Нататкі назіральніка: шлях да Аўстраліі

  • 19.03.2016
  • Блог
  • Здымкі Яўгена

Добры дзень, чытач!

Кім бы ты ні быў, вітаю цябе на старонках майго дзённіка!

Вечар. Працоўны дзень скончыўся. За вокнамі аўстралійскі дождж шчодра “частуе