Альтэнатыўныя універсітэты: Minerva
- 21.11.2017
- Час чытання: 5 хвілін
- Цікавосткі
Пытаннем, як будуць выглядаць універсітэты будучыні, задаюцца ўжо не першы год і не апошнія людзі ў галіне адукацыі. Шмат хто з гэтых людзей спрабуе вырашаць пытанне ўжо зараз і стварае альтэрнатыўныя ўніверсітэты, якія кардынальна адрозніваюцца сваімі падыходамі ў выкладанні і адборы студэнтаў. Напрыканцы верасня выйшаў новы рэйтынг самых іннавацыйных універсітэтаў свету, і з гэтай нагоды каманда Адукацыі.Інфо вырашыла падрыхтаваць серыю артыкулаў для самых перадавых абітурыентаў і студэнтаў.
Цягам наступных месяцаў мы будзем распавядаць пра самыя цікавыя, на наш погляд, прыклады альтэнатыўных універсітэтаў і разам дазнаемся, ці заўсёды агульная інавацыйнасць установы ідзе побач з адукацыйнай. Stay tuned!
Пачаць мы вырашылі з універсітэта, якога няма ў вышэйпрыведзеным рэйтынгу, але той факт, што ў ім навучаецца наша зямлячка Рыта Курбан, дадае энтузіязму. Мы ўзялі ў Рыты інтэрв’ю – а яна зараз, на хвіліначку, у Паўднёвай Карэі, – і правялі свае журналістскае даследаванне, каб распавесці вам пра Minerva Schools at KGI з розных бакоў.
Трошку пра гісторую гэта адукацыйнага праекта. Праект Minerva пачынаўся ў 2012 годзе як адукацыйны стартап, калі былы прэзідэнт IT-кампаніі Snapfish Бэн Нельсан пры падтрымцы такіх важных асоб, як віцэ-сенатара штата Небраска і прэзідэнта нью-ёркскай New School Боба Керры, экс-міністра фінансаў ЗША і прэзідэнта Гарварда Ларры Самерса, былога дэкана факультэта сацыяльных навук Гарварда Сцівена Коссліна пачалі працаваць над ідэяй універсітэта. Стартапу атрымалася прыцягнуць выдатныя інвестыцыі, і закіпела праца над тым, што ў выніку стала Minerva Schools at KGI, куды ў 2015 годзе правялі першы набор студэнтаў. Гучыць, быццам колькі старых сяброў сабраліся на вячэру і на сурвэтцы накідалі план таго, як бы яны будавалі ідэальны ўніверсітэт будучыні, так? Ага, толькі вось увесь цукар тут у тым, што пасля сурвэткі пачаліся распрацоўкі акадэмічных праграм, адмысловага праграмнага забяспечання для правядзенне анлайн-класаў, набор супрацоўнікаў, удакладненне сістэмы адбора студэнтаў і, безумоўна, фіксаванне галоўных прынцыпаў новага ўніверсітэта.
Minerva ставіць сваёй асноўнай місіяй “выхаванне крытычнай мудрасці ў імя сусвету”. Што стаіць за такімі высакапарнымі словамі? Як распавядаецца на іх сайце і ў шматлікіх інтэрв’ю Бэна Нэльсана, адным з асноўных прынцыпаў Minerva з’яўляецца альтэрнатыўнасць ва ўсім, што тычыцца адукацыі: навучанне праходзіць на спецыяльнай анлайн платформе, вучэбныя аудыторыі – літаральна кожнае месца, дзе ёцсь інэрнет, у афлайне праходзіць шмат нефармальных сустрэч і воркшопаў, студэнція праекты – для вырашэння рэальных праблем узроўня міністэрстваў. Пры гэтым на працягу вучобы студэнты жывуць у некалькіх гарадах па ўсяму свету і на практыцы асвойваюць міжкульутрныя камунікацыі.
Не апошняе месца займае “чалавечнасць” універсітэта – колькасць замежных студэнтаў тут складае 75% ад агульнай, а фінансавы статус абітурыентаў не ўплывае на прыняцце рашэння аб залічэнні, што адчыняе дзверы літаральна ўсёй таленавітай моладзі ў свеце. Вось так, у пошуках якаснай адукацыі, якая будзе не проста прыгожым дыпломам стаяць на палічцы, а падрыхтуе да невядомай будудычі, на другі набор Minerva патрапіла наша зямлячка Рыта Курбан.
