Летнія курсы шведскай мовы ў Швецыі
- 08.02.2015
Вывучэнне новай мовы патрабуе вялікіх намаганняў – часу, уседлівасці, увагі, матывацыі. Чамусьці некаторыя хапаюць усё за некалькі хвілін, а іншыя патрабуюць некалькі разоў перачытаць, каб запомніць. Кажуць, гэта залежыць ад схільнасці да моў. Напэўна, гэта часткова і праўда. Што ж рабіць, каб нават у тых, каму цяжка даецца, моўныя магчымасці пайшлі ўгару? Найлепшы метад вывучэння замежнай мовы – гэта, вядома, вывучэнне з яе носьбітамі, у моўным асяроддзі, то бок, у краіну, мову якой ты вывучаеш.
Так і зрабілі беларускія хлопцы і дзяўчаты, што вывучалі шведскую мову. Яны атрымалі стыпендыі Шведскага Інстытута на трохтыднёвыя летнія курсы ў розных кутках Швецыі. Некаторыя з іх падзяліліся ўражаннямі аб сваім побыце і навучанні ў краіне вікінгаў з нашай камандай.
Аляксей Патоня, Коллешэр, 2008 г.
Многім вядома, што Шведскі Інстытут выдзяляе стыпендыі моладзі, што вывучае шведскую мову, для удзелу ў летніх моўных курсах на базе научальных устаноў тыпу Folkhögskola.
Звычайна летнія моўныя курсы доўжацца 2-3 тыдні і адбываюцца ў большасці школ. Як правіла, яны прапаноўваюць агульную праграму, што спалучае вывучэнне шведскай мовы з пазнаннем шведскай культурай і побытам шведаў. Навучанне праходзіць пераважна ў чэрвені-жніўні – у перыяд, калі ў студэнтаў вакацыі. Аднак, некаторыя школы арганізуюць летнікі толькі ў ліпені ці жніўні.
Пры ўмове атрымання стыпендыі ад Шведскага Інстытута плаціць трэба толькі за дарогу туды і назад. Патрэбна адзначыць, што сума, што пакрывае арганізацыя, дастаткова прыймальная – каля 11000 крон (гэта каля 1200 еўра – рэд.). У гэты кошт уваходзіць пражыванне ў 1-2-мясцовых пакоях і трохразовае харчаванне. Акрамя таго, школы арганізуюць шэраг дадковых мерапрыемстваў, кожны раз святкуюць Мідсоммар (свята сярэдзіны лета – рэд.) са студэнтамі кожнага “заезда”.
Я б хацеў спыніцца на Billströmska folkhögskolan – гэта самая першая школа, што пачала агранізоўваць міжнародныя летнія курсы для студэнтаў – з канца 1970-пачатку 1980 гадоў. Школа знаходзіцца на востраве Tjörn недалека ад Гётэборга, што выгадна адрознівае яе ад іншых школ. Арганізатары курсаў увесь час імкнуцца падкрэсліць унікальнасць рэгіёна Bohuslän, таму большасць экскурсій і паездак прысвечаны знаёмству з мясцовай культурай. Удзельнікаў моўных курсаў дзялілі на некалькі груп, і кожная наведвала адну з арганізацый, што актыўна дзейнічаюць у рэгіёне ці на востраве. Гэта былі мясцовая царква, пажарная брыгада, апякунчыя службы, якія працуюць са старэйшымі асобамі ці жанчынамі, што пацярпелі ад сямейнага гвалту. Акрамя таго, ёсць практыка арганізоўваць візіты для 1-2 чалавек у шведскія сем’і, што жывуць паблізу на востраве.
Шкада, што кожны год колькасць стыпендый змяншаецца. Аднак галоўнай мэтай гэтай праграмы з’яўляецца заахвочванне і прыцягненне новых асоб да вывучэння шведскай мовы і спазнання шведскай культуры. А таму спрабуйце атрымаць стыпендыю ад Шведскага Інстытута ці Аб’яднання Кантакт са Швецыяй!
Наталля Петрашкевіч, Аксваль, 2011 г.
Я навучалася на летніх курсах ў Швецыі ў 2011 годзе ў весцы Аксваль, што адносна недалёка ад Гётэборга. Ад побыту ў школе ў мяне засталіся толькі станоўчыя ўражанні. Нас было каля 60 чалавек з усяго свету: Баўгарыя, Японія, Расія, Мексіка, Беларусь, Злучанае Каралеўства, ЗША, Грузія, Кітай і шмат іншых краін. Курсы дапамаглі пераадолець боязь камунікацыі на замежнай мове, асабліва калі валодаеш ёй не дастаткова добра (на той момант я вывучала шведскую мову 2 гады). Па выніках нескладаных тэстаў нас падзялілі на 3 ўзроўні – паслабей, “сярэднячкі” і моцныя. Заняткі былі рознапланавыя: граматыка, лексіка, фанетыка. Апроч гэтага праводзілі агульнашкольныя мерапрыемствы: спартыўныя гульні, прагляд фільмаў, экскурсіі.
