Каледж Еўропы – паспытай Еўропу на смак
- Час чытання: 5 хвілін
Каледж Еўропы – незвычайная еўрапейская ўстанова адукацыі. Незвычайная, бо і Еўрапейскі Звяз, для якога каледж рыхтуе спецыялістаў, – таксама з’ява ўнікальная. Калі коратка апісаць Каледж, гэта бельгійская адукацыйная ўстанова, з дзвюма падраздзяленнямі – у Бруге (Бельгія) і ў Варшаве (Польшча); Варшаўскае падраздзяленне больш вядомае пад назвай Натолін. Падрыхтоўка вядзецца тут толькі магістраў і толькі ў сферы еўрапейскай інтэграцыі.
Кожны год установа збірае моладзь з больш як 40 краін свету, прычым сюды трапляе моладзь не толькі з краінаў ЕЗ і з абсалютна розным акадэмічным бэкграундам – ад лінгвістыкі да паліталогіі. Але ўсе студэнты мусяць адпавядаць пэўным патрабаванням: валоданне ангельскай і французскай мовамі, моцная матывацыя і жаданне працаваць на развіццё сувязяў сваёй краіны з Еўразвязам. Для Заходняй Еўропы зараз вельмі рэлевантна даць паўнавартасную якасную адукацыю студэнтам з краін-суседак, такіх, як Беларусь, каб тыя пасля Каледжу змаглі аб’ектыўна і прафесійна развіваць двухбаковыя стасункі.
Паступленне
Працэс паступлення ў Каледж спрашчае тое, што працэдура атрымання стыпендыі і непасрэдна паступленне – гэта адна заяўка, а значыць, паступіўшы, студэнт аўтаматычна атрымлівае стыпендыю, якая, як правіла, пакрывае выдаткі не толькі на навучанне, але і на пражыванне ў кампусе і на харчаванне. Прыём заявак звычайна сканчаецца ў сярэдзіне студзеня. Тыя, хто пройдзе першы этап, дапускаюцца да інтэрв’ю ў траўні. Канчатковыя вынікі стануць вядомымі ў чэрвені-пачатку ліпеня.
Бруге- Натолін: сценка на сценку
Гэты артыкул дапаможа тым, хто ўпершню чуе пра Калежд, а таксама тым, хто вагаецца, якое аддзяленне абраць – Натолін ці Бруге? На найбольш частыя пытанні адказваць выпускніцы Каледжа 2013 года: Алена з Бруге і Вікторыя, якая паспытала Каледж на смак у Натоліне.
Якія напрамкі еўрапейскай інтэграцыі вывучаюцца ў вашым аддзяленні і якую папярэднюю адукацыю вы маеце?
Вікторыя, Натолін: У Натоліне можна атрымаць ступень магістра ў Еўрапейскіх міждысцыплінарных даследаваннях (права і эканоміка), таму большасць студэнтаў у нас мелі эканамічную альбо юрыдычную адукацыю; некаторыя – абедзьве. Сярод студэнтаў было шмат лінгвістаў і палітолагаў, сустракаліся нават медыкі. Сама я вучылася ў БДУ на юрыста-міжнародніка.
Алена, Бруге: Што тычыцца кампуса ў Бруге, то тут выбар напрамкаў большы, чым у Натоліне, і яны больш спецыялізаваныя. Усяго 6 накірункаў: Еўрапейскія міжнародныя адносіны і дыпламатыя, Еўрапейская палітыка і адміністрацыя, Еўрапейская эканоміка, Еўрапейская эканамічная інтэграцыя і бізнес, Еўрапейскае права, Еўрапейскае права і эканамічны аналіз. Але варта адзначыць, што незалежна ад абранай спецыяльнасці, усе маюць адзін або два курсы з іншых накірункаў.
Асабіста я скончыла БДУ па спецыяльнасці «Менеджмент у міжнародным турызме» і магістратуру БДУ па спецыяльнасці «Кіраванне ў сацыяльных і эканамічных сістэмах». У Каледжы вывучала Еўрапейскую эканоміку. Хачу адзначыць, што з іншым, як эканамічны бэкграўнд, навучацца было вельмі складана, але магчыма!
Як у Каледжы пабудавана сістэма навучання? Ці было складана вучыцца?
