Кінуць наргас і паступіць у тэатральнае: парады ад зоркі ТНТ


Зорка тэлеканала ТНТ, акцёр і музыкант Антон Дзенісенка распавёў Adukacyja.info, чаму не трэба паступаць у тэатральнае вучылішча і марыць згуляць на пару з Ды Капрыа, а таксама ці варта спадзявацца пакарыць сваёй геніяльнасцю ўвесь свет без адмысловай працы. Must read ўсім, хто хоча стаць акцёрам!

Фота: Ірына Жыркова

Фота: Ірына Жыркова

– Як ты вырашыў стаць акцёрам і навошта? Памятаю, што ты год адвучыўся ў Наргасе.

– Так, у БДЭУ, на міжнародным гандлі. У год, калі я вучыўся (2005-2006), наш факультэт упершыню выйграў Студэнцую вясну (спаборніцтва паміж факультэтамі ў самадзейнасці). Тады мне здавалася, што мы робім нешта неверагоднае, але цяпер я разумею, што гэта была непрафесійная самадзейнасць, якая мела пасрэднае дачыненне да сцэны.

Тут няма гісторыі пра тое, што я рыхтаваўся з дзяцінства. Я не марыў стаць акцёрам з малых гадоў. Гэта адбылося само па сабе. Проста было жаданне выступаць перад людзьмі. Яшчэ ў школе мяне запрасілі ў малодшую каманду КВЗ. Там сфармавалася звычка да сцэны, да гледача, да эмоцый ад апладысментаў.

Потым мая аднакласніца і блізкая сяброўка Маша, якая хацела паступаць у тэатральнае, угаварыла мяне паехаць з ёй у Маскву. Выключна ў якасці падтрымкі. Я ўжо быў залічаны ў Наргас, у мяне было вольнае лета, і я пагадзіўся. Iспыты ў тэатральны інстытут цягнуліся доўга, і чакаць Машу ля ганка было сумна. Плюс да таго я бачыў мноства людзей, якія паступаюць, і разумеў, што яны не нашмат больш таленавітыя за мяне. І тут узнікла думка: “Чаму я не магу паспрабаваць паступіць у тэатральны iнстытут, як раілі мае школьныя настаўнікі?” Пачаў таксама спрабаваць, хадзіць на гэтыя праслухоўванні, але ў мяне не было гатовай праграмы. У выніку замест адмыслова падрыхтаваных вершаў я распавёў песні Высоцкага і Макарэвіча. У той год я не паступіў, але, тым не менш, з гэтай праграмай дайшоў да трэцяга туру Ўсерасійскага дзяржаўнага ўніверсітэта кінематаграфіі.

А праз паўгады ў Мінск вярнуўся мой сябар Улад, які паступіў і загітаваў мяне паспрабаваць другі раз. Першы год я паступаў дзеля жарта, на наступны пачаў рыхтавацца сур’ёзна.

02-2

– Як ты рыхтаваўся да паступлення?

– Icпыты ў тэатральныя інстытуты пачынаюцца ў раннім красавіку – у мяне было дзесьці паўтара месяца (палова лютага і сакавік), каб падрыхтавацца. Я знайшоў педагога ў беларускай Акадэміі мастацтваў. Ірына Іванаўна Кабанава дапамагла мне зразумець, што такое тэатральны асяродак, як неабходна паводзіць сябе пры паступленні, што апранаць, якую праграму лепш абіраць.

5 траўня было першае праслухоўванне, з якога мяне адразу ўзялі на трэцi тур у Шчукінскае вучылішча. Я мінуў 1 і 2 туры, гэта вельмі добры паказчык, які надаў мне ўпэўненасці. Калі ў мяне ўжо было 3 конкурсы – МХАТ, Шчука і Гіціс – я забраў дакументы з Наргаса, таму што іх трэба было аддаць у адзін з гэтых інстытутаў. Шляху назад ужо не было. Так я па ўласным жаданні сышоў з Наргаса, з бюджэтнага месца, паlвышаннай стыпендыі. І атрымалася, што паступіў.

Наш курс

Наш курс

– Усяго, атрымліваецца, 5 тураў?

– Так. Праслухоўванне, 1, 2, 3 туры і конкурс. Конкурс – гэта фінальнае выпрабаванне.

Такая сістэма грунтуецца на тым, што ў тэатральныя інстытуты заўсёды вялікі конкурс. Залежыць ад года, ад выкладчыка, які набірае, але ў дзень выкладчыкі праслухоўваюць каля 300 – 600 чалавек. І вось з гэтых 600 трэба абраць толькі 100, якія пойдуць далей. І так кожны дзень, таму што курс у выніку – гэта 25, максімум 40 чалавек.

