На што ідуць беларусы дзеля вучобы ў Нямеччыне? Гісторыя Мікіты


Adukacyja.info працягвае знаёміць з прыгодамі, цяжкасцямі і разважаннямі беларусаў у нямецкіх універах.

У 2010 годзе Мікіта Мярзлоў выйграў рэспубліканскую алімпіяду па гісторыі і без іспытаў паступіў на гістарычны факультэт БДУ. Прабавіў там чатыры гады, а на пятым без шкадавання развітаўся з ім. Расчараваўшыся ў беларускай адукацыі, цяпер ён шукае жыццёвую кропку апоры ў Рурскім універсітэце і, здаецца, хоча звязаць з ім сваю будучыню.

IMG_1534

– З малодшых класаў я цікавіўся гісторыяй. Да алімпіяд мяне рыхтавалі выкладчыкі гістафака, таму з некаторымі я падтрымліваў кантакт яшчэ да паступлення. За апошнія тры гады школы яны сфармавалі маю сістэму ведаў, ператварыўшы дзіцячае захапленне, урыўкавыя факты ў салідную гістарычную базу.

Калі я ішоў на гістарычны факультэт, у мяне былі пэўныя надзеі і чаканні. Яны не апраўдаліся, таму спачатку я пераключыўся на эканоміку, а пасля вырашыў ехаць у Нямеччыну. Я чакаў чалавека – класнага спецыяліста, які змог бы ўзяць пад сваё крыло і зрабіць з мяне сапраўднага вучонага. Такой асобы я не знайшоў. Але гэта не азначае, што іх няма на гістфаку. Праблема нашых факультэтаў у тым, што яны падпарадкоўвацца жорсткай праграме. У студэнтаў няма магчымасці выбіраць паміж дысцыплінамі асобных семестраў. Вучоба пачынаецца храналагічна, ад першабытнага грамадства і гэтак далей. За гэты час не было шанцаў убачыць тых рэдкіх спецыялістаў, якія змаглі б мяне прыцягнуць. Каб я, калі адбывалася спецыялізацыя, змог цвёрда сказаць: гісторыю навейшага часу буду вывучаць пад кіраўніцтвам гэтага чалавека – і ісці з ім далей.

IMG_1529

Жаданне пераехаць у Нямеччыну з’явілася спантана, аднак спела доўга. Спачатку Мікіта проста хацеў змяніць профіль і перавесціся на эканамічны факультэт. Але задумка правалілася. Менавіта тады Мікіта вырашыў: будучыні, звязанай з БДУ, ён сабе не хоча.

– Баласт непатрэбных дысцыплін сфармаваў негатыўнае стаўленне. Думаў, што нічога лепшага ўжо не будзе, трэба змяняць сваю лакацыю і сферу інтарэсаў. Негатыўны вопыт назапасіўся, а пазітыўны яшчэ не прыйшоў. На гэтым зломе я паспрабаваў падацца ў нямецкі ўніверсітэт.

Таму Мікіта шчыльна заняўся нямецкай мовай і пачаў рыхтаваць дакументы на паступленне.

З выбарам ВНУ давялося падумаць. Канешне, было б прасцей вучыцца там, дзе жывуць мае сваякі, – у Ростаку. Але ён знаходзіцца на тэрыторыі былой ГДР. Я як гісторык разглядаю ўсё праз прызму не кроўных сувязей, а сваіх ведаў. Абавязкова хацеў вучыцца на тэрыторыі заходняй Нямеччыны. Меркаваў у Боне. Пачаў рыхтавацца да паступлення на летні семестр. Гэта быў самы складаны этап, калі я сутыкнуўся з усёй жорсткасцю і непахіснасцю двух бюракратычных апаратаў. Першы – у нас, у БДУ, другі – у Боне. Яны не саступаюць адзін аднаму. Па-першае, з-за вельмі жорсткага фармалізму. Нельга прапусціць ніводнага кроку, каб зрабіць наступны. У БДУ патрэбна было атрымаць раздрукоўку адзнак, каб перавесці яе на нямецкую мову і адправіць ў Нямеччыну. Тут я добра намучыўся: спачатку аформіць яе з адмысловым тытульным лістом, гербам БДУ, па-асабліваму прашыць, пасля падпісаць у прарэктара, затым паставіць пячатку канцылярыі. Усё гэта мусіць быць строга па чарзе. Калі штосьці ішло не так, працэс ламаўся.

IMG_1509

Што датычыцца Бонскага ўніверсітэта, то самым складаным апынулася пацвердзіць мінулыя поспехі ў БДУ, даказаць, што я адвучыўся чатыры гады. Сістэма прадметаў, сама структура навучання абсалютна не супадаюць. Немцы не разумелі, як перавесці нашы дасцыпліны ў іх сістэму каардынат. Але гэта не складана, калі там сядзіць прафесіянал, а не студэнцкі дапаможны кадр, які падпрацоўвае на адміністрацыйнай пасадзе і не можа спраўдзіць і залічыць. На адлегласці ў 1500 км трэба было вырашаць такія пытанні. Пасля яшчэ бясконцыя перасылкі дакументаў дзеля аднаго подпісу. Мякка кажучы, не зусім гнуткая структура.

