На EVS у Турцыю, альбо Як я стала валанцёрам

  • 22.09.2016
  • Блог
  • Здымкі: з прыватнага архіву аўтаркі

Чамусьці многія асацыююць валанцёрства з рабствам: кшталту, працуеш, а грашэй не плоцяць. Ерунда ўсё гэта! Не слухайце такіх людзей! Мой досвед і ўражанні сцвярджаюць, што гэта зусім, абсалютна не так.

ab2

Я падала заяўку на кароткатэрміновую праграму Еўрапейскай валанцёрскай службы (EVS). EVS — гэта праект у межах праграмы Еўразвязу «Эразмус+». Падрабязнасці пра яе можна лёгка знайсці на афіцыйным сайце. У Турцыю, у горад Бодрум, было патрэбна 30 валанцёраў з 17 краін, каб дапамагчы з арганізацыяй 17-га міжнароднага Бодрумскага танцавальнага фестывалю. Праект быў разлічаны ўсяго на 6 тыдняў. Умовы такія: пакрыццё выдаткаў на падарожжа, візу, бясплатнае пражыванне і харчаванне ў гатэлі, грошы на кішэнныя выдаткі. Арганізацыяй, якая адпраўляла валанцёраў, былі «Новые лица» (New Faces), той, што прымала ў Турцыі, — «Bodrum Dans Kulübü» («Бодрумскі танцавальны клуб»). Танцамі я калісьці займалася, тэма гэта была заўжды цікавай, турэцкую мову я вывучала, таму не было прычын не падаць заяўку. І, о дзіва, мяне абралі! А цяпер усё па парадку.

Працоўны працэс

Ітак, мы прыехалі ў Бодрум, 30 чалавек з 17 краін. Розны ўзрост (ад 17 да 29 гадоў), разные культуры, рэлігіі, менталітэт. Мы павінны пражыць разам 6 тыдняў. І не проста пражыць, а працаваць і знайсці агульную мову. Шчыра кажучы, крыху хвалявалася. Не ў кожнага ёсць талент адразу ўвайсці ў такі рознабаковы калектыў, адкрыцца іншым людзям. Але пра гэта пазней.

У гатэлі нас рассялілі па краінах. Гэта, як мне падаецца, палягчала задачу «расплавіць лёд» і пазнаёміцца. Першыя два-тры тыдні мы амаль не працавалі, але ў нас былі разнастайныя, цікавыя і карысныя трэнінгаў, экскурсіі па горадзе. Вядома, у працэсе мы шмат даведваліся адзін пра аднаго.

ab1

Калі надышоў час узяцца за тое, дзеля чаго мы прыехалі (прасоўванне і арганізацыя фестывалю), у многіх паўстала пытанне: няўжо ўсе будуць займацца танцамі? Фестываль танцавальны, і большасць валанцёраў — танцоры. Хтосьці прафесіянал, нехта — аматар. Але нас размеркавалі на тры каманды: медыі, прасоўванне і танцы. Задачы каманды медыяў складаліся з напісання і публікацыі артыкулаў пра нашу дзейнасць і сам фестываль, здымкі відэа, фота, распрацоўкі сайтаў, SMM-працы.

Каманда тых, хто прасоўваў, працавала над ідэямі распаўсюджвання інфармацыі пра фестываль мясцовым жыхарам. А танцоры, вядома, танцавалі. Ставілі харэаграфію для флэшмобаў і галоўнага выступу. Канешне, усё атрымоўвалася не так лёгка, як можа падацца з першага погляду. У каманды мы размяркоўваліся самі, па сваім жаданні. Але, трэба адзначыць, у выніку мы былі задзейнічаны ва ўсіх групах. Калі хтосьці з каманды жадаў і мог дапамагчы іншай, то рабіў гэта. Дый у фінальным выступе бралі ўдзел амаль усе валанцёры.

ab3

У першы дзень нашай працы мы вельмі ўзрадаваліся, калі арганізатары паведамілі: «Нам не хацелася б навязваць свае ідэі і думкі наконт арганізацыі вашай працы. Мы хочам, каб гэты праект быў вашым бачаннем. Канешне ж, калі ў працэсе ўзнікнуць пытанні, мы заўжды радыя дапамагчы. Але ў выніку фестываль мусіць быць вашым». Натуральна, у нас былі канкрэтныя, ужо пастаўленыя задачы, але тое, якім чынам будзем іх вырашаць, трэба было прыдумляць самім. І тут пачалося!..