З кожным турам павялічваецца колькасць асоб у прыёмнай камісіі. На праслухоўванні – адзін чалавек, хто-небудзь з настаўнікаў курсу. На другім туры з’яўляецца мастацкі кіраўнік. На гэтым этапе шмат абітурыентаў не праходзяць праслухоўванне, таму што ён дакладна ведае, хто яму трэба, а хто – не. На трэцім туры сядзіць мастацкі кіраўнік і ўвесь педагагічны склад курсу, а на конкурсе сядзяць наогул усё. Рэктар, загадчык кафедры акцёрскага майстэрства, мастацкі кіраўнік інстытута. Гэта страшна. Ты выходзіш на сцэну перад народнымі і заслужанымі артыстамі, і яны вырашаюць, быць табе студэнтам гэтага інстытута альбо не быць.

Фота: Ірына Жыркова

Фота: Ірына Жыркова

– Як праходзіць конкурс?

– Конкурс таксама складаецца з розных этапаў. Адзін з асноўных – чытанне літаратурнага матэрыялу пашыранаму складу камісіi. Могуць папрасіць імправізаваць з кімсьці ў пары (не заўсёды). Калі доўга рыхтавацца, можна любога чалавека навучыць добра чытаць. А вось рэакцыя “тут і цяпер” вельмі важная. Падчас імправізацыі відаць, наколькі чалавек адкрыты эмацыйна, якое ў яго стаўленне да жыцця. У асноўным адбіраюць па выніках гэтага этапу. А далей ідуць вельмі ўмоўныя этапы. Гэта праверка вакалу, пластыкі, гаворкі.

Апошні этап конкурсу – калоквiум.

– Што такое калоквiум?

– Гэта проста размова з педагогамі на кемлівасць. Паколькі я вучыўся заўсёды добра і ў школе, і ў інстытуце, у мяне гэты этап прайшоў цалкам незаўважна.

Ты заходзіш у адну з аўдыторый, там сядзяць ужо знаёмыя табе мастацкi кiраўнiк, загадчык кафедры акцёрскага майстэрства і іншыя выкладчыкі, яны з табой проста размаўляюць. Гэта размова пра тое, што ты думаеш, чым захапляешся, чым жывеш. Калоквіум, груба кажучы, – гэта тэст на IQ, на ўвагу, на ўласцівасцi розуму, на логіку наўпрост падчас размовы.

– На праслухоўванні і на турах трэба чытаць розныя рэчы?

– Не абавязкова, можна адно і тое ж. Паміж рознымі этапамі конкурсу можа прайсці і два тыдні, і паўтара месяца – выкладчык, хутчэй за ўсё, не памятае, што ты чытаў у мінулым туры. Калі ён успомніць, папросіць нешта яшчэ. Таму трэба ў арсенале мець некалькі вершаў, некалькі ўрыўкаў прозы і дзве басні, але звычайна адной басні хапае.

Калі вы маеце сур’ёзныя намеры, трэба быць мабільным, хутка мяняць настрой, хутка рэагаваць і, вядома, быць добра падрыхтаваным. Калі ў вас ёсць тры ўрыўкі прозы розных аўтараў, вершы і адна басня, то будзе даволі лёгка. Адзінае, пры выбары трэба, каб гэта не паўтаралася. Гэта павінны быць разнапланавыя рэчы. І па жанры, і па аўтарах, і па спосабе апавядання. Пажадана браць класіку, таму што яе ўсе ведаюць вельмі добра, і не трэба гэтага пужацца.

– Выбар матэрыялу лепш рабіць самому ці з педагогам?

– Калі ёсць магчымасць, то лепш з педагогам, але важна, каб гэта быў добры педагог, які сапраўды хацеў бы раскрыць вас, а не рэалізаваць свае амбіцыі.

На гэтым этапе падрыхтоўкі важна зразумець, што сапраўды ваша. Гэта, напэўна, самая вялікая праблема абiтурыентаў, таму што ўсе ідуць з такiмi эмоцыямi: “Я магу граць ўсё!”. А ў выніку атрымліваецца даволі пасрэдна. Трэба знайсці хаця б адзiн “балючы” твор, якi выклікае водгук yнутры вас. Гэта важна, дапамагае і абітурыенту добра прайсці праслухоўванне, і выкладчыку зразумець, хто вы, якая ваша тэма. Яна ва ўсіх розная.

Фота: Ірына Жыркова

Фота: Ірына Жыркова

***

РЭКАМЕНДАЦЫІ АБІТУРЫЕНТАМ

 

  • Шмат чытаць: каб правільна абраць матэрыял для паступлення.

