Ліпень.PRO – моладзевая бізнэс-пляцоўка для абмена ідэямі ў новым фармаце
- 21.08.2015
- Блог
- Фота аўтаркі
Выходныя ўлетку па-за горадам, на беразе ракі, у кампаніі яркіх, цікавых людзей – ці магчыма фармат бізнэс-форуму зрабіць больш нефармальным, дадаць вечаровых размоў, спартыўных актыўнасцяў і нэтворкінгу? Усё гэта прапаноўвае Ліпень.PRO, двухдзённы моладзевы бізнэс-форум, на якім ў гэтым годзе можна было пачуць выступы Юрыя Зісера, Сяргея Капусціна, Паўла Данейкі ды іншых прафесіяналаў сваёй справы.
Афіцыйная праграма – гэта варкшопы на тэмы бізнэсу, маркетынгу, брэндаў, фінансаў і менеджмента, стартапаў. Больш за 130 удзельнікаў сабраў форум ў намётавым гарадку: маладыя бізнэсоўцы, менеджэры, тыя, хто жадае запусціць свой бізнэс ці сацыяльны праект. Тое, што асабліва ўразіла – гэта атмасфера форума, якая ёсць міксам высокай канцэнтрацыі актыўных маладых людзей у адным месцы, адкрытасці і жадання дзяліцца ідэямі і досведам, ды і ўнікальнасці пражыць два дні без Інтэрнэту 🙂
Мы папрасілі Глеба Герасімовіча, аднаго з арганізатараў, расказаць падрабязней пра адметнасці бізнэс-форума.
– Ліпень.PRO праводзіцца ўжо другі год. Як першапачаткова ўзнікла ідэя арганізаваць такое мерапрыемства?
– У 2013 годзе я ўдзельнічаў у адукацыйным форуме “Селігер”, дзе разам са мной было каля 5000 чалавек, з іх прыкладна 800 маладзёнаў з усяго свету. Мы жылі ў адным намётавым мястэчку, шмат размаўлялі і абмяркоўвалі самыя розныя тэмы. На Селігеры была вельмі крутая адукацыйная праграма: у прыкладна 20 намётах паралельна былі лекцыі, майстар-класы ад дасведчаных прадпрымальнікаў і экспертаў. Выбраць куды пайсці, было нерэальна складана… А ўвечары намётавы лагер жыў зусім іншым жыццём – канцэрты, песні ля вогнішча і шмат-шмат іншых актыўнасцяў… Атмасфера лагера неймаверна крутая, і ад’язджаў я пад уражаннем і з пачуццём, што трэба зрабіць падобнае і ў нас.
– Што прыцягвае моладзь ўдзельнічаць у такім мерапрыемстве? Што асаблівага прапануе форум у адрозненні ад іншых беларускіх бізнес-івэнтаў?
– Вы былі на звычайным форуме дзе-небудзь у гатэлі або іншым месцы, дзе такія падзеі праводзяцца? Так, бывае цікава, так, можна завесці пару беглых знаёмстваў дзесьці ў час кава-паўзы, але ў лепшым выпадку атрымоўваецца пагутарыць толькі са старымі знаёмымі… Да чатырох гадзін усе разбягаюцца: у кагосьці справы, хтосьці дадому і г.д. На Лiпень.PRO едуць па атмасферу, каб пражыць 48 гадзін цалкам па-іншаму! Тут, на форуме, звычайныя справы адпускаюць, і ў гэтыя гадзіны змяшчаецца ўсё: навучанне ад дасведчаных і найцікавейшых людзей, знаёмствы і размовы, спартыўныя гульні, танцы, песні ля вогнішча. І нават лазня ў гэтым годзе была 🙂
– Ці будзе форум у наступным годзе? Што можна чакаць нашым чытачам ад Лiпень.PRO-2016?
– Мне б хацелася, каб ён быў! А я б удзельнічаў у ім як звычайны ўдзельнік;) Было б выдатна, калі б там было яшчэ больш людзей – маладых, актыўных, цікавых, а спікеры не толькі з Беларусі, але і з іншых краін. Хачу больш жывой музыкі, і якія-небудзь новыя нефармальныя мерапрыемствы.
Падрабязней пра Лiпень.PRO можна даведацца тут.