Малады выкладчык і прыгоннае права яшчэ на два гады
- 28.05.2016
- Блог
Мінула тры тыдні – і малады выкладчык зноў у эфіры Адукацыі. На гэты раз з навіной – мяне зноў размеркавалі на журфак. Міністр інфармацыі асабіста пастанавіла, што быць табе, Любоў, яшчэ два гады пад прыгонным правам…
Новы семестр скончыўся (аўтазамена на кампутары падказвае, што лепш напісаць “скончался”). І нешта я пагасла. Бо гэта абсурдна, калі цябе вымушаюць працаваць там, дзе ты будзеш адбываць павіннасць. Канешне, я ведаю, што існуюць правілы гульні, і сваёй згодай на бясплатную адукацыю шэсць гадоў таму я прыняла іх. Але чаму мы вымушаны ім падпарадкоўвацца і ісці па тых сцяжынах, якія ўжо нехта пратаптаў? Чаму дагэтуль, у 2016 годзе, існуе “ўраўнілаўка”, для якой не важна, што ты любіш, што ў цябе найлепш атрымоўваецца і дзе ты можаш найлепш прафесіяналізавацца? Фух, лепш спынюся, бо тут шмат аклічнасцей ды ўмоўнасцей, а сказаць хочацца пра іншае.
Журфак – дзіўнае месца. Тут не вучаць студэнтаў быць журналістамі. Будучыя воіны інфармацыйнага фронту (трэба больш патасу:) ўсе свае ўменні набываюць самі: падчас працы ў рэдакцыях, практыкі, у стасунках з людзьмі, якія натхняюць сваім прафесіяналізмам і стаўленнем да жыцця, на ўсемагчымых трэнінгах, якіх для журналістаў столькі, нібы гэта самыя патрэбныя свету людзі.
І ведаеце, што самае прышпільнае, – выкладчыкі журфака, як мінімум, “размеркаваныя”, таксама вучацца быць прафесіяналамі самі. Пад прафесіяналізмам я маю на ўвазу не толькі набор ведаў, якія яны перадаюць іншым. Гэта і кампетэнцыі, што вызначаюць стыль паводзінаў са студэнтамі. Напрыклад, я дагэтуль не ведаю, як лепш абысціся з тымі, хто аднойчы з’явіўся на парах і за тры дні перад залікам пытаецца, што трэба зрабіць. Правучыць? А ці ёсць у мяне на гэта права? Уключыць лаяльнасць і проста параіць добра падрыхтавацца да заліку? А ці будзе гэта справядліва ў адносінах да тых студэнтаў, хто разам са мной прачынаўся ў суботу а 6:30, збіраўся на пары і ехаў ва ўніверсітэт, каб паспець да паловы на дзявятую?
Дый наогул: вынікам нашых заняткаў мусіць стаць не запоўнены радок у залікоўцы, і веды – навыкі, якія студэнт лёгка зможа ўвасобіць на практыцы. Але калі табе гэты студэнт шчыра прызнаецца: “Я не буду працаваць па спецыяльнасці, вучуся толькі для бацькоў”? Маёй парадай было – не падманваць сябе. Аднак не ўсе настолькі смелыя, каб пайсці супраць цячэння. І тады пытанне: навошта марнаваць час і сілы студэнта, якія маглі б сысці на больш карысныя рэчы? Нават калі б замест працы над прэзентацый ён пайшоў залівацца (смехам) у бары. Гэта яго жыццё і спосаб атрымоўваць задаволенне, якога нам татальна не хапае. Як і адказнасці.
Карацей, пытанняў шмат. І разумею, што адказы на іх можна знайсці толькі на практыцы, калі кожны раз ты будзеш весці заняткі і аналізаваць, што было ўдалым, а які метад праваліўся. Асабіста я гатова да гэтага (куды дзецца?!). Але чаму студэнты павінны станавіцца аб’ектамі гэтых эксперыментаў? Здаецца, яны заслужылі атрымоўваць якасныя заняткі ад самага пачатку, а не адмыкаць новы віток замкнёнага кола неда-адукацыі.
Выбачайце за гэтыя ўнутраныя маналогі, якім я дазволіла ператварыцца ў сімвалы ды знакі. Адно паўшар’е імкнецца мяне падбадзёрыць: “Вышэй нос!” А іншае цытуе жарт аднагрупніка: “Не магу, у мяне насмарк”.
Па-ранейшаму з любоўю,
Любоў