Мае румынскія ўрокі


Пасля амаль сямі гадоў вучобы ва універсітэце і трох з іх працоўных жудасна захацелася адпачыць. Здавалася б, пра вучобу ў такім выпадку і думаць не варта, але… Натхніўшыся гісторыяй нью-ёркскага дызайнера Штэфана Загмайстера пра творчы адпачынак, у які яны ўсёй камандай сыходзяць раз на сем год, і гісторыямі еўрапейскіх валанцёраў у Менску, я выправілася па свае ўрокі ў Румынію.

1

Геаграфія

Чаму ў Румынію? Гэта, уласна, было топ-пытанне ўсіх маіх блізкіх, за якім ішло стандартнае «Да цыган у табар?» І «Дракулу прывітанне!». Але гэта ўжо да пытання аб стэрэатыпах, пра якія трохі пазней. У маім выпадку хутчэй Румынія абрала мяне: вясной на скрыню прыйшоў мэйл з апісаннем цікавага праекта еўрапейскай валанцёрскай службы, я ў апошні дзень падала заяўку, а ў верасні ўжо была на месцы.

Тым самым месцам апынуўся горад Клюж-Напока, сталіца Трансільваніі. Па факце апынулася, што пра Дракулу тут наогул ні духам ні слыхам (хаця ў кожнай румынскай сям’і кніжка Б.Стокера знойдзецца), а сам горад – хутчэй моладзевая студэнцкая сталіца Румыніі. Са мной у камандзе яшчэ трое: 19-гадовая Каці з Аўстрыі, 20-гадовы эстонец Янно і латышка Іева, якой 24. Жывем у велізарнай 4-пакаёвай кватэры ў адным з спальнікаў (зрэшты, пешшу да цэнтра усяго 35 хвілін).

За час праекта (8 месяцаў) я паспела аб’ездзіць ледзь не ўсю Румынію, часцей за ўсё – аўтаспынам, які тут працуе на ўсе 100. Цяпер ведаю дакладна, што моцна буду сумаваць па моры, гарах і пагорках з акна, авечках і серпантыну дарог.

2

Працоўнае навучанне

Мы ўчатырох працуем у моладзевай асацыяцыі. Вядзем курсы сваіх моў, штомесяц выпускаем брашуру з магчымасцямі для мясцовай моладзі, працуем над сайтам і сацсеткамі, праводзім розныя майстар-класы і міжкультурныя вечарыны. Гучыць вельмі аб’ёмна, але пры нармальным тайм-мэнэджмэнце (з чым у хлопчыкаў і дзяўчынак у Трансільваніі трохі праблематычна) можна знайсці час і на вялікія тусоўкі і падарожжа. Па правілах праекта валанцёр працуе не больш за 7 гадзін у дзень, маючы два выходных на тыдзень плюс яшчэ два любыя дні на месяц.

Матэматыка

У рамках Еўрапейскай валанцёрскай службы валанцёру аплочваецца практычна ўсё: транспарт (90 %), пражыванне, мясцовы транспарт і камунікацыі, выдаткі на працу ў рамках праекта, плюс штомесячныя грошы на ежу (залежыць ад рашэння вашай арганізацыі) і на кішэнныя выдаткі (залежыць ад краіны) – у нас два апошнія пункты складалі 100 + 60 еўра штомесяц.

Гэтых грошай цалкам хапае. Праўда, улічваючы тое, што рыхтавалі мы часцей за ўсё разам (заадно і асвоілі кулінарыю адзін аднаго, а я яшчэ і даведалася, наколькі блізкія латышская і беларуская кухні), падарожнічалі спынам і большасць культурных мерапрыемстваў у Клюжы – бескаштоўныя або за паўкошту для студэнтаў і валанцёраў.

5

Беларускaя мова

Самае, напэўна, прыемнае і запамінальнае з усяго праекта – мае курсы беларускай, на якія, да майго шчасця, хадзіла 10 чалавек: румыны, латышка, аўстрыйка і француз. Крэмзалі паштоўкі сябрам з Беларусі кірыліцай, спявалі Ляпісаў і дзівіліся падабенству паміж румынскай і беларускай мовамі і менталітэтам. Да канца заняткаў загарэліся ідэяй і зрабілі кішэнны размоўнік – беларуска-румынскі.

Замежная мова

Мова падрыхтоўкі і неабходны мінімум для большасці праектаў – ангельская. Але нават калі ваш узровень вельмі базавы – ёсць выдатная магчымасць падцягнуць. Мы ўчатырох дома амаль заўсёды гаварылі па-ангельску, плюс у Клюжы склалася вельмі вялікая тусоўка замежных валанцёраў – каля 30 чалавек з усёй Еўропы, з якімі агульную мова таксама ангельская.

Для валанцёраў ЕВС ў любым праекце арганізоўваюць «моўную падтрымку» – нешта накшталт курсаў мясцовай мовы, каб вы змаглі арыентавацца ў штодзённым жыцці і ў працы. Мне не без дапамогі мясцовых сяброў (ну як сяброў, больш за ўсё матывавала, безумоўна, гісторыя кахання з румынскім хлопцам, але пра гэта тут) атрымалася за 8 месяцаў з абсалютнага нуля вывучыць румынскую да ўзроўню B1, і пад канец праекта мяне ўвесь час прымалі за румынку. Тое, што я блакітнавокая бландынка, іх зусім не бянтэжыла. Вось так едзеш спынам, гутарыш, і тут у цябе пытаюць, адкуль ты. А ў адказ на “З Беларусі” здзіўлена: а дзе гэта ў нас у Румыніі такое мястэчка?

