На што ідуць беларускія студэнты дзеля вучобы ў Нямеччыне?
Пра беларускую вышэйшую адукацыю любяць казаць альбо кепска, альбо з іранічнай усмешкай. Міф пра некалі моцную сістэму разбіўся аб нагрувашчанне непатрэбных дысцыплін, пасівелых кніг, выпадковых людзей. Калі большасць студэнтаў плыве па цячэнні, змірыўшыся з такім раскладам, то некаторыя пераадольваюць сілу цяжару ўласнай зоны камфорту і з’язджаюць вучыцца за мяжу.
Яшчэ год таму Антон Саечнікаў і Мікіта Мярзлоў вучыліся на розных факультэтах БДУ. Кастрычнік 2014-га кардынальна змяніў іх жыццёвы расклад: цяпер яны студэнты Рурскага Ўніверсітэта. У кожнага з іх – практычна палярныя меркаванні наконт навучання ў нямецкай вну, розныя планы на будучыню і непадобныя погляды на цяперашняе. Чаму маладыя і перспектыўныя кідаюць вучобу ў Беларусі і дзе знаходзяць сябе ў ветлівай, але чужой Нямеччыне, чытайце ў цыкле публікацый Adukacyja.info.
***
Вучэбная каляіна Антона Саечнікава пракладвалася лагічна і цалкам заканамерна: Ліцэй БДУ, факультэт радыёфізікі. На трэцім курсе ён заняўся праектаваннем спадарожнікаў, якія вызначалі ўзровень забруджвання паветра, ступень азелянення ландшафту. На чацвёртым курсе ён атрымаў стыпендыю нямецкай вну і на паўгады з’ехаў у Нямеччыну. Фінальны год навучання звязаў Антона з фізіка-тэхнічным інстытутам Акадэміі навук, дзе ён распрацоўваў алгарытмы для беспілотных лятальных апаратаў. Пасля атрымання дыплома бакалаўра паступіў у магістратуру БДУ і адначасова выйграў стыпендыю Нямецкай службы акадэмічных абменаў. Так ён стаў магістрантам адразу двух універаў – Беларускага дзяржаўнага і Рурскага. Аднак вырашыў не адмаўляцца ні ад адной з магчымасцей.
– Калі б я не атрымаў стыпендыю, то за свой кошт не паехаў бы. Бо жыццё складвалася нармалёва. Увесь папярэдні год я працаваў па спецыяльнасці. Аплочвалі маю працу прыстойна, у два разы больш, чым у сярэднім па краіне. Работа падабалася. Задачы ў яе цікавыя, не прыземленыя. Патэнцыял кар’ернага росту быў. Усе веды, якія атрымаў ва ўніверсітэце, я мог рэалізаваць. Гэта было хобі, якое добра аплочвалі. Але калі атрымаў стыпендыю, падумаў: чаму б не прыехаць на два гады і яшчэ не павучыцца? Вучоба не работа. Тут плоцяць грошы за тое, што ты атрымоўваеш новыя веды.
На адрас новага ўніверсітэта Антон не сыпле ўзнёслых слоў. Ён цвяроза і без ілюзій ацэньвае яго ўзровень. Параўноўваючы нямецкую і беларускую вну, нямала плюсаў ён знаходзіць у апошняй.
– Магу сказаць, што факультэт радыёфізікі сфармаваў вялізны патэнцыял. Калі я рыхтаваў дакументы для стыпендыі DAAD, афармляў transcript of records. Пачытаў назвы ўсіх курсаў, якія атрымаў. Тое, што даў мне факультэт за пяць гадоў, у Нямеччыне дае тры ці чатыры бакалаўрыяты, разам узятыя. Пытанне ў тым, наколькі добра я гэта помню. Аб’ём ведаў быў агромністы, але, тым не менш, якасць атрыманага матэрыялу, базісныя веды былі на вельмі высокім узроўні. У Нямеччыне фундаментальныя рэчы выкладаюць нашмат горш, без разумення сутнасці працэсаў. Не паглыбляюцца і не занырваюць. У нас – наадварот. Прынамсі у маёй сферы. Нямецкія вну ставяць акцэнт на прыкладных рэчах, на практычным прымяненні. У Беларусі часта не застаецца часу на гэты аспект. Калі б сумясціць нашу фундаментальную аснову і нямецкую практычную скіраванасць, атрымаўся б оптымум.
Да ад’езду ў Нямеччыну Антон заспеў вераснёўскія лекцыі ў магістратуры БДУ. Уражанні яна пакінула не самыя прыемныя.
– На першай лекцыі выкладчык тлумачыў, як працаваць у Microsoft Excel. Мне падаецца, чалавеку, які пяць гадоў адвучыўся ва ўніверсітэце, расказваць пра элементарныя праграмы трохі нелагічна. На мой погляд, магістратура страціла сэнс з пяцігадовым навучаннем. Ты ўжо спецыяліст. Вучыцца далей, дзе фармальна табе даюць філасофію, замежныя мовы, “ворды-іксэлі” і адзін курс па спецыяльнасці, каб здаць для кандыдацкага мінімуму, – не зусім тое, на чым трэба рабіць акцэнт. З “вордамі” чалавек мусіць разбірацца, як з назвамі сваіх пяці пальцаў, замежная мова па дэфолту павінна быць на нармальным узроўні, асабліва ў тэхнічных спецыяльнасцей. Тэхнар абавязаны ведаць ангельскую, каб мог пісаць артыкулы, чытаць літаратуру, рабіць прэзентацыі.
