Міжнародныя адносіны – гэта тая ж псіхалогія


надя

Надзея Шутава паспяхова скончыла факультэт міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. На чацвёртым курсе паехала па студэнцкім абмене ва ўніверсітэт Токіа, пасля чаго вырашыла канчаткова: Азія – яе стыхія.

– Міжнародныя адносіны – гэта тая ж псіхалогія людзей, толькі ў глабальных маштабах. А чаму Азія? Таму што, па-першае, гэта шалёны рытм. Гэта кожны дзень як сюрпрыз. Па-другое, гэта адмысловая прыгажосць.

З чаго ўсё пачалося

Спецыяльнасць, якую я вывучала ў БДУ, называлася “Лінгвакраіназнаўства”. На чацвёртым курсе выпала магчымасць паехаць на год па абмене ў Японію. На той час гэта быў выдатны шанец: можна было пазнаёміцца з краінай, вывучыць мову  ды і ўвогуле значна пашырыць кругагляд. Так я трапіла на праграму ў Tokyo Gakugei University. Мой праект быў прысвечаны вывучэнню правоў мігрантаў у Японіі.

Пасля я вярнулася на радзіму, скончыла пяты курс, на выдатна абараніла дыплом і паехала… у Бангкок. Працаваць.

Сінгапур, магістратура і аналітычны склад розуму

Менавіта ў Бангкоку я канчаткова вырашыла вучыцца далей, дакладна вызначылася з галіной даследванняў (міжнародныя адносіны ў краінах Азіі) і пачала рыхтавацца да паступлення.

Дакументы падавала адразу ў пяць устаноў. Гэта рэальна падвышае магчымасць паступіць. У маім выпадку навучанне прапанавалі чатыры з пяці ўніверсітэтаў. У кожнага з іх былі свае ўмовы залічэння, таму выбар спыніла на Nanyang Technological University у Сінгапуры, спецыяльнасць  “Азіяцкія даследванні”.  І не памылілася: гэта быў выдатны досвед. Даволі цяжкі, але і настолькі ж цікавы.

Нам, магістрантам, адразу прапанавалі выбраць, за год ці за два мы хочам прайсці праграму. Я адразу абрала першы варыянт, і, па шчырасці, толькі ў працэсе зразумела, чаму нам давалася такая альтэрнатыва. Вучыцца было сапраўды цяжка. Вялізарны аб’ём інфармацыі, абсалютная самастойнасць, бясконцы шэраг заданняў. Самы распаўсюджаны тып заданняў – эсэ. Эсэ мы пісалі заўсёды, бо менавіта форма эсэ павінна развіваць (і, у рэшце рэшт, развівае!) твае аналітычныя здольнасці. Выкладчыкі разумеюць, што сёння не столькі важна ведаць год, у якім адбылася тая ці іншая падзея. Важна ўмець разумець  абставіны і прычыны, чаму так адбылося. Важна ўмець аналізаваць. Акрамя таго да кожнай лекцыі мы павінны былі рыхтаваць прэзентацыі. На выходныя часта задавалі пісьмовыя працы: дзеля азнаямлення табе даюць пяць-шэсць артыкулаў вучоных, трэба зрабіць аналіз, разабрацца ў высновах кожнага, а яшчэ пажадана зрабіць свае.

Наш курс складаўся прыблізна са 150 чалавек і быў вельмі інтэрнацыянальным. Я пазнаёмілася з выдатнымі людзьмі. Мы ў роўнай ступені ўмелі і вучыцца, і бавіць час. З некаторымі падтрымліваю сувязь дагэтуль.

***

Сваю вучобу я не прыпыняю. Ужо восенню мяне чакае дактарантура ў Японіі. У наступны раз абавязкова раскажу і пра гэты досвед, а пакуль пажадаю ўсім: абавязкова паступайце. І вельмі любіце тое, чым займаецеся.

Пра тое, як атрымаць стыпендыю на навучанне ў Сінгапуры, чытай тут.

Як вучыцца беларусу Міхасю Лысюку ў Сінгапрускім UWC, мы пісалі тут.