Гісторыя і грамадазнаўства

Самыя цікавыя рэчы з гісторыі Румыніі я даведалася з апавяданняў мясцовых жыхароў ці з уласных назіранняў. Самі сабой напрошваліся паралелі з іх камунізмам і нашымі савецкімі часамі. Ветлівыя румыны заўсёды з болем распавядаюць, што стэрэатып пра тое, што ўсе яны – цыганы і злодзеі, ніяк не выкрэсліцца з еўрапейскае свядомасці. Цікава было бачыць вугорскія або ўкраінскія вёскі пасярод краіны, дзе жыхары мірна жывуць і дапамагаюць адзін аднаму.

Вельмі запомніліся таксама расповеды румынскіх трэнерак на трэнінгу па-прыездзе. Гэта яшчэ адна крутая фішка ЕВСу – валанцераў з усяе краіны збіраюць на трэнінг у шыкоўным месцы, дзе можна завесці сяброў з іншых гарадоў ды ездзіць да іх у госці. Дзяўчыны казалі, што ў цягніку, калі пачынаеш есці, трэба пачаставаць усіх суседзяў. І што спазненне цягніка на гадзіну – гэта не спазненне.

Яшчэ адна цікавая тэма для разважанняў – іншыя валанцёры, якія прыехалі ў Румынію. Маладыя немцы і аўстрыйцы, як правіла, едуць на ЕВС адразу пасля школы, бяруць «gap year», перш чым вырашыць, куды паступаць ці дзе шукаць працу. Народ з усходнееўрапейскіх краін звычайна едзе за натхненнем або адпачынкам, ўжо адвучыўшыся ва ўніверсітэце і паспеўшы дзе-небудзь папрацаваць. Іспанцы едуць бліжэй да 30, спадзеючыся за час ЕВС знайсці сябе і хоць якую-небудзь працу.

У мяне ў Румыніі, акрамя мясцовых, з’явіліся сябры з Ісландыі, Калумбіі, Перу і нават Буркіна Фасо. Цяпер і я буду ведаць аб гэтых краінах не з вікіпедыі. Ды й яны разам з румынамі, упэўненая, цяпер ўяўляюць сабе Беларусь з маіх апавяданняў зусім па-іншаму.

Гурткі па інтарэсах

Як я ўжо казала, у праекце мы яшчэ праводзілі майстар-класы: вучылі мясцовых таму, што самі ўмеем. Я, да прыкладу, заразіла ўсіх вакол вірусам вязання, мы збіраліся з мясцовымі лэдзі ў кнігарні і за доўгімі размовамі вязалі рукавіцы, шапкі і шалікі.

Сам праект ЕВС у першую чаргу накіраваны на асабістае развіццё валанцёра. У кожнага ёсць ментар – мясцовы сябар-памочнік у праекце, які абмяркоўвае з валанцёрам, чаму б той хацеў навучыцца і імкнецца знайсці магчымасці ажыццявіць такія пажаданні. У валанцёра ёсць свабода займацца чым захочацца ў вольны час і ініцыяваць свае варкшопы ці мерапрыемствы.

Хатняе заданне

Калі табе таксама захацелася ў творчы адпачынак, не стану больш стамляць, распавяду, як паехаць на ЕВС. Для пачатку прачытай тут, што да чаго, у базе выберы цікавы праект (маладыя беларусы могуць выбіраць толькі са спісу краін ЕС, Турцыю ды Македонію) і беларускую арганізацыю, якая б даслала цябе, з гэтага спісу:

Менск:

Моладзевы адукацыйны цэнтр «Фіяльта»: fialta.city@gmail.com;

БМГА «New Faces»: newfacesbox@gmail.com;

РМГА «Ліга дабравольнай працы моладзі»: liga.lyvs@gmail.com;

РГА «Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЭСКА»: info@belau.info;

МА «Грамадзянскі форум»: civilforum@yandex.ru;

Міжнароднае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне «ЮніХелп»;

«Офіс прасоўвання ініцыятыў»: ngo.oip@gmail.com;

– Міжнароднае грамадскае дабрачыннае аб’яднанне «Незалежная дапамога дзецям»ica@tut.by;

ГА «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам»:info@belapdi.org.

Гродна:

Грамадскае аб’яднанне «Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх ініцыятыў «Трэці сектар»: 3sektaryia@gmail.com.

Брэст:

ГА «Хрысціянская супольнасць дарослых і маладых»: ymca_brest@tut.by.

На самай справе, у інтэрнэце можна знайсці вельмі шмат інфармацыі, блогаў валанцёраў ЕВС, пытанняў і адказаў па тэме. Галоўнае – захацець і назапасіцца цярпеннем (часцей за ўсё падавацца на праект і рыхтавацца да ад’езду прыходзіцца некалькі месяцаў).

Поспехаў у пошуку праекта і сябе!