Канец сесіі – танцуюць усе!
- 26.12.2016
- Блог
- Здымкі: Уладзя Лагун / KAS
Свабода – цяжкая субстанцыя, яна ранкам кладзецца на грудзі і не дае ўстаць з-пад цёплага пледзіку, якая шалікам абмотвае шыю – і ты наўпрост шыбуеш па праспекце, нават калі дождж. Бо можна! І тупіць у “кантакцік” да шостай гадзіны ранку – можна! І глядзець відэа сучасных танцаў і дакументальныя фільмы пра рускую школу балету – таксама можна.
А вакол ва ўсіх “зашквар”, гараць сінім пламенем дэдлайны, кіпяць галовы ад калейдаскопу справаздач, ціха спаўзаюць ў глухі куток сумленне, цярпенне і талерантнасць – шалёны снежань угрызаецца ў маральны склад гарадскога натоўпу: ён ляціць, адурэўшы, наперад, не разбіраючы дарогі. І ўсё гэта на фоне каляднага нашэсця вітрын, маленькіх і вялікіх калядных базараў, размоў і планаў на Новы Год, Раство-Каляды. А табе добра. Бо твой “хазяін” ужо выдаў “Доббі” каляровую шкарпэтку, і, як кажуць у кніжцы адной вельмі папулярнай (дзіцячай?) серыі кніг – “Доббі свабодзен”.
Так, Доббі можа спаць да абеду, катацца па горадзе і кірмашах, гуляць па ўпрыгожаных вуліцах і заглядвацца на жывыя вітрыны Неўскага. Але замест гэтага Доббі ціхенька сабраў рэчы і нават да таго, як скончылася сесія, Доббі рвануў у… Вільню!
Па-першае, куды традыцыйна едуць беларусы на любое дзяржаўнае ці асабістае свята? А куды тыя ж беларусы ездяць на канференцыі, майстар-класы, летнія школы, а крыху раней – канцэрты беларускіх музычных груп? Канешне, у Вільню. Час ад часу ў Варшаву таксама, але часцей усё ж у Вільню. Калі ты жывеш у Пецярбургу, то, мабыць, лагічней было б ездзіць у Эстонію ці Фінляндыю, але кроў беларуская не адпускае, таму нават з Піцера я ў самым пачатку снежня ляцела ў Вільню.
Вароты горада (неяк так дзіўна атрымалася, што ў Вільнюскім аэрапорце я была ўпершыню) дабілі сваёй мініяцюрнасцю: як гэтая вакзалападобная ўстанова спраўляецца з 3 мільёнамі літоўцаў і мінімум 6 мільёнамі беларусаў, якія даўно не саромееюцца называць яго “Мінск-3” – для мяне загадка. Але факт ёсць факт: маленькі, утульненькі аэрапорцік Вільнюса сустракае пахам кавы і міні-лентай для багажу. А нас у залі сустракае дзяўчына з Фундацыі Конрада Адэнаўэра. Так, зноў туды ж. Зноў на школу.
Гэта – па-другое.
Школа на гэты раз вялізарная: 80 чалавек з усіх краін Усходняга Партнёрства і Расіі прыехалі вырашаць, што рабіць з гэтым кутком свету, пакуль за нас не вырашылі іншыя. І не проста таму, что мы – гэта будучыня нашых краін. Не мы адны, і не толькі будучыня. Многа што вырашае сённяшні дзень, той самы, падчас якога мы носімся па калядных маркетах і купляем мандарынкі на навагодні стол. Таму сёння мы ў Вільні. Спрачаемся, назывем Расію сланом у пакоях (elephant in the room), задаем няёмкія, але ёмкія пытанні. Вучым мову. Трэніруем язык. Кідаем аргументы і ловім адзін аднаго на словах. Цяжка.
Ад колькасці людзей і спякотна, і цёпла. Ад стомленасці хочацца праспаць да трэцяга тысячагоддзя, а потым пачаць з новай старонкі. Перапісаць, павыкрэсліваць, падцерці лязом памылачкі – а так не бывае. Таму сядзім, слухаем, як страцілі давер адны краіны і набылі яго іншыя. Вучымся слухаць і супрацоўнічаць. Перазнаёмленыя, недаспаўшыя, але са скопам пытанняў у галаве распаўзаемся па рэгіёне. Апошняе “да хуткай” у тым жа аэрапорце, перасадка ў Рызе і – Пулкава.
Той жа ноччу дапісваеш работы і давучваеш тэксты да семінараў, папісваешь каментары на фэйсбук да Politico і кожны раз нагадваеш сабе пра планы выратаваць сусвет. Пісьмовыя працы, вусныя адказы. Экзамен. Залік. Абарона курсавой. Абарона праекту. Абараніўся. Сядзіш з віртуальнай “шкарпэткай” ля экрана кампутара і свабоды не вельмі і хочацца. Хочацца толькі спаць.
У такім найстроі натыкнуўшыся на трохвіліннае відэа пра дзіцячую балетную школу я выпадкова вынайшла для сябе ровар: балет, вучоба, навуковая ці сацыяльная дзейнасць – усё ж адно: кроў, пот і слёзы. Працаваць на вынік, на хвіліннае дасягненне ці на чырвоны дыплом – гэта тое да чаго мы імкнемся ўвесь час без перапынку, каб потым пранесціся па крамах, накупіць непатрэбных сувеніраў і заесці стрэсавы год за адну ноч. І калі – барані Бог! – у нас раптам выпадае вольны час, мы, нібы Доббі з казкі, дробна дрыжым і разгублена глядзім у офісныя вокны.
Хутка свята – час здяйснення мараў і планавання на будучыню. Заплануйце, калі ласка, сабе крышачку вольнага часу. Зусім кропельку, каб прасмакаваць на адзін зуб. Каб паціхеньку вучыцца з адчуваннем вольнасці жыць.
З надыходзячымі святамі,
ваша Ўладзя