Магістратура ў Брытаніі: Галоўнае зразумець, чаго чакаеш ад адукацыі

  • Час чытання: 8 хвілін
Даслаць сваю анкету

Сёння размаўляем з Таняй Кавалёнак. Яна вывучала міжнароднае развіццё і адукацыю ў магістратуры ўніверсітэта Н’юкасла у Велікабрытані па стыпендыі Chevening. Таксама Таня разам з каляжанкай Алёнай Мельчанка вядзе першы беларускі падкаст пра адукацыю Минобр позвонит

Калі шчыра, то словазлучэнне “вывучаць адукацыю” для нашых шырот гучыць крыху дзіўна. Раскажы, як ты прыйшла да таго, што хочаш вывучаць менавіта адукацыю і міжнароднае развіццё?

Мой шлях да гэтай праграмы быў даволі доўгі і не зусім прамы. Гэта не першая магістратура, якую я пачынала. Я спрабавала працягнуць вышэйшую адукацыю ў Расіі, але яна мяне даволі добра параніла. Мне здавалася, што там будзе лепш, чым у Беларусі, але ў выніку атрымалася, што там тая ж гісторыя, што і ў нас. Я вучылася і ў завочнай магістратуры, і ў аспірантуры, і ў пэўны момант зразумела, што гэта не патрэбна ні майму ўніверсітэту, ні мне: я працавала ў сферы маркетынгу і рэкламе, і мае веды па друку і дадрукаванай падрыхтоўцы там не былі патрэбныя на такім узроўні.

Тады вырашыла, што буду вяртацца ў Беларусь. У той час я і пазнаёмілася з дзейнасцю Adukacyja.info, адкрыла для сябе свет нефармальнай адукацыі і зразумела, што яна (адукацыя) можа мець зусім іншую форму і выгляд. Адначасова я будавала сетку кантактаў у беларускай фармальнай і нефармальнай адукацыі. І зразумела, што мне не хапае нейкай больш фундаментальнай рамкі для таго, каб зразумець, якой адукацыя павінна быць. Каб пазнаць гэта, я вырашыла паехаць у замежную магістратуру.

Насамрэч, спачатку я збіралася ў амерыканскую магістратуру. Мне была цікавая нефармальная адукацыя, звязаная з дзейнасцю НДА, а гэтая сфера там развітая і ёсць вузкаспецыялізаваныя праграмы навучання ва ўніверсітэтах. Але ўсё склалася не так, як планавалася напачатку, і ў выніку я паехала ў Вялікабрытанію.

Самае складанае пытанне ў тым, што магістарскія праграмы ў Злучаным Каралеўстве не такія спецыялізаваныя, як у Штатах. Знайсці такую праграму, дзе б вывучалася дзейнасць НДА, ды звязаная з нефармальнай адукацыяй, было складана. І я знайшла тую, якая, як мне падавалася, больш за ўсё падыходзіла да таго, што я хачу вывучаць.

Што важна ведаць тым, хто таксама збіраецца падавацца на стыпендыю Chevening?

Па-першае, зразумець для сябе, ШТО ты хочаш атрымаць ад свайго навучання. Гэта тычацца ня толькі стыпендыі Chevening, але і любой іншай адукацыйнай магчымасці. І пасля вызначыць, якая адукацыйная праграма табе для гэтага трэба. Дарэчы, я б зараз зрабіла гэта па-іншаму і інвеставала б больш часу, каб знайсці менавіта тую праграму, якая мне патрэбна. Мне пашанцавала, што праграма, на якой я навучалася, прынесла мне новы досвед і ўвогуле спадабалася. Па правілах Chevening, табе трэба абраць тры праграмы, на якіх хочаш навучацца. І я разумею, што не прысвяціла дастаткова часу, каб вывучыць, падыходзяць мне тыя дзве іншыя праграмы ці не. Калі б я прысвяціла гэтаму больш часу, то магла б мець тры прапановы ад універсітэтаў, а не адну, як атрымалася.