Рыта, распавядзі, калі ласка, як ты ўвогуле даведалася пра Minerva і на якім этапе твайго жыцця гэта адбылося.
Калі я паехала на біялагічную алімпіяду ў Інданэзію, то, размаўляючы з прадстаўніамі розных краін, я даведалася, што нядаўна ў ЗША запусцілі вельмі амбіцыйны адукацыйны праект, які павінен стаць тым самым універсітэтам будучыні. Потым, ужо калі вучылася на 2 курсе медыцынскага ўніверсітэта, я нечакана даведалася, што ў Амбасадзе ЗША ў Мінску адбудзецца прэзентацыя гэтага ўніверсітэта. Літаральна пасля гэтага я зразумела, што трэба спрабаваць і падаваць заяўку.
Да гэтага моманту я паспяхова паступіла ў нямецкі універсітэт, але ў 17 гадоў проста не была гатова ехаць у Нямеччыну і вырашыла паспрабаць беларускую медыцынскую адукацыю. Мая вучоба ў Мінску на момант 2 курсу не была чымсьці асабліва каштоўным для мяне: яна не прыносіла мне задавальнення ў акадэмічным плане, таму я шукала шмат заняткаў па-за яе межамі. Мае бацькі ведалі, што я хачу чагосьці іншага, і калі мяне прынялі ў Minerva, то яны падтрымалі на ўсе 100%.
Што было тваёй матывацыяй, калі ты прымала рашэнне паступаць менавіта ў Minerva?
Калі я вучылася ў Беларусі, мяне не пакідала пачуццё, што ўсё гэта папярэдне вырашана, што жыццё ідзе, як па напісаным сцэнару: вось паступіў ва універсітэт, адвучыўся 5 гадоў і ўсё – змяніць нічога немагчыма – калі я медык, то я медык, калі праграміст, то праграміст. То бок атрымоўвалася, што ў 17 гадоў мне трэба было выбіраць свой далейшы лёс, а як можна ў гэтым узросце ведаць, чаму ты хочаш прысвяціць сваё жыццё?!
Сусвет пастаянна змяняецца, ён такі вялікі, і адкуль у 17 гадоў можна мець такі далягляд, каб прымаць лёсавырашальныя рашэнні.
Наколькі я ведаю, у амерыканскіх універсітэтах толькі 20% студэнтаў выпускаюцца з той жа спецыяльнасцю, на якую першапачаткова паступалі, то бок у працэсе вучобы ты маеш магчымасць змяніць напрамак. Minerva ў гэтым сэнсе дае выдатныя магчымасці вырашыцца ўжо у працэсе, таму што першы год па сутнасці арыентацыйны. І я зараз, напрыклад, абрала для сябе напрамак Computer sciences.
І вось ты вырашыла, што будзеш паступаць. Як праходзіў працэс падачы заяўкі? Што было асабліва цяжка ці, наадварот, нечакана лёгка?
Увесь працэс падачы заяўкі ў Minerva накіраваны на тое, каб нікога не дыскрымінаваць па будзь-якой прыкмеце: ім не цікава, які ў цябе пол, колер скуры, папярэдняя афіцыйная адукацыя, паходжанне і фінансавы статус. У звычайныя амерыканскія універсітэты трэба падаваць вынікі розных тэстаў (SAT, GMAT, TOEFL і г.д.), вакол якіх зараз існуе цэлая бізнэс-індустрыя падрыхтоўкі, што дазваляе здаваць іх паспяхова, але патрабуе пэўных укладанняў. У абітурыентаў з Беларусі, напрыклад, такіх фінансавых магчымасцяў менш, чым, напрыклад, у амерыканцаў. Таму Minerva вырашыла адысці ад гэтых “стандартаў” і распрацавала сваю схему. Уся складанасць у тым, што да тых тэстаў, што прапануе Minerva, цяжка падрыхтавацца – яны праходзяць у рэжыме рэальнага часу, калі запісваецца выява на тваім маніторы, само відэа, і ты не можаш нешта шукаць у браузеры ці кансультавацца з кімсьці. Сам тэст складаецца з некалькіх частак: секцыі на крэатыўнасць, IQ, логіку, чытанне, напісанне эсэ, вуснае сумоўе на розныя тэмы, апісанне сваіх дасягненняў – заданні ўнутры секцый якасна мяняюцца, таму і цяжка рыхтавацца да невядомага. Але па факце, каб паступіць, трэба проста стварыць свой профіль на сайце і паспяхова прайсці ўсе гэтыя выпрабаванні, што можа заняць у чалавека ад некалькіх гадзін да некалькіх дзён у залежнасці ад сур’ёзнасці настрою. І усё – чакаеш вынікі!
