Летняя школа польскай мовы ў Польшчы

  • 08.02.2015

Мяне завуць Алена, мне 19 год і я вывучаю ангельскую і нямецкую мову. Таксама вельмі падабаецца літаратура, асабліва захапляюся жанрам антыўтопіі. Але у мяне ёсць захапленне па-за межамі універсітэту. Я пачала цікавіцца польскай мовай і культурай амаль чатыры гады таму. Дакладна не памятаю, што мяне падштурхнула, але пасля сканчэння школы вырашыла, што абавязкова вывучу польскую мову.

wieczor kultur

Яшчэ падчас здачы выпускных экзаменаў я даведалася пра існаванне Польскага Інстытута. Мэтамі яго дзейнасці з’яўляюцца спрыянне вывучэнню польскай мовы і культуры, арганізацыя цікавых мерапрыемстваў і пашырэнне ведаў пра Польшчу. Таксама Польскі Інстытут арганізуе бясплатныя курсы польскай мовы, якія доўжацца два гады і даступныя любому грамадзяніну Рэспублікі Беларусь ва ўзросце ад 18 год. Заняткі праводзяцца ў Мінску, Віцебску, Магілёве і ў Гомелі. Набор праводзіцца на конкурснай аснове. Асабліва вітаецца прысутнасць матывацыі ў кандыдатаў.

Кожны год у чэрвені на моўныя курсы набіраюць новыя групы. Заняткі адбываюцца два разы на тыдзень днём ці ўвечары. Удзельнікі павінны толькі набыць падручнік за ўласны кошт.

Уласны досвед

Расклад заняткаў майго факультэту не вельмі спрыяў вывучэнню дадатковай замежнай мовы. Шмат часу я займалася самастойна, бо не заўсёды ўдавалася наведаць заняткі ў Польскім Інстытуце. Але навучанне на занятках было вельмі прадуктыўным! Мы вучыліся дакладна вымаўляць гукі, размаўляць у розных сітуацыях, вывучалі граматыку, якая, сапраўды, з’яўляецца адной з самых складаных у свеце.

Па выніках першага году навучання можна было атрымаць стыпендыю на вывучэнне польскай мовы ў якім-небудзь польскім горадзе. Я падавала заяўку, але шчыра кажучы, не вельмі на нешта разлічвала. Аднак, аднойчы ліпеньскай раніцай мне патэлефанавалі з Інстытуту і прапанавалі месца ў Школе Польскай мовы і Культуры пры Універсітэце Вроцлава! Казаць, што я была здзіўленая, – нічога не казаць!

Самы цікавы месяц

Больш за ўсё пытанняў у мяне выклікаў даезд. Я вельмі хвалявалася, бо ўпершыню ехала адна, без бацькоў або групы. Дабіралася я цягніком Беласток – Вроцлаў без перасадак і ўжо падчас падарожжа змагла папрактыкавацца ў польскай мове з яе носьбітамі:-)

Чыгуначны вакзал Вроцлава мае сапраўды казачны выгляд! Пясочна-жоўты палац з вежамі, унутры ўсё вельмі прыстойна.

Раней мяне скантактавалі з агульным знаёмым, які сустрэў мяне і падвёз да акадэміка (інтэрната). Ён трохі павазіў мяне па горадзе, казаў, што я хутка тут адаптуюся. Маімі першымі уражаннямі былі словы: “Як прыгожа!” Ва Ўроцлаве існуе сапраўдны студэнцкі гарадок з усім неабходным. Усё вельмі блізка – крамы, кафэшкі, велізарны гандлёвы цэнтр – у 10 хвілінах ад акадэміку, дзе можна набыць ежу і розныя неабходныя рэчы.

Потым мяне сустрэлі «пілоты», далі бэйдж з маім прозвішчам, картку, па якой мяне будуць упускаць у акадэмік і ключ ад майго пакою. Мая суседкі Ліза, Каця і Аліна прыехалі з Расеі. Ліза рыхтавалася да паступлення ў Вроцлаўскі Універсітэт, Каця і Аліна ўжо былі выпускніцамі. Выгляд з гаўбца быў, сапраўды, шыкоўным, і я падумала: “Пачынаецца самы цікавы месяц!” Наступнага дня на цырымоніі адкрыцця моўных курсаў з’явілася магчымасць пазнаёміцца з усімі удзельнікамі. Здаецца, тут сабраліся жыхары з амаль увесяго свету – японцы, кітайцы, індыйцы, амерыканцы, а таксама прадстаўнікі амаль з усіх краін Эўропы!

“На занятках мы толькі размаўлялі!”