Як я ўжо адзначыла, розныя культуры, нацыянальнасці, норавы і характары паказалі сябе. Апынулася, што ва ўсіх настолькі рознае ўспрыманне свету, сітуацыі, шляхоў дасягнення мэты, што адразу стала відавочным: без канфліктаў не абыдземся. У першыя тыдні знаёмства ўсё падавалася спакойным і сонечным, але зараз, калі часу заставалася не так шмат і кожны пачынаў паказваць уласнае «я», стала цяжка. Яшчэ адна цяжкасць — камунікацыя на ангельскай мове. Узровень валодання ва ўсіх быў розным. Былі тыя, хто ледзь разумеў, але былі і тыя, хто размаўляў вельмі добра. Моўны бар’ер прысутнічаў.

У кагосьці былі лідарскія якасці, што выражалася ў нежаданні саступаць са сваімі ідэямі, хтосьці быў больш слабым і не трываў ціску, хтосьці наогул не разумеў, што ад яго хочуць, некаторыя рабілі ўсё, некаторыя — мінімум, хтосьці ставіўся да праекта як да працы, а хтосьці — як да адпачынку. Першы тыдзень выдаўся цяжкім у маральным аспекце. Але гэта было варта ператрываць, каб убачыць плён нашых высілкаў.

Да пачатку самога фестывалю нам неабходна было зрабіць прэзентацыю праграмы Erasmus+ — распавесці пра яе ў каледжах Бодрума. Удзельнічалі ў прэзентацыях усе. Тры дні мы хадзілі па розных навучальных установах і намагаліся зацікавіць сваім прыкладам. Амаль ніхто не ведаў пра такія магчымасці. Акцэнт мы рабілі на Youth Exchange. Здавалася б, што складанага: прыйшоў і распавёў пра класныя праекты. Калі б усё было так проста!.. Найперш трэба было стварыць прыязную атмасферу для моладзі, якую незразумела чаму сабралі ў душным класе (надвор’е было — ого-го: Турцыя ўсё ж) і што ад яе хочуць гэтыя людзі.

4a

Мы пачынаем распісваць перавагі праграмы і яе магчымасці (на ангельскай мове, вядома), і раптам нехта з вучняў просіць перакласці ўсё, што мы сказалі, на турэцкую! Яны нічога не зразумелі? Высветлілася, што большасць турэцкіх навучэнцаў, як прынята казаць, нібы сабакі: разумеюць, але размаўляць не могуць. У некаторых класах нас не зразумелі наогул. Падчас трэнінгаў былі заняткі турэцкай, але яе дакладна не хапіла б для прэзентацыі. Ратавала тое, што амаль заўжды з намі быў нехта з носьбітаў турэцкай мовы. Спачатку падалося, што тутэйшая моладзь не асабліва актыўнічае. Гэта магло засмуціць, канешне, таму што нам вельмі хацелася падзяліцца сваім досведам і натхніць іншых на такі крок. Але не гэтым разам. Было прыемна, калі пасля сканчэння прэзентацыі да нас падыходзілі навучэнцы і ставілі безліч пытанняў: «Як трапіць?», «Куды ісці?», «Раскажыце пра свой досвед» і г.д. Гэта былі нашы маленькія перамогі!

Бліжэй да самога фестывалю мы рабілі флэшмобы, распаўсюджвалі буклеты, развешвалі плакаты. Працэс быў вельмі захапляльным і цікавым. Мы знайшлі агульную мову ў працы, стала менш канфліктаў, мы даведаліся адзін пра аднаго невымерна шмат. Адчувалася, што ў нас ёсць адна мэта, і мы адказваем за яе. Раздзялення каманды ўжо і не заўважалася.

5a

Фінальны танец атрымаўся! Дакладней, нават шоу. Пастаноўкай харэаграфіі займаліся некалькі чалавек з розных накірункаў, таму выступ быў вельмі насычаным. У першыя дні выступалі дзеці. Наш дзень — пад нумарам «3». Па спасылцы вы можаце забачыць фінальны танец.

Толькі не крытыкуйце нас моцна. Ведалі б вы, колькі гематом падчас рэпетыцый мы прыдбалі!:)

Але — таксама паспявалі і адпачываць.

Вольны час

Выходнымі ў нас былі субота, нядзеля і два разы цягам праекту дадавалася пятніца. Шчыра прызнаюся: калі я ехала на праект, думала, што вольнага часу будзе нашмат меней. Агулам, ніхто з нас не выседжваў пэўную колькасць гадзін. Нам патрэбна было толькі рабіць усё своечасова, таму графік працы мы складалі сабе самі.

Помню, на першыя выходныя мы ўсёй камандай паехалі ў Памуккале. Казачнае месца!

11

Але і тут не абышлося без спрэчак. На месце высветлілася, што хтосьці ўжо нашпацыраваўся і хоча ў гатэль, нехта жадае сустрэць шыкоўны заход сонца. З тае пары вырашылі бавіць вольны час паасобку альбо малымі групамі. Перш за ўсё, мы напоўніцу атрымалі асалоду ад мора і пляжу. Хадзілі туды і ў сонечнае, і ў пахмурнае надвор’е. Калі стамляліся, давалі нырца ў басейне. Шмат вандравалі па суседніх гарадах і мястэчках, даследавалі Бодрум.

