Марго Лазарэнкава: Крэатыўныя індустрыі – для пазітыўных зменаў у свеце

  • Час чытання: 5 хвілін
Даслаць сваю анкету

Адукацыя.info спыталася ў адной з самых крэатыўных і матывуючых дзяўчат сучаснай сферы культуры Беларусі Марго Лазарэнкавай ўсе пра лідарскую праграму Шведскага Інстытута і даведалася. Але не толькі гэта. Цяпер мы ведаем, як цікавыя трэнінгі трансфармуюць людзей, і асабліва ганарымся, што такія зорачкі, як Марго ў сваю чаргу трансфармуюць наша грамадства і прабіваюць нават самыя тоўстыя сцены. Дзелімся з табой гэтай радасцю ў нашым сенняшнім артыкуле.

Калі я пісала дыплом па крэатыўнай эканоміцы, то натуральна пачала шукаць інфармацыю і пра Беларусь у гэтым ключы. І не знайшла. На жаль, у нас няма статыстыкі па прыбытку ад гэтай сферы дзейнасці. Гэта мяне неяк падштурхнула, я пачала капаць у гэтым напрамку. У той час на адным з мерапрыемстваў я пазнаёмілася з Алегам Кляцко – гэта наш хлопец, што цяпер жыве ў Стакгольме. Ён спрабаваў мяне пераканаць у важнасці прынцыпаў устойлівага развіцця, экалагічнасці. Але я неяк не разумела тады, навошта мне ўсё гэта. У мяне ў галаве была ідэя развіваць крэатыўныя штукі ў Беларусі. Таму я паслухала яго і пайшла далей. Але да гэтага мы яшчэ вернемся.

Неўзабаве пачалася падрыхтоўка да праграмы “Культура і крэатыўнасць”,  потым яна паспяхова стартанула. Паціху ў соцыуме пачалі прызвычайвацца да слоў крэатыўнасць, крэатыўная эканоміка. Знаны амерыканскі даследчык Рычард Фларыда зрабіў выснову, што асновай эканамічнага развіцця Злучаных Штатаў у апошнія гады з’явіліся менавіта крэатыўныя індустрыі і ўсё, што звязана з імі. Ён казаў пра так званы “крэатыўны клас” – гэта творчыя людзі, якія, на яго погляд, акурат і прасоўваюць грамадства наперад. Я вельмі радавалася, што разуменне гэтага прыйшло і да нас. Крэатыўныя індустрыі даюць гарадам новы подых, прыцягваюць актыўных таленавітых людзей і такім чынам стымулююць эканамічны рост.

Але яшчэ шмат чаго было наперадзе. Мы з калегамі разумелі, што трэба пераходзіць ад прасторы з рознымі мерапрыемствамі, што больш завязаны на месцы правядзення, да крэатыўнай суполкі, якая вольная існаваць сама па сабе, незалежна ад месца, і ствараць крутыя рэчы! Тады мы задумаліся пра  Creative mornings. Вы хутчэй за ўсё ведаеце пра гэтую ініцыятыву, што заснавала Tina Roth Eisenberg – дызайнерка з Нью-Ёрку- для кам’юніці творчых людзей. Гэта ранішнія сустрэчы, дзе за сняданкам збіраюцца ўсе зацікаўленыя і абмяркоўваюць нейкую тэму. Ідэя хутка распаўсюдзілася па ўсім свеце. На цяперашні момант ужо 181 горад далучыўся да Creative mornings. Пастаянства – адзін з галоўных фактараў поспеху гэтай ініцыятывы. Жыхары горада ведаюць, што кожны месяц абавязкова адбываецца ранішні івэнт кожны раз з новай тэмай, прызвычайваюцца да гэтага. Такім чынам паступова фарміруецца суполка зацікаўленых людзей. На кожным сняданку сустракаюцца людзі з розных сфер – вось дзе крыніца сапраўды крэатыўных ідэй! Мы бычылі, што ў нашым горадзе таксама велічэзная колькасць талентаў, шмат патэнцыйных магчымасцей. Вось і вырашылі спрацаваць так, каб паставіць крэатыўную кропачку і на мапу Беларусі. Так з’явіўся Creative mornings Minsk.

На гэтай пазітыўнай ноце мы зноў перасякліся з Алегам. Ён распавёў мне пра лідарскую праграму Шведскага Інстытута, пераканаў напісаць заяўку. Я падалася на праграму, але не чакала шмат ад гэтай падачы. Усё ж такі, асноўным накірункам у гэтай праграме былі пытанні экалогіі і навакольнага асяроддзя, а не крэатыўнасці. Адразу мяне нават і не ўзялі. Але потым ў канцы жніўня, калі мы з мужам вярталіся з Рыгі, дзе ён спрабаваў свае сілы на паўфінале ў еўрапейскі стартап-акселератар, сталася прыемная сітуацыя. Па дарозе праз Вільню мы пайшлі ў нашую любімую піцэрыю, злавілі WiFi і абое атрымалі радасныя мэйлы. Ён – запрашэнне ў стартап-акселератар StartupWiseGuys у Рызе, а я ліст ад шведскай праграмы LEAP пад назвай “last minute opportunity” – хуценька вырашыць, ці магу я паехаць на лідарскую школу. Я пагадзілася, бо не прывыкла адмаўляцца ад такіх магчымасцей, заўсёды гавары так!

