На Erasmus у Турцыю: цёплыя ўспаміны і карысныя парады
- Час чытання: 7 хвілін
Некалькі тыдняў таму Данііл Чаратовіч вярнуўся ў родны Брэст пасля чатырох незабыўных месяцаў, пра якія хлапец марыў некалькі год. Ён – студэнт Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта – выйграў стыпендыю ад Erasmus+ і на адзін семестр паехаў вучыцца ў турэцкі Orta Dogu Teknik Universitesi. Цёплымі ўспамінамі і карыснамі парадамі Данііл падзяліўся з Adukacyja.info.
Наколькі складана было атрымаць магчымасць павучыцца ў Турцыі?
Мэтай паехаць па абмене я загарэўся некалькі гадоў таму і паступова ішоў да яе. Першы год, калі я падаваў заяўку, была магчымасць павучыцца ў Італіі, Гішпаніі, Партугаліі, Ірландыі, Англіі, Францыі, Чэхіі і яшчэ некалькіх краінах. На жаль, тады я нават не меў уяўлення, што такое матывацыйны ліст, прытым што ён з’яўляецца адным з самых важных дакументаў са спісу. Я позна пачаў рыхтаваць дакументы, дарабляць іх мне давялося ў Парыжы ў апошні дзень перад дэдлайнам. Вынік быў відавочны: праз 2 месяцы я атрымаў адмову. Не магу сказаць, што гэта стала для мяне шокам: я быў гатовы да гэтага і нават чакаў, што, хутчэй за ўсё, так і станецца, але з гэтага атрымаўся важны урок на будучыню.
Нельга зацягваць з дакументамі да апошняга, пачынаць падрыхтоўку варта як мага раней.
Прааналізаваўшы свае памылкі, мне захацелася дасягнуць жаданага выніку, чаго гэта ні каштавала б. Я ўвесь час стараўся сачыць за новай інфармацыяй, маніторыць сайты. Не трэба думаць, што прыйдзе чараўнік і зробіць усю працу за вас. Пакуль сам не загарышся ідэяй і не пачнеш дзейнічаць, ніхто не зможа ў гэтым дапамагчы. Я рызыкнуў, і мне пашэнціла атрымаць грант, а разам з ім магчымасць павучыцца ў прэстыжным універсітэце Турцыі. Калі шчыра, я толькі там зразумеў, наколькі гэта крута!
Я быў не адзін – са мной былі сябры і аднагрупнікі: Аляксандр Джонатан Карпіцкі, Ксенія Васільева, Надзея Навумовіч, Вольга Бандарчук, а таксама 2 студэнты БрДТУ: Віталь Какаўко і Раман Гайваронскі. Гэта рэдкая ўдача, калі на праграму Erasmus+ абіраюць адразу так шмат людзей з аднаго ўніверсітэта.
Вядома, Erasmus, як і многія праграмы па абмене, – гэта своеасаблівая латарэя: складана вызначыць нейкія выразныя крытэры адбору. Але думаю, што вызначальным момантам стала наша матывацыя. Бо па іншы бок манітора ў міжнародным аддзеле сядзяць такія ж жывыя людзі, якія чытаюць матывацыйны ліст, разглядаюць дакументы і прымаюць канчатковае рашэнне. Немагчыма не заўважыць розніцу, калі чалавек пісаў “матывацыю” ад душы альбо рабіў ўсё па шаблоне, разлічваючы на стыпендыю.
Ці не страшна было ехаць на вучобу ў Турцыю? СМІ не шкадуюць слоў, якія прадстаўляюць гэтую краіну ў кепскім свеце.
Хітрыць не стану, сітуацыя ў краіне даволі складаная. І мы ўсё цудоўна ведаем. Пра гэта пастаянна кажуць СМІ, тут дадаць асабліва няма чаго. На самой справе, усё нашмат складаней, чым у нас прывыклі казаць. Іншае пытанне, як усё гэта ўспрымаецца ўнутры краіны. А адказ просты: ды ніяк. Людзі папросту прывыклі жыць з гэтым – з тым, да чаго ў нашай свядомасці прызвычаіцца немагчыма. Гэта як людзі, у якіх выявілі страшны дыягназ: калі ўпадуць духам – загінуць, знойдуць у сабе сілы змагацца – будуць працягваць жыць і рухацца наперад нягледзячы ні на што.
