Куды ўцякаюць мазгі?

  • 16.09.2015
  • Блог
  • Здымак: Ганна Грынкевіч

Баланс акадэмічнай мабільнасці – ледзь не самы аб’ектыўны паказчык таго, наколькі паспяховай лічыцца нацыянальная сістэма адукацыі.

Афіцыёз-статыстыка кажа: “Беларусь – прывабная краіна, каб атрымаць вышэйшую адукацыю. Сёлета у нас вучылася 18 тысяч замежнікаў з 80 дзяржаў свету”.

Альтэрнатыўныя даследванні ёй не вераць. Міжнародная статыстыка налічыла 30 396 грамадзян Беларусі, якія з’ехалі за ведамі ў розныя краіны. Набольшай папулярнасцю карыстаюцца Расія (21 972 чалавек), Польшча (2074), Літва (1948), Нямеччына (1755) і Францыя (514). Дысбаланс – больш за 12 тысяч! Прычым невядома, якая частка ад гэтай колькасці маладых, ініцыятыўных, разумных беларусаў вернецца дадому.

IMG_4014

На сённяшні момант за межамі Беларусі жыве тры з паловай мільёнаў колішніх суайчыннікаў. Гэта 37 адсоткаў цяперашняга насельніцтва. Кожны год гэты лік толькі павялічваецца (не дзіўна, праўда?). За часы незалежнасці Беларусь страціла 131,5 тысяч чалавек. Гіперважная рэмарка: 131 тысячу перспектыўных грамадзян, з жыццёвай энергіяй і жаданнем развіваць краіну. Шкада, што не сваю родную.

Адчуўшы нехарошую тэндэнцыю, беларускія ўлады знайшлі крэатыўнае рашэнне праблемы. “Не пущать”, – сказалі дзесьці наверсе і… прыдумалі інстытут размеркавання. Так мінімум на два гады малады спецыяліст вымушаны застацца на радзіме. А ці мала што за гэты час зменіцца? Звыкнеш, можа, прыдбаеш сям’ю і не захочаш шукаць нейкія стыпендыі, пісаць матывацыйныя лісты і чакаць запаветнага “так”. Лагічна.

Тым не менш, рэальнасць паказвае іншы расклад. Маладыя беларусы: бакалаўры, магістры, спецыялісты, даследчыкі – шукаюць, едуць, адчыняюць іншы лад жыцця і ўвасабляюць свой патэнцыял напоўніцу. Чаму не могуць зрабіць гэта дома?

– Няма адпаведных сацыяльных умоў, – лічыць выкладчык Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Лаўрушын. – Існуе стэрэатып, што беларусы інфантыльныя, выпешчаныя і непрыстасаваныя да рынкавай эканомікі. Але насамрэч гэта мыльная бурбалка. Калі пачынае мяняцца сацыяльная структура жыцця, становіцца іншым і сам чалавек. Як толькі беларус апынаецца ў адпаведных яго магчымасцям абставінах, ён раскрывае свой сапраўдны патэнцыял.

А пакуль маладосць і перспектыва, увасобленая ў галовах беларусаў, шукаюць іншага жыцця за мяжой. Гэта іх выбар і смеласць, якая, безумоўна, заслугоўвае павагі. Бо чакаць у беларускай адукацыі змен – справа доўгая і няўдзячная. Здаецца, і да Балонскага працэсу далучыліся, а ўсё застаецца па-ранейшаму.

– Скажыце, як універсітэт рыхтуецца да выбараў рэктара? – спыталася ў адной з “вядучых ВНУ” краіны. Была сярэдзіна жніўня.

– Самая гарачая для нас кампанія – уступная. Рэктар у адпачынку. Нічога дакладанага сказаць не можам.

Карацей, нічога дакладнага.