Праўда, намаганні ў бонскім накірунку былі дарэмнымі. Нашмат прасцей аказалася паступіць у Рурскі ўніверсітэт, які залічыў Мікіту на дзве спецыяльнасці – палітыка/эканоміка/грамадства і гісторыя. Па гісторыі ён адразу стаў студэнтам пятага семестра: залічылі іспыты, якія ён здаў у БДУ. І вучоба панеслася.

Галоўная ідэя, якая ляжыць у аснове тутэйшай вучобы і якая прыйшлася мне да смаку, – высокі ўзровень асабістай адказнасці. Тут ніхто не займаецца прымусам. І выпадковых людзей, у адрозненне ад нашых універсітэтаў, амаль няма. Студэнты прыходзяць з выразным уяўленнем, чаго яны хочуць дасягнуць. Гэта не прыгоннае права. Хутчэй, адносіны “рабочы-капіталіст”. Студэнты паступаюць ва ўніверсітэт, каб атрымаць дыплом як заработную плату. Наўзамен яны акумулююць веды і пры нагодзе карыстаюцца імі. Займаюцца гэтым выключна самі. Студэнт разумее: калі я не буду вучыцца, то ў канцы семестра не змагу напісаць кантрольную – і мяне адлічаць. Гэта не азначае, што тут патрабаванні да іспытаў нашмат ліберальнейшыя. Яны аднолькавыя, але сам шлях да сесіі пабудаваны іншым чынам.

IMG_1499 Никита Мерзлов

Другі момант – адсутнасць жорсткай структуры прадметаў. Іх можна выбіраць! Тут ёсць, вядома, такія рэчы, якія трэба абавязкова здаць у пэўным семестры. Затое можна ўзяць 10 дысцыплін, а можна – усяго 2.

Трэці момант. У нас у сістэмах “настаўнік-вучань”, “выкладчык-студэнт” прысутнічае вялікая ступень канфрантацыі. Падкрэсліваецца асабісты аспект, калі студэнту можа не падабацца выкладчык па асабістых прычынах. Тут гэта таксама ёсць, але адыходзіць на трэці-чацвёрты план. Галоўную ролю грае прагматызм і ўзаемапавага. Натуральна, студэнты і выкладчыкі не робаты. І паміж імі можа ўзнікаць сяброўская сімпатыя, але ніхто не пераносіць яе ў сферу прафесійнай дзейнасці. Немцы размяжоўваюць, што ёсць асабістае, а што прафесійнае. І ў нас, і ў Нямеччыне выкладчык – партрэт свайго прадмета. Немцы хутчэй зробяць акцэнт на пазітыўных якасцях выкладчыка, у нас наадварот.

Напрыклад, пра што найперш спытаюць на любым факультэце беларускіх ВНУ? Хто больш жорсткі ці хто адначае на лекцыях. Тут інакш: хто тлумачыць больш зразумела, займальна. Важнасць мае параметр кваліфікацыі, а не штрафных санкцый ці дзіўнасцей.

IMG_1488

Калі прывыканне да ўніверсітэцкіх правілаў прайшло ў Мікіты адносна лёгка, то ў зносінах з новымі знаёмымі давялося дастаткова туга. Сітуацыю тлумачыць самапрэзентацыя нашага героя – замкнёны інтраверт. На пытанне, ці гатовы ён усё жыццё адчуваць сябе чужым, упэўнена адказвае “не”… таму што збіраецца стаць немцам.

Калі я прыехаў у Нямеччыну, не падкрэсліваў сваё паходжанне. Разумеў, што трэба асімілявацца, стаць такім, як яны, але зберагчы свае асаблівасці. Я іду шляхам, які вядзе не да сучаснага студэнцтва, а да старэйшага пакалення. Напрыклад, да выкладчыкаў. Я старамодна накіраваны ў сваіх асабістых перавагах, ва ўспрыманні свету. З пункту гледжання культуры і ментальнасці з нямецкім студэнтам я маю няшмат агульных рыс. Я іду шляхам інтэграцыі ў больш высокі слой.

Першы крок насустрач ужо зроблены. Дзякуючы паспартыстам, якія сумнеўна ведаюць правілы беларускай арфаграфіі, прозвішча Мікіты пішацца не як Miarzlou (Мярзлоу), а на нямецкі лад Merzlou (Мерцлоу). Гэтым фактам ён актыўна карыстаецца, каб прыжыцца да новай рэальнасці.

IMG_1465

Я хацеў бы скарастацца магчымасцю рэалізаваць сябе тут. У чым? Не бачу іншага шляху, апроч навукі. Сябе па-за навуковай сферай не ўяўляю. Нямецкай ці беларускай – не мае розніцы. Я мог бы і там, і там добра функцыянаваць. Але ў Нямеччыне як выкладчык я б валодаў большай аўтаноміяй і творчасцю.

Я рэаліст. Я 20 гадоў рос у грамадстве з аўтарытарным адбіткам. У параўнанні з немцамі, якія больш вольныя, гэта адчуваецца. Я заўжды засяроджаны і сканцэнтраваны. Ментальная розніца застанецца. Але я паспрабую накіраваць яе на маю германізацыю. Аўтарытарная ментальнасць супадае з прускай. Нямецкія нацыянальня рысы – гэта прускія якасці. Магчыма, у мяне атрымаецца стаць старым прусаком.

IMG_14661