказваў пра сваё мінулае. Здзіўляешся, колькі нязведанага хаваецца ўнутры кожнага чалавека і як многа таямніц, гісторый і ўспамінаў захоўвае кожны з нас. І як за размовай з адным чалавекам мы выпадкова можам апынуцца ў мінулым. Мінулым, для нас незнаёмым і дзіўным. Мінулым не толькі журналістыкі, але і цэлага пакалення.

Частка 2. Назад у будычыню

Гераіня наступнай часткі – Саша Егунёва, студэнтка другога курсу журфаку. Скончыўшы гімназію з залатым медалём, яна і ва ўніверсітэце імкнецца не зніжаць планку – высокія паказчыкі ў вучобе і актыўнае грамадскае жыццё. Што казаць, калі менш чым за 2 гады яна зладзіла больш за два дзясяткі мерапрыемстваў у БДУ. Нягледзячы на ​​свой шчыльны графік, Саша з радасцю пагадзілася быць маім правадніком у будучыню журналістыкі. Прыемна спадзявацца, што гэтую будучыню чакаюць такія яскравыя, энэргічныя і амбіцыёзныя змены.

Саша, чаму ты ўсе-такі  вырашыла звязаць сваё жыццё з журналістыкай?

Некалькі гадоў я іграла ў моладзевым тэатры “Кола”. Там і паспрабавала, што такое сцэна, мікрафон. Апынулася, што ў мяне нядрэнна атрымоўваецца гаварыць і трымацца перад публікай. Ды і сцэна – ракавая жанчына, забыць яе, сустрэўшыся аднойчы твар у твар, амаль што немагчыма. Яшчэ я вяла свой блог. У мяне не было тысяч падпісчыкаў, я да гэтага нават не імкнулася. Мне проста падабалася пісаць, надаваць думкам слоўную абалонку. А журфак, здавалася, месца, дзе абедзве мае любімыя справы аб’ядналіся.

wztUr31HtMU

І як жа праходзяць твае студэнцкія гады?

Усе дзеці жадаюць стаць дарослымі, а школьнікі – студэнтамі. Асабліва наглядзеўшыся амерыканскіх фільмаў. Як мы з сябрамі марылі хутчэй з’ехаць ад бацькоў, стаць самастойнымі і не вылазіць з вечарынаў. І вось нарэшце я студэнтка. Здавалася б, “гуляй, шальная”. Але журфак не дае расслабіцца. Няхай адукацыя і гуманітарная (яна цяпер лічыцца нескладанай), але вышэйшая: разнастайныя дысцыпліны прымушаюць мозг працаваць, а тры літаратуры ў семестры “з’ядаюць” гадзіны, адведзеныя на сон. Дадайце сюды яшчэ і актыўную працу ў студэнцкіх арганізацыях, удзел у конкурсах, курсы замежнай мовы. Так і разбурыліся мары аб бесклапотных вечарынках. Але не магу сказаць, што я засмучаная. Студэнты журфаку поўняцца амбіцыямі, і я не выключэнне. І каб чагосьці дамагчыся, трэба працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць, у першую чаргу над сабой. Але не думайце, што я такая правільная зубрылка. Студэнт ёсць студэнт: я таксама часта раблю ўсё, што заўгодна, толькі б не вучыцца.

А расскажы, калі ласка, пра самы цікавы выпадак у тваёй пакуль нядоўгай практыцы.

Не ведаю, наколькі ён цікавы, але праўдзівы. Выкладчык па беларускай літаратуры абяцаў паставіць аўтамат, калі мы возьмем інтэрв’ю ў беларускага літаратурнага дзеяча. Я – прыхільніца творчасці Андрэя Хадановіча – вырашыла, што адзін радок у залікоўцы амаль што запоўнены. Андрэй Валер’евіч прынцыпова не карыстаецца мабільным тэлефонам, так што мець зносіны з ім можна толькі па электроннай пошце. Як сапраўдны студэнт я цягнула з ліставаннем да апошняга. У выніку паэт быў заняты падрыхтоўкай выпуску сваёй новай кнігі, так што адказаць змог толькі праз некалькі тыдняў. Залік здавала сама, але інтэрв’ю ўсё ж адбылося.

