Моладзевы Парламент у Мінску

  • 25.05.2015
  • Блог
  • Валерый Чвалаў

У Мінску з’явіўся свой “Моладзевы Парламент”.  Адукацыя.інфо паразмаўляла з яго арганізатарамі і ўдзельнікамі, каб распавесці вам пра новую магчымасць карысна правесці свой час.

1

Увогуле, ідэя правядзення Моладзевага Парламента з’явілася ў арганізатараў падчас правязення моладзевага фэста “Рэспубліка Мары”,  на якім праводзілася мадэляванне дзяржавы. Арганізатары заўважылі, што у моладзі ўзнікаюць цяжкасці з публічнымі выступамі, калектыўным прыняццем рашэнняў, не заўсёды атрымоўваецца данесці і аргументаваць сваю думку. Таму было вырашана стварыць  Моладзевы Парламент, каб развіць у моладзі гэтыя навыкі, а таксама пазнаёміць з працэсамі законатворчасці.  Асновай сталі ААН і Еўрапейскі моладзевы парламент.  Дадаўшы да гэтых практык  свае ідэі, стварылі моладзевы парламент.

Мерапрыемства адбываецца раз на два тыдні. Фармат паседжання – мадэляванне парламента. Кожны чалавек, які зарэгістраваўся, становіцца дэпутатам са сваім парламенцкім мандатам. Ёсць у Моладзевага Парламента і свая структура: Старшыня, секундант, сакратар, спікеры. Увесь працэс адбываецца, як у сапраўдным парламенце.

Цягам паседжання разглядаюцца актуальныя ў Беларусі тэмы, напрыклад законапраект пра дармаедаў або статус дзяржаўнай мовы. На падставе гэтых законапраектаў моладзь можа фарміраваць сваю пазіцыю ці адносіны да актуальных тэмаў ў грамадстве.

0
Пасля трох мерапрыемстваў стала заўважна, што моладзь звычайна не выступае за радыкалізм, шмат што з наведвальнікаў займае памяркоўную пазіцыю. Ёсць недахоп ведаў і разумення базавых паняццяў, але арганізатары мерапрыемства збіраюцца прыкладаць намаганні па скасаванні гэтых прабелаў, каб зрабіць дыскусіі больш цікавымі і жывымі.

“Нават прыходзячы некалькі разоў на мерапрыемства, вы больш дасканала зразумееце, як працуе парламент, і вам будзе лягчэй прымаць удзел у дыскусіі наступным разам. Таксама заўседы можна звярнуцца па дапамогу да арганізатараў, мы з задавальненнем параім вам кнігі, адукацыйныя рэсурсы, каб вы потым змаглі больш упэўнена сябе адчуваць у дыскусіях.”- кажа Яўген Міхасюк, адзін з арганізатараў МП.

Па выніках некалькіх паседжанняў арганізатары сабралі  статыстыку пра ўдзельнікаў, абапіраючыся на іх погляды. Збольшага ў моладзі ліберальныя погляды і каштоўнасці, але вельмі добра, што на мерапрыемства прыходзяць прадстаўнікі і больш радыкальных поглядаў, гэта стварае цікавыя дыскусіі і абмеркаванні.

3

У арганізатараў ёсць вялікае жаданне развіваць свой праект і масштабаваць яго на рэгіёны, але пакуль што гэта складана з рэсурснага боку.  Нягледзячы на гэта, ужо зараз ёсць паказчыкі таго, што парламент развіваецца: парламентарыі былі запрошаныя на мерапрыемства ў Польшчу, прысвечанае навыкам дэбатаў.

4

Моладзевы Парламент – сапраўды карысны для моладзі праект. Гэта пацвяржаюць водгукі удзельнікаў пра мерапрыемсва, а таксама тое, што большасць парламентарыяў, прыйшоўшы на МП адзін раз, становяцца пастаяннымі ўдзельнікамі. Некалькі водгукаў:

5

Уладзімір Андрыенка

Сам я быў на паседжанні адзін раз. Вельмі спадабаўся сам фармат са зразумелым рэгламентам. Я атрымаў новыя навыкі хутка і зразумела адказваць на пытанні і даносіць сваё меркаванне да ўдзельнікаў. Таксама на МП вучышся дамаўляцца з іншымі удзельнікамі.

Калі хочаце паўздельнічаць у “палітычных” працэсах, далучайцеся. Палітыка – гэта не брудная справа,  бруднай яе робяць самі людзі.

7

Пётр Маркелаў

МП дазваляе даведацца, якія меркаванні існуюць у моладзевым асяродку, дапамагае зразумець пазіцыі удзельнікаў па канкрэтных тэмах. У МП дыскусуюцца не штучныя надуманыя тэмы, а сапраўды рэальныя спрэчныя пытанні. Вельмі цікава і прыемна назіраць вынік працы па стварэнні, перапрацоўцы, абароне законапраекту ў выглядзе фінальнага галасавання. Калі занадта радыкальны законапраект атрымоўваецца змякчыць, добра абараніць і потым за яго прыняццё прагаласуе парламент, адчуваеш, што чатыры гадзіны прайшлі не дарэмна.

Калі маеш сваю думку ды паважаеш меркаванні іншых, МП — гэта для цябе!

8

Кацярына Фядзюк

На паседжаннях Моладзевага Парламенту была тры разы і ўвогуле планую прымаць удзел у кожным паседжанні,  баюся нешта цікавае прапусціць для сябе.

Відавочна, што ў нашым паўсядзённым жыцці рэдка атрымоўваецца знайсці час ці магчымасць, каб абмеркаваць падзеі, якія адбываюцца ў нашай грамадскай ці палітычнай сферы. Гэта адзіны і, напэўна, першы праект ў нас у Беларусі, дзе маладыя людзі сапраўды могуць адчуць сабе ў якасці палітыкаў і парламентарыяў.

Калі вы зацікавіліся магчымасцю навучыцца лепш аргументоўваць свае думкі, разумець працэсы прыняцця законапраектаў, то запрашаем вас на наступную сесію Моладзевага парламента 28 траўня!

Не бойцеся, што ў вас не хопіць ведаў ці навыкаў, бо праз некалькі паседжанняў заўважыце, як сталі лепш фармуляваць і аргументаваць свае думкі і больш упэўнена выступаць публічна, а таксама даведаліся шмат новых фактаў і пазнаёмілся з цікавымі людзьмі.

Фота: Валерый Чвалаў