І я бачу гэтую барацьбу ў турэцкім грамадстве. Сёння Турцыя, якая яшчэ нядаўна перажыла спробу ваеннага перавароту, а цяпер пакутуе ад тэрарыстычных нападаў, на маю думку, адчувае чарговы ўсплёск патрыятызму. Дзяржаўныя сцягі можна ўбачыць літаральна паўсюль і не толькі ў святочныя дні. Іх вывешваюць на фасады жылых дамоў, вітрыны крам, у транспарце. Трагічныя падзеі заўсёды робяць людзей больш згуртаванымi. Чым больш іх заціскаюць, тым часцей яны выходзяць на мітынгі і дэманстрацыі. Тэмперамент у іх такі. Магу сказаць толькі адно: туркі прывыклі жыць са сваёй бядой і нядрэнна з гэтым спраўляюцца. Яны проста не думаюць пра кепскае, жывуць сённяшнім днём і імкнуцца рабіць сваю краіну лепшай.
Безумоўна, дома бацькі вельмі хваляваліся. Дарэчы, усе дакументы я рыхтаваў у таямніцы ад іх і распавёў пра свае намеры толькі тады, калі атрымаў станоўчы адказ. І тым не менш, не так усё страшна, як паказваюць па тэлевізіі.
Калі ёсць магчымасць не глядзець тэлевізар – не глядзіце яго.
Якія ўражанні табе як архітэктару пакінула турэцкая сталіца?
Анкара не ўяўляе сабой традыцыйнага ў нашым уяўленні горада. Яна даволі хаатычная, але гэта ўпарадкаваны, сістэматызаваны хаос. Планіровачную структуру Анкары можна ахарактарызаваць як свабодную. Гэта вельмі добра відаць з самалёта, калі пралятаеш над горадам.
У горадзе практычна няма ніводнай прасталінейнай вуліцы, але пры гэтым усе дамы выбудаваныя ў пэўнай паслядоўнасці і падпарадкаваныя логіцы, якую даволі складана зразумець. Шмат у чым гарадское планаванне вызначаюць ландшафт і гісторыя развіцця горада.
Нягледзячы на тое што Анкара – вельмі стары горад з багатай гісторыяй (1800 – 1180 да н. э.), у сталіцы турыстаў практычна няма, у адрозненне ад Стамбула, Ізміра і ўсяго паўднёвага ўзбярэжжа Турцыі. Мабыць, самая знакамітая гісторыя, звязаная з наваколлем горада, – гэта гісторыя пра гордзіеў вузел.
У сучасным горадзе фактычна 2 цэнтры, адміністрацыйны – Кiзылай і гістарычны – Улус. Апошні небяспечны з-за незлічоных лабірынтаў састарэлага і закінутага жылля на подступах да галоўнай славутасці – крэпасці, у якой часцяком завісаюць маргінальныя пласты грамадства. Плюс трэба дадаць да гэтага кепскае асвятленне ноччу, горы смецця, якія засталіся пасля закрыцця рынку, які тут размяшчаецца на гарадскіх вуліцах… Але ўзнагародай спадарожніка, якi рызыкне падняцца на самы верх, стане найпрыгажэйшы від на горад да самага гарызонту. І ў гэтым ёсць нейкі дух авантурызму.
У астатнім жа Анкара – вялізны горад, які дынамічна развіваецца, з шматузроўневымі вар’ятамі-развязкамі, тунэлямі, шалёным трафікам, вялікімі шопінг-моламі і стыхійным вулічным гандлем. Кіроўцы, дарэчы, ніколі не прапускаюць, і, што ўласціва для многіх азіяцкіх краін, каб перайсці дарогу, даводзіцца ў літаральным сэнсе кідацца пад колы, тады яны (можа быць) аб’едуць ці спыняцца. У гэтым плане культура нашых кіроўцаў нашмат вышэй. У горадзе пабудавана сетка аўтабанаў, уздоўж якіх сёння актыўна растуць дзелавыя кварталы. Удасканальваецца і транспартная інфраструктура. Да існуючых ліній метро нядаўна была дададзеная яшчэ і гарадская канатная дарога – самая буйная на еўразійскім кантыненце.
Ёсць вельмі цікавыя горадабудаўнічыя рашэнні. Аднак адчуваюцца праблемы з недахопам паркавых і зялёных зон у горадзе. Шчыльнасць забудовы проста шакуе, роўна як і адсутнасць якіх-небудзь нормаў па інсаляцыі памяшканняў. Асабіста я не адчуў у гэтым горадзе натуральнасці, ствараецца ўражанне штучнага горада. І калі Анкара – гэта сэрца Турцыі, дык душа яе, без сумневаў, – Стамбул.