Кажучы пра праграму, я перш за ўсё хачу адзначыць, што дыплом, які я атрымала ў канцы, хіба ці не самы дарагі для мяне. Я сапраўды шмат праз што прайшла, каб яго атрымаць, і таму ледзьве не заплакала, калі ён быў ужо ў маіх руках.

У праграме 3 модулі. Першы (Стакгольм) быў у самым пачатку восені, і для мяне супаў з пераездам у Рыгу, таму эмоцый было яшчэ больш. Потым было яшчэ 2 – у Стакгольме і Таліне. Гэта былі тэматычныя модулі – 1. чалавек, 2. грамадства, 3. межы планеты.

Наша група была невялікая, але вельмі разнастайная. Узрост удзельнікаў быў ад 26 да 40 год. Многія ўжо шмат чаго ў жыцці паспрабавалі, у нечым былі экспертамі, але многія з нас былі і ў стане кардынальных жыццёвых і кар’ерных зменаў. Я ўзгадвала сябе, калі таксама была на гэтым этапе. Я яго назвала этапам фундамента, калі я шукала свае цаглінкі і будавала новае. У гэтых людзей былі абсалютна розныя бэкграўды, у тым ліку адрозныя ад майго. Гэта нашмат шырэй зрабіла мае гарызонты. Іх досвед экспаненцыяльна пашырыў маё ўспрыняцце свету, погляд на нашыя праекты. Я літаральна ўсё ўбачыла па-іншаму.

Мы даведадаліся пра канцэпцыю сістэмнага прадпрымальніцтва – як прадпрымальнікі могуць сістэмна ўплываць на глабальныя змены. Гэта ж акурат тое самае, чым займаюцца крэатыўныя індустрыі! У мяне заўсёды было пытанне – навошта мы развіваем крэатыўныя індустрыі. Вось навошта! Для пазітыўных зменаў ва ўсім свеце. Людзі, апантаныя тэмай устойлівага развіцця, раней здаваліся мне такім асобным колам зялёных, але, калі пачынаеш мысліць сістэмна – то разумееш: калі справа тычыцца планеты, ніякіх “асобных колаў” быць і не можа. Зараз як ніколі сітуацыя патрабуе нестандартных, інавацыйных рашэнняў, і я ўпэўнена, што крэатыўныя прадпрымальнікі граюць тут вялікую ролю. На нашых трэнінгах былі мега крутыя спікеры – шведскія вучоныя, эксперты ў design thinking, спецыялісты з інстытута сінгулярнаці NASA. Я з’язджала з новымі ведамі пра 17 глабальных мэтаў устойлівага развіцця ААН і так званую care economy, у аснове якой – клопат пра іншых людей і навакольнае асяроддзе. Гэта было для мяне новае, а многія ўжо з гэтым працавалі. Усе, хто там былі, могуць і, я ўпэўнена, будуць працаваць дзеля пазітыўных зменаў у свеце.

Калі я вярнулася дадому, то сабрала сваякоў на вегетарыянскі абед. Тут зноў жа ідэі ўстойлівага развіцця не пакінулі мяне абыякавай. Я змагла паказаць сябрам, як можна смачна гатаваць і без мяса. Але галоўнае – мне хацелася хутчэй падзяліцца з імі ўражаннямі ад праграмы. Бо яна была вельмі насычаная – не толькі па напоўненасці рознымі заняткамі, але і эмацыйна. Шмат увагі арганізатары прысвяцілі нашаму псіхалагічнаму стану. Так, напрыклад, мы 2 гадзіны правялі з трэнерам, дыхаючы па спецыяльнаму метаду Вім Хофа (гэты такі дацкі морж, які вытрымлівае экстрэмальныя тэмпературы). Вялікім выпрабаваннем было тое, што было потым. Каб навучыць свой арганізм спраўляцца са стрэсавымі сітуацыямі, мы павінны былі цалкам нырнуць у каноэ, напоўненае 150 кіло лёду. Вырашыцца было цяжка, але я сказала сабе – “ці калі-небудзь у жыцці ў мяне яшчэ будзе такая магчымасць? Ці напоўніць хтосьці мне цэлы човен ільдом ды яшчэ ў Швецыі?” Ну, і як вы ўжо ведаеце, я не адмаўляюся ад унікальных магчымасцей.

Раней у мяне не было глабальнага разумення рэчаў, а пасля гэтай праграмы ёсць. Ну і апроч усяго таго крутога, што я ўжо расказала, праграма заўсёды будзе мець у памяці пазітыўныя эмоцыі таму, што падчас яе мы беларускай камандай нарэшце афіцыйна зарэгістравалі Creative Belarus.