Магчымасці: паміж Беларуссю і Швецыяй

  • Час чытання: 5 хвілін

Стасункі паміж Рэспублікай Беларусь і Каралеўствам Швецыя паступова, але ўстойліва развіваюцца. Прыкладам гэтаму з’яўляюцца шматлікія адукацыйныя праграмы і асветніцкія праекты для беларусаў, культурныя мерапрыемствы ў Беларусі і Швецыі, пераклады і выдавецтвы кніг, падтрымкі маладых і не толькі пісьменнікаў, мастакоў, навукоўцаў і яшчэ шмат чаго файнага.

Гаворачы пра адукацыйныя праграмы ў Швецыі, нельга не ўзгадаць пра праграму Вісбю. Гэта буйная праграма была створана для краін Балцкага рэгіёну, у склад якіх уваходзіць і Беларусь. Штогод Шведскі Інстытут выдзяляе грошы на стыпендыі гэтай праграмы. У 2015 годзе гэта 45 стыпендый на Master-studies для ўсіх краін-удзельніц. Стыпендыя вельмі добрая: аплочвае вучобу, медычную страхоўку, даезд і яшчэ дае вам 9000 шведскіх крон штомесяц на ўтрыманне.

IMG_0427

Каб атрымаць стыпендыю, перадусім, неабходна выбраць універсітэт, у якім вы хацелі б вучыцца і паступіць туды. Навучальных праграм каля 400, так што кожны зойдзе сабе штосьці на свой густ. Ужо пасля паступлення можна дасылаць заяўку на стыпендыю. Тут, бадай што, галоўную ролю, адыгрывае матывацыйны ліст. Але нашыя студэнты ўжо прызвычаіліся да гэтага. Тым больш, што парады па напісанні матывацыі вы заўседы можаце атрымаць ад каманды Адукацыі.інфа. Увесь гэты працэс пачынаецца ў кастрычніку, а тое, што вы атрымалі стыпендыю, даведаецеся ў красавіку. У шведаў, як вядома, усё ўстойліва. Таму і дэдлайны з года ў год не мяняюцца.

Акрамя магістрантаў, скарыстацца са стыпендый праграмы Вісбю могуць і аспіранты з дактарантамі. Тут умовы трошкі іншыя. Удзельнікі павінны ўжо вучыцца ў аспірантуры ці дактарантуры. А стыпендыя выдзяляецца для навуковага побыту ў Швецыі. То бок, калі вам для вашай дысертацыі патрэбны даследванні на базе скажам Каралінскага Інстытута, то гэта праграма для вас. Побыт можа доўжыцца 6, 9 і 12 месяцаў. Стыпендыя пакрывае выдаткі на ўтрыманне і медычную страхоўку.

IMG_0475

Праграма дзейнічае не толькі для акадэмічнага навучання, але і для дзейнасці арганізацый, як дзяржаўных, так і недзяржаўных. Перыядычна з’яўляюцца абвесткі пра розныя праекты, у каторых могуць удзельнічаць НДА, розныя асацыяцыі, інстытуцыі і іншыя. Адной з такіх праграм з’яўляецца Creative Force – праграма падтрымкі супольных праектаў паміж шведскімі і беларускімі партнёрамі.

Таксама існуюць розныя летнікі, трэнінгі, школы для прафесіяналаў, канферэнцыі і кангрэсы. Напрыклад, Летняя акадэмія Шведскага Інстытута для маладых спецыялістаў, Праграма для мэнэджэраў “Паўночная Еўропа”, Балцкая праграма лідарства.

Lund.StudKarnaval

Такім чынам, кожны можа знайсці штосьці для сябе ў гэтым вялікім моры магчымасцей, звязаных са Швецыяй. А калі вы не збіраецеся ці не можаце надоўга выязджаць з Беларусі, але вельмі хочаце быць заангажаваным у тэму шведскай культуры, то чакайце наступнага артыкулу.

Карысныя інфармацыя пра вучобу ў Швецыі па спасылцы.

Поспехаў!