На наступны дзень замкнулі ў офісе: Медыя-стажыроўка ў ЗША
- Час чытання: 7 хвілін
Чаму на буйных сустрэчах ніхто не будзе шукаць вас у фэйсбуку і якія фішкі варта пераняць у супрацоўнікаў CNN? Мы пагутарылі з Анастасіяй Пілюгінай, якая ў мінулым годзе прайшла стажыроўку для спецыялістаў лічбавай сферы ў ЗША.
Наста, раскажы пра сябе: адкуль ты, дзе вучышся, чым займаешся?
Зараз я працую рэдактарам сацыяльных сетак беларускай службы Радыё Свабода і паралельна вывучаю міжнародную палітыку і эканоміку ў ЕГУ.
Яшчэ летась я бачыла шляхі, як вярнуцца жыць і працаваць у родны Віцебск. Мне падаецца праблемай, што моладзь пераязджае жыць з райцэнтраў у абласныя гарады, а адтуль у Менск. Так зязджае частка крэатыўных кадраў, а ў прыезджых няма адчування свайго месца ў новым горадзе.
Калі я кіравала беларускай камандай стартапу Anonygo, мы заставаліся жыць у сваіх гарадах, працавалі са сваіх кватэраў ці ў падарожжах. Атрымоўваючы дастатковы заробак для свайго гораду, мы маглі падтрымоўваць лякальныя праекты ня толькі грашыма, але і справай.
Як ты апынулася ў Штатах? Што гэта за праграма, для каго яна і як туды трапіць?
У Амэрыку я паехала па праграме абмену Digital Communication Network (далей па тэксце – DCN), якая аб’ядноўвае спэцыялістаў у лічбавай сфэры. Сама стажыроўка доўжыцца каля трох тыдняў. Наборы праводзяць некалькі разоў нагод. Зараз (лістапад 2018) распачаўся набор на красавік 2019, падрабязнасці шукайце па спасылцы. Запаўняеш заяўку, пасьля цябе адбіраюць на сумоўе, дзе распытваюць пра твае цяперашнія задачы і мэты на будучыню.
А ў якой арганізацыі ты праходзіла стажыроўку? Раскажы, як звычайна праходзіў твой “працоўны”дзень?
Тыднёвая стажыроўка ў Freedom House была толькі адным з чатырох этапаў праграмы абмену. Перад мной паставілі задачу напісаць медыя-кампанію для Freedom House. Гэта праваабарончая арганізацыя, іх аўдыторыя – юрысты, журналісты і палітыкі. Я напісала пакрокавы плян, што зрабіць, каб імі цікавіліся патэнцыйныя фундатары ня толькі пасьля выхаду чарговай праваабарончай справаздачы на некалькі pdf-старонак.
За гэты час я зразумела, як пазыцыянаваць сябе ў сацсетках, рабіць зразумелую інфаграфіку ды патлумачыць, чаму правы чалавека важныя для звычайнага чалавека.
Увесь астатні час мы хадзілі на сустрэчы ці лекцыі, частка зь іх была ў Вашынгтоне, частка ў Нью-Ёрку. Разам з іншымі калегамі, якія ўдзельнічалі ў абмене, мы папрасіліся паехаць на канфэрэнцыю па журналісцкіх расьсьледаваньнях у Фінікс. Збольшага там распавядалі пра кейсы, якія я ўжо выкарыстоўвала падчас працы на Радыё Свабода ці Intex-press.by. Таму падчас асобных панэляў мы ляжалі пад пальмамі.
Што цябе больш здзівіла за гэты час ці натхніла? З якімі цяжкасцямі ты паспела сутыкнуцца і як іх пераадольвала?
Усе супрацоўнікі Fredom House сыходзілі роўна а 17-й гадзіне, у першы ж дзень а 17:20 да мяне падышоў адзін з супрацоўнікаў і сказаў, што я апошняя і трэба ісьці дадому. На наступны дзень мяне не заўважылі і замкнулі ў офісе.
Бацькі-працаголікі вучылі, што ў сутках 3 поўныя працоўныя дні. Дагэтуль цяжка прыняць адваротнае. Падчас стажыроўкі я не брала адпачынак на працы, таму жыла па беларускім і амэрыканскім часе. Два тыдні гэта атрымоўвалася без праблем, а на трэці ўпершыню стала адчуваць стомленасьць і крызіс ідэй.
Якія ўрокі ты засвоіла падчас стажыроўкі ў ЗША?
