Маша Скараход: “EYP? EYP… EYP!!!”


Неверагодна, як шмат асацыяцый ды пачуццяў выклікаюць часам тры літары. І калі пра ЗША ці ААН ведае, пэўна, кожны, хто ўвогуле ў стане бачыць і чуць, сёння я напішу пра абрэвіятуру, якая пакуль запальвае вочы толькі тым, каму ўжо пашчасціла даведацца пра EYP – еўрапейскі моладзевы парламент.

EYP

ЕY…што?

Нехта прыходзіць сюды папрактыкаваць мову, некаму цікава паглыбіць палітычныя веды, іншыя шукаюць сяброў. На сваю першую сесію ў Львове тры месяцы таму я ехала і за першым, і за другім, і за трэцім, а атрымала значна больш. Я і раней ведала пра ЕYP і даўно б туды паехала, але ёсць у парламенцёраў добра вядомае ім правіла: каб паўдзельнічаць у міжнароднай сесіі, трэба спачатку трапіць на рэгіянальную, якую мне давялося доўга чакаць. Але ж чаканні былі ўзнагароджаныя: так склалася, што ў кароткі час на львоўскую сесію патрэбна было даволі шмат людзей, таму я без цяжкасцяў трапіла туды, куды быць адабранай звычайна не так проста.

Яшчэ перад пачаткам сесіі ўсіх удзельнікаў падзяляюць на камітэты (каля 10-15 чалавек), кожны з якіх будзе працаваць над пэўнай тэмай у рамках агульнай павесткі дня, і з гэтага часу менавіта ў гэтых маленькіх групах у асноўным працуюць дэлегаты. У кожнай з груп ёсць свой Сhairperson – дасведчаны ў парламенце лідар, які каардынуе і накіроўвае групавую працу. Падчас працы ў групах удзельнікам трэба дамовіцца наконт таго, што яны змянілі б у пэўным аспекце ЕЗ, які ўказаны ў тэме камітэта (ці трэба ЕЗ ствараць агульную армію, што рабіць у сітуацыі з Расеяй, як рэфармаваць Раду Бяспекі ААН, ці не скасаваць візы і г.д.)

Па выніках працы кожная з груп запісвае прапанаваныя рашэнні ў рэзалюцыю камітэта, каб потым прадставіць яе на генеральнай асамблеі (GA)- фінальнай частцы кожнай сесіі.

Падчас GA ўсе камітэты збіраюцца ў адной зале (на сесіі ў Львове нам давялося трапіць у львоўскую Нацыянальную раду), каб абараніць свае рэзалюцыі.

Перад асамблеяй рэзалюцыі ўсіх камітэтаў збіраюць у агульны Resolution Booklet, які атрымоўвае кожны ўдзельнік, каб даведацца, што прапануюць іншыя камітэты. Кожная група абірае людзей, адказных за крытыку чужых рэзалюцый – у асноўным яны будуць падчас GA задаваць правакацыйныя пытанні і шукаць фактычныя памылкі іншых камітэтаў. Абіраюцца і тыя, хто будзе абараняць і тлумачыць уласную рэзалюцыю, а таксама ўдзельнікі дэбатаў і некалькі іншых “пасадаў”. Па выніках GA рэзалюцыя кожнага камітэта ці прымаецца большасцю ўдзельнікаў ці не.

EYP

“А калі я ведаю, што нічога не ведаю?” ці раніца пачынацца не з кавы

Парламент для дэлегатаў звычайна пачынаецца за 3-4 дні да самой сесіі. Уявіце, напрыклад, вы атрымалі тэму “вайна ў Сірыі” і адзінае, што ведаеце… яна ёсць. Вядома ж, здараецца і так. Таму кожны дэлегат загадзя атрымоўвае Preparation Kit – файл, у які старшыня камітэту клапатліва збірае асноўную інфармацыю і карысныя спасылкі па тэме, каб вы прынамсі на мапе здольныя былі адшукаць гэтую Сірыю (я, вядома, перабольшваю:) Пасля таго, як прачытаеш кіт, едзеш на сесію ўжо даволі падрыхтаванай. Дарэчы, чым больш ведаеш па тэме, тым цікавей будзе падчас сесіі і тым гучней будуць дэбаты, таму падрыхтоўка – істотная частка парламенту.

Энд іф ай донт спік інгліш?

Працоўная мова парламента – ангельская (другой афіцыйнай мовай з’яўляецца французская, але знайсці на ёй сесіі складаней). Шчыра кажучы, без ведання мовы цяжка, як мне падаецца, цалкам залучыцца ў EYP, бо і для абмеркаванняў у камітэтах і для GA выкарыстоўваюць толькі ангельскую. Парламент, мабыць, не лепшае месца, каб вучыць ангельскую from scratch, але ж калі вы ўжо валодаеце мовай на пэўным узроўні, практыку атрымоўваеце без перабольшання выдатную!

Асцярожна, апошнія сесія ці “this is the end”

Здаецца, кожны… пяты з тых, каго я бачыла на сесіі, ужо казаў раней, што ўдзельнічае ў апошні раз (хто на 7-й, хто на 15-й сваёй сесіі), але ўсе вярталіся: нехта як дэлегат, нехта аганізатарам ці chair-ам, бо для большасці з тых, хто аднойчы адчуў EYP, амаль немагчыма паставіць кропку ва ўласнай парламенцкай гісторыі, мабыць, таму некаторыя потым прысвячаюць жыццё палітыцы. Уявіце, вы камунікуеце з будучымі міністрамі замежных спраў ці дэпутатамі Еўрапарламенту!

We are not special

Людзі. Ужо дзеля гэтага парламент варта аднойчы паспрабаваць. Гэта месца для тых, хто верыць, думае і дзейнічае. Тут сустракаюць сяброў на ўсё жыццё і натхненне на шмат месяцаў наперад. Прэзідэнт міжнароднай сесіі ў Грузіі сказала нам падчас сваёй прамовы: “Вы асабіста няшмат зрабілі, каб сюды трапіць. You are not special”. Адзінае, што мы можам зрабіць, каб аддзячыць – прымаць удзел яшчэ актыўней, яшчэ часцей і яшчэ ахвотней.

Я не расказала тут пра неверагодны парламенцкі тымбілдінг, не ўзгадвала насычаную культурную праграму і шматлікія традыцыі, бо проста не хопіць месца. Але ж вам пашчасціла даведацца аб магчымасці і дачытаць гэта да канца, таму зараз толькі ад кожнага з вас залежыць, ці EYP стане часткай вашай гісторыі або так і застанецца проста трыма літарамі.