Але галоўнае – гэта стасункі з людзьмі і бясцэнны досвед!!! Ты даведваешся столькі ўсяго цікавага пра іншыя краіны і народы, прадстаўляеш сваю краіну, можаш параўноўваць і разважаць. З многімі сябрамі са школы мы кантактуем і дагэтуль: з кім-небудзь па скайпу размаўляем, а з некаторымі нават сустракаліся ў іншых краінах. Нікому не было сумна, кожны мог знайсці сабе штосьці па душы: заняткі спортам, імпрэзы да раніцы, інтэлектуальныя гульні, роваровыя пакатушкі. Мова ніколі не была перашкодай, калі што – дапамагала ангельская, а калі і тут не спраўляліся, то – міміка і жэсты. Так цудоўна ўбачыць на ўласныя вочы, паспрабаваць на смак усё тое, пра што ты чытаў у шведскіх падручніках, цалкам паглыбіцца ў шведскае жыццё. Гэта найлепшая практыка мовы: можаш размаўляць з выкладчыкамі, са студэнтамі, з мясцовымі жыхарамі ў крамах, кавярнях, з гасцямі. Становішся разумней, багацей, больш дасведчаным і рознабаковым.
Некалькі парад для будучых студэнтаў.Зрабіце сабе валютную картку, бо ў Швецыі не паўсюль прымаюць наяўныя грошы: напрыклад, нельга купіць квіток ў аўтобусе за наяўныя. Трэба запасціся падарункамі з Радзімы – яны вам спатрэбяцца, асабліва калі будзеце развітвацца са сваімі новымі сябрамі. Патрыхтуйце цікавуцю презентацыю сваёй краіны. Калі пабойваецеся дабірацца да сваёй школы самастойна, загадзя спішыцеся са студэнтамі са сваёй ці іншых краін і дамоўцеся ехаць разам. Разам –весялей! І не бойцеся нічога! Вы не пашкадуеце! Усім поспехаў!
Наталля Шчуроўская, Аксваль, 2011 г.
“Я была на курсах у Аксвалі. Незабыўны досвед! Перш за ўсё што тычыцца разумення мовы. Я вучыла шведскую да гэтага цягам двух год, аднак, былі праблемы з разуменнем вуснай мовы. Падчас курсаў завяла шмат знаёмых з усяго свету, і мы дагэтуль падтрымліваем кантакт. Шмат уражанняў! Да гэтай пары успамінаю тое лета з усмешкай. Парада для тых, хто збіраецца паехаць на курсы: ні ў якім разе не недаацэньвайце сябе! Я паехала на ўзровень А2/В1, але ў плане граматыкі нічога новага не атрымала. Так што смела едзьце на ўзровень вышэй!
Аляўціна Кабіца, Малюнг, 2010г.
“Летнія курсы ў Швецыі – гэта мора эмоцый, ўражанняў і незабыўны вопыт! Мне пашэнціла трапіць у адну з самых маляўнічых правінцый – Даларну. Школа знаходзілася сярод рэк, лясоў і тых самых чырвоных хатак з белымі ваконнымі рамамі. Гэта было самае прыдатнае месца для вывучэння шведскай літаратуры, якой і быў прысвечаны курс. 38 чалавек з 19 краін свету, у тым ліку ЗША і Японія, чыталі сучасную шведскую літаратуру, абмяркоўвалі тое, што прачыталі, дыскутавалі, дзяліліся досведам і уражаннямі, пісалі самі. Кожны дзень быў маленькім адкрыццём: мы сустракаліся са шведскімі паэтамі, вядомай акторкай, бралі інтэрв’ю ў пісьменніка, кнігу каторага чыталі ў той момант. Мне асабіста больш за ўсе запомнілася экскурсія ў Марбаркку – дом-музей Сельмы Лагерлёф. Для мяне было вялікім гонарам убачыць на ўласныя вочы дом адной з найбольш значных пісьменніц 20-га стагоддзя. Адзінай скаданасцю, што часамі ўзнікала, было няўпэўненае на той момант валоданне мовай. Часам мне цяжка было разумець беглую шведскую гаворку. Аднак шведскае цярпенне – бязмежнае, і нашы выкладчыкі заўсёды былі гатовыя яшчэ раз паўтарыць, калі што не зразумела. Увогуле ўсе мы – і выкладчыкі, і студэнты былі адной вялікай кампаніяй, разам вучыліся чаму-небудзь новаму – мы ў іх, а яны ў нас, разам ездзілі на экскурсіі, распісвалі даларнскіх конікаў, пяклі бліны, каталіся на байдарках, ставілі спектаклі… Да гэтай пары я з цяплом і ўдзячнасцю ўспамінаю гэтыя часы.
Кожны год прыкладна ў снежні-студзені Шведскі інстытут публікуе абвесткі пра летнія курсы. Каб дасылаць сваю заяўку і потым паехаць у Швецыю, неабходна ўжо некаторы час вывучаць мову.
Дзе ў Менску можна вучыць шведскую? Калі вы вучыцеся ў Лінгвістычным універсітэце, то можна ўзяць яе ў якасці трэцяй мовы. У БДУ на факультэце міжнародных адносінаў таксама ёсць адзяленне скандынавістыкі. А для тых, хто не звязаны ўжо з акадэмічнай адукацыяй альбо вучыцца ў іншых універсітэтах, існуе Цэнтр Шведскіх даследаванняў. Кожны год Шведскі Інстытут выдзяляе каля 2-3 стыпендый для кожнай з гэтых устаноў. Гэта не так шмат, аднак, і не мала. Натуральна, што есць і платныя летнія курсы для тых, хто можа сабе дазволіць гэта. Каштаваць яны будуць як 10цідзённы адпачынак у цеплых краінах, але колькі прынясуць радасці і карысці! Такім чынам, калі хочаце паехаць разам са студэнтамі ўсяго свету на курсы, пачынайце вучыць шведскую мову, сачыце за навінамі, і краіна вікінгаў вас сустрэне неўзабаве! Поспехаў!
З усімі пытаннямі можаце звяртацца да каманды Adukacyja.info альбо каманды Цэнтра Шведскіх даследаванняў праз мэйл: adukacyjateam@gmail.com