Хто шукае, той знойдзе… стыпендыю ў Францыі


18 гадоў таму Эдвард Курчэўскі ўпершыню ўзяў у рукі алоўкі. Пасля з ім здарыўся Дыснэй, дакладней, яго мультфільмы, якія з галавой захапілі маленькага хлапчука. Сёння ён вучыцца ў Вышэйшай школе кінематаграфіі ў Лодзі і марыць ствараць такія ж шыкоўныя анімацыі для дзяцей. Як не здрадзіць сваёй мары дзяцінства і знайсці стыпендыю для вучобы ў Францыі, чытайце ў нашым інтэрв’ю.

***

 – Як хлапец з Гродна стаў студэнтам Вышэйшай школы кінематаграфіі ў Лодзі? 

– Усё пачалося ў дзіцячым садку. Каб дзеці не рабілі балагану, выхавальніца садзіла нас за стол і давала алоўкі. Вось так я зразумеў, што люблю маляваць. Як і ўсе дзеці, глядзеў мультфільмы Дыснэя, але, відаць, мяне яны закранулі мацней за іншых. Усё жыццё я марыў ствараць такія ж цудоўныя мультфільмы. Калі вучыўся ў польскай школе пры Саюзе Палякаў на Беларусі, для нас зладзілі турыстычную паездку ў Лодзь. Там я даведаўся пра Вышэйшаю школу кінематаграфіі і адзін з яе напрамкаў – “Анімацыя”.

x_18911f07

– Чаму ты абраў менавіта гэтую ВНУ? Ці яна абрала цябе сама?

– Калі мне было 16 гадоў, Школа кіно ў Польшчы падавалася Хогвартсам для адэптаў магіі. Я глядзеў толькі на Захад, таму і паехаў вучыцца ў Польшчу, а не ў Расію.

– Ты займаешся анімацыяй і спецэфектамі. Якім чынам гэтаму вучаць у Школе кінематаграфіі?

– Калі я пачаў вучобу, то зразумеў, што з мяне могуць зрабіць рэжысёра, а не аніматара. Студэнтам выкладалі толькі тэорыю. Нават не было сапраўдных заняткаў па малюнку. З праграмамі кшталту After Effects, Photoshop разбіраўся сам. Пасля трэцяга курсу я ўжо працаваў у розных фірмах. Займаўся спецэфектамі, бо за гэтую працу добра плацілі.

IMG_0092

– Якія курсы, семінары дазваляюць развіць здольнасці студэнтаў?

– На шчасце, пасля маёй кінаспробы “GERARD: tale of a man” я зразумеў, што наогул не ўмею маляваць і рабіць фільмаў. Тады я знайшоў анлайн-курсы Надзі Міра “Дызайн анімацыйнага кіно”. Яна скончыла школу анімацыі ў Парыжы і жадала падзяліцца сваім досведам. Было вельмі карысна. Іншыя курсы, каму цікава, можна знайсці тут.

– Ці шмат часу прыдзяляецца самастойнай працы студэнтаў? Наогул, які асноўны прынцып тваёй вучобы?

– Пасля трэцяга курсу заняткаў стала меней, таму ўвесь вольны час я працаваў над мультфільмамі дома. Кожны год студэнты павінны зрабіць новы фільм. На першыя тры курсы нам прызначаюсь прафесара (ментара), які дапамагае з фільмам. Толькі пасля мы можам выбіраць самі, з кім хочам працаваць.

Цяпер я фрылансер. Гэта значыць, я павінен мець вельмі моцную дысцыпліну, каб працаваць над сваімі праектамі і зарабляць грошы. Імкнуся маляваць па 8-10 гадзін кожны дзень. Я трымаюся тэорыі 10 000 гадзін, каб дасягнуць поспеху ў тым, чым займаюся.

– Дзе можна знайсці іншыя фільмы, відэа, дзе ты ўжо спрабаваў свае талент і навыкі?

– Зараз я працую над сваім новым фільмам. Мой апошні можна знайсці на Vimeo.

j3OuaYu0f0E oUtqatuO5Cw

– А чаму ты вырашыў працягваць адукацыю?

– У 2016-м я сканчаю вучобу ў Вышэйшай школе кінематаграфіі ў Польшчы, але дагэтуль не адчуваю сябе добрым аніматарам і рэжысёрам. Пасля курсаў Надзі Міра я быццам расплюшчыў вочы і зразумеў, што яшчэ зрабіў недастаткова, каб стаць прафесіяналам у анімацыі. Таму планую паступаць на курс Gobelins, l’ecole de I’mage.

– Чаму выбар спыніўся на Францыі?

– „Gobelins l’ecole de l’image” – гэта адна з лепшых школ анімацыі ў свеце. На падобным узроўні ёсць школы ў Каліфорніі „CalArts”, якую заснаваў сам Дыснэй, і ў Канадзе „Sheridan college”. Калі я хачу быць выдатным рэжысёрам, аніматарам і прадстаўляць беларускую анімацыю ў свеце, то выбар быў відавочны.

IMG_4282

– Да прыкладу, студэнт жадае павучыцца за мяжой, ведае, навошта яму патрэбна далейшая адукацыя. Як той, хто шукае, можа знайсці патрэбную праграму? Якім чынам-алгарытмам гэта адбылося ў цябе?

– Калі я зразумеў, што адукацыя ў Францыі мне вельмі патрэбна, найперш пачаў шукаць рэпетытараў. Іх паслугі каштуюць шмат, але што рабіць? Я ведаю, што бацькі не змогуць плаціць за адукацыю і фінансаваць маё пражыванне ў Парыжы. Таму я запытваўся ў сяброў, хто мог патэнцыйна ведаць, як атрымаць стыпендыю. Так трапіў на сайт Adukacyja.info. Яе каманда дапамагла мне знайсці людзей, якія ўжо вучацца ў Францыі. Пасля параіла напісаць у Амбасаду Францыі ў Беларусі, і ўжо яны мяне накіравалі ў арганізацыю Сampus France, якая дапагае ўсім, хто хоча навучацца ў Францыі і атрымаць стыпендыю.

– Кандыдаты творчых спецыяльнасцей мусяць падрыхтаваць партфоліа. Як зрабіць сабе творчую прэзентацыю для пакуль невядомай камісіі, каб уразіць яе і стаць студэнтам? З чаго яна мусіць складацца?

– Заўсёды трэба даведацца, што яна жадае ўбачыць. Бо кожная камісія ў розных ВНУ асаблівая. У маім выпадку гэта школа вельмі вядомая. У інтэрнэце можна знайсці тых, хто ўжо там вучыўся, і спытаць парады. Вось колькі прыкладаў удалых прац, якія мне падабаюцца:

– На тваю думку, адукацыя, якую ты атрымліваеш і яшчэ атрымаеш, зможа стаць глебай для поспеху ў будучыні? Чым табе хацелася б займацца далей?

– Я лічу, што без адукацыі ў Польшчы ў мяне не было б магчымасці спрабаваць павучыцца ў Францыі. А без адукацыі ў Францыі ў мяне не будзе магчымасці скокнуць яшчэ вышэй і ажыццявіць мару маленькага хлопчыка, які трымаў у руках алоўкі і захапляўся мультфільмамі Дыснэя.

эдвард 1

Сачыць за творчасцю Эдварда можна на яго старонках у Facebook і ВКонтакте.

***

Калі вы таксама марыце пра вучобу ў Францыі, варта пазмагацца за стыпендыю Эйфеля. Дэдлайн – 9 студзеня 2016 г.