Усе названыя пазіцыі Антон паспяхова ўвасабляе ў Рурскім універсітэце. За спінай у яго дзве сесіі, якія “здаліся” без цяжкасцей, але з намаганнямі. Бо здаць іспыт у нямецкай вну не раўняецца напярэдадні прачытаць канспект і злавіць халяву ў залікоўку. Гэта грунтоўная праца цягам семестру і інтэнсіўная падрыхтоўка перад тым самым днём. Плюс трэба ўлічваць, што адказваць даводзіцца не на матчынай мове – ангельскай і нямецкай.
– Першая сесія мне не спадабалася. Яна быццам бы падаецца як flexible, але насамрэч гэта не так. У кожнага выкладчыка любімыя перыяды для іспытаў – канец ці сярэдзіна месяца. У выніку атрымоўваецца, што ў гэты час утвараецца поўны завал. Да прыкладу, адзін з маіх тыдняў выглядаў так: нядзеля – залік па ангельскай, панядзелак-аўторак-серада – праект, які заключаецца ў васьмігадзіннай працы ў лабараторыі, у аўторак і пятніцу – яшчэ два іспыты. І толькі таму, што такі расклад прапанавалі самі выкладчыкі. Па сутнасці, тут няма вучэбных груп. І ніхто не будзе выконваць нашых адміністрацыйных перапынкаў на тры дні. Іспыты могуць накладвацца адзін на другі, і трэба выкручвацца любым чынам. Ёсць два становішчы: альбо сядзіш і цягам тыдня нічога не робіш, альбо мозг узрываецца ад абавязкаў, якія наваліліся ў адзін момант. Цэлы тыдзень начэй без сну. Дома такога ніколі не было. І з гэтым нічога не зробіш. “Ну, не здавай, наступным разам прыйдзеш”, – можна пачуць у апраўданне. Тут ніхто не форсіць цябе. Хочаш – вучыся чатыры семестры, хочаш – шэсць. Гэта, шчыра кажучы, расхалоджвае.
Экзаменацыйная сесія – не адзіны момант, які студэнту з Беларусі не лёг да сэрца. Праўда, Антон быццам выбачаецца за тое, што знаходзіць столькі негатыўных момантаў. Але стрымацца не можа: набалела.
– Мне вельмі не падабаецца, што ў Рурскім універсітэце так вызначаны семестр (з 20 снежня па 6 студзеня – калядныя вакацыі). Пасярод семестру трэба выходзіць з рабочай зоны, пасля на тры тыдні вяртацца, пасля чаго тэрмінова здаваць іспыты. Усё ж я звык, што ты давучыўся, здаў іспыты, а пасля адпачываеш.
Тут даволі павярхоўна выкладаюць некаторыя рэчы. Не тое слова як павярхоўна. У мяне спецыфіка запамінання заключаецца ў тым, што я засвойваю толькі тыя рэчы, якія разумею. Я могу завучыць, але гэта міма касы. Першы дзень помню, пасля забываю. Калі я сам не разумею некаторыя моманты, ніхто іх не тлумачыць. Назапашваецца вялікая колькасць матэрыялу, які я мушу самастойна прапрацаваць. Гэта вельмі няпроста, скажу шчыра. Але ў мяне пакуль атрымоўваецца.
Яшчэ тут не любяць паказваць вынікі іншых. Я магу даведацца толькі пра свае балы. Выкладчыкі лічаць, што гэта добра: нікога не прыніжаюць больш высокія ці нізкія адзнакі іншых. Я лічу наадварот. Здаровая канкурэнцыя ўсё ж павінна быць. Калі ты ведаеш, што ёсць людзі больш упартыя, у іх атрымоўваецца лепш, гэта матывуе працаваць больш плённа. Ёсць абсалютныя велічыні, а ёсць адносныя. Заўсёды больш цікавяць адносныя значэнні. Хочацца параўноўваць.
Антон прызнаецца, што вельмі ўсцешаны такой магчымасцю – павучыцца ў Нямеччыне і паглядзець на Беларусь зусім іншымі вачыма. З якой краінай ён звязвае свае перспектывы? На гэтае пытанне ён сама сабе яшчэ не адказаў.
– У мяне ёсць любімы выраз: не мае значэння, дзе жыве чалавек; важна, што чалавек з сябе ўяўляе. Калі ён адукаваны, то дасягне поспеху ў любой краіне. Не важна – застануся я тут ці вярнуся дадому – я ўсюды змагу знайсці занятак па душы. Як мне здаецца, у Беларусі магчымасцей зарабіць вялікія грошы вельмі многа. І месцаў, куды сябе можна ўладкаваць, таксама. Наш рынак у меншай ступені напоўнены спецыялістамі. Але, з іншага боку, дома зашмат адміністрацыйных пытанняў. Калі ты пачынаеш займацца чымсьці больш-менш прыбытковым, узнікаюць некаторыя нюансы. Магчыма, я памыляюся, але ў Нямеччыне складаней знайсці працу ў прыватнасці для мяне. І хаця ёй не хапае інжынераў, канкурэнцыя вельмі высокая. А ў Беларусі, калі ты кампетэнтны інжынер, цябе забяруць з рукамі і нагамі і годна ацэняць ў грашовым сэнсе. У прыватным ці дзяржаўным сектары – не мае значэння. Іншае пытанне: ці хоча чалавек расці і далей развівацца?
Пакуль я не звязваю будучыню з нейкай краінай. Ведаю толькі, што яшчэ год вучуся тут. Зараз мне не зусім зразумелы расклад. Я элементарна магу вярнуцца дадому, зарабляць грошы, і мне ўсё будзе даспадобы. Але пакуль я вучуся тут і працую над сабой.