Кім з’яўляўся самы вядомым чалавек, з якім даводзілася працаваць?

Летам мне давялося папрацаваць у праграме “Наша раніца” на АНТ. Маім куратарам была дырэктар дырэкцыі ранішняга вяшчання Наталля Маеўская. Яна ў тэлерадыёвяшчанні з 1993 года: і вядучая, і аўтарка праграм, і шэф-рэдактарка ​​выпускаў навінаў і міжнародных праграм. Гледзячы на ​​яе, я зразумела розніцу паміж журналістам і прафесіяналам сваёй справы. Яна бясспрэчна належыць да другой катэгорыі людзей.

Зараз актыўна стала развівацца журналістыка на беларускай мове. Як ты да гэтага ставішся і ці лічыш, што трэба падтрымліваць развіццё беларускамоўных СМІ?

Не існуе журналістыкі на беларускай мове, ёсць асобныя паняцці – “журналістыка” і “беларуская мова”. Проста журналісты сталі аддаваць перавагу беларускай мове. Яна ў апошні час стала мэйнстрымнай. Не толькі моладзь, але і сталыя людзі пачалі пераходзіць на родную мову. І добра, калі гэта рашэнне сапраўды сур’ёзнае і ўсвядомленае. Але вельмі дрэнна, калі мова застаецца на ўзроўні трасянкі. У нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы. Гэта не кепска і не добра. Так ёсць. Не думаю, што руская мова прыціскае чыесьці правы, бо нават любы дакумент можна папрасіць выдаць на найбольш зручнай табе мове. Асноўная праблема ў тым, што ў людзях растуць і квітнеюць стэрэатыпы: беларуская мова – мова апазіцыянераў або сялян. З-за гэтага і журналісцкія матэрыялы на мове не ўспрымаюцца так, як, здавалася б, павінны. Так што выкарчуем стэрэатыпы – і беларуская мова атрымае сваё годнае месца ў журналісцкіх тэкстах.

Калі бы ты давала інтэрв’ю часопісу Esquire, то пра якое правіла свайго жыцця распавяла б?

У мяне няма статуту правілаў, ды і ў любым з іх могуць быць свае выключэннi. Але мяне заўсёды вучылі казаць праўду, не хлусіць сабе і людзям. Хай мяне падмануць яшчэ, яшчэ і яшчэ, але я падманваць не стану.

І, напрыканцы, падзяліся калі ласка сваімі планамі на будучыню.

Ёсць такая прыказка: хочаш насмяшыць Бога – раскажы яму пра свае планы. Так што я не раблю планаў, а толькі мару. І імкнуся рэалізаваць задумкі праз дзеянні. На жаль, нічога канкрэтнага сказаць не магу. Я паспрабую самаўдасканаліцца і самарэалізавацца максімальна. У журналістыцы хачу паспрабаваць ўсё: і друкаваныя СМІ, і аўдыёвізуальныя, і радыё, і тэлебачанне – толькі тады змагу зразумець, дзе па-сапраўднаму маё, чым мне варта займацца.

***

Пасля нашай размовы ў мяне засталося выразнае перакананне, што ў Сашы ўсё атрымаецца, і пра яе мы пачуем яшчэ не раз. Незаўважна для мяне самой увесь цыкл перайшоў у нешта большае, чым проста размовы пра журналістыку. Прыгледзьцеся – як шмат агульнага і як шмат рознага ў дзвюх эпохах. Пошукі праўды і пошукі сябе. Жаданне дакрануцца да духу часу праз відавочцаў, якіх становіцца ўсё менш. Ды жаданне хоць адным вокам зазірнуць у надыходзячы час і даведацца, што чакае нас там.

Без мінулага, вядома, няма будычыні. Але без будычыні мінулае было б бяссэнсоўным. Яднаючыся, яны ствараюць тое цяперашнее, у якім мы жывем. Тое, што тычыцца кожнага.