Алена, Бруге: Сістэма навучання у Каледжы значна адрозніваецца ад той, што мы маем у Беларусі. Часцей за ўсё заняткі праходзяць у выглядзе прэзентацыі матэрыяла выкладчыкам (з выкарыстаннем мультымедыйных сродкаў). Адначасова студэнты ўдзельнічаюць у абмеркаванні. Усе матэрыялы прадстаўляюцца студэнтам загадзя (найчасцей у электронным варыянце), што пазбаўляе ад патрэбы марнаваць час на дыктанты (запісваеш толькі тыя ўдакладненні, якія лічыш патрэбнымі). Гэта дае магчымасць азнаёміцца з матэрыялам да пачатку заняткаў і выкарыстать прысутнасць высакакваліфікаваных выкладчыкаў для атрымання адказаў на пытанні, якія цікавяць.
Начытка лекцыі выкладчыкам і іх пераказванне на экзамене – гэта для Каледжа мінулае стагоддзе. На экзаменах, большасць з якіх праходзяць у пісьмовай форме, ад вас чакаюць не бяздумнага пералічвання фактаў, а аналізу і ўласнай ацэнкі той ці іншай сітуацыі. Лагічна мысліць і умець падаць свае веды – вось галоўная мэта навучальнага працэсу ў Каледжы.
Вучыцца, канешне, было вельмі складана, але, як кажуць, трэба нахіліцца, каб з крыніцы вадзіцы напіцца.
Вікторыя, Натолін: Адно з самых папулярных слоў у Натоліне – challenge, то бок выклік, як сабе, так і новым ведам і магчымасцям. Дык вось уся сістэма адукацыі пабудавана тут на чэлэнджах: пераадолеў адзін – тут жа імкнешся да наступнага. Пачыналася ўсё з лекцый на замежных мовах (дзвюх!), як толькі гэта становіцца пераадольным, з’яўляюцца 6 замежных моў, якія тут можна вывучаць персанальна з выкладчыкам абсалютна бясплатна, потым магчымасць паўдзельнічаць у Мадэлі ААН у Злучаных Штатах (Каледж пакрывае і гэтыя выдаткі), потым экзамены, потым магістарская праца. Плынь чэлэнжжаў не сканчваецца, таму кожны дзень адчуваеш, што стаў трошкі бліжэйшым да мэты, трошкі лепшым.І трэба адзначыць, што для атрымання ведаў тут усе сродкі: бібліятэка працуе круглыя суткі, кнігі самыя актуальныя і новыя, кампутарныя пакоі, тэхніка. Адміністрацыя Каледжа разумее, што працаваць без адпачынку немагчыма, таму і для адпачынку тут ёсць ці не ўсё: бар, більярд, сауна, шыкоўны парк, ровары, спартыўная зала, культурныя мерапрыемствы, і ўсё – у крокавай даступнасці.
Што акрамя ведаў даў вам Каледж?
Алена, Бруге: Акрамя ведаў, якіх атрымліваеш шмат, знаёмішся са студэнтамі з самых нечаканых краін свету (Ліван, Калумбія, Марока) і адкрываеш для сябе іх культуры, разбураеш стэрэатыпы пра сваю краіну, знаходзіш сапраўдных сяброў, усталёўваеш кантакты на будучае (так званы нэтворкінг), паляпшаеш ангельскую і французскую мовы, вучышся размяркоўваць свой час і яшчэ шмат чаго іншага.
Вікторыя, Натолін: Так, для мяне вучоба ў Натоліне – гэта праверка сябе, на што я здольная, што мне насамрэч цікава, якія людзі мае і якія – не, што мне блізка і зразумела. Каледж – школа жыцця; экстрымальная, бо захоплівае і выклікае залежнасць. Але тут перадусім шмат даведваешся пра сябе, разумееш, што магчымасці не маюць межаў.
Што б вы хацелі параіць будучым абытурыентам Каледжу?
Алена, Бруге: Быць упэўненымі ў сабе, ніколі не здавацца і напоўніцу выкарыстаць час знаходжання ў сэрцы Еўрапейскага Звязу!
Вікторыя, Натолін: Challenge yourself!
Калі вы плануеце паступаць у Каледж Еўропы і маеце пытанні па афармленні заяўкі ці матывацыі, звяртайцеся да выпускніцы праграмы Вікторыі: viktoryia.pratsko@coleurope.eu.