Вызначыцца дакладна з тым, што ты хочаш бачыць у магістарскай праграме, і шукаць, шукаць, шукаць. На гэтым этапе Google і сайты ўніверсітэтаў – вашы лепшыя сябры. Рабіце скайп-колы з выкладчыкамі ўніверсітэтаў і дырэктарамі праграм. Гэта ўсё магчыма, проста пішаце, што хочаце паступаць на іх праграму, і хочаце задаць некалькі пытанняў, каб зразумець, ці тое гэта, што дакладна трэба. І калі правядзеш гэты падрыхтоўчы этап, то ня трэба будзе нічога выдумляць для матывацыйнага ліста на стыпендыю. Бо ты ўжо ведаеш, для чаго табе патрэбна гэтая праграма.

Дарэчы, а як выглядаў працэс падачы на стыпендыю? 

Звычайна прыём заявак пачынаецца ў ліпені-жніўні і закрываецца ў лістападзе. На гэтым этапе трэба запоўніць форму: персанальныя дадзеныя, працоўны і адукацыйны досвед, а таксама абраць тры праграмы ў брытанскіх універсітэтах, на якіх хочаш навучацца. Таксама напісаць эсэ, дзе ў 500 словах або менш патлумачыць, чаму ты абіраеш менавіта гэтыя тры праграмы, а яшчэ прыклады сітуацый, дзе ты праявіў ці праявіла лідарскія здольнасці. Наколькі я ведаю, фармулёўка пытанняў змяняецца кожны год, але не значна. Дарэчы, на гэтым этапе нават ня трэба здаваць моўны экзамен – IELTS ці TOEFL, і пазней зможаш больш грунтоўна падрыхтавацца да тэста. Сертыфікаты можна будзе падаць пасля таго, як вы пройдзеце на другі этап адбору.

Таксама ў заяўцы трэба пазначыць некалькі асоб, якія могуць вас парэкамендаваць на стыпендыю – універсітэцкія выкладчыкі, калегі з працы і гэтак далей – залежыць ад тваёй сітуацыі. Тут тое ж самае, што і з сертыфікатамі: тэксты рэкамендацый спатрэбяцца тады, калі пройдзеш на на наступны этап. Памятай, што рэкамендацыі павінны падмацоўваць тваё эсэ, то бок, калі ты падаешся на больш акадэмічную праграму, то натуральна, што твае рэкамендацыі павінны быць ад прадстаўнікоў_ніц гэтай сферы. Суадносна, калі абраныя праграмы больш практыка арыентаваныя, то дамаўляйся са сваімі былымі ці бягучымі працадаўцамі. Рэзультаты першага этапу звычайна вядомыя ў лютым. Вядома, самае важнае ў гэтым этапе – гэта тое, што напісана ў эсэ.

Другі этап – гэта сумоўе. У Беларусі яго праводзяць у амбасадзе Брытаніі ў Мінску. І ўжо паміж «лістом шчасця» і сумоўем табе трэба будзе запрасіць тэксты рэкамендацый.

У маім выпадку на сумоўі былі і пытанні з эсэ. Напрыклад, у мяне запыталі пра мае лідарскія якасці і папрасілі прывесці прыклады, дзе я іх праявіла. Таксама запытвалі, як я звязана з сектарам адукацыі і як збіраюся прыменяць ды распаўсюджваць досвед, якія атрымаю, у Беларусі. Дарэчы, гэтае пытанне задаюць не толькі падчас адбору на Chevening, але і на іншых стыпендыях ды адукацыйных магчымасцях таксама. Тут ніякага сакрэту няма. Важна, каб у цябе была пляцоўка, дзе ты можаш распаўсюджваць свае веды ды інфармацыю аб гэтай стыпендыі. Вынікаў, адабралі цябе на стыпендыю ці не, чакай у чэрвені.

Давай пяройдзем да адукацыйнага працэсу. Раскажы, як праходзіць навучанне на магістратуры ў Вялікабрытаніі і чым адрозніваецца ад Беларусі?