Калі вы цяпер навучаецеся ў 9-11 класе, то лепш за ўсё ўжо зараз шмат чытаць.

Чым больш літаратуры ў цябе ўнутры з ранніх гадоў, тым больш высокая верагоднасць, што да моманту, калі табе скажуць: «Вазьміце прозу, якая вас хвалюе» – ужо нешта ўсплыве, ты ўспомніш: «О, я чытаў гэта ў 9-10 класе! І мяне гэта сапраўды кранула». Потым ты вернешся да гэтай крыніцы, а не будзеш проста браць наўздагад самыя вядомыя творы кшталту «Злачынства і пакаранне», «Ганна Карэніна», «Рамэо і Джульета» і спрабаваць тэрмінова знайсці момант, які цябе хвалюе.

 

  • Апранацца проста: паступленне – не месца для самавыяўлення.

Адзенне павінна быць самым простым. Напрыклад, чорная кашуля і чорныя штаны, якія не кідаюцца ў вочы, і таму падкрэсліваюць твар, рукі. Ніякіх лішніх элементаў. Ніякіх дрэдаў, завушніц, барод, акуляраў, якія адцягнуць педагога ад цябе як ад матэрыялу, з якім трэба працаваць. Ты не ёсць чалавек, які павінен быць дзіўна апрануты, у шараварах або понча кшалту “я так бачу свет”. Гэта выдатна, але калі цябе бяруць як матэрыял, які трэба выхоўваць, як нейкае цела, на якое можа надзець любы касцюм і якое можна прывесці ў любую пластычную форму, важна паказаць сваю ўніверсальнасць.

 

  • Выспацца і не пакутаваць.

Ісці на праслухоўванне бадзёрым, з добрым настроем, ні ў якім разе не пакутаваць. Самае жудаснае, калі хтосьці выходзіць і сам сябе пачынае шкадаваць. Гэта называецца на нашым слэнгу «грэць дразда». Калі выходзіць дзяўчынка, склала ручкі птушачкай на грудзях, адвярнула галаву і пачынае пакутаваць: «О Божа, як я зараз граю». Гэта пакута ляціць ад яе максімум 10 сантыметраў і падае ў зямлю. Яна не далятае да гледача. Ты павінен чапляць гледача, заражаць эмоцыямі. Калі смяяцца, то так, каб усе смяяліся. Калі плакаць, то так, каб усе плакалі. Не штучна.

 

  • Быць сціплым.

Не трэба на ганку інстытута, калі вы чакаеце свой тур, рабiць выгляд, які вы незвычайны артыст. Нікому гэта не трэба. Такіх называюць «калідорнымі артыстамі». Іх шмат, і яны часта вылятаюць. «Калідорны» артыст – гэта чалавек, які ў любым калідоры самы хоп-хэй-ла-ла-лэй, але, як толькі выходзіць на сцэну, ён ніхто. Шмат калi гэта адбываецца з-за таго, што ўсю энергію ён расплёсківае ўнутры калідору, на ганку, на прыступках, а выходзіць на праслухоўванне – і ён абсалютна ніякi.

Warning! Суворая праўда пра прафесію акцёра

Нават тое, што вы скончыце тэатральны інстытут, не гарантуе вам ніякага акцёрскага працаўладкавання. Тым больш славы, і тым больш грошай. З тых 30 чалавек, якія паступілі, да канца давучваюцца чалавек 20. Дзесяць адлічваюць на працягу навучання, часта за дысцыпліну або за немагчымасць быць унутры калектыву. Гэта не азначае, напрыклад, што чалавек неталенавіты, проста да гэтага курсу, да гэтага майстра, да тых прынцыпаў, якія склаліся ўнутры каманды, чалавек не пасуе.

Прафесія дзіўная сама па сабе, тут няма нормы. «Калі я буду вучыцца на адны пяцёркі, у мяне потым будзе ўсё добра». Такога тут, у прынцыпе, няма. Штогод у адной Маскве 5 буйных ВНУ выпускаюць 150 акцёраў, а яшчэ 5 камерцыйных ВНУ і плюс правінцыя. І гэтыя тысячы маладых акцёраў штогод прыязджаюць у Маскву шукаць працу, а яе тут проста няма. Тэатры перапоўненыя, трупы 100-200 чалавек. Трапіць на тэлебачанне – гэта як выцягнуць латарэйны білет. Зараз з усіх маіх аднакурснікаў прафесіяй займаюцца чалавек 6-8.

