“Іспыталогія”: Беларусь, Літва, ЗША


Іспыты – гэта абавязковая частка жыцця студэнта. Іх можна баяцца і ненавідзець, а можна заставацца спакойным. Але механізм правядзення іспытаў розных ва ўсіх краінах. Для прыклада я ўзяла тры краіны – Беларусь, Літва і ЗША. Я прывяла свой уласны досвед і таксама запыталася ў маіх знаёмых – Марыі і Іллі – як яны здаюць іспыты.

Ілля вывучае Computer Sciences у Trinity College у ЗША (Hartford, Connecticut)

1) “Аўтамат” у большасьці вышэйшых навучальных устаноў ЗША не прадугледжаны. Выніковы экзамен па прадмеце напрыканцы семестра самы важны, яго дата і вага ў адзнацы за семестр (звычайна ад 20 да 40 адсоткаў) часта вядомыя яшчэ перад пачаткам саміх заняткаў.

2) Спіса пытанняў няма. Ёсць syllabus, які пералічвае ўсе тэмы, вывучаемыя па прадмеце за семестр. Фінальны экзамен, як правіла, уключае пытанні па ўсіх тэмах.

3) Усе заключныя экзамены праходзяць цягам аднаго тыдня. Каледж дае два дні на падрыхтоўку паміж апошнімі заняткамі і фінальнымі іспытамі. Але часу на самой справе больш. У сярэднім студэнты маюць два-тры экзамены (астатнія два-тры іспыты – гэта эссэ (“papers”), апошні дзень здачы якіх можа і не выпадаць на экзаменацыйны тыдзень), і таму між экзаменамі часцяком ёсць свабодны дзень ці два. У дадатак, пачынаюцца экзамены пасярэдзіне тыдня (у гэтым годзе – у чацвер), і таму субота і нядзеля таксама сыйдуць на падрыхтоўку.

Увесь тыдзень у бібліятэцы не знайсці свабоднага месца. Некалькі паверхаў працуюць дваццаць чатыры гадзіны, таму і а чацвёртай раніцы там шмат тых, хто вучыцца. Рыхтуюцца да экзаменаў часта ў групах (ёсць тэрмін study groups), у якасці перапынкаў ходзяць разам у кавярню ці трэнажорку. Шмат для каго бібліятэка становіцца другім домам – там праводзяць па восем, дванаццаць, а часам і ўсе 24 гадзіны, вяртаючыся ў свой пакой толькі для таго, каб памыцца ды пераапрануцца.

4) Кансультацыі перад іспытам.

У кожнага прафесара ёсць office hours – адна-дзве гадзіны некалькі разоў на тыдзень (бывае і штодзень) цягам усяго семестра, калі студэнты могуць падыходзіць са сваімі пытаннямі па праграме, дыскутаваць ды абмяркоўваць ідэі для сваіх эссэ. У дадатак амаль у кожным класе ёсць teaching assistants – як правіла, студэнты трэцяга-чацвёртага года, якія дапамагаюць падчас лабараторных заняткаў, напісання эсэ, выканання хатняй працы. Таму ў кансультацыі перад іспытамі звычайна няма патрэбы, бо ўсе пытанні па матэрыялах высвятляюцца адразу пры вывучэнні пэўнай тэмы. А час перад экзаменамі – для паўтарэння, а не “адкрыцця новага”.

5) Іспыт: вусны ці пісьмовы, магчымасць спісвання і адносіны да гэтага, асабістыя зносіны.

Усе экзамены праходзяць аднолькава для ўсяго класа – у кожнага свой стол і стул, аркуш з аднолькавымі для кожнага пытаннямі, паміж студэнтамі дыстанцыя метр-паўтара. Спісванне – гэта не для амерыканцаў. Калі заўважаць, адразу атрымаеш 0 за экзамен, і камітэт па адукацыйных справах будзе вырашаць, адхіліць цябе ад навучання на семестр ці на цэлы год (suspension), альбо ўвогуле выключыць з установы. У дыпломе аб заканчэнні будзе пазнака пра suspension, а значыць – пытанні ад працадаўцаў ці іншых навучальных установаў, у якія будзеш падаваць дакументы пасля. Таму звычайна студэнты не рызыкуюць.

Вусных экзаменаў няма, таму фактар “падабацца/не падабацца” прафесару адсутнічае. Выпадкі кшалту “варыянт першы быў лягчэй за другі” і “Коля вывучыў першыя 20 білетаў і атрымаў №21, а Маша вывучыла №3 і яго ж атрымала” таксама не адбываюцца, бо экзамен для ўсіх аднолькавы і як правіла пакрывае ўсе тэмы, якія выкладаліся цягам семестра.

Марыя вывучае дызайн у Еўрапейскім Гуманітарным Універсітэце ў Вільні (Літва)

1) Існуе магчымасць здаць іспыт “аўтаматам”, але гэта робіцца не як ў беларускім універы. Калі ты здаеш усе заданні да дэдлайну і маеш высокі бал, то табе трэба прыйсці на экзамен, выкладчык паставіць адзнаку. Здараецца, што табе ставяць адзнаку, калі ты абараняеш выніковую працу на апошнім семінары, у цябе высокі бал і табе ставяць сярэдні бал за семестр (але ўсё роўна трэба ісці на экзамен).