Тое, як пабудаваны навучальны працэс у магістратуры, залежыць ад праграмы. Мне, напрыклад, хадзіць ва ўніверсітэт трэба было ўсяго два з паловай месяцы – з кастрычніка па пачатак снежня, тады ў мяне былі так званыя пары. Прыкладна па дзве пары тры разы на тыдзень. У выніку больш усяго часу я прысвячала самаадукацыі і даследаванням. Але так бывае не заўсёды. У гэты ж час мая сяброўка навучалася ў Архітэктурнай Асацыяцыі ў Лондане, у яе быў рэжым вучобы 24 на 7 увесь гэты год.

Але адразу папярэджу, калі я кажу, што ў мяне было дзве пары тры разы на тыдзень, то гэта не значыць, што астатнія дні я адпачывала. У астатні час трэба рыхтавацца да гэтых пар, з раніцы да вечара. На маю думку, гэта неверагодна дапамагае студэнтам несці адказнасць за сваю адукацыю і яе вынікі. І гэтага вельмі не хапае беларускай адукацыі.

Таксама ў Брытаніі добра развіта інфраструктура для самастойнага навучання падчас праграмы – кругласуткавы доступ да Інтэрнэту, бібліятэк, шмат месцаў на кампусе, куды ты можаш прыйсці і рыхтавацца да пар. Гэта так спрыяе самаадукацыі! Калі створаны спрыяльныя ўмовы для навучання, то гэта значна больш прадуктыўна, чым калі ты робіш гэта насуперак і вымушана шукаць свой камфорт па кафэшках ці дома. Вучыцца ў атмасферы, дзе ўсе астатнія таксама вучацца, значна прасцей і прыемней.

А якія фінансавыя ўмовы для стыпендыятаў Chevening?

Стыпендыя пакрывае кошт праграмы навучання, але ёсць пэўны ліміт. Звычайна, гэтых грошай хапае на любую праграму, калі гэта, канешне, не MBA у топавым універсітэце. Таксама ў цябе ёсць штомесяцовая стыпендыя, каб пакрываць выдаткі на жытло і жыццё. Яна залежыць ад тэрыторыі, дзе ты жывеш. Напрыклад, стыпендыяты з Лондана атрымліваюць больш, бо там, вядома, кошты вышэйшыя. Мне на жыццё хапала гэтай стыпендыі.

Ведаю, што ты падчас вучобы падпрацоўвала ў сваім універсітэце ў  даследчай праграме. Раскажы падрабязней, як гэта было.

Так, я была інтэрнам у даследванні вынікаў педагагічнай інтэрвенцыі ў нашай медыцынскай школе. Там ужо два гады выкарыстоўвалі цікавы педагагічны інструмент, каб зрабіць пераход паміж модулямі навучання больш камфортным для студэнтаў і студэнтак. Мне падавалася, што інтэрн – гэта чалавек, які сядзіць, нешта слухае і робіць паметкі. Апынулася, што ў Вялікабрытаніі на гэтай пазіцыі ты робіш амаль усё: выбар метадаў даследвання, збор дадзеных, аналітычную працу, а твае кіраўнікі і кіраўніцы робяць карэктыроўкі. То бок, у якасці інтэрна я рабіла паўнавартаснае даследаванне, і калі параўнаць з тым, як я праводзіла даследаванні ў маскоўскай аспірантуры, то ў Брытаніі пабачыла, як робіцца рэальная навука. У Брытаніі ты маеш магчымасць абмяркоўваць кожны крок разам з прафесарамі, якія заматываваны гэта рабіць і ім сапраўды цікава. Гэта матывуе і цябе рабіць сваю працу класна. У выніку ў мяне ўсё атрымалася, вынікі даследавання апублікавалі, таму ў мяне яшчэ і публікацыя з’явілася.

Гучыць класна, але давай пагутарым пра праблемы. З якімі складанасцямі ты сустрэлася падчас вучобы і як іх вырашала?

