Малады выкладчык юрфаку: “Оруэл для нас як ніколі актуальны”
- Час чытання: 5 хвілін
Нядаўна мы разварушылі архіў з працамі нашых адумарафонаўцаў і падумалі: якія ж яны клёвыя! А пасля знайшлі вось гэтае інтэрв’ю з маладым выкладчыкам і падумалі: беларускую адукацыю крытыкуюць шмат, але ж ёсць у ёй людзі, якія змяняюць адукацыйны свет да лепшага. Сёння Лізавета Сцяцко прапануе вам пазнаёміцца з магістрам юрыдычных навук, старшым выкладчыкам 27 гадоў ад нараджэння, Леанідам Марозавым.
***
Пэўна, у любой навучальнай установе ёсць такі выкладчык, які лёгка ідзе са студэнтамі на кантакт, не заціскае вучэбнае жыццё толькі ў межы ўніверсітэта і паўнавартасна камунікуе са студэнтамі пасля пар, імкнучыся пашырыць свае і, вядома, іх думкі.
Так, сустрэўшыся ля Нацыянальнага мастацкага музея і рушыўшы ў кірунку “Мануфактуры”, я пачала распытваць Леаніда Віктаравіча пра яго стыль жыцця, а не толькі манеры апранацца. Піцерскае надвор’е ў Мінску апраўдвала сябе: пакуль мы дайшлі да кафэ, дождж змяніўся сонцам, якое па-весноваму прыпякала, робячы нашу гутарку больш лёгкай і шчырай.
– Тое, як я апранаюся, залежыць ад майго настрою, тут няма пэўнага стылю. Абавязкова павінны быць акуляры, а так аксэсуарамі рэдка карыстаюся. Часцей за ўсё гэта спартыўны гаджэт.
– А як жа шалік? – дапытваюся.
– Ён дарагі мне як памяць, яго прывёз з Парыжа мой блізкі чалавек. Для афіцыйнага касцюма і кедаў я надта стары, – смяецца і працягвае выкладчык. – Абутак купляю незалежна ад маркі і кошту, галоўнае, каб падабалася. Але хацелася б адзначыць “Bugatti”.
Пасля пытанняў пра стыль я пачынаю распытваць пра жыццё па-за межамі ўніверсітэта.
– За апошні год жыццё кардынальна змянілася. Калі б можна было ахарактарызаваць яго песняй, то гэта была б Земфіра «Самалёты».
«Сколько в моей жизни было этих самолетов
Никогда не угадаешь, где же он не приземлится».
– Пару месяцау таму адбыўся мой першы вопыт, калі я чытаў вершы са сцэны. Было складана, але эксперымент атрымаўся даволі цікавым. Таму калі б я мог абіраць час, у якім хацеў бы жыць, то гэта быў бы ясенінскі час, калі на вуліцы можна было чытаць вершы.
На сцэне выкладчык чытаў верш Дзмітрыя Быкава:
«На самом деле мне нравилась только ты,
Мой идеал и мое мерило.
Во всех моих женщинах были твои черты,
И это с ними меня мирило».
Ды і вучу ў апошні час многае, больш з сучаснай паэзіі. Два аўтары, якія мне вельмі блізкія, – гэта Вера Палазкова і Ах Астахава:
«Я – дурак,
Но сказочно богат,
Чувствами,
Не знающими
Края».
Калі мы загаварылі пра перавагі, то я вырашыла даведацца пра густы ў галіне мастацтва:
– Што я слухаю з музыкі? Гэта, вядома, Земфіра, «Мумі тролль», «Океан Ельзи», стары добры «Сплін», Аліна Арлова. З рэпу, напэўна, «Ассаі». Калі рэжысёр, то Рэната Літвінава і яе фільм «Багіня: як я пакахала». Хацелася б адзначыць яшчэ фільм «1+1», не ведаю чаму, чымсьці зачапіў.
– А вы ведаеце, што Рэната здымае фільм пра Бродскага?
– Не, не чуў. Ведаеце, да Бродскага стаўлюся абыякава, так, падабаецца колькі вершаў. Але крытыкаваць Бродскага – нажыць сабе ворагаў, – усміхаецца Леанід Віктаравіч.
– А што тычыцца літаратурных перавагаў?
– Мне вельмі блізкі «Ідыёт» Дастаеўскага. Ну і, вядома, беручы да ўвагі сучаснае становішча, лічу Оруэла як ніколі актуальным.
Калі чытаць Леаніда Віктаравіча ў сацыяльных сетках, то адразу зразумела, што ён не ставіцца абыякава да бегу.
– Так, я шмат бегаю. Па-першае, гэта фізкультура. А па-другое, ёсць час падумаць, бо ты застаешся сам-насам.
Складана не пагаварыць з выкладчыкам пра працу:
– Праца абавязвае мяне быць экстравертам, але людзей, якія мяне сапраўды добра ведаюць, няшмат. Так, ёсць вобраз вясёлага выкладчыка, але гэта не зусім праўда. Усе свае думкі я пішу ў адзін блог, праўда, не падпісваюся сваім імем, так што вы наўрад ці мяне знойдзеце, – усміхаецца Леанід Віктаравіч.
Перайшоўшы ад моды да крыху асабістага, я заўважаю, што для майго суразмоўцы адно з першых месцаў у жыцці займаюць людзі, якія яго атачаюць. «Гэта так, я шукаю людзей, цікавых мне, вось, уласна, чым я займаюся па жыцці. Я ведаю шмат недаацэненых людзей: выдатная маладая дызайнерка і брэсцкі паэт. Мне б хацелася, каб пра іх даведалася больш людзей. У нас шануюць поп-дзеячоў, але зусім забываюцца на сапраўдных людзей, якія навокал, побач».
Напрыканцы я прашу падзяліцца сваімі планамі на будучыню: «Я прызнаю, што праца для мяне – гэта сэнс жыцця. Лічу, што ў мяне атрымоўваецца, і мне гэта падабаецца. Я хацеў бы паехаць у Страсбург і папрацаваць у Еўрапейскім судзе па правах чалавека. Але, на жаль, гэта немагчыма, пакуль наша краіна знаходзіцца за межамі Еўраўвязу».