“Крэатыўныя індустрыі” альбо як атрымаць брытанскі дыплом ў Маскве
- Час чытання: 5 хвілін
З мастацтвам я звязана амаль што ўсё жыццё – працавала ў тэатры, навучалася ў калежды мастацтваў, скончыла Інстытут Сучасных Ведаў па спецыяльнасці “камп’ютэрная музыка, аранжыроўка”, але мне заўсёды хацелася кіраваць творчымі праэктамі, быць не на сцэне, а ў закуліссі ў якасці арганізатара. Адна з маіх сябровак параіла мне дзіўную магістратуру ў Маскве, дзе рыхтуюць мэнэджэраў у галіне культуры брытанскага узроўня, дзе я зараз навучаюся. Гэта Расійска-Брытанскі Універсітэт “Маскоўская Вышэйшая школа сацыяльных і эканамічных навук”, па скачэнні якога выпускнікі-магістры атрымоўваюць два дыплома: расійскі дзяржаўны дыплом аб прафесінай перападрыхтоўцы і дыплом магістра Манчэстэрскага ўніверсітэта. Я абрала спецыяльнасць “Кіраванне сацыякультурнымі праэктамі”. Іспыты: ангельская мова (IELTS не ніжэй 5.0), уласны праект (пажадана няздейснены), сумоўе.
Іспыт па ангельская мове можна здаваць на дні адчыненых дзвярэй ў Маскве, а можна і перад сумоўем. Цікава, што сумоўе і іспыт па замежнай мове прадстаўнікі ўніверсітэта праводзяць у Менску, звычайна ў жніўні.
Для беларусаў прадуглеждана 8 стыпендый у памеры 300 долараў ЗША штомесяц. Здаецца, што для Масквы гэта вельмі мала, але заняткі праходзяць у вечары з 18.30 да 21.30, што дазваляе адначасова і працаваць. Першыя 2 месяцы вельмі цяжка звыкнуць з такім рытмам жыцця, калі з ранку – на працу, з працы – на заняткі, з заняткаў дадому – пісаць навуковыя эссэ. Але тыя веды і практычныя навыкі каштуюць маскоўскага рытма жыцця.
Пра існаванне тэрміна “Крэатыўныя індустрыя” я не ведала да таго часу, калі нам не прапанавалі абраць спецыялізацыю/праграму. Выбар на спецыяльнасці “Кіраванне сацыякультурнымі праектамі” такі: Гарадское і рэгіянальнае развіццё, Крэатыўныя індустрыі, Мэнэджмэнт музееў і галерэй, Мэнэджмэнт этнакультурных праектаў.
Кіраўнік праграмы, якую я абрала, дырэктар агенцтва “Творчыя індустрыі” Алена Зелянцова дае такое вызначэнне гэтаму тэрміну: “Творчыя індустрыі – сектар эканомікі і тып сацыякультурных практык, дзе дамінуе творчы, культурны кампанент”.
Заняткі практычна накіраваныя, усе выкладчыкі – вядомыя ў Расіі і Еўропе практыкі, магістранты адразу трапляюць у асяроддзе экспертаў, дзе трэба пастаянна папаўняць свае веды, чытаць шмат літаратуры, наведваць і прымаць удзел у арганізацыі тэматычных мерапрыемстваў. Хачу звярнуць увагу на бібліятэку – яна зроблена на ўзор брытанскай, сістэма пошуку кніг таксама брытанская, а фонд налічвае звыш 25000 кніг, які ўзнаўляецца.
Працу ў гэтай галіне у Маскве знайсці лёгка, шмат выкладчкаў і экспертаў, хто выкладае майстар-класы ў Цэнтры Сучаснага Мастацтва “ВІНЗАВОД”, прапаноўваюць магістрантам стажыроўку з далейшым працаўладкаваннем. Характар працы вельмі розны – ад памочніка куратара галерэі да даследчыка і крэатара ў прадзюсерскай кінастудыі.
Група, з якой я навучаюся, складаецца з прадстаўнікоў амаль што усіх рэгіёнаў Расіі: ад Масквы да Хабараўска. Беларусаў на нашай спецыяльнаці восем, з Менску толькі тры. Усе слухачы вельмі цікавыя, крэатыўныя і легкія на пад’ём. Вось адзін з прыкладаў крэатыва рэкламнага відэароліка-лекцыі.
Пасля сканчэння спадзяюся вярнуцца ў Менск, каб ужо дома ладзіць уласныя сацыякультурныя праэкты і займацца адукацыяй моладзі, якой цікава працаваць з такімі праектамі ў галіне крэатыўных індустрый, і, канешне, выкладаць для моладзі “Крэатыўныя індустрыі”. На мой погляд, для Беларусі гэта зараз неабходна.
Прапаную ўсім зацікаўленым паступаць у Маскоўскую Вышэйшую Школу Сацыяльных і Эканамічных Навук. Калі з’явяцца пытанні наконт школы або крэатыўных індустрыяў, прапаную Вам звяртацца да мяне і да маіх калег праз старонку журнала Backstage “Крэатыўная дапамога” – заўседы дапаможам і адкажам на пытанні.