Місія – паступіць ва Ўніверсітэт вытанчаных мастацтваў у Рыме

  • Час чытання: 5 хвілін
  • 16.10.2017
  • Блог

Пакуль мінскія аднакласнікі Ганны Яроменка слухаюць лекцыі ў беларускіх універсітэтах, яна толькі рыхтуецца да паступлення. У 2016-м дзяўчына скончыла мінскую гімназію нумар 5, у 2017 годзе – Фларэнтыйскі дзяржаўны класічны ліцэй імя Дантэ ў Італіі. Пра тое, чаму давялося сканчаць школу два разы, чым адрозніваецца беларуская і італьянская мадэль навучання, і яшчэ шмат цікавага Ганна распавяла ў інтэрв’ю для Adukacyja.info.

Як атрымалася, што пасля таго, як ты скончыла школу ў Мінску, давялося заканчваць яе яшчэ раз?

Сярэдняя школьная адукацыя ў Еўропе цягнецца як мінімум 12 гадоў, у Італіі, дзе я вучуся, наогул 13. Таму, каб паступіць у мясцовы універсітэт, мне давялося сканчаць два апошнія гады экстэрнам.

Як ты шукала і знайшла новую школу?

Гэта была адзіная навучальная ўстанова, якая мяне запрасіла. Яшчэ была магчымасць пайсці ў школу пры амбасадзе Расійскай Федэрацыі ў Рыме, але туды прымалі толькі дзяцей супрацоўнікаў, таму я спынілася на прыватнай школе, дзе за навучанне плаціла 7000 даляраў за год.

Як праходзіла ўступная кампанія ў новую школу?

Школа прыватная, таму дастаткова падаць пераклад праграмы ўсіх школьных прадметаў, якія я вывучала ў Беларусі, сам атэстат, апастыль, а таксама спецыяльную даведку з амбасады, якая сінхранізуе нашы 11 класаў з італьянскай сістэмай адукацыі.

Чым адрознівалася твая новая школа ад мінскай?

Я вучылася ў прыватнай, бо ў дзяржаўнай мне давялося б здаваць экзамены за сярэднюю школу і пачынаць спачатку курс старэйшага звяна, а гэта яшчэ пяць гадоў. Школа больш паходзіць на курсы, нікога амаль што не выклікаюць да дошкі, ёсць толькі лекцыі, а потым залікі. Праграма ліцэяў адрозніваецца па профілі, напрыклад, лінгвістычны, эканамічны, навуковы, класічны, тэхнічны, мастацкі, спартыўны і больш вузкія спецыяльнасці. У кожнага студэнта свая праграма з вызначанай колькасцю гадзін.

З якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца?

Галоўнаемова. Калі я пераехала ў Італію, то наогул яе не ведала. Але навучанне адбываецца на італьянскай мове, гэта  дапамагае хутчэй яе засвоіць. Складана было зразумець структуру экзаменаў, яны вельмі адрозніваюцца ад нашых. Тут іспыты скіраваныя на твае інтарэсы. Ты сам(а) абіраеш кірунак і тэму. Напрыклад, для галоўнага вуснага экзамена, які называецца “maturità” (што азначае “сталасць”), кожны студэнт выбірае тое, што яму больш за ўсё цікава. Гэта можа быць герой фільма, кніга, рэальны ці гістарычны персанаж, з’ява, падзея, эпоха. Задача заключаецца ў тым, каб усе прадметы тваёй праграмы былі звязаныя паміж сабой гэтай тэмай.

Напрыклад, што было ў мяне: я ўзяла тэму “дыктатура першай паловы 20-га стагоддзя” для іспыту па гісторыі. У ім абапіралася на рускую рэвалюцыю 1917 года. Ад гісторыі я перайшла да філасофіі і ўзяла за тэму “Карл Маркс і марксізм”. Тэму камунізму, буржуазіі, пралетарыяту і рэвалюцыі сямнаццатага года я раскрыла з дапамогай твора Джорджа Оруэла “Жывёльны двор” – гэта і быў мой экзаменацыйнай матэрыял па ангельскай мове. Таксама я вывучала дзве іншыя замежныя мовы: французскую і гішпанскую. Задача заключалася ў тым жа: на гішпанскай я распавядала пра франксізм як пра з’яву, а ў французскім ўзяла аўтара Андрэ Мальро, у якога пазіцыі светапогляду супадалі з пазіцыямі Оруэла. Для матэматыкі я падрыхтавала матэрыял аб межах функцыі, звязаўшы гэта тым, што “дыктатура”, у першую чаргу, – гэта таксама мяжа, абмежаванне.

Ці шмат ў ліцэі было замежнікаў?

Досыць шмат, аднак усе яны знаходзіліся ў Італіі значна даўжэй, чым я. Большасць з іх была з Мексікі, з Гішпаніі, адна дзяўчынка з Амерыкі, таксама былі два хлапцы з Афрыкі.

Якія прадметы ты вывучала? Што падабалася, а што не?

У мяне былі прадметы, якія адпавядаюць спецыфіцы лінгвістычнага ліцэя: філасофія, гісторыя, гісторыя мастацтваў, італьянская, ангельская, французская, гішпанская мовы, матэматыка, фізіка і прыродазнаўства. Больш за ўсё мне падабаліся філасофія, гісторыя мастацтваў, ангельская і французская.

Якая сістэма ацэньвання?

Сістэма ацэньвання тая ж, толькі вось 10 атрымаць практычна нерэальна, нашмат складаней, чым у нас. Для 10 трэба быць гатовым да ўсяго.

Як праходзіў твой звычайны школьны дзень?

Кожны дзень урокаў чатыры-пяць, адзін доўжыцца роўна гадзіну. Перапынкаў практычна не бывае, толькі аднойчы – 15 хвілін пасля трэцяй гадзіны. Мая школа была маленькая, адпаведна і класы такія ж. Калектыўнай працы практычна няма, звычайна ўрокі ўяўляюць сабой лекцыі ці ж залікі.

Ці займаешся ты дадатковай дзейнасцю? 

Адзінае, чым я займалася, акрамя школы, была італьянская мова, каб як мага хутчэй пачаць размаўляць на ёй. У школе была такая магчымасць, але дадаткова ў мяне быў індывідуальны настаўнік з Расіі, што дазволіла лепш зразумець, у чым падобныя, а ў чым розныя італьянская і руская мовы.

Куды ты плануеш паступаць далей? Што ўяўляе сабой іспыт у ВНУ ў Італіі?

Планую паступаць ва Ўніверсітэт Вытанчаных мастацтваў у Рыме (скарочана rufa) на факультэт кінематографа. Экзамен складаецца з трох частак: тэст па культуры і гісторыі Італіі, калёквіум з камісіяй і аналіз фільма. Наогул, першыя тры гады цябе усебакова знаёмяць са светам кіно, гэта значыць, на выхадзе ў цябе ёсць і аператарскія навыкі, і рэжысёрскія, і мантажныя, а пасля ты выбіраеш іншую спецыяльнасць для двайнога дыплома альбо ідзеш у больш спецыялізаваную вобласць, напрыклад , спецэфекты і анімацыя.

Чаму для будучай сферы дзейнасці ты абрала менавіта кінематограф?

Мяне заўсёды вельмі моцна прыцягваў свет кіно. Прычым не тое, што на экране, а тое, што за ім. Універсітэт я абрала цалкам выпадкова, таму што настолькі моцна не хацела ісці на архітэктуру, куды збіралася найперш, што шукала ўсе магчымыя варыянты, як ад гэтага “адкасіць”. І ў адным універсітэце, дзе быў напрамак “Архітэктура”, я якраз убачыла кафедру кінематографа. Настолькі зацікавілася, што схадзіла на адмысловы варкшоп і падумала: “Цікава, можа, паспрабаваць сябе ў чым-небудзь цалкам іншым?” І магу дакладна сказаць, што пакуль усё атрымоўваецца.