Усіх удзельнікаў размеркавалі па групах у адпаведнасці з ўзроўнем ведання мовы. Кожны дзень мы атрымлівалі невялічкае хатняе заданне. Дзякуючы гэтым курсам я значна падняла ўзровень свайго маўлення і зараз не губляюся, калі трэба размаўляць па-польску.

Працэс навучання праходзіў на вельмі выскоім узроўні. Практыкаванні па граматыцы былі ў якасці хатніх. А на занятках мы толькі размаўлялі! Прычым не завучвалі шмат лексікі, а менавіта абмяркоўвалі розныя тэмы. Напэўна, мая найлепшая моўная практыка! Дарэчы, там я падгледзела некалькі прыёмаў, якія могуць мне дапамагчы на практыцы ў школе.

Пры вывучанні было задзейнічана шмат нагляднага матэрылу. Калі мы глядзелі прэзэнтацыю, нам выдавалі таксама раздрукоўкі слайдаў, каб мы маглі адзначыць важнае. Пры вывучэнні слоў і моўных канструкцый мы гулялі ў “калейку” – кожнаму выдавалася паперка з апісаннем яго ці яе, напрыклад “жанчына ў акулярах і з вялікай сумкай. Стаіць перад маладым ксёндзам і пасля бабулі з кацянём у руках”. Сэнс – даведацца ў кожнага, хто ён такі і пабудаваць “калейку” (чаргу).

Пасля моўных заняткаў былі лекцыі па гісторыі і культуры Польшчы. Палякі імкнуліся данесці нам “мэсыдж” – мы ўжо не тая камуністычная Польшча, мы рухаемся далей! Гэта вельмі інспіруе.

Атмасфера на занятках значна адрозніваецца ад атмасферы на семінарах ва ўніверы. Калі ты тут саромеешся зрабіць памылку, бо цябе аблаюць,то на занятках у Польшчы нам часта казалі: “Вось тут, тут і тут у цябе памылкі. Але каб іх не было ў будучым, давай іх зараз выправім.”

Настаўнікі пыталіся кожны ранак, што мы рабілі ўчора ўвечары. Калі глядзелі фільм, то абмяркоўвалі яго, калі былі якой-небудзь вечарыне ці канцэрце – таксама размаўлялі пра гэта.

Скарыць сэрца замежніка дранікам

Пасля заняткаў увечары я гуляла па горадзе. Рынак Вроцлава – вельмі прыгожы, ёсць штосьці асаблівае ў гэтым месцы! Час быў вельмі насычаны на мерапрыемствы! Мы праводзілі вечары знаёмстваў, глядзелі разам кіно, проста добра бавілі час! Асабліва мне спадабаўся Міжнародны вечар. Кожны прадстаўляў стравы сваёй кухні. Вядома, беларусы смажылі дранікі і адразу падавалі гарачымі! Да нас ужо стварылася чарга!:-)

Таксама мы распавялі пра нашу краіну – Беларусь, у асноўным пра тое, чым асабліва цікавіліся ўдзельнікі – да гэтага мы зрабілі невялічкую апытанку. Што цікава, пра хакей узгадаў толькі адзін чалавек – вось вам Чэмпіянат Свету па Хакеі ў Мінску! Яшчэ былі вельмі цікавыя экскурсіі па горадзе. Вроцлаў мне спадабаўся вытрыманасцю ў адным архітэктурным стылі. Нават новабуд пасуе да старых будынкаў. А якія прыгожыя паркі і асаблівая рамантыка трамваяў! Першы час я вельмі сумавала па гэтым відзе транспарта.

Мае урокі

Месяц жыцця ў Вроцлаве кардынальна змяніў мае погляды на жыццё. Упершыню я была абсалютна самастойнай і сама кіравала сваім жыццём – куды ісці ўвечары, як спланаваць свой бюджэт на тыдзень, што зрабіць на выходных.

Я пабачыла людзей з адрознымі поглядамі на жыццё, людзей розных культур, іншага веравызнання. І я зразумела, што галоўная “пілюлька” ад усіх праблемаў – уменне прыйсці да кампрамісу, шчырасць і адказнасць за свае ўчынкі.

Таксама гэта быў мой першы вопыт жыцця ў інтэрнаце. Шчыра кажучы, я думала, што мне гэта будзе трохі цяжка, але ўсё было добра! Галоўнае – адразу пасябраваць з сваімі суседзямі і імкнуцца дапамагаць.

І я ніколі не забуду, як мы гулялі ноччу па вуліцах і размаўлялі аб усім… Нікога не саромеючыся…

І гэты месяц жыцця паказаў мне, што самая вялікая каштоўнасць – добрыя зносіны з людзьмі. Іх нідзе не набудзеш за грошы і не выйграеш. Гэта невымоўнае.