Калі сцісла:
- Супрацоўнікі CNN маюць 2 тыпы гаджэтаў: працоўныя і асабістыя, тэсьціла гэтую фішку – у выніку цягам дня магла не дакранацца да асабістага тэлефона;
- Часам нават на крутых канфэрэнцыях прэзэнтуюць відавочныя рэчы;
- Варта нэтворкіцца з усімі, нават калі гэтыя людзі ня з вашай сфэры – зь імі файна бавіць час;
- Чым больш каналаў у карпаратыўным мэсэнджэры (маецца на ўвазе Slack) – тым эфэктыўней працоўны працэс; файна, калі ён выведзены на асобны манітор.
Як гэтая праграма паўплывала на тое, чым ты зараз займаешся?
Пасля лекцыяў і візытаў у СМІ і кампаніі, я старалася разьбіраць іх плятформы дадаткова. Заўважала, што ад нас хавалі ці вельмі класныя рэчы, ці не зусім рэпрэзэнтабэльныя. Калі мае калегі і каляжанкі шлі тусіць ці абедаць, я сядзела за ноўтам і разьбірала публікацыі некалькігадовай даўніны.
Шчыра кажучы, я чакала ад стажыроўкі большага. Але цяпер розныя мэдыярынкі маюць адны і тыя ж інструмэнты, неабходна толькі жаданьне іх выкарыстоўваць. Натуральна, што больш высокімі скіламі ніхто ня будзе дзяліцца задарма. Пры гэтым, я ўсё ж прывезла to do list, у які дагэтуль зазіраю.
Раскажы, чаму на тваю думку варта падавацца на стажыроўкі і дзе іх шукаць?
Асабіста я раз на месяц чытаю сьпіс стажыровак ад 34travel. Калі там чагосьці няма – іду на adukacyja.info. Мэдыйшчыкам раю падпісацца на суполкі Беларускай асацыяцыі журналістаў і прэс-клюбу, часам яны даюць інфу пра спэцыялізаваныя стажыроўкі.
Радыё Свабода набірае інтэрнаў на стыпэндыі Вацлава Гавэла і рэгіянальных карэспандэнтаў. Гэтай восеньню мы дадаткова набралі зь дзясятак стажыстаў для новых мэдыяў. Радыйныя стажыроўкі можна адсачыць у маім фэйсбуку.
Варта адбіраць менавіта тыя стажыроўкі, якія будуць вучыць вас новаму, а не для таго, каб паехаць кудысьці. У мяне ёсьць сьпіс кампаній, у якіх я вучуся новаму. Падпісалася на старонкі іх hr, мэнэджэраў і рэдактараў і адсочваю, каб не прапусьціць магчымасьць наведаць арганізацыі, якімі захапляюся.
Што ты параіш тым, хто будзе ў будучым падавацца на стажыроўку DCN?
Майце ўяўленьне, што вы хочаце ад стажыроўкі і скажыце пра гэта на сумоўі. Гэта зьмяншае шанец, што вы патрапіце ў нецікавую арганізацыю. Пашукайце канфэрэнцыі і лекцыі ў Штатах на час вашай стажыроўкі. Магчыма, мэнэджэр праграмы зможа нешта параіць. Знайдзіце лякальныя стартапы і напішыце ім. Звычайна, усе ідуць насустрач. Спадзяюся, вы адкрыеце для сябе нешта новае, а магчыма пачняце супрацоўнічаць.
Дарэчы, У DCN вы можаце самі ўплываць на сьпіс івэнтаў ня толькі прафэсыйных сустрэч, але і культурных вылазак. І не забывайцеся пра візітоўкі, нават у час сацсетак яны дагэтуль працуюць. На буйных сустрэчах ніхто ня будзе шукаць вас у фэйсбуку, бо няма часу.
А якія планы на будучыню маеш зараз?
Разам з маёй аднадумцай мы запускаем адмысловы Telegram-канал Dzigital, дзе будзем распавядаць пра камунікацыю, сацыяльныя сеткі і працоўныя лайфакі. Але пісаць прафэсыйныя тэксты недастаткова, каб павялічваць ўзровень прафэсыйнай культуры. Нашыя вылазкі зь лекцыямі паказваюць, што існуе запатрабаванасьць у правядзеньні адукацыйных івэнтаў у нашай сфэры, у тым ліку і ў рэгіёнах. Таксама хочацца будаваць супольнасьць smm-спэцыялістаў і ламаць стэрэатыпы пра сетачнікаў-сацыяфобаў.
Зараз Digital Communication Network адчынілі набор на стажыроўкі ў красавіку 2019 году. Падавацца могуць кандыдаты з 27 краін, у тым ліку і Беларусі. Поўныя патрабаванні да удзельнікаў і ўдзельніц ды анкету шукай па спасылцы. Дэдлайн да 1 снежня 2018 году, а адбяруць толькі 14 чалавек, таму спяшайся!