Міхась Лысюк, UWC у Сінгапуры: “Заставайцеся беларусамі і ганарыцеся гэтым!”


uwc-mihas

У каледжах UWC (United World Colleges) навучанне вядзецца па двухгадовай праграме міжнароднага бакалаўрыята. Але праграму нельга разглядаць як першую ступень універсітэцкай адукацыі – гэта хутчэй прыступка падрыхтоўкі, то бок нешта сярэдняе паміж школай і універсітэтам.

Стыпендыяты гэтай праграмы атрымліваюць сродкі на навучанне, харчаванне, пражыванне, падарожжа дадому адзін раз на год, а таксама невялічкую суму кішэнных грошай штомесяц.

Пасля першага семестру навучання ў каледжы UWC у Сінгапуры Міхась Лысюк дзеліцца з чытачамі Adukacyja.info сваім досведам і ўражаннямі.

Чаму UWC? Чаканні VS рэальнасць

Я не стаў адразу пасля ліцэю паступаць ва ўніверсітэт, а абраў гэтую праграму таму, што мне было цікава пападарожнічаць. Я хацеў адчуць, на што я здольны і што хачу рабіць у жыцці. Калі я падаваў заяўку, была магчымасць абіраць з некалькіх краін: Галандыя, Італія, Сінгапур і Арменія. Я адразу паставіў на першае месца Сінгапур, таму што ведаў, што гэта будзе мегацікавы досвед!

У мяне не было неверагодных чаканняў. Я быў, вядома, здзіўлены, але здзіўлены прыемна, таму што я чакаў трошачку горшага. У Сінгапуры каледж адрозніваецца ад астатніх UWC: там навучаецца 2000 чалавек з усяго свету, з якіх толькі 200 стыпендыятаў. Я не чакаў такой колькасці народу, але гэта крута, таму што ты можаш заводзіць сяброў не толькі сярод стыпендыятаў, але і камунікаваць з самімі сінгапурцамі.

Зразумела, кухня Сінгапуру адрозніваецца ад беларускай, некаторыя прадукты ўвогуле прыдбаць немагчыма: смятану, згушчанае малако…Але больш за ўсё я сумую па пельменях, без іх рэальна складана!

Міхась у сваёй інтэрнацыянальнай камандзе

Карпець над кніжкамі ў бібліятэцы? Гэта не пра UWC

Зразумела, што сама сістэма навучання адрозніваецца ад беларускай. Усе прадметы падзеленыя на два ўзроўні: вышэйшы і сярэдні. У канцы кожнага года ёсць іспыты па кожным прадмеце, але асноўныя – пасля заканчэння праграмы. Кожны студэнт можа самастойна абіраць, якія прадметы і на якім узроўні ён будзе вывучаць. Я вывучаю на вышэйшым узроўні матэматыку, бізнэс і мэнеджмэнт, ангельскую мову. На сярэднім – псіхалогію, фізіку і беларускую мову.

У каледжы ёсць сэрвіс спецыяльнай дапамогі па вывучэнні нацыянальных моў. Гэта абумоўлена тым, што для некаторых краін вывучэнне нацыянальнай мовы ў каледжы абавязковае. Для мяне гэта было даволі цікава, таму што трэба было знайсці рэпетытара, які б мне дапамагаў вывучаць беларускую мову. І мы яго знайшлі: гэтая жанчына скончыла філфак БДУ і зараз жыве ў Лондане. Мы з ёй камунікуем па скайпе, яна правярае мае эсэ, дапамагае складаць спіс неабходнай для чытання літаратуры. Я павінен зараз прывезці ў Сінгапур гэтыя кнігі і пакінуць іх у бібліятэцы, каб наступныя беларускія студэнты маглі імі карыстацца.

Вялікая ўвага надаецца здароўю. Шмат часу выдзяляецца на тое, каб навучыць студэнтаў, як правільна уладкаваць свой час (каб ты паспеў і ўсё што трэба зрабіць, і адпачыць).

2

Здымак: Міхась Лысюк

Мне вельмі падабаецца, што навучанне у UWC арыентавана у асноўным на пазакласныя мерапрыемствы. Станаўленне асобы адбываецца не седзячы на занятках. Напрыклад, для кожнага студэнта ёсць абавязковае валанцерства. Для мяне яно складаецца ў тым, што я вучу дзяцей з бедных сямей плаваць.

Да таго ж, у каледжы падтрымліваецца такі рух, як Global concerning. Проста кажучы, гэта пэўная група людзей, якая збірае грошы ў дапамогу нейкай арганізацыі ў іншай краіне. Мая група дапамагае дзіцячаму дому у Пекіне. Асноўная мэта – зрабіць нейкае мерапрыемства, каб сабраць грошы, то бок гэта пэўная сумесь бізнесу і крэатыву.

Яшчэ абавязковы спорт – пэўная колькасць гадзін на год. Я з дзяцінства займаюся спортам, але калі я прыехаў у Сінгапур, я не змог знайсці, чым мне займацца. Справа ў тым, што мне падабаюцца даволі спецыфічныя віды спорту: рукапашны бой, баі без правілаў. Таму я вырашыў займацца рэгбі. І гэта было выдатнае вырашэнне! Гэта гульня развівае камандны дух, камунікатыўныя здольнасці, вучыць працаваць ў камандзе.

KvWSAHVjJl4

Замест эпілогу
Я першы беларус, які патрапіў у гэты каледж у Сінгапуры, таму да мяне нават крыху іншае стаўленне. Ад мяне чакаюць нечага надзвычайнага, а я стараюся пацвердзіць гэты статус і паказаць выдатныя вынікі. Парада, якую я хацеў бы даць тым, хто збіраецца паехаць вучыцца за мяжу? Заставайцеся беларусамі і ганарыцеся гэтым!