Ці спадабалася табе вучоба ў ODTÜ? У чым яна адрозніваецца ад сістэмы, стылю, методыкі навучання ў беларускім універсітэце?
Што тычыцца ODTÜ, жыццё ва ўніверсітэце было неверагодна цікавым і шматгранным, таму тое, што адбывалася за яго сценамі, часам цікавіла нас у меншай ступені. Бо сам універсітэт – гэта сапраўдны горад у горадзе. Па тэрыторыі курсіравала некалькі бясплатных студэнцкіх рынгаў – аўтобусаў, якія развозяць студэнтаў на вучобу і ў кампусы інтэрнатаў, а таксама далмушы (нешта накшталт нашых маршрутовак), гарадскія аўтобусы і таксі. Вялікай папулярнасцю карыстаўся аўтастоп. Сам універсітэт знаходзіўся на ахоўнай тэрыторыі, уваход толькі па студэнцкіх білетах, выпадковым людзям на тэрыторыю трапіць было досыць праблематычна.
Тэрыторыя кампуса складае 4500 гектараў, з якіх 3000 га – лясы. Тут размяшчаюцца шматфункцыянальны і звычайныя гандлёвыя цэнтры, выставачны цэнтр, бібліятэка, трэнажорныя залі, вялікі стадыён Devrim (у перакладзе – рэвалюцыя), цэлы музейны квартал, у якім сабраны экспазіцыі з часоў палеаліту да нашых дзён! Ёсць нават невялікі дзіцячы сад. Як гэта часта бывае за мяжой, ва ўніверсітэце ёсць свае студэнцкія традыцыі. Адной з такіх традыцый было выкрыкваць “Гектар” на стадыёне – хто чуў гэтую гісторыю, той абавязкова ўспомніць і ўсміхнецца.
Тут усё электроннае: сістэма адсочвання транспарту, сістэма рэгістрацыі курсаў, хатніх заданняў, адзнак і гэтак далей. Па ўсім універсітэце свабодны Wi-Fi – тут ён выконвае ў першую чаргу навучальную функцыю. Нават сталоўка мае свой сайт. Плаціш па студэнцкім білеце (ён валодаў функцыям і электроннага пропуску, і карткі, якую можна было папаўняць) ды атрымліваеш фіксаванае меню. Калі не падабаецца – значыць, табе падыдзе больш дарагая сталоўка, дзе выбар нашмат большы, коўтаў няма ў прынцыпе – усё на вагу. Што ўжо казаць, калі ў Турцыі на вагу прадавалі нават ручнікі. Не падабаюцца сталоўкі – ёсць кафэ, бары, крамы – можаш гатаваць самому. Поўная свабода выбару.
Калі казаць пра факультэт, на якім ты вучыўся. Чым ён табе запомніўся?
Архітэктура факультэта фармуе вельмі цікавыя кампазіцыі, інтэр’еры і прасторы… Шмат незвычайных аўдыторый, двухпавярховых майстэрняў, з панарамнымі вокнамі ў суседнія кабінеты. Прысутнічаюць цікавыя рашэнні па зацяненні фасадаў з паўднёвага боку. Паколькі факультэт пабудаваны на складаным рэльефе, уваход у будынак можа размяшчацца як з другога (1th floor), так і з першага (ground floor) паверха.
Што тычыцца навучальнага працэсу. Абарона прэзентацый або крытыка праходзяць практычна на кожных занятках, пастаянна ёсць праца. Дамашнія заданні, роўна як і неабходны для навучання матэрыял, пастаянна дасылаецца на электронную пошту. Кнігі каштуюць нятанна, таму многія робяць фотакопіі.
Часта даводзілася выязджаць на мясцовасць, вывучаць і аналізаваць праблемныя аспекты гарадскога асяроддзя. На архітэктурным факультэце вялікая ўвага надаецца аналізу тэрыторыі, схемам, канцэпцыям. Іншым цікавым момантам для мяне стала практыка абароны сваіх ідэй, сістэма журы. Цікавыя прыёмы выкарыстоўваліся і ў макетаванні. Вынікам калектыўнай працы станавіліся постэры, якія скідаліся ў агульны dropbox, і ўсе мелі доступ да гэтай інфармацыі, выкарыстоўвалі яе ў індывідуальных працах. Лічу такі падыход вельмі карысным і правільным.
