Інтэрв’ю з Максімам Маханьковым – удзельнікам праграмы “Адукуй сябе пра Еўропу”

  • Час чытання: 5 хвілін
Даслаць сваю анкету

Кожны з нас шматгранны і непаўторны! Няма ніводнай пары людзей на планеце, жыццё якіх было б абсалютна ідэнтычным.

Запаўняючы заяву і разважаючы пра будучы ўдзел у праграме, кожны ўдзельнік ставіць перад сабой розныя мэты. Для адных гэта магчымасць знайсці аднадумцаў ці натхніцца на новыя ідэі, для іншых – пошук партнёраў для праектаў, а нехта хоча пазнаёміцца з іншымі актывістамі сваёй краіны і рэгіёна.

Давайце і мы зараз пазнаёмімся з удзельнікам праграмы «Адукуй сябе пра Еўропу» Максімам Маханьковым.

На дадзены момант Максім працуе вэб-рэдактарам і журналістам у «Нашай Ніве», часам піша агляды да часопіса «Наша гісторыя». Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію сувязі па спецыяльнасці «Сеткі тэлекамунікацый», зараз навучаецца ў Львоўскім універсітэце на магістратуры, вывучае знешнюю палітыку і нацыянальную бяспеку.

Максім, распавядзіце, калі ласка, як даведаліся пра праграму? Што трэба было, каб стаць удзельнікам? І нарэшце, чаму ўвогуле вырашылі браць удзел у праграме?

Пра праграму даведаўся з сайта «Адукацыя інфо». Калі шчыра, пра патрабаванні да ўдзельнікаў ужо не памятаю, даўно гэта было. Вырашыў удзельнічаць бо адчуваў тады, што бракавала ведаў пра структуру і інстытуты Еўрапейскага звязу.

Ці мелі вы досвед удзелу ў такога роду праграмах?

Так, нешта падобнае было.

Наколькі глыбока былі пагружаны ў тэматыку ўзаемаадносін Беларусі і ЕЗ да праекта? Ці шмат ведалі пра Еўропу ў цэлым (гісторыя, геаграфія, палітыка г.д.)? І як змяніліся веды пасля праграмы? Адкажыце на гэтыя пытанні карыстаючыся лічбавай шкалой ад 1 до 10, дзе 1 – нічога не ведаў і 10 – ведаў амаль усё.

Не скажу, што надта глыбока ведаў, толькі агульныя рэчы, дасягненні і праблемы адносін, але не больш за тое. Да праграмы адносна добра ведаў пра геаграфію Еўропы, палітыку самых вялікіх і ўплывовых краін Еўропы, але не скажу, што надта добра разбіраўся ў агульнаеўрапейскіх працэсах. Пасля праграмы я атрымаў лепшае разуменне таго, як працуюць інстытуцыі ЕЗ. Калі адказваць баламі, то на першае пытанне: да праграмы 5, а пасля праграмы 8, на другое пытанне: было 7, стала 9.

Што больш за ўсё запомнілася падчас праграмы (адукацыйная частка)?

Нашы практычныя заданні.

Хто ці што больш за ўсё натхніла на праграме?

Энергетыка арганізатараў, асабліва Ганны Барадзіной.

Узгадайце які-небудзь смешны выпадак, які быў на праграме (неабавязкова звязаны з амі).

На жаль, не памятаю. Але нешта смешнае павінна было быць.

Ці змянілася жыццё пасля праекта? Магчыма веды, атрыманыя падчас праекта, на нешта паўплывалі? Калі так, то на што?

Змянілася. Я працую рэдактарам і журналістам, таму мне стала прасцей арыентавацца ў палітыцы ЕЗ, гэта дапамагае мне ў працы. Таксама атрыманыя веды дапамаглі пазбавіцца ад некаторых стэрэатыпаў і прадузятасці.

Ці маеце зносіны з кім-небудзь з удзельнікаў дагэтуль?

Актыўна, на жаль, не. Толькі калі ў інтэрнэце.

На дадзены момант вы навучаецеся ў замежнай магістратуры. Чаму вырашылі паступіць у замежную магістратуру? І менавіта ў Львоўскі ўніверсітэт? І ці звязана гэта неяк з курсам?

З курсам не звязана. У замежную, таму што гэта новы досвед і нават выклік для мяне, ну і плюс я ў сваёй працы шмат артыкулаў пішу менавіта пра Ўкраіну, таму вырашыў і павучыцца тут. Чаму менавіта Львоўскі? Я выбіраў паміж Кіевам і Львовам, але вырашыў паехаць у Львоў, бо тут прасцей палепшыць сваю ўкраінскую мову, бо ёсць практыка, а Кіеў усё ж пераважна рускамоўны горад.

На вашу думку, чым адрозніваецца навучанне ва Ўкраіне і Беларусі? Што параіце палепшыць у нашай сістэме адукацыі, а што ў ёй ёсць добрага ў параўнанні з украінскай, спадзяюся, нешта добрае ёсць?

Галоўная праблема нашай адукацыі – адсутнасць акадэмічнай свабоды, засілле ды манаполія дзяржаўных моладзевых арганізацый. Ва Ўкраіне ў гэтым плане поўная свабода і магчымасць для рэалізацыі. З негатыўнага ва Ўкраіне я б назваў дрэнную арганізацыю вучэбнай часткі (праблемы з раскладам заняткаў і пастаяннымі пераносамі, у Беларусі такога ніколі не было), карупцыю (у мяне грошы ніхто не патрабаваў, але той, хто слаба вучыцца, можа проста заплаціць). Карупцыя ёсць і ў Беларусі, але ў нас гэта робіцца не так публічна, а тут спакойна называюць расцэнкі. З вельмі пазітыўнага я б тут адзначыў, што ў Львоўскім універсітэце спісванне не вітаецца, і студэнты гэтага амаль не робяць (у Беларусі часцей з гэтым сутыкаўся).

На якую тэму часцей за ўсё пішаце артыкулы ў «Нашай Ніве»?

Люблю пісаць пра міжнародныя падзеі (напрыклад, сітуацыя з пратэстамі ў Ганконгу), ну і пра сітуацыю ва Ўкраіне.

Ці можна Вас аднесці да чалавека-дэдлайну? Ці больш звыкла ўсё рабіць загадзя?

Я люблю ўсё рабіць загадзя, але такім я быў у Беларусі. Ва Ўкраіне з гэтым ёсць праблемы, таму што тут крыху іншая культура і менталітэт, тут вельмі цяжка нешта планаваць, але і людзі больш гнуткія, таму даводзіцца падстройвацца пад мясцовыя рэаліі. Тут часцей людзі дамаўляюцца пра нешта і робяць усё ў апошні момант. У Беларусі мне ў гэтым плане камфортней.

Што першае прыходзіць на думку, калі чуеце слова Еўропа?

Еўропа – гэта пра мір і пра каштоўнасці.

Ці можаце што-небудзь параіць для цяперашніх удзельнікаў праграмы ці ўвогуле для беларускай моладзі? Можа быць, нешта практычнае пра навучанне, а можа, проста парада, як трэба жыць, каб атрымоўваць асалоду.

Нічога арыгінальнага, вельмі банальнае: займайцеся толькі тым, што вам цікава. Так, у кожнай працы і дзейнасці ёсць свая руціна, але хай гэта будзе тая сфера, дзе вы адчуваеце сябе як рыба ў вадзе.