Хачапуры мiру, альбо Прыгоды Каўказа
- Час чытання: 5 хвілін
- 04.08.2017
- Блог
Дзесьці з паўгады таму я ўжо пісала пра “School of Excellency” – унікальны праект, арганізаваны фундацыяй Конрада Адэнаўэра дзеля таго, каб моладзь з розных краін Усходняга Партнёрства і Расіі не згубіла сябе ў чарадзе медыйна-прапагандысцкіх выбухаў, а знайшла магчымасць супрацоўніцтва ў барацьбе за агульныя чалавечыя каштоўнасці.
Сама школа – гэта стужка мерапрыемстваў, дробных супрацоўніцтваў і праектаў, дзе асобным пунктам стаяць сустрэчы ўсіх удзельнікаў на тэрыторыі адной з краін Усходняга Партнёрства. З кожным разам супрацоўніцтва паміж удзельнікамі перацякае ў зразумелыя формы і фарматы, але ёсць і некаторыя нечаканыя праблемы, якія больш-меньш паказваюць рэчаіснасць рэгіёну.
Па-першае, толькі праз лагістычныя пытанні можна зразумець, наколькі вялікі, разнастайны і цяжкі сам па сабе рэгіён. Вельмі часта для пераадолення палітычных межаў трэба перайсці не праз адну геаграфічную. Ці патрэбная віза расіянам для Грузіі? Ці ёсць нейкія абмежаванні на ўезд? Як грамадзянам Арменіі і Азербайджана прасцей даляцець ў Еўропу? На якой тэрыторыі ўдзельнікі могуць сустрэцца без наступстваў для ўсіх бакоў?
І гэта толькі палова пытанняў, на якія, на шчасце ўдзельнікаў і арганізатараў, адказы знайсці можна даволі хутка. Але ёсць пытанні куды больш спрэчныя, складаныя, невырашальныя. Яны расцягваюцца дыяпазонам ад “як правесці сустрэчу так, каб да нечага прыйсці” да “якія варыянты развіцця падзей існуюць на терыторыях непрызнаных рэспублік?”. Ад глабальных да лакальных, ад простых штодзённых да складаных філасофскіх – праз гэтыя пытанні мы спрабуем прыйсці да кааперацыі, да нейкага маленькага вырашэння.
Крайняя сустрэча была прысвечана не толькі бясконцым пытанням палітычнага і гістарычнага жыцця рэгіёнаў, але і такім неабходным “банальнасцям”, як праца самаго праекту. Кожная сустрэча – гэта не толькі весела і смачна, не толькі гістарычна і культурна ўзбагачальна, але ж і проста эфектыўна. У гэты раз удзельнікі вымалявалі агульную стрэтэгію развіцця школы, яе прыярытэты і планы на будучыню. Мы самі паставілі сабе мэты – на тое гэта і школа маладых прафесіяналаў: актыўныя, энергічныя і самастойныя, мы здольныя аб’яднаць нашыя намаганні, выкарыстаць драйв і ўнутранае імкненне да лепшага насуперак праблемам і перапонам.
Канешне, не абышлося і без адпачынку – хто добра працуе, той весела і гучна адпачывае! Тым больш, гаворка ідзе пра краіну сонечнага вінаграду, дзе можна віно не толькі піць, але і грызці ў выглядзе чурчхелы, есці ў якасці марозіва! Сонечныя дні наперадкі з цёплымі начамі, калі працоўныя гадзіны мякка перацякаюць у доўгія застоллі і вясёлыя ночы: межы губляюцца, забываюцца спрэчкі, гудзе размова, нібы жоравы, перамельваючы праблемы і пытанні ў муку гісторыі. З такой мукі бабулі свету пякуць для ўнікаў і ўнучак сонечныя пышкі, і духмяныя хачапуры, і салодкія аладкі, і хрумсткія пампушкі…