Трэба адзначыць, што прафесары і студэнты цікавіліся нашым падыходам да праектавання і па многіх аспектах былі прыемна здзіўленыя – у прыватнасці, прапрацоўкай чарцяжоў, эскiзаваннем (акадэмічны малюнак не ўваходзіць у спіс абавязковых дысцыплін для архітэктараў у Турцыі і нават не адносіцца да факультэту), падыходам да арганізацыі грамадскіх прастор. Таму, безумоўна, гэта было карысна для ўсіх нас. Лекцыі былі вельмі цікавымі і займальнымі. Большасць прафесароў маюць салідны спіс прац і дысертацый за сваімі плячыма, многія з іх паралельна вядуць сваю прафесійную дзейнасць па-за універсітэтам. Сваё меркаванне ніхто з іх не навязвае – прыслухоўвайся, але праектуй, як лічыш правільным. Ты абавязкова павінен умець абараніць сваю ідэю, у адваротным выпадку адзнака будзе адпаведная.
Як ты плановая свой дзень, калі вакол было столькі цікавых заняткаў і прапаноў?
Распарадак дня быў розным і залежыў ад дня тыдня. Па-першак, расклад мы сабе складалі самі напачатку семестра, такім чынам, у нас была магчымасць размяркоўваць і рэгуляваць загружанасць па днях тыдня. Крэдытная сістэма моцна адрозніваецца ад нашай, даводзіцца прывыкаць, але гэта цікава, ёсць істотныя адрозненні і ў сістэме адукацыі, і ў падыходах, хоць фундаментальныя прынцыпы застаюцца нязменнымі.
Па-другое, такая сістэма падразумевае адказнасць, гэта дысцыплінуе. Ёсць прадметы, абавязковыя да вывучэння, ёсць курсы па выбары, якія мы можам абраць у залежнасці ад сваіх густаў і пераваг. У тэорыі мы маглі ўзяць прадметы нават не са свайго факультэта, такія як більярд ці спеў, лепка з гліны, замежныя мовы і гэтак далей. Яны будуць даваць крэдыты, але для дыплома асаблівай ролі не зыграюць. Часцяком бывалі накладкі па часе, і даводзілася выбіраць, які курс для цябе важней. Уся рэгістрацыя для пастаянных студэнтаў электронная. Цалкам верагодна, што жадаючых запісацца на курс будзе занадта шмат, і вы проста не зможаце на яго зарэгістравацца. Такая верагоднасць вельмі высокая, таму вызначыцца і зарэгістравацца трэба паспець як мага раней. Як след, знікае такі панятак як традыцыйная група ў прынцыпе. Бо агульны прадмет, які паўтараецца з года ў год, у турэцкіх студэнтаў толькі адзін – архітэктурны праект.
Там усё сядзяць ад званка да званка – гэта праўда. Усе працуюць, ці амаль усе. Часам даводзіцца затрымлівацца і разыходзіцца глыбокім вечарам. Бывала і такое, што мы ночылі ў студыі.
Спісваць тут не прынята апрыёры. Ведаеш матэрыял – здасі, не ведаеш – за прыгожыя вочы адзнаку не паставяць. Наведвальнасць таксама важная, шмат у чым залежыць, вядома, ад выкладчыка, але ў цэлым за гэтым строга сочаць. Зрэшты, ёсць прафесары, для якіх галоўнае – гэта экзамен, а наведвальнасць не іграе істотнай ролі. У любым выпадку тут ніхто ні за кім не бегае і не прымушае вучыцца – тыя, хто вучацца ў ODTÜ, разумеюць, што ў першую чаргу гэта трэба для іх саміх. А выпадковых людзей тут практычна няма.
Ці сутыкнуўся ты напачатку з мощным бар’ерам?
