Каледж Еўропы ў Бруге – веды і выдатныя сувязі
Выпускнік элітнага Каледжа Еўропы ў Бруге Максім Карлюк пра паступленне, руплівую вучобу, “калежскую мафію”, магчымасці працаўладкавання з еўрапейскім дыпломам і прафесійную рэалізацыю на Радзіме.
Максім навучаўся ў БДУ на факультэце міжнародных стасункаў. Скончыў адукацыю з чырвоным дыпломам і атрымаў кваліфікацыю юрыста-міжнародніка з валоданнем дзвюх моў – ангельскай і французскай.
Пасля сканчэння ўніверсітэта паступіў у шэраг адукацыйных установаў Еўропы. Паколькі Максім спецыялізаваўся ў еўрапейскім праве і жадаў дасканала вывучыць мадэль, на якую можна арыентавацца, і прымяніць атрыманыя веды ў Беларусі, спыніў свой выбар на Каледжы Еўропы.
Паступленне Максіма пачалося з адпраўкі наступных дакументаў:
– заяўка (рэзюмэ, інфармацыя пра свае дасягненні, сваю матывацыю – в гэта самая важная частка);
– рэкамендацыі ад выкладчыкаў;
– міжнародныя сертыфікаты па ангельскай і французскай мовах;
– выпіска з універсітэцкімі адзнакамі.
Пасля разгляду пададзеных дакументаў, камісія адбірала ўпадабаных кандыдатаў і праводзіла з імі сумоўе. Інтэрв’ю з Максімам праходзіла па тэлефоне і першыя хвіліны размова вялася па-ангельску, астатні час – на французкай мове, што на той момант было не так проста. Пасля размовы яму падалося нават, што сумоўе ён не прайшоў, але у выніку ўсё склалася паспяхова, і Максім атрымаў запрашэнне на вучобу.
Навучанне ў Каледжы Еўропы доўжыцца з верасня па чэрвень (адзін год), навагоднія вакацыі доўжацца два тыдні. Заняткі праходзяць шэсць дзён на тыдзень. Першы семестр складаюць агульныя прадметы (у асноўным, абавязковыя), а другі семестр – спецыялізаваныя. Пры выбары прадметаў неабходна вытрымліваць пэўны баланс ангельскай і французскай моваў. Таксама на другім семестры самастойна выбіраецца тэма магістарскай працы. Кожны семестр праводзіцца фінальны іспыт па ўсіх прадметах у выглядзе пісьмовых эсэ (адказы на пытанні, рашэнне задачаў і г.д.) або вусных адказаў, а часам – і таго, і іншага. У Каледжы дзейнічае 20-ці бальная шкала ацэнкі. Калі атрымліваеш ніжэй за 11, то трэба пераздаваць.
Кожны навучальны год называюць у гонар выбітнай асобы мінуўшчыны, а на адкрыццё прыезджае вядомая асоба нашага часу, якая дзеліцца сваімі поглядамі на Еўрапейскі саюз і яго развіццё, сваім досведам, сваімі дасягненнямі. Яшчэ ў Каледжы няма пастаяннага прафесарскага складу. Кожны год выбіраюць лепшых у сваіх сферах выкладчыкаў, якія прыязджаюць у Каледж з асноўнага месца працы для правядзення заняткаў. Такі падыход да навучання, дазваляе атрымліваць найлепшыя веды, але ў той жа час гэта дастаткова складана. Так як выкладчыкі-візіцёры могуць прыехаць на два дні і ў гэты перыяд навучанне праходзіць вельмі інтэнсіўна і канцэнтраванна. Аднак потым заняткаў з дадзеным выкладчыкам можа не быць некалькі дзён ці нават тыдняў.
Пры напісанні магістарскай працы навуковым кіраўнікам забароненна чытаць напісаныя студэнтамі часткі – дазваляецца толькі праводзіць кансультацыі. Кіраўнікі могуць праверыць заключную версію і адразу паставіць адзнаку. Напрыклад, калі выкладчык усё-такі прачытаў прамежкавыя варыянты працы, то па правілах студэнт абавязаны перапісаць гэтыя часткі. Яшчэ, магістарскую правяраюць на плагіят з выкарыстаннем спецыяльнай праграмы. Нават пасля атрымання дыплому, на працягу 10 гадоў, могуць яго забраць, калі будзе пацверджаны факт плагіяту. Для выканання правілаў Каледжу, у тым ліку па пытаннях напісання магістарскай працы, у выкладчыкаў ёсць асістэнты – былыя выпускнікі. Іх праца – дапамагаць выкладчыкам, быць сувяззю між імі, Каледжам і студэнтам, а таксама праводзіць практычныя заняткі.
