Нацыянальны ўніверсітэт: у пошуках ідэі


Нядаўнія выбары рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту актывізавалі дыскусію пра патрэбу стварэння новага беларускага Нацыянальнага ўніверсітэту, піша “Твой стыль”.

Нагадаем, што дагэтуль нефармальны статус незалежнага беларускага ўніверсітэту меў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, які ў свой час вымушаны быў перабрацца з Мінска ў Вільню.

Апошнія некалькі год, аднак, у самім універсітэце і вакол яго актыўна вяліся дыскусіі пра тое, ці гэтая навучальная ўстанова павінна і надалей арыентавацца найперш на беларускіх студэнтаў і на падрыхтоўку кадраў для Беларусі, альбо павінна стаць рэгіянальнай вышэйшай навучальнай установай, арыентаванай найперш на рускамоўных студэнтаў.

Пасля таго, як на выбарах рэктара перамог амерыканец Полік, якога многія ў Беларусі лічаць прыхільнікам “рэгіналізацыі”, а не “беларусізацыі” ЕГУ, у краіне распачаліся дыскусіі пра магчымасць стварэння Нацыянальнага ўніверсітэту.

Нядаўна супольную заяву аб неабходнасці стварэння Нацыянальнага ўніверсітэту зрабілі 57 грамадскіх дзеячоў, журналістаў, навукоўцаў, сярод якіх былі і вядомыя гарадзенцы – бард і актор Віктар Шалкевіч, гісторык Алесь Смалянчук, журналіст Андрэй Пачобут, першы кіраўнікі Саюзу палякаў у Беларусі Тадэвуш Гавін і інш.

Пра патрэбу ў стварэнні такога ўніверсітэту пры наяўнасці ЕГУ, пра тое, што трэба зрабіць для яго стварэння, разважаюць вядомыя эксперты-гарадзенцы, добра знаёмыя з рэаліямі ў сферы вышэйшай адукацыі.

Аляксандр Мілінкевіч, кіраўнік “Руху за Свабоду”, адзін з былых кандыдатаў на пасаду рэктара ЕГУ

Аляксандр Мілінкевіч

Стварэнне Нацыянальнага ўніверсітэта – складаная і амбіцыйная задача, якая патрабуе стабільнага і доўгатэрміновага фінансавання.

Такія праекты могуць стаць рэальнымі, калі да іх падтрымкі і рэалізацыі актыўна далучыцца шырокае кола грамадскіх актывістаў, дзеячоў культуры і навукі, журналістаў.

Нам сёння часта не хапае адзінства і салідарнасці, але менавіта адукацыя і нацыянальнае адраджэнне – гэта тэмы, якія могуць кансалідаваць беларускую дэмакратычную супольнасць.

Погляды на стратэгію і план пабудовы, месца діслакацыі нацыянальнай Alma Mater ёсць розныя.

Адныя бачаць шлях у зваротах да ўлады з просьбай дазволіць гэту ідэю рэалізаваць тут, у Беларусі. Яны лічаць, што гэта дазволіла б максімальна выкарыстаць нацыянальны акадэміцкі патэнцыял і паменшыць шанец на эміграцыю лепшай моладзі.

Іншыя мяркуюць, што яго трэба пакуль ствараць на тэрыторыі Еўразвязу, бо ў Беларусі не можа сёння існаваць свабодная вучэльня, не заціснутая ідэалогіяй і кантролем, бо ўлада дапускае толькі «канкурэнцыю сама з сабой» у камерцыялізаваных дзяржаўных універсітэтах.

Аптымальным варыянтам могла бы стаць не мадэль “або, або”, а “і, і”.

Нацыянальны ўніверсітэт павінен быць і там і тут, працаваць як сеткавы: рэгістрацыя ў Еўразвязе і сетка партнёраў – перш за ўсё гэта адукацыйныя і культурніцкія няўрадавыя грамадскія арганізацыі – у Беларусі.

Усё, што можна рабіць у краіне, робіцца на мясцовых пляцоўках, тое, што пакуль нельга ажыццявіць у нас – у Еўразвязе.

Такое рашэнне дазвалялала б выкарыстаць патэнцыял і досвед нашага 3-га сектара і не правакавала б непатрэбную канкурэнцыю афіцыйнай і грамадзянскай адукацый, а наадварот – прывяла да творчай супрацы, узаемадапаўнення, каардынацыі ўсіх ініцыятываў.

Адначасова Нацыянальнаму ўніверсітэту неабходна ствараць сетку партнёраў і з вядомымі заходнімі ўніверсітэтамі, што дазволіць ажыццяўляць інтэрнацыялізацыю з захаваннем беларускага беларускага акадэмічнага ядра, а таксама пашырыць магчымасці сертыфікацыі атрыманай адукацыі.

Універсітэт павінен быў бы стаць не толькі еўрапейскай навучальнай установай, але і навуковым цэнтрам даследванняў пра рэгіён, пра Беларусь і для Беларусі, і рэсурсным адукацыйным цэнтрам.

Нам бліжэйшым часам неабходна правесці шырокае грамадскае абмяркаванне ідэі, распрацаваць місію, канцэпцыю, стратэгічны план стварэння новага універсітэта.

У Нацыянальным універсітэце беларускасць павінна быць стратэгічным выбарам, як навуковы і адукацыйны прыярытэт, а еўрапейскасць – прынцыпам існавання.

Вельмі важна, каб ягоныя выпускнікі былі сучаснымі еўрапейскімі спецыялістамі і мелі глыбокую нацыянальную самасвядомасць, адчуванне сваёй грамадзянскай місіі.