Моўны бар’ер быў, але з часам ён пераадольваецца… Перш за ўсё трэба перастаць баяцца размаўляць на ангельскай мове. Першы час цяжка. Нават калі вы размаўляеце з памылкамі і ўзровень вашай мовы ўсё яшчэ пакідае жадаць лепшага (хоць узровень B2 прадугледжаны праграмай Erasmus), усё адно размаўляйце на ёй – гэта дае плён. Узровень B2 неабходны ў першую чаргу для нармальнага ўспрымання вучэбнага матэрыялу. І ўсё ж калі вы будзеце сядзець толькі за падручнікамі, хай нават напісанымі на ангельскай, ізаляваўшыся ад знешняга свету, гэта не дасць вам так шмат карысці, як жывыя зносіны з мясцовымі студэнтамі, выкладчыкамі, носьбітамі мовы. І справа не толькі ў моўнай практыцы…
METU Medieval East Technical University (ODTÜ Orta Doğu Teknik Üniversitesi) з’яўляецца першым і адзіным універсітэтам у Турцыі, выкладанне ў якім праходзіць цалкам на ангельскай мове. Гэта тычыцца не толькі студэнтаў па абмене, а наогул усіх. Многія тут на працягу года вывучаюць мову, перш чым паступіць, але ёсць і такія, хто паступае адразу. Таму і мясцовыя студэнты таксама будуць рады зносінам з вамі – гэта ўзаемавыгадны досвед. Па сутнасці, гэта яшчэ і магчымасць абсалютна бясплатна палепшыць сваю мову. Але прыязджаць, вядома, трэба ўжо з пэўнай моўнай падрыхтоўкай.
Жывыя стасункі заўсёды лічылася самым дзейсным метадам вывучэння мовы. Напэўна, гэта і ёсць самае каштоўнае ў праграмах абмену, бо менавіта праз людзей ты даведаешся новую для сябе культуру, абменьваешся вопытам, уражаннямі, вучышся, працуеш з імі, разам бавіш час – так і з’яўляюцца міжнародныя кантакты.
Кажуць, што Erasmus створаны хутчэй для міжкультурнага абмену, чым для вучобы. Ці так гэта на самой справе?
Эрасмус створаны для падтрымкі і развіцця студэнцкіх абменаў. Што гэта значыць на практыцы? Комплексны падыход: поўную ўцягнутасць студэнтаў не толькі ў навучальны працэс, але і ў культурнае жыццё ўніверсітэта, разнастайныя мерапрыемствы, флэшмобы, сімпозіумы, культурны абмен, усталяванне ўстойлівых сяброўскіх сувязяў паміж замежнымі студэнтамі і далейшая іх камунікацыя. У кожнага студэнта (пратэжэ), які прыязджае па абмене, ёсць свой хост (ментар), які першы тыдзень дапамагае яму з дакументамі і ў адаптацыі да новага асяроддзя. Яны ж ладзяць разнастайныя студэнцкія вечарыны і Эрасмус-туры ў розныя гарады краіны.
Ёсць магчымасць падарожнічаць і самім. Дарэчы, авіяпералёты па Турцыі адносна недарагія. Такім чынам за 4 месяцы мы паспелі пабываць у такіх гарадах як Стамбул, Аланья, Анталія, Бодрум, Кападокія, Памуккале. І з кожнай паездкай звязаны свае непаўторныя эмоцыі і ўспаміны. Ці варта казаць, як моцна нам будзе гэтага не хапаць.
Прыкметна павялічылася і геаграфія новых знаёмстваў, як сяброўскіх, так і прафесійных: акрамя туркаў, з намі вучыліся гэтак жа студэнты з Украіны, Грузіі, Азербайджану, Ірану, Пакістану, Казахстану, Кіргізстану, Іарданіі, Саудаўскай Аравіі, Албаніі, Македоніі, Нямеччыны, Гішпаніі і Марока. І менавіта такія туры знаёмілі нас бліжэй адзін з адным.
І ўсё ж, калі вы плануеце паехаць па абмене, што называецца “патусіць”, асабліва не разлічвайце на гэта. Вучоба ва ўніверсітэце даволі складаная, калі падыходзіць да яе з усёй адказнасцю, то яркія ўражанні стануць для вас прыемным бонусам за вашу працу.
Ці будзеш ты выкарыстоўваць у практыцы тое, чаму цябе навучылі?
Зразумела, я планую выкарыстоўваць на практыцы атрыманыя веды. Для пачатку хачу прымяніць іх у сваім дыпломным праекце і ўжо пасля – у сваёй прафесійнай дзейнасці.
Думаю, і без слоў зразумела, як моцна я буду сумаваць па ODTÜ і ўсяму, што было з ім звязана. Мабыць, гэта былі самыя яркія 4 месяцы ў маім жыцці!
А ўсім, хто сумняваецца, хачу сказаць: не бойцеся зменаў, спрабуйце, бо можна адкрыць столькі цікавага, толькі зрабіўшы невялічкі крок. Галоўнае, не спыняцца на дасягнутым, і заўсёды ісці далей.