Ліпень.PRO-2016: сустрэча мінула, бізнэс-падарожжа працягваецца
- Час чытання: 5 хвілін
- 05.09.2016
- Блог
- Здымкі: Ліпень.PRO
У апошнія выходныя ліпеня мы звычайна чакаем чаго? Добрага надвор’я, цікавых людзей побач і прыемных гутарак. І я хацела таго ж! А атрымала – паездку ў аўтобусе праз неверагодную навальніцу, мокрае адзенне, сон у намёце ўпершыню ў жыцці і сонечныя выходныя на беразе ракі. Усё было дзеля таго, каб атрымаць шмат новых знаёмстваў і ўзнесці на іншы ўзровень свае веды пра розныя аспекты бізнэсу. Я проста паехала на Ліпень.PRO.
Пра само мерапрыемства я ўпершыню даведалася ўлетку мінулага года, калі шукала нетрывіяльны спосаб правесці выходныя. Тады да яго так і не дабралася, але сёлета ўсё атрымалася. Я папярэдне зарэгістравалася на форум і рэгулярна атрымоўвала мэйлы ад арганізатараў аб тым, як ідзе падрыхтоўка, якія змены-дапаўненні з’яўляюцца ў праграме, што трэба будзе рабіць падчас форуму – такім чынам, непасрэдна да форуму я падышла ў поўнай боегатоўнасці!
Пачыналася гэтая бізнэс-феерыя даволі драматычна: з Каменнай Горкі нас, удзельнікаў, забраў аўтобус, які амаль адразу трапіў у моцную навальніцу, але насамрэч ужо праз 15 хвілін да непагадзі нікому не было справы: усе былі занятыя знаёмствамі са сваімі суседзямі і насалоджваліся смакам першай гутаркі з новым чалавекам. Па прыездзе нас сустрэла ўся каманда арганізатарў і хутка раскідала па намётах. Дарэчы, прыемнай нечаканасцю для мяне было тое, што гэты намёт не трэба было збіраць самой (усё было зроблена загадзя) – проста закінула рэчы і пабегла на першую вячэру і ўрачыстае адкрыццё бізнэс-форуму. Трэба адзначыць, што ў гэты вечар нас трошкі паліваў дожджык, але дзякуючы запальным танцам у стылі “It’s raining man”, некалькім вогнішчам з цікавымі гульнымі каля іх і агульным інтарэсам да новых знаёмстваў, мы зусім не заўважалі гэтага пагоднага бязладдзя. Некаторыя вогнішчы ў першую ноч гарэлі да 5 гадзін раніцы…
Асноўная праграма мерапрыемства пачыналася зранку ў суботу. А 9 гадзіне ўсіх накармілі сняданкам і адправілі ў бізнэс-падарожжа. Пры гэтым першы і ўсе астатнія прыпынкі кожны ўдзельнік выбіраў для сябе сам – было некалькі шатроў, у якіх розныя спікеры праводзілі сесіі, і кожны абіраў тыя, якія адпавядаюць яго(яе) бізнэс- ці агульным інтарэсам. На мой погляд, такая гнуткасць арганізацыі вельмі пасуе да фармата мерапрыемства, калі ўдзельнікі маюць магчымасць задаваць выступоўцам самыя правакатыўныя пытанні, працягваць гутарку за кубкам гарбаты, якую для нас клапатліва гатавала каманда партнёраў Экспедыцыі, а потым яшчэ і дзяліцца сваімі ідэямі і нават знаходзіць першых партнёраў для іх рэалізацыі.
Для мяне вельмі важным досведам стала разуменне таго, што мы насамрэч можам рабіць такія сучасныя ва ўсіх аспектах мерапрыемствы. На Ліпені.PRO няма ніякіх дыстанцый паміж выступоўцамі і ўдзельнікамі: абодва бакі – патэнцыйныя партнёры і прафесіяналы ў сваёй галіне, і асноўная іх мэта – развівацца, а гэта вельмі зручна рабіць, калі існуе надзейная бізнэс-супольнасць.
Такія адкрытыя адносіны падтрымліваюцца не толькі паміж удзельнікамі і спікерамі, але і арганізатарамі, і партнёрамі, то бок ты нікога не здзівіш, калі далучышся да размовы Глеба Герасімовіча, ідэйнага натхняльніка Ліпеня, і Мар’і Оргэн, прадстаўніцы Фінскай Амбасады ў Літве – да тваіх меркаванняў таксама прыслухаюцца і будуць удзячныя за іх.
