Алеся Курэйчык: “Калі можаш зрабіць лепш, чаму б не пачаць зараз?”
- Час чытання: 7 хвілін
Алеся Курэйчык – выпускніца курса “Адукуй сябе пра Еўропу” ў 2017 годзе, студэнтка трэцяга курса БДУКМ, валанцёрка буйных беларускіх фэстаў, і проста чалавек, які няроўна дыхае да мастацтва ва ўсіх яго праявах. Мы сустрэліся з Алесяй, каб узгадаць навучанне на курсе і паразмаўляць пра тое, што хвалюе дзяўчыну сёння.
Адкуль даведалася пра курс “Адукуй сябе пра Еўропу”?
Імкнуся рэгулярна праглядаць розныя адукацыйныя праграмы, у прыватнасці і на Adukacyja.info, бывае, што паўстае пытанне аб членстве ў розных міжнародных арганізацыях. А тут акурат падвярнулася магчымасць удзелу без такіх умоў. У гэты момант я была на працы і злавіла сябе на думцы, а чаму б і не паспрабаваць. Адаслала заяўку, і праз некаторы час прыйшло запаветнае «прынятая». На той момант я нават не падазравала, што курс будзе настолькі маштабным.
Набор на курс праходзіць на конкурснай аснове. Раскажы, што пісаць, каб тваю анкету дакладна выбралі?
На гэты выпадак у мяне ёсць дзве ўніверсальныя парады. Па-першае, важна ніколі не хлусіць у сваіх матывацыйных лістах. Калі сапраўды раптам не валодаеш шасцю мовамі ці нейкімі вузкімі навыкамі, то і не варта гэтага пісаць. А па-другое, трэба цвёрда разумець, ці сапраўды яно табе трэба. Праз некаторы час, магчыма, ты і зможаш адмовіцца ад удзелу, але ці сумленна гэта ў адносінах да арганізатараў і да самога сябе? Калі паказана, што праграма мае працягласць тры месяцы, то і арыентуйся, што ў цябе павінен быць больш-менш вольны час на гэты перыяд. Так што я б вылучыла вось гэтыя дзве асновы: шчырасць і зацікаўленасць.Курс вочна-завочны, што азначае выкананне досыць вялікай колькасці заданняў дыстанцыйна. Як ты здолела сумясціць вучобу / працу і курс?
Тут выдатна дапамагае ўласны таймінг. У мінулым годзе я завяла адмысловы сшытак, дзе прапісвала планіроўку свайго часу. Як толькі вызвалялася лішняя хвілінка, ці траплялася сумная пара ва ўніверсітэце, то я не сядзела гэты час, гартаючы стужку Instagram, а чытала неабходныя матэрыялы для курса.
Што для цябе стала самым цяжкім пры навучанні?
На здзіўленне для самой сябе, цяжкай была праца з міні-праектамі. Да гэтага я ўяўляла, што працаваць з камерай, у прыватнасці, быць у кадры, а не па-за ім, – гэта вельмі проста. На справе ж усё апынулася інакш. Зараз разумею, што без камеры ты можаш спатыкнуцца, дзесьці падгледзець у свае запісы, але як толькі аб’ектыў скіраваны на цябе, ты ўсведамляеш, што трэба сабрацца і засяродзіцца за адзін момант, адкінуўшы сарамлівасць, якая так ці інакш, але з’яўляецца.
Цяжкасці былі і пры правядзенні апытанняў. Я сама не люблю неяк навязвацца людзям, настойліва прасіць адказаць на пытанні, нават калі мой рэспандэнт – гэта сябар ці аднагрупнік. А пры правядзенні апытанняў гэтым наўпрост і давялося займацца.
Азіраючыся назад, што галоўнае ты вынесла з курсу “Адукуй сябе пра Еўропу”?
Думаю, што менавіта ў маім выпадку, гэта так званы штуршок. У нейкі момант у цябе паверылі. Пачынаеш разумець, колькі ў цябе нерэалізаванага патэнцыялу. Пасля абсалютна не страшна пісаць матывацыйныя лісты, спрабаваць сябе ў нейкім новым асяроддзі, выходзіць са сваёй жа зоны камфорту.
Пасля курсу разумееш, што ты атрымала веды, і іх проста неабходна ўжываць на практыцы.
Таксама цікава было супаставіць ўзровень арганізацыі пры правядзенні праграмы. Азіраючыся назад, магу сказаць, што ў Adukacyja.info з гэтым усё на высокім узроўні, а мне ёсць з чым параўнаць.Першыя думкі і крокі пасля заканчэння праграмы?
На самай справе пасля курсу адразу ж паўсталі думкі нечым сябе заняць, бо, пражываючы веснавы час у актыўным рытме выканання заданняў, было цяжка перастроіцца і скажам так, расслабіцца. Актыўна пачала шукаць праекты, арыентуючыся на сферу сваёй будучай дзейнасці. Улетку быў FSP, дзякуючы якому задаволіла сваё жаданне паглядзець, як жа вядзецца праца над фестывалем знутры. Потым была Vulica Brasil, дзе ўдалося паспрабаваць сябе і ў SMM, ды проста цікава было пагутарыць з рознымі мастакамі.
Тваё ўяўленне аб «Ідэальнай мадэлі адукацыі»?
Па-першае, навучальныя ўстановы павінны прайсці акрэдытацыю, і так, каб былі запрошаны выкладчыкі не суседняй кафедры, а хаця б з блізкага замежжа. Каб з’явілася імкненне рабіць сапраўды добра не на адзін занятак семестра, а напрацягу ўсяго навучання студэнта. Па-другое, неабходна абнаўленне навучальнай літаратуры. Трэба заахвочваць імкненне студэнта карыстацца тымі ж інтэрнэт-рэсурсамі, не абмяжоўваючыся толькі падручнікам з 70-х. Па-трэцяе, важна апытваць саміх жа студэнтаў аб якасці выкладання таго ці іншага прадмета. І, вядома ж, у кожнага студэнта павінен быць асабісты электронны кабінет, каб была магчымасць атрымаць усю інфармацыю, неабходную для падрыхтоўкі да вызначанага прадмета.
Ці не з’явілася пасля праходжання курса вострага жадання пераехаць?
Для сябе я зразумела, што мне цяжка было б пераехаць у іншую краіну, тут мая сям’я, блізкія людзі. Люблю тое месца, у якім нарадзілася, мабыць, таму не хочацца пераязджаць. Хутчэй, ёсць жаданне тут зрабіць нешта лепш, асабліва, калі разумееш, што і ў Беларусі ты не адна такая ідэйная. Я заўсёды прытрымлівалася думкі, што гараджане самі ў адказе за свой горад. Калі сёння ты можаш зрабіць нешта лепш, то чаму б не рабіць гэта? Не трэба адразу ж бедаваць, што тут усё безнадзейна, але вось «там» – іншае жыццё.
Раскажы пра самы яскравы ўспамін аб “Адукуй сябе пра Еўропу”.
Зноў узгадваецца праца над міні-праектам, а менавіта вынік маёй працы – водгукі астатніх удзельнікаў. Усе так станоўча выказаліся аб праведзенай працы, што ўдалася ўздыхнуць і зразумець, што “ты зрабіла ўсё не дарма”. Так што гэта нават не яркі ўспамін, а, хутчэй, прыемны асадак ад курса. Калі зразумела, што ўсё не выпадкова і не трэба адкладаць матэрыял «у стол», а, наадварот, гэта цікава людзям, што не варта спыняцца.