У мяне быў цікавы досвед барацьбы ва ўласным ўніверсітэце. Я жартую, што той запал змагарства, які не рэалізавала ў Беларусі, змагла рэалізаваць ў Брытаніі. У свеце нявырашанага Брэксіта для студэнтаў, якія не з’яўляюцца грамадзянамі ЕС, усталявалі новыя правілы. Падчас летняга семестру трэба было рабіць так званы physical check-in, то бок табе трэба прыходзіць на кампус і ставіць свой подпіс на паперы, што ты тут і ты вучышся. У мяне паўстала пытанне: чаму мы ўвогуле павінны гэта рабіць? Я рабіла запыты ва ўніверсітэт, мне адказвалі і апелявалі да нейкіх дакументаў, але нідзе не было апісана менавіта такой працэдуры, якую яны прапанавалі тады. Гэтая бюракратыя ставіць цябе ў няроўны стан з іншымі. Чаму замест таго, каб пісаць дысертацыю, трэба кудысьці ехаць, каб проста паставіць подпіс? І чаму гэта нельга зрабіць анлайн?

Я паспрабавала звярнуцца ў свой студэнцкі саюз – ён мяне, на жаль, праігнараваў. Я не хадзіла адзначацца і працягвала пісаць лісты ў адміністрацыю ўніверсітэта, якая не вельмі актыўна на іх рэагавала. У выніку навучанне скончылася, і я паехала назад у Беларусь з адчуваннем, што зрабіла ўсё, што магла і не здалася сістэме. Але ж самае цікавае адбылося пазней, калі я даведалася, што для замежных студэнтаў_ак маёй школы гэтую працэдуру ўсё ж змянілі, і фізічнай прысутнасці больш ня трэба. Я была вельмі рада гэта пачуць, бо змагалася збольшага не для сябе, а дзеля роўнага падыхода да будучых студэнтаў і студэнтак.

А ці быў у цябе культурны шок у Брытаніі? Усё ж такі іншая частка Еўропы і свае парадкі. 

Насамрэч, не. Да гэтага я была шмат у якіх краінах, у тым ліку і ў Брытаніі. У мяне выпрацавалася пэўная культурная гнуткасць, і мне было даволі лёгка адаптавацца ў Брытанію. Ды і я не разглядала гэтую краіну як месца для жыцця. Дарэчы, па ўмовах праграмы пасля навучання трэба вярнуцца ў родную краіну мінімум на 2 гады.

Што параіш тым, хто таксама збіраецца атрымліваць адукацыю за мяжой?

Галоўнае – гэта вызначыцца з тым, НАВОШТА табе гэта трэба, і быць шчырым з самім сабой. Калі зможаш дакладна адказаць на гэтае пытанне для сябе, то будзе лягчэй. Раю скласці шорт-ліст краін, дзе хочаш вучыцца, а потым вызначыцца з універсітэтамі і спецыяльнасцямі. Напрыклад, ты вызначаешся, што хочаш паехаць у Брытанію, у Лондан, ва Queen Mary University of London, каб вывучаць гендарныя даследванні. Бінга, кола твайго пошуку звузілася, і ўжо можна канцэнтравацца, якія магчымасці прапануе менавіта гэты ўніверсітэт для замежных студэнтаў_ак, якія ёсць магчымасці з боку Злучанага Каралеўства. Яшчэ раю паспрабаваць знайсці беларусаў і беларусак, якія ўжо навучаліся ў краіне, універсітэце, спецыяльнасці, на якую збіраешся падавацца. Дарэчы, на сайце Адукацыі шмат інтэрв’ю з беларусамі і беларускамі, якія навучаліся за мяжой, таму варта пашукаць нешта і тут. І абавязкова вучыць ангельскую. Нават калі нікуды не збіраешся ехаць – гэта значна спрашчае пошук інфармацыі, бо большая яе частка будзе менавіта на англійскай мове.