Працягваючы партнёрскія тэмы, не магу не адзначыць тое значнае партфоліа, якое ў гэтым годзе назбіралі арганізатары – “Мае Сэнс”, “Анега”, “Бізнэс-школа ІПМ”, Deal.by, Imaguru і інш. Па-першае, вельмі радасна, што гэты спіс з кожным годам расце, а гэта сведчыць пра добрую працу на працягу ўсяго года за межамі трох дзён форуму. Па-другое, радасна ад таго, што такія важныя гульцы беларускага бізнэсу так актыўна супрацоўнічаюць з падобнымі ініцыятывамі і кожны па-свойму іх падтрымлівае.
Самым першым цікавым выступам адзначыўся Дзмітрый Дзячкоўскі, які з 2002 па 2013 гады ўзначальваў кампанію “Мілавіца”, а зараз з’яўляецца прафесарам бізнэс-школы ІПМ. Дзякуючы свайму шырокаму досведу ў галіне кіраўніцтва персаналам ён прапаноўваў удзельнікам розныя цікавыя метады, якія ў выніку выклікалі даволі бурлівае абмеркаванне. У гэты ж час побач можна было пачуць размовы Андрэя Гусарава, уладальніка медыя-кампаніі “Гусараў Груп” і, безумоўна, спецыяліста ў сваёй галіне.
У другім блоке сесій пра “акно магчымасцей” захапляльна распавядаў Кірыл Голуб, кіраўнік IT-кампаніі aheadWorks, а пазней не меньшая колькасць удзельнікаў слухала Юрыя Мельнічка, кіраўніка напрамку “Мапы” ў кампаніі Mail.ru, былы CEO сусветна вядомай прылады MAPS.ME. У выніку такіх натхняльных расповядаў пасля трэцяга блоку сесій у нас нечакана стварыўся яшчэ адзін “шацёр”, дзе удзельнікі Ліпень.PRO актыўна дзяліліся сваімі меркаваннямі са спікерамі, атрымоўвалі каштоўныя парады ад зорак беларускага IT і дамаўляліся аб новых партнёрскіх праектах. Вось у гэты момант, дарэчы, я злавіла сябе на думцы, якая неверагодная атмасфера вітала вакол усіх нас, што дазволіла ў такім адкрытым фармаце гутаркі, а не простага абмену досведам “прафесіянал-навічок”, прастаяць амаль нерухома паўтары гадзіны.
Каб завяршыць тэматычны агляд, скажу толькі, што, напэўна, нават самаму дасведчанаму чалавеку пашчасціла даведацца нешта новае: тут і SMM, і медыі, і мастацтва перамоваў, і каворкінгі, і паспяховы продаж, і партнёрскія дамовы, і персанальныя фінансы, і асабістае развіццё – усе спрыяла таму, каб выходныя не прайшлі дарма.
Дарэчы, акрамя такой каштоўнай афіцыйна-адукацыйнай часткі, арганізатары не забыліся і на нефармальную частку: зранку можна было схадзіць на йогу ці медытацыю, паспрабаваць свае сілы ў прабежках разам з акадэміяй YouCan (так-так, зараз нават бегаць вучаць на акадэмічным узроўні), а ўвечары паслухаць выступ музыкальнага гурта ці нават схадзіць у паходную баню. Забавы ні больш ні менш – на любы густ!
У другой палове дня ў нядзелю мы даслухоўвалі цікавыя інсайты па метадалогіі продажу і нават спрабавалі прадаваць адзін аднаму рарытэтныя аўтамабілі! А потым хутка-хутка збіралі нашыя намёты, рабілі фінальнае фота з усімі удзельнікамі і беглі хутчэй на ўжо знаёмы аўтобус да Каменнай Горкі.
Моладзевы бізнэс-форум Ліпень.PRO скончыўся прыгожымі беларускімі краявідамі, якія пралятала за вакном па дарозе ў Мінск, але ці скончылася падарожжа ўдзельнікаў? Мне падаецца, што ўсё толькі пачынаецца, каб у наступным годзе перайсці на новы узровень і падараваць нам новыя знаёмствы, новыя веды, а разам з гэтым і новыя магчымасці.