12

13-2

Турцыя — вельмі гасцінная краіна. Мы пабывалі на турэцкіх заручынах, наведалі «Ноч хны» (кшталту нашага дзявочніка). Неяк арганізатар паабяцаў звадзіць нас на турэцкае вяселле. «А хто жэніцца?» — спыталі мы. «Ды шмат хто! Май — гэта сезон вяселляў. Мы папросім дазволу, і, калі нехта пагодзіцца, пойдзем». Нічога сабе! Уяўляеце, нехта падыходзіць да вас і пытае: «Вы не супраць, каб да вас на вяселле прыйшло 30 незнаёмцаў з розных краін? І не забудзьце пачаставаць іх!» Насамрэч, так і было.

Паехалі мы, як я ўжо казала, не на само вяселле, а на Ноч хны. Адбывалася яна на вольным паветры, а не ў памяшканні. Адмыслова для нас перад пачаткам цырымоніі накрылі стол з пачастункамі, накармілі, вельмі цёпла паклапаціліся пра нас. Сказалі, што гэта вялікі гонар — прымаць замежных гасцей. Дый наогул, паўтаруся, краіна вельмі гасцінная, тут адмаўляць не прынята. Мы загадзя развучылі некалькі турэцкіх танцаў, каб здзівіць гасцей. Здзівілі. Уражанняў засталося мноства і ў нас, і, упэўнена, у гаспадароў.

Пра вольны час можна пісаць бясконца, бо Турцыя — гэта краіна, якую можна даследаваць і не бачыць краю. Куды б ты ні прыйшоў, паўсюль знойдзеш новае, цікавае, незразумелае, прыцягальнае. Краіна кантрастаў і супрацьлегласцяў. Але ад гэтага яшчэ мацней хочацца спазнаць яе.

І напрыканцы…

Шмат хто перад паездкаў у Турцыю пытаў мяне: «Навошта ты туды едзеш? Валанцёрам жа не плоцяць, гэта ж не праца». Мне шкада чуць такія пытанні, бо лепшыя моманты ў жыцці вымяраюцца не грашыма.

6a

Я пісала пра канфлікты, пра спрэчкі. Былі і слёзы ад таго, што нехта адчуваў сябе чужым. Але, хоць мы і вельмі розныя (нехта засмучаўся праз выпэцканую цішотку, а хтосьці смяяўся са зламанага ў сябе пальца на назе), мы сталі адным цэлым. Адзіным арганізмам. Усяго 6 тыдняў па 24 гадзіны на дзень. У нас нават жарт з’явіўся: ці ёсць жыцці пасля ЕВС? Дагэтуль называем сябе EVS Family. Магчыма, мы атрымалі нават не столькі практычнага досведу, колькі эмацыянальнага, маральнага. Як працаваць у камандзе, вырашаць канфлікты, падтрымліваць адно аднаго, шанаваць кожны момант. Мы разам сумавалі, разам цешыліся, жылі ўсімі фарбамі і таксама разам.

Асобны дзякуй нашаму арганізатару і трэнеру. Ён ніколі не ціснуў на нас, падтрымліваў, дзяліўся сваім досведам і даваў добрыя парады. Здаецца, гэта быццам бы яго абавязак, але заўжды ж адчуваецца, калі чалавек проста выконвае сваю працу, а калі робіць яе з душой.

Ці варта наогул казаць, колькі сяброў і знаёмых я набыла? Канешне, стасуюся аднолькава шчыльна з усімі. Але дакладна ведаю, што, да каго б у госці я ні прыехала, мяне сустрэнуць аднолькава цёпла паўсюль. І я зраблю тое ж самае.

7a

Было вельмі цяжка развітвацца. Вядома, не абышлося без слёз. Мы дагэтуль патрымліваем стасункі і ездзім адзін да аднаго ў розныя краіны.

Нельга сказаць адным словам, што менавіта даюць такія праекты. Кожны знаходзіць у іх нешта сваё, індывідуальнае. Тут ты даведваешся шмат новага пра іншых, пра сябе, пра краіны і культуры. Перажываеш безліч станоўчых эмоцый. Хтосьці з валанцёраў наогул упершыню быў за мяжой.

Мне было вельмі ляжка апісаць гэтых паўтара месяца для тых, хто пытаўся: «Ну, што вы там рабілі?» Пакуль ты сам не атрымаеш такі досвед, да канца не ўсвядоміш, што гэтае такое.

14

І на развітанне – яшчэ адно відэа.

Пераклад з рускай: Любоў Каспяровіч