На здымачнай пляцоўцы

На здымачнай пляцоўцы

Першае папярэджанне – 100 разоў падумайце, ці трэба вам гэта, таму што тут вельмі жорсткая сфера.

Калі вы паступіце, павучыцеся, то можаце падумаць, што вы нейкі геній. Адна з найбуйнейшых праблем класічных тэатральных інстытутаў – яны зусім не рыхтуюць студэнта да рэалій, якія чакаюць за дзвярыма ВНУ. Тут ты ўжо зыграў Гамлета, тут табе далі дзве галоўныя ролі, усе кажуць, што ты лепшы студэнт курсу, а ты выходзіш – і наогул нікому не патрэбен, таму што рынак перапоўнены.

Другое папярэджанне – калі вырашыліся, будзьце гатовыя да таго, што будзе вельмі цяжка.

Нават не вучыцца і не паступаць. Вучыцца і паступаць – гэта самае простае ўнутры гэтай прафесіі. А вось знайсці добрую працу вельмі складана.

Вельмі распаўсюджаная ілюзія, праз якую праходзяць, напэўна, усё. Яны паступаюць не зусім разумеючы, куды яны ідуць. Чалавек глядзеў добрае савецкае кіно ці якасны Галівуд і вырашыў: «О, хачу ў гэты свет, хачу ў такое кіно». Верагоднасць таго, што вы будзеце здымацца ў савецкім кіно, роўная нулю, таму што гэтага кiно больш не iснуе.

Калі вы думаеце, што будзеце здымацца ў выдатным Галівудзе, на адсоткаў 98 упэўнены, што вы не будзеце там здымацца, таму што вы нікому не патрэбныя. У Галівудзе працуюць адзінкі. Немагчыма выбіць рускі акцэнт. Максімум, што можна гуляць у Галівудзе – гэта рускага бандыта або эмігранта. Тым больш цяпер адбываецца такая сітуацыя ў глабальнай палітыцы. Тая глабалізацыя, якая ішла ў 2008-2009 годзе, згортваецца, мы цяпер усё больш разыходзімся з Амерыкай. Кінематограф гэтак жа адрэагуе – нікому там не патрэбныя рускія акцёры.

Трэцяе папярэджанне – у тэатральных ВНУ вас навучаць класічнаму тэатру. 

Гэта значыць так, як гралi гадоў 30-40 таму. Такога тэатру цяпер вельмі мала. Таму што прыйшоў сучасны тэатр, прыйшла еўрапейская драматургія. На працягу ўсяго навучання вам будуць казаць, што Багамолаў, Сярэбранікаў – людзі без таленту, якія запатрабаваны і патрэбны па незразумелых прычынах. Але потым вы даведаецеся, што спектаклі толькі гэтых рэжысёраў прадстаўляюць Расію на міжнароднай тэатральнай сцэне.

Калі вы хочаце здымацца ў кіно, гэтаму прыйдзецца вучыцца самому. Ні ў адным інстытуце вас не навучаць здымацца ў кіно. Нават ВГІК, які лічыцца інстытутам кінематаграфii, не вучыць граць у кіно. Усе вучаць граць урыўкі тэатра. Калі вы прыйдзеце пасля тэатральнага інстытута ў кіно, першае, што вам скажуць на пробах: «Прыбярыце, калі ласка, тэатр. Не трэба нічога граць, гэта кіно».

Гэта кіно

Гэта кіно

Чацвёртае папярэджанне – абсалютна таленавітых людзей вельмі мала. Трэба цвяроза сябе ацэньваць і разумець, што вы, напэўна, не з такіх. 

Мала ў каго ёсць безумоўны талент, каму нічога не трэба рабіць: ён ужо выдатны акцёр. У акцёрскім свеце такіх людзей адзінкі. Асноўныя крытэры добрага акцёра – высокая працаздольнасць, здольнасць вучыцца, засвойваць, запамінаць, слухаць. Трэба быць у нейкім сэнсе біяробатам. Трэба быць гатовым працаваць шмат псіхічна і фізічна, таму што навучанне праходзіць 7 дзён на тыдзень з 9 раніцы да 9 вечара. У вас няма выходных, няма асабістага жыцця, акрамя як на курсе, у перапынках. Выходныя раз на год. На Новы год вас адпусцяць на пару дзён, на 9 траўня і ў летнія вакацыi. Гэта творчае войска.

Але ўсе складанасці пры паступленні, пошуку працы і росту ўнутры прафесіі акупаюцца, калі зала выбухае апладысментамі пасля спектакля. Калі вы робіце тое, што любіце, і атрымліваеце за гэта прызнанне. Поспехаў!

Сцэна 5, дубль 1

Сцэна 5, дубль 1