Твой вынік стаў паспяховым, ты прыехала ў Сан-Францыска вучыцца. Як прайшоў твой першы год у Minerva?
Мы вывучалі агульна развіваючыя прадметы, падцягвалі сваю ангельскую і агульны інтэлектуальны ўзровень, бо тут жа людзі з усяго свету, і каб далей вучыцца, нам трэба было мець пэўны узровень падрыхтоўкі. За першы год мы мелі магчымасць пашырыць свае ўяўленні па розных напрамках, вось, напрыклад, ты замаешся заўсёды сваёй біялогіяй і хіміяй, і нават не ведаеш, што табе таксама падабаецца, умоўна, гісторыя. У першы год у Minerva можна паспрабаваць літаральна ўсё і зразумець нарэшце, што даспадобы менавіта табе.
Ты зараз на 2 курсе амерыканскага універсітэта. Якія адрозненні ты бачыш у параўнанні са сваім беларускім адукацыйным досведам?
Па-першае, трэба адзначыць, што хоць універсітэт і амерыканскі, ён вельмі адрозніваецца ад традыцыйных.
Першы тыдзень адразу перакрыў 2 гады навучання у медыцынскім па частцы досведу: тут і культурны шок, і моўны бар’ер, і поўны выхад з зоны камфорту, нерэальная колькасць новых знаёмстваў, новы горад, абсалютна розны падыход да навучання.
Канешне, напачатку я баялася, што мне нешта будзе не падабацца, што буду сумаваць па бацьках, але па факце ў мяне ніколі на гэты момант не было такога, каб я адчувала нейкі дыскамофорт. Год так падзяляецца на навучанне і канікулы, што ў студэнтаў ёсць магчымасць спакойна прайсці практыку, папрацаваць і павандраваць, напрыклад, улетку падчас 4-месячных канікул, ці з’ездзіць дадому ўзімку.
Зараз будзе далікатнае пытанне: усе ведаюць, што амерыканская адукацыя адна з самых дарагіх у свеце, а вось Minerva пазіцыянуе сабе як агульнадаступны універсітэт. Ці так гэта на практыцы?
Гэта сапраўды так. Ужо пасля прыняцця рашэння аб залічэнні цябе просяць прадставіць дакументы аб фінансавам статусе тваёй сям’і і, зыходзячы з гэтага, прапануюць стыпендыю і іншыя фарматы пакрыцця тваіх выдаткаў. Напрыклад, я атрымала стыпендыю і працавала ў свой першы год на саму Minerva: ўдзельнічала ў першасным адборы заявак абітурыентаў гэтага года. У студэнтаў ёсць пэўная колькасць гадзін, якую яны могуць працаваць, і звычайна заробкаў хапае на пакрыццё ўсіх бягучых выдаткаў. Адзінае, што загадзя трэба клапаціцца пра білеты на лятак, але і гэта вырашальна. Канешне, усе працаваць на Minerva не могуць, таму з гэтага года будуць прапаноўваць варыянты падпрацовак у партнёрскіх кампаніях, якіх, дзякуй Богу, ва ўніверітэта шмат.
А што, акрамя такого інавацыйнага акадэмічнага падыхода, дае гэты ўніверсітэт?