Сцяпан Стурэйка, доктар гуманiтарных навук, выкладчык ЕГУ

Сцяпан Стурэйка, Разрушыцель

Адразу адзначу, што ініцыятыва з нацыянальным універсітэтам вельмі цікавая. Насамрэч, незалежных даследванняў, адукацыйных магчымасцяў ды міжнародных кантактаў ніколі не бывае зашмат.

Але тут маем беспрэцэдэнтную колькасць усялякіх “аднак”.

Мяне засмучае, што распачынальнікі ўніверсітэта наўпрост адштурхоўваюцца ад ЕГУ.

Глядзіце самі: з пяці абзацаў “заявы 57-мi” ажно чатыры тычацца ЕГУ. У пазнейшай дыскусіі падтрыманты былі надзвычай ваяўнiчыя. Што ж, яны нейкае анты-ЕГУ сабраліся будаваць? Ці прадуктыўна гэта?

На жаль, цяпер у публічнай дыскусіі часцяком назіраем безадказнае кiданне словамi. Да таго ж, як аказалася, нацыянальны некаторымі усцяж усведамляецца як вузка-этнічны.

На хвалi заканамернай у сувязi з украiнскiмi падзеямi актывiзацыi рэгiянальных нацыяналiзмаў ім хацелася б стварэння ўстановы, дзе гадаваўся б беларускі “спецназ адраджэння”.

Адчуваю неабходнасць панiжэння градуса рыторыкi! Калі не зважаць на кепскi стыль дыскутантаў, што застаецца?

Адных лепшых памкненняў у справе стварэння ўнiверсiтэта мала. Сапраўдны, юрыдычна аформлены ўнiверсiтэт – сур’ёзная, у тым лiку бюракратычная машына.

У БДУ тры будынкі запоўненыя выключна адміністратарамі. Думаць, што там спрэс дармаеды – наiўна. Праграма па культурнай спадчыне нашага дэпартамента гісторыі ЕГУ нядаўна прайшла мiжнародную знешнюю экспертызу. Гэта запатрабавала высiлкаў цэлага калектыву людзей. Месяцамі яны займалiся нецiкавай працай, запаўнялі безліч папер. Мы “ўсяго толькі” даказалі права на сваё існаванне ў еўрапейскай адукацыйнай прасторы. Шкада, але ад гэтага не адкруціцца.

Наладзіць і забяспечыць бесперапынную дзейнасць установы – во дзе цымус! Хто гэта ўсё будзе рабіць у Варшаве?

І апошняе. Рызыкну выглядаць цынічным, але ў бягучай сітуацыі добрыя iдэйныя суполкi ды інiцыятывы з дадатковай вартасцю могуць iснаваць толькi ў выглядзе напаўфармальных герметычных аб’яднанняў. Яны вельмі патрэбныя! Але як толькі яны спрабуюць вырастаць у нешта большае, выходзіць на сістэмны, “нацыянальны” ўзровень, адразу становяцца люстэркавым адбіткам грамадства-заснавальніка.

Інакш не бывае. Гэта ў тым ліку выпадак ЕГУ. Так што, калі ласка, прыцішце агрэсію і падумайце, як у наяўных умовах ствараць нешта сапраўды прывабнае, што гуртавала б нас і адпавядала прыметніку Нацыянальны, хоць, на маю думку, ён можа быць наданы толькі пасля асягнення пэўных вяршынь.

Ігар Кузьмініч, былы выкладчык Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы

Ігар Кузьмініч

Ідэя Нацыянальнага ўніверсітэта надзвычай важная сёння для Беларусі. Нацыянальны ўніверсітэт патрэбны для таго, каб будаваць сучасную супольнасць беларусаў, здольную канкурыраваць з самымі развітымі супольнасцямі ў новых умовах інфармацыйнага грамадства.

На маю думку, толькі беларушчына можа стаць ў гэтым новым універсітэце “рошчынай” для выпрацоўвання нашага погляду на сучасны свет і яго выклікі, калі мы не здолелі гэтага зрабіць па-польску ў канцы ХVIII-ХІХ-м, ці па-руску на працягу ХХ-га стагоддзяў.

Толькі грунтуючыся на беларушчыне мы можам прапанаваць свету новы погляд на рашэнне гэтых выклікаў і праблем.

Той ЕГУ, які я ведаю – і раней не мог быць гэтакай структурай, тым больш зараз, калі вызначыў стратэгію на камерцыялізацыю сваёй дзейнасці і ўсё больш пераўтвараецца ў рэгіянальную ўстанову па падрыхтоўцы кадраў.

Для стварэння свайго ўніверсітэта патрэбна эфектыўная сістэма якаснага навучання, людзі, якія будуць здольныя ствараць і падтрымліваць гэтую сістэму не проста працуючай, а працуючай на высокім узроўні, адпаведнае якаснае навучальна-метадычнае забеспячэнне, эфектыўная сістэма прыцягнення навучэнцаў і рэсурсы на падтрыманне гэтых сістэм у працоўным стане.

Разам з тым галоўнае – гэта тое, чаго пакуль не стае… А не стае ідэі ўніверсітэта.

Гэты ўніверсітэт мае ўзнікнуць у сучасных умовах крызісу сістэмы навучання ў цэлым і вышэйшай адукацыі ў прыватнасці.

Няма сэнсу ствараць яшчэ адзін ЕГУ, але на беларускай мове.

Перад Нацыянальным універсітэтам павінны стаяць новыя мэты.

Нават сама форма арганізацыі, дзейнасці ўніверсітэта ў сучасных умовах павінна быць інавацыйнай, не кажучы пра навучальную, выхаваўчую і навукова-даследчую дзейнасць.

Калі мы здолеем сфармуляваць такую ідэю для нацыянальнага ўніверсітэта – стане рэалістычным яго ўзнікненне.

Перакананы, што мы гэта зрабіць здольны.

В. Дрэма, t-styl.info

Глядзіце таксама: