Мумітролі, укулеле і гэакэшынг: Мой фінскі ЕВС

  • 15.07.2015
  • Блог
  • Здымкі: Аляксей Раманчук, Маргарыта Карафілі

Кароткатэрміновы ЕВС у Фінляндыі

Finland EVS

Хто ў наш час не марыць падарожнічаць па свеце, адкрываць для сябе новыя культуры, знаходзіць сяброў ды вучыцца новым карысным рэчам?

Для пачатку гэта можна зрабіць так як я, а менавіта прыняць удзел у кароткатэрміновым ЕВС праекце, на які я патрапіў дзякуючы моладзеваму адукацыйнаму цэнтру “Фіальта”. Падобныя праекты можна знайсці на афіцыйным сайце валантэрскіх магчымасцяў Erasmus+ (па-ангельску), а таксама па-беларуску на сайце Адукацыя.Інфо.

У апісанні праекта значылася стварэнне адукацыйных і прыгодніцкіх сцежак на тэрыторыі моладзевага цэнтра Hyvärilä, які знаходзіцца ў Паўночнай Фінляндыі недалёка ад невялікага гарадка Nurmes. Нас было 12 валанцёраў з 4 краін (Беларусі, Грэцыі, Гішпаніі, Нямеччыны).

Вандроўка
Для кожнага з нашай дэлегацыі быў выдзелены бюджэт на дарогу ў памеры 275 еўра, у які мы збольшага ўклаліся. Мы мелі магчымасць спыніцца на некалькі дзён у Хельсінкі па каучсёрфінгу, які я адкрыў для сябе ўпершыню акурат тут.

Finnish EVS

Хельсінкі – вельмі прыгожы горад, асабліва спадабалася, што фасады дамоў спалучаюцца адзін з адным і з прыродай.

Напрыклад, калі вы вырашыце перафарбаваць свой дом, то спачатку давядзецца сабраць подпісы ўсіх суседзяў, і тады гарадскія ўлады прапануюць вам некалькі варыянтаў, з якіх можна абраць – так, каб гэта пасавала з навакольным асяроддзем.

Наведаўшы 12-павярховы гатэль, найвышэйшы будынак у Хельсінкі, з даху якога можна ўбачыць амаль увесь горад, я закахаўся ў горад.

Наша падарожжа з Хельсінкі – Куопіё – Нурмэс – Hyvärilä дазволіла мне ўбачыць вуліцы, дамы з мансардамі, тэрасамі, архітэктуру, ўласцівую фінскім гарадам (мяне гэта цікавіць, як будучага праектыроўшчыка), убачыць побыт людзей, даведацца наколькі яны гасцінныя.

Finnish EVS

У нас быў час пазнаёміцца, схадзіць на экскурсію па Hyvärilä разам з мясцовым ментарам, які праводзіў трэнінгі і каардынаваў працу. Ён зарганізаваў нам сплаў на каноэ ў невялікі дамок ля возера, дзе мы правялі выходныя.

Finnish EVS

Місія
З пачаткам новага тыдня мы прыступілі да працы і тут нашы чаканні датычна таго, што мы мусілі рабіць, проста разляцеліся ў пух і прах. Згодна праекту, мы павінны былі працаваць у лесе, але нашай асноўнай задачай, як апынулася, была арганізацыя геакэшынгу ў Hyvärilä.

Што такое геакэшынг? Гэта такая забаўка, у якой ты з дапамогай GPS знаходзіш розныя схаваныя кантэйнеры. Заданне для сябе ты выбіраеш на сайце, яны бываюць рознай складанасці: адны патрабуюць спецыяльнага абсталявання, іншыя – проста ўважлівасці і кемлівасці. Мы навучаліся гэтаму пару дзён, а потым пачалі планаваць. Тыя, хто не можа сядзець без справы, любіць рух і актыўны адпачынак – гэта для вас.

Finnish EVS

Вось так выглядаў адзін з пунктаў геакэшынгу на нашым шляху

Мае ўражанні

Дзікая прырода, смачная ежа, горы, вялікія блакітныя азёры, новыя знаёмствы пакінулі моцныя ўражанні ў маёй душы.

Прырода Фінляндыі – гэта пастаянная змена вялікага лесу і бязмежных блакітных азёраў. Падняўшыся на высокую гару і сузіраючы прыроду, можна сядзець і адпачываць.

Таксама тут добрыя і спагадлівыя людзі. Калі ў нас быў вольны час на выходных, мы выправіліся ў падарожжа ў нацыянальны парк Koli. Гэта выдатнае месца з некранутай прыродай, там праводзяць свой вольны час як турысты ў кемпінгу, так і пешыя наведнікі або вандроўнікі,  якія прагульваюцца, бегаюць і любуюцца відамі з вяршыняў гор. Калі вы заблукаеце там, то мясцовыя жыхары дапамогуць вам патрапіць у патрэбнае месца, нават калі вы не размаўляеце на адной мове.

Так было з намі, і гэткая бескарыслівая дапамога мяне прыемна ўразіла. Мужчына проста ўзяў і давёз нас да кемпінгу. Мы гаварылі на ангельскай, а ён на фінскай.

Finnish EVS

Яшчэ падчас праекту мясцовыя зладзілі для нас майстар-клас па гры на ўкулеле, які апынуўся насамрэч не гавайскім, а фінскім народным інструментам! Кожнаму з нас прэзентавалі па маленькай гітарцы, і цяпер я развучваю дома фінскія матывы, якія (хто ведае?!) дапамогуць мне вярнуцца думкамі ў чароўную краіну мумітроляў.

Finnish EVS