Аднак, па ўсіх цяжкіх прадметах трэба здаваць іспыты. Бывае, праўда, што іспыт – толькі абарона тваёй выніковай працы. Адзнака складаецца наступным чынам: 20-30 адсоткаў – актыўнасць на форумах, 20-30 адсоткаў – піьсмовыя працы, усё астатняе – іспыт. Тут немагчыма атрымаць вышэйшую адзнаку ў ведамасці, калі ты напрыклад, меў 7 балаў у семестры, а на іспыце атрымаў 10.

2) Спіс пытанняў ёсць, калі гэта прадугледжана формай правядзення іспыту. Але і рэкамендацыі, і спіс ёсць ужо у пачатку семестра. У сістэме Moodle у кожным прадмеце ёсць праграма курсу, уся літаратура, спіс пытанняў, патрабаванні выкладчыка. Калі штосьці не вывучалася цягам семестра, пытанняў з гэтай галіны на экзамене, натуральна, не будзе.

3) Час для падрыхтоўкі ёсць. Для завочнай формы навучання – месяц, нават крыху менш – 20 дзён. Але пытанні ёсць на пачатку, таму нішто не замінае рыхтавацца цэлы семестр.

4) Не ведаю, як у дзённай формы навучання, але для “завочнікаў” існуюць форумы і кансультацыі праз скайп. Калі задаеш пытанне, выкладчык мусціь адказаць на яго цягам трох дзён. Плюс ёсць магчымасць сустрэцца ў Мінску, пракансультавацца наконт сваёй працы, гэта вельмі зручна.

5) Усе іспыты вусныя (акрамя праглядаў і тэстаў на кампутары). Пісьмовыя іспыты – хутчэй, адступленне ад правілаў. Студэнт мае магчымасць штосьці занатаваць, але ўсё роўна давядзецца размаўляць з выкладчыкам, бо яго мэта – даведацца, ці зразумеў ты матэрыял. Таксама выпускнікам трэба абараніць выніковае эссэ, каб камісія пераканалася, што гэта не плагіят.

Алена вывучае замежныя мовы і літаратуры (ангельская і нямецкая) у МДУ ім. Куляшова (Магілёў)

1) Аўтамат магчымы пры здачы залікаў. Часцей да падобнай стратэгіі прыбягаюць выкладчыкі прадметаў не па профільнай спецяльнасці. Іспыт “аўтаматам” таксама бывае, але не вельмі часта. І, вядома, “аўтамат” – з’ява неафіцыяльная. Каб атрымаць “аўтамат”, трэба выканаць усе патрабаванні выкладчыка і не мець пропускаў без важнай прычыны.

2) Са спісам пытанняў да экзамену бываюць праблемы. Хтосьці выдае ўсё матэрыялы адразу. За кімсьці трэба пабегаць, каб ён аддаў іх. Пытанні разлічваюцца па норме “2 пытанні на студэнта”. Напрыклад, калі у групе 25 чалавек, то ў спісе іх будзе 50. Часта здараецца сітуацыя, што мы з выкладчыкам удакладняем спіс, бо праграма не заўсёды рэлевантаная.

3) Да сесіі ёсць “чароўны” час – заліковы тыдзень. Ты мусішь здаць усе залікі, бо цябе не дапусцяць да сесіі. Гэты тыдзень падрывае здароўе, нават калі ты добра вучыўся ўвесь семестр. Нярвуешся, ходзіш чырвонавокі… За гэты тыдзень трэба дапусціцца да іспытаў, калі ёсць такія патрабаванні. І потым ёсць яшчэ тыдзень, каб падрыхтавацца да першага іспыту.

4) Перад іспытам прызначаюць кансультацыю, на якой выкладчык распавядае пра ход экзаменавання і адказвае на пытанні, якія ўзніклі падчас падрыхтоўкі. Таксама выкладчык можа перанесці час іспыту. Часам кансультацыя носіць фармальны характар, а бывае, яе выкарыстоўваюць як апошні шанец, каб здаць свае запазычанасці.

5) Іспыт заўсёды праходзіць вусна. Усё звычайна – цягнеш білет, рыхтуешся, адказваеш, атрымліваеш адзнаку і ўсё. Пра спісванне? Ох, балючая тэма… Спісванне ёсць. Ад гэтага нікуды не пойдзеш. Я прытрымліваюся пазіцыі, што іспыт – гэта праверка ўласных ведаў, таму мне гэта проста не патрэбна. Часам, калі дысцыпліна досыць складаная, выкладчыкі дазваляюць прынесці апорныя табэлькі, каб можна было падглядзець. Чыннік суб’ектыўных упадабанняў выкладчыка прысутнічае нярэдка. Калі ты не спадабаўся выкладчыку – можаш хоць танчыць, але з першага разу ты іспыт не здасі.

Тры розныя адукацыйныя сістэмы – тры іншыя падыходы. Рознае стаўленне да аднолькавых пытанняў. Але любы універсітэт прывучае плённа працаваць, і гэты “скіл” добра дапамагае па-за яго сценамі.