“Карані і вершаліны”
Мінулым летам я ўдзельнічала ў праграме «Карані і вершаліны», якая ўяўляе сабой бясплатныя моўныя курсы для маладых беларусаў. Праграма прапаноўвала вывучэнне адной з трох еўрапейскіх моў – французскай, нямецкай або ангельскай. Я хачу падзяліцца сваім досведам навучання на французскай праграме.
Працэс адбору
Адбор кандыдатаў адбываецца ў некалькі этапаў. Спачатку ўсе зацікаўленыя дасылаюць заяўкі. Арганізатары абіраюць найбольш цікавыя анкеты. Асаблівая ўвага надаецца матывацыі і грамадскай заангажаванасці кандыдата.
Аўтараў найбольш цікавых заявак запрашаюць на сумоўе. Спачатку трэба распавесці пра сябе, пасля адказваць на пытанні.
Галоўнае – не пужацца нечаканых і быццам бы складаных пытанняў. Мяне, напрыклад, папрасілі параўнаць архітэктуру Парыжа і Менска, – і гэта пры маім тагачасным ўзроўні А2!
Пасля размовы кандыдатам прапаноўвалася выканаць невялічкі тэст і напісаць эсэ.
Як рыхтавалася я?
Поспехам я абавязаная маім суседкам па кватэры, якія добра валодалі французскай і вымушалі мяне практыкавацца ў размове, а таксама разбудзілі а шостай раніцы ў дзень сумоўя, каб яшчэ раз усё паўтарыць.
Раю рыхтавацца да сумоўя, падумаць, якія пытанні найчасцей задаюць, каб хаця б гэтая частка вашых адказаў прагучала без памылак. Ну а далей – імправізуйце і не губляйцеся!
Курсы
Адразу трэба зазначыць, што курсы надзвычай інтэнсіўныя. Праграма разлічана на 8 гадзін штодзённых заняткаў з панядзелка да пятніцы, увечары трэба было рыхтаваць хатнія заданні на наступны дзень.
У дадатак да моўных курсаў праходзілі і заняткі па еўрапейскай інтэграцыі. Іх праводзіў беларускі палітолаг Алесь Лагвінец. Падчас заняткаў мы знаёміліся з дзейнасцю еўрапейскіх інстытуцый, вывучалі этапы еўрапейскай інтэграцыі, рыхтавалі прэзентацыі і дыскутавалі як сапраўдныя эксперты.
Прыемным бонусам з’яўляецца і тое, што арганізатары забяспечваюць навучэнцаў бясплатнымі падручнікамі – для франкафонаў гэта былі тры камплекты Alter ego.
Калі раздумваеце, ці падавацца на праграму, разлічыце, ці здольныя вы выдаткаваць два месяцы для навучання. Як я знайшла вольны час? Я дамовілася з працадаўцам аб дыстанцыйнай працы – мне пашчасціла, што адна з працоўных моваў кампаніі – французская.
“Pardon, je ne parle pas français… кавярня, прыцемкі, абсэнт””
Праз месяц інтэнсіўных заняткаў у Менску быў дадзены час для адпачынку і засваення матэрыяла. У сярэдзіне жніўня мы выправіліся на Лазурны бераг.
Частка нашай групы жыла ў Фрэжусе, частка ў Сан-Рафаэлі – у суседніх гарадах, з аднаго ў другі можна дабірацца пешшу.
Мы жылі ў сем’ях, і гэта, па шчырасці, латэрэя – каму пашчасціла трапіць да добрых людзей, а хто знаёміўся са звышберажлівасцю і своеасаблівым характарам французаў. Але я не хачу вас пужаць 🙂
Французскія заняткі таксама доўжыліся па восем гадзін, але ў праграму дадаліся краіназнаўчыя прадметы.
Падчас перапынку на ланч мы адпраўляліся на пляж, паспявалі падсілкавацца, паплаваць, а таксама пагуляць у валейбол. Выходныя былі напоўненыя вандроўкамі па ўсім Лазурным беразе. Я адкрыла для сябе Канны, Ніццу, Манака, Сан-Трапэ і іншыя курортныя гарады.
Часу хапала таксама і на самастойныя падарожжы, і на пляжныя вечарыны, і на наведванне мясцовай медыятэкі. Пасля заняткаў ладзіліся сустрэчы з еўракамісарамі, грамадскімі дзеячамі і, напрыклад, з паспяховымі юрыстамі ці самелье – паводле прафесійных інтарэсах удзельнікаў праграмы.
Напрыканцы праграмы ўдзельнікаў чакаў бонус – культурніцкі адпачынак ў Страсбурзе.
Вынікі
Дзякуючы «Караням і вершалінам» я палепшыла свае моўныя кампетэнцыі да ўзроўня В2, а таксама атрымала ў якасці пацверджання сертыфікат ТСF.
Гэтая праграма ня ёсць нечым лёсавызначальным, за два месяцы вы не атрымаеце навуковую ступень і наўрад ці дасканала вывучыце мову, але значна палепшыце ступень валодання ёю і адкрыеце для сябе новыя далягляды.
Bon courage!