Падчас іспытаў выкладчыкі спрабуюць стварыць як мага больш нефармальную атмасферу, прыходзяць апранутыя ў звычайнае адзенне (ніякіх касцюмаў), кожнаму студэнту паціскаюць руку і звычайна вельмі прыязныя.
На пытанне «Ці складана было навучацца?» Максім распавёў, што асноўнай складанасцю на яго спецыяльнасці былі неверагодна вялікія аб’ёмы матэрыялаў для чытання, вывучэння і, што ў яго на вучобу зыходзіў амаль увесь час. Але заўсёды ёсць тыя, хто паспявае і вучыцца, і на імпрэзы хадзіць. У кампусе ёсць бар, якім запраўляюць студэнты. Туды наведваюцца таксама выкладчыкі, якія адпачываюць разам з навучэнцамі.
З прыемных ўспамінаў пра каледжскія часы, Максім адзначыў цудоўных людзей, якія навучаліся з ім, неверагоднае Паўночнае мора; як хадзіў купляць ровар ў паліцыі Бруге за 15 Euro, і, безумоўна, высокаякасную адукацыю.
Максім скончыў Каледж Еўропы ў 2011 годзе. Акрамя ведаў хлопец атрымаў шмат сувязяў, якія павышаюць шанцы знайсці добрую працу. У бельгійскай альма матэр ёсць гэтак званая “каледжская мафія” – гэта ўсе выпускнікі Каледжа. Яны ў асноўным канцэнтруюцца ў Брусэлі – бліжэй да інстытуцыяў Еўрапейскага саюзу. Аднак, выпускнікоў Каледжа можна знайсці ва ўсіх частках свету, і ўсе вельмі добра адно да аднаго ставяцца, сустракаюцца нягледзячы на год выпуску. Каледжская мафія добра сябе зарэкамендавала ў працаўладкаванні – выпускнікі, якія ўжо працуюць, калі бачаць CV сваіх калег, спрабуюць «прасунуць» іх у свае ўстановы.
Пасля вучобы ў Каледжы Максім думаў атрымаць PhD (доктарскую ступень), але пасля напружанага навучання вырашыў пачакаць. Былі добрыя мажлівасці пайсці працаваць у юрыдычныя фірмы, як замежныя, так і мясцовыя, але гэта не было вельмі цікава і вырашыў шукаць чагосьці іншага. У выніку вярнуўся ў Беларусь, дзе паўгода быў у пошуках працы без асаблівых поспехаў. Аднак пасля пачалі з’яўляцца прывабныя прапановы ў вялікіх колькасцях.
Зараз Максім займаецца шэрагам даследчых праектаў – у сферы ацэнкі рэгулятыўнага ўплыву, апраксімацыі права і еўразійскай інтэграцыі; піша раздзел кнігі па еўрапейскім праве; выкладае ў БДУ уласна распрацаваны спецкурс па праве знешніх стасункаў Еўрапейскага Звяза; займаецца кансалтынгам і ўдзельнічае ў шэрагу розных праектаў. Такая дзейнасць дазваляе Максіму не толькі актыўна выкарастоўваць свае веды, але і атрымліваць новы досвед, шмат ездзіць па свеце.
Апроч усяго, Максім захапляецца філасофіяй, чытаннем мастацкай літаратуры, вывучэннем грэцкай мовы.
А каб ўсё паспяваць, Максім падзяліўся некалькімі сакрэтамі: па-першае, мала, але эфектыўна спаць (можна распрацаваць спецыяльную сістэму), па-другое, займацца спортам і, па-трэцяе, выкарыстоўваць тайм-мэнэджмэнт.
Што ж, мабыць, как б усё паспяваць і дасягаць новых вяршыняў патрэбна і не так шмат!