На тваю думку, чаго не хапае беларускай адукацыі? Што б ты зрабіла адразу, калі б стала міністрэсай адукацыі?

Ух, можа трэба яшчэ ў адной магістратуры павучыцца, каб усебакова адказаць на гэтае пытанне. Па-першае, трэба даць больш акадэмічнай свабоды. Як студэнтам і школьнікам, так і настаўнікам і выкладчыкам. Тут патрэбная як і свабода абіраць дысцыпліны і склад навучання, так і свабода даваць зваротную сувязь. Для зваротнай сувязі, канешне, трэба ствараць бяспечнае асяроддзе.

Па-другое, важна звязаць беларускую адукацыю з сусветнай. Зараз беларуская адукацыя існуе ў сферычным вакууме. Канешне, дзяржаўныя чыноўнікі ад адукацыі могуць прывесці прыклады, што ў нас працуюць пэўныя міжнародныя праграмы, праграмы абмену і г.д. Але ў маштабах сусвету гэта пыл.

Таксама я б перагледзела ўсе адукацыйныя праграмы, якія існуюць у Беларусі, на рэлевантнасць, ці адпавядальнасць рынку працы. Бо акадэмія і рэальныя сектары эканомікі мусяць быць звязаныя. Але мушу сказаць, што зараз дзяржава прадпрымае спробы, каб наладзіць гэтую сувязь.

Вы з каляжанкай Алёнай Мельчанка ведзяце першы ў краіне падкаст пра адукацыю Минобр позвонит. Раскажы, як з’явілася ідэя падкасту? 

Гэтая ідэя найперш з’явілася ў Алёны, якая таксама навучалася па Chevening у адзін год са мной, але ў іншым месцы. Яна прыехала да мяне ў госці ў Н’юкасл, і мы з ёй літаральна правялі ўсе выходныя за размовамі пра беларускую адукацыю. Мы думалі, які ўнёсак можам зрабіць, каб беларуская адукацыя стала лепшай. Так і нарадзілася ідэя з падкастам. Зараз гэта пляцоўка, на якой мы абмяркоўваем праблемы і новыя ідэі, звязаныя з адукацыяй, без цэнзуры. Тое кола праблем, якое зараз пануе ў беларускай адукацыі, не адпавядае сённяшняй медыйнай і грамадскай увазе. То бок праблем шмат, а ўвага з боку грамадства і медыяў маленькая. Гэта як бомба запаволенага дзеяння. І мы з Алёнай спрабуем гэта разварушыць, стварыць нейкія ўмовы, кейсы для размоваў пра адукацыю і тое, што з ёй рабіць.

Фота: Анастасія Рыжанкова

Фота: Анастасія Рыжанкова

Што параіш чытачам і чытачкам Adukacyja.info?

Па-першае, я ўпэўнена, што кожны беларус і кожная беларуска павінны атрымаць досвед адукацыі за мяжой. Гэта must для ўсіх, каб проста паглядзець на тое, як бывае па-іншаму. Я разумею, што кагосьці пасля навучання ў беларускай школе або ўніверсітэце можа адвярнуць ад адукацыі. Але я раю паспрабаваць знайсці іншае асяроддзе, у якім можна атрымаць адрозны адукацыйны досвед.

Раскажу лайфхак. Не так шмат беларусаў і беларусак едзе навучацца за мяжу. А ў шматлікіх універсітэтах адзін з паказчыкаў, ад якіх залежыць іх рэйтынг – гэта культурная разнастайнасць, колькасць краін, з якіх паходзяць тыя, хто ў іх навучаецца. Таму мы ў выйгрышным становішчы: можам дапамагчы дадаць дадатковыя балы да рэйтынгу ўніверсітэту, у якім раней ніхто з Беларусі не навучаўся. Win-win для абоіх бакоў, таму варушыцеся і дзейнічайце!

Набор на cтыпендыю Chevening на  2020/2021 навучальны год мусіць адкрыцца ў жніўні, за навінамі сачыце на сайце Адукацыі і на сайце праграмы.