Безумоўна, гэта бясконцыя магчымасці прафесійнага развіцця і шмат добрых сувязяў. Таксама тут усе арыентавана на тое, каб атрымоўваць максімальна практычныя веды і адразу ўжываць іх на практыцы. Так, у папярэднім семестры ў межах аднаго з модуляў мы працавалі над праектам для адной НДА ў Індыі, а потым улетку ён рэалізоўвася ў Бангалоры. То бок мы нават у час свайго навучання маглі бачыць вынікі сваёй працы. Яшчэ вельмі крута тут працуе кар’ерная служба: калі, напрыклад, ты сёння знаходзіш прапанову стажыроўкі ў цікавай табе кампаніі, то заўтра можна папрасіць кансультацыю па ёй у такой службы, прайсці некалькі варкшопаў і ўжо падрыхтавана адпраўляць сваю заяўку. Гэта ўсё не проста словы, а рэальныя прыклады таго, як тут наладжаны працэсы.
Адзін з асноўных прынцыпаў Minerva – гэта мульцікультурнасць. Наколькі табе, чалавеку за адносна аднанацыянальнай краіны, камфортна жыць ў такім разнастайным асяроддзі?
Вельмі дапамаге тое, што вакол мяне не проста розныя, а вельмі разумныя людзі, якія ў сваім жыцці ўжо шмат чаго зрабілі і прагнуць яшчэ больш. Звычайна ва ўсіх ёсць нейкія дасягненні ў выглядзе сваіх маладых кампаній, перамогі на сусветных алімпіядах ці спартыўных спаборніцтвах, і з усімі імі цікава мець зносіны і ў звычайным жыцці, не проста вучыццы разам. Мы ўсе апынуліся ў новым асяродку, таму адчуваем часткова аднолькавыя пачуцці, што вельмі дапамаге згладжваць вуглы. Праз год навучання магу толькі адзначыць, што, канешне, зручней сябраваць з людзьмі з падобным бэкграундам, то бок для мяне гэта ўкраінцы, рускія, але гэта ніяк не перашкаджае камунікацыі з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў – мы шмат разам вабім час.
Давай трошку памарым і ўразім, што ў цябе ёсць магчымасць перанесці тры асаблівыя рэчы з твайго навучання ў Minerva у беларускія універсітэты. Што б гэта было?
Па-першае, мне вельмі імпануюць гарызантальныя адносіны паміж студэнтамі і выкладчыкамі. Напрыклад, у першы год навучання заснавальнік Minerva Бэн Нельсан запрасіў усіх новых студэнтаў да сябе дамоў, дзе ў абсалютна нефармальнай абстаноўцы можна было пазнаёміцца з ўсімі выкладчыкамі. Па-другое, гэта актуальнасць і тэхналагічнасць ведаў – мы карыстаемся апошнімі дадзенымі самых перадавых даследаванняў і маем доступ да ўсіх патрэбных бібліятэк і іншых рэсурсаў. І па-трэцяе, гэта магчымасць даваць фідбэк на любую актыўнасць і разумець, што яго будуць уважліва разглядаць, таму што студэнт – гэта галоўная фігура ва ўсім працэсе, вакол якой будуецца ўся сістэма.
Ну, і каб канчаткова ўразіць нашых чытачоў, распавядзі, што ты робіш у Сеуле і куды адправішся пасля яго?
У Сеуле праходзіць мой трэці семестр навучання. Minerva спланавана так, што на першым курсе ўсе студэнты вучацца ў Сан-Францыска, а потым кожны наступны семестр у новым горадзе, таму ў наступным семестры мы будзем у Хайдарабадзе. Потым яшчэ будуць Буэнас-Айрэс, Берлін і інш.
Вось на такой натхняльнай ноце скончылася наша інтэрв’ю з Рытай, але калі вас зацікавіць яе досвед у Minerva, то, калі ласка, пішыце на мэйл rita@minerva.kgi.edu.
Таксам больш даведацца пра працэс паступлення і падачы заяўкі можна ў афіцыйнай прадстаўніцы Minerva Schools at KGI Марыянны Міpчук, дырэктаркі па рэгіёну Еўропы і Цэнтральнай Азіі: marianna@minerva.kgi.edu, +381 62 854 2202.