Mission Possible: Венскі ўніверсітэт

  • 29.09.2016
  • Блог
  • Здымкі аўтара

Аднойчы, седзячы на нуднай лекцыі ў БДУ, я зразумеў, што хачу кардынальна змяніць жыццё. Хачу выкінуць штодзённыя звыклыя дэкарацыі, пашырыць адукацыйны досвед, ну і проста паглядзець, як іншыя людзі жывуць. Рашэнне вучыцца за мяжой натхнілася першым візітам у заходне-еўрапейскія ўніверсітэты, якія так спадабаліся, што потым я зачытваўся рознымі адукацыйнымі сайтамі. Тады ўпершыню заўважыў, што добрага ведання толькі ангельскай у час глабалізацыі недастаткова. Сёння амаль кожны адукаваны чалавек больш ці менш гаворыць па-ангельску. Таму конкурс, а таксама кошты ў добрых універсітэтах вельмі высокія. Такім чынам, прыкінуўшы ўсе “за” і “супраць”, я вырашыў: вучу нямецкую мову.

maybe

Sprechen Sie Deutsch?

Нямецкая мова сёння адна з самых ужывальных у Еўропе. На ёй гавораць не толькі немцы, але і іншыя, меншыя па колькасці насельніцтва народы: аўстрыйцы, швейцарцы, шматлікія жыхары Люксембургу, Бельгіі, Нідэрландаў. Апроч гэтага, некаторыя нямецкамоўныя краіны вядомыя сваімі невысокімі адукацыйнымі коштамі. Тым больш, такія дзяржавы, як, напрыклад, Германія, вядуць вельмі актыўную знешную палітыку ў галіне адукацыі: вядомая нямецкая служба акадэмічных абменаў DAAD кожны год прапаноўвае розныя стыпендыяльныя праграмы, галоўнай умовай якіх часта з’яўляецца веданне нямецкай мовы. Так, у мінулым годзе ў мяне нават атрымалася выйграць стыпендыю і паехаць на летнюю стажыроўку ў Нямеччыну (чытайце гэты артыкул).

me

Перакладчык

На апошніх курсах БДУ, падчас майго актыўнага вывучэння нямецкай, у мяне з’явілася вялікая зацікаўленасць да моваў. Я нават зачараваўся імі. Калі, напрыклад, доўгі час размаўляеш па-беларуску, дык і адчуваеш сябе па-беларуску. Калі штодзень размаўляеш па-нямецку ці па-ангельску, то чуеш, як унутры адчыняецца нейкая “нямецкая” ці “ангельская” старонка цябе самога, нейкае новае моўна-культурнае сховішча, якое ты раней не бачыў. Сапраўды, навукоўцы кажуць, што частае выкарыстанне замежнай мовы стварае ў людзей новы характар. Асабліва, калі заўважаеш, як з кожным новым вывучаным словам пашыраецца твой унутраны свет. Як назапашваюцца магутныя веды іншых культур. Гэтае так званае пачуццё самаадкрыцця падштурхнула мяне засвоіць майстэрства перакладчыка – прафесіі, якая непарыўна звязана з замежнымі мовамі.

vienna-centre

Чаму Вена?

Чаму менавіта Вена і Венскі ўніверсітэт? Па-першае, Вена – адзін з самых прыгожых гарадоў Еўропы, па-другое, Венскі ўніверсітэт – старэйшая і вядомая ў нямецкамоўнай прасторы навучальная ўстанова. Адукацыя ў ёй прызнаецца ў шмат якіх краінах свету і адчыняе велізарныя міжнародныя гарызонты. Іншы пазітыўны бок навучання – гэта адносна невысокі кошт за семестр, які нават танней за многія платныя аддзяленні нашага БДУ (калі пералічыць у еўра). Некалькі гадоў таму адукацыя ў Венскім універсітэце была наогул бясплатнай для ўсіх. Ну як бясплатнай – каля 18 еўра за семестр. Сёння прыкладна такі ж мізэрны кошт застаецца толькі для грамадзян краін Еўрапейскай эканамічнай зоны (ЕЭЗ), у якую, акрамя краін Еўразвязу, уваходзяць Нарвегія, Ісландыя і Ліхтэнштэйн. Студэнты так званых “трэціх” краін, якія не з’яўляюцца часткай ЕЭЗ, плоцяць значна большыя кошты і пазбаўлены такіх важкіх магчымасцяў, як, напрыклад, свабоднае права працаваць, доступ да розных стыпендый і інш. Усе гэтыя правы-прэферэнцыі маюць толькі студэнты-шчасліўчыкі з краін ЕЭЗ і, зразумела, аўстрыйцы.

uni-wien-4

vienna-centre-2

Таму навучанне і жыццё для грамадзян “трэціх” краін – гэта зусім іншая рэчаіснасць. Гэта нібы ўтрымацца на хісткай лодцы падчас фінансавага і бюракратычнага “шторму”, калі вы звычайны студэнт, а не ракфелераўскі нашчадак. Нават не буду зараз распісваць і давіць на балючае, праз якія бюракратычныя “спаборніцтвы” за атрыманне візы ў Маскве (студэнцкую візу Аўстрыі можна зрабіць беларусам толькі ў амбасадзе ў Маскве), дазволу на знаходжанне і іншых даведак трэба прайсці нашым студэнтам, каб толькі пачаць тут вучыцца. Па гэтай прычыне маё імкненне так змяніць сваё жыццё і вучыцца ў Вене з самага пачатку падавалася – Mission: Impossible. Усё залежыла бадай што ад вялікай долі цярплівасці, руплівага вывучэння нямецкай мовы і поспеху з пошукам падпрацовак. Перамога і шанцаванне ў гэтых галінах дазволілі мне паспяхова здаць мае першыя іспыты і пратрымаца тут ужо амаль цэлы год.

vienna-art

vienna-art2

Першы крок у спецыяльнасць і беларуская мова

Аднойчы мне пашчасціла ўпершыню зарабіць менавіта дзякуючы беларускай мове. Адна еўрапейская кампанія з сядзібай у Аўстрыі стварала прыладу для Андроід. Гэты софт яны імкнуліся перакласці на ўсе мовы Еўропы і не забыліся пра беларускую. Як яны потым самі пісалі, доўгі час не маглі знайсці чалавека ў Аўстрыі, які валодае гэтай мовай. Таму былі вельмі шчаслівыя, калі я аператыўна з імі звязаўся. Было вельмі прыемна зарабіць мой першы ганарар перакладчыка і адчуваць сабе чалавекам, які валодае гэтай даволі рэдкай і малаўжывальнай на сёння мовай.

Досвед

Аднойчы я натрапіў на адзін цікавы артыкул у прэсе. Гаворка ішла пра тое, аб чым найбольш шкадуюць людзі ў сталым узросце. Адным з пунктаў былі нерэалізаваныя ідэі ў юнацтве. І ведаеце, так сапраўды ў жыцці: адзін раз не паспрабуеш, адзін раз не адважышся – можаш шкадаваць, пакуль дубу не дасі. Таму Вена дапамагла мне засвоіць вельмі добры ўрок у жыцці – не баяцца прайграць, каб дасягнуць свайго.

uni-wien-chill-out-garden-2

Жыць, вучыцца і працаваць у горадзе маіх мараў здавалася сапраўды фантастычнай, рызыковай ідэяй. Хоць нават і зараз я не ведаю, як складзецца маё жыццё далей, але маленькімі руплівымі крокамі я ўсё ж такі дасягнуў зусім іншага, сапраўды інтэрнацыянальнага жыцця. Тут вучацца людзі з самых розных краін свету. Хто па абмене, хто стацыянарна. Такі лад жыцця з ледзь не штодзённым live-камунікаваннем са студэнтамі не толькі розных краін, а нават і розных кантынэнтаў насычае цябе ўнікальным досведам. Таму навучанне ў вядомым аўстрыйскім універсітэце  – гэта зусім іншы, новы лэвэл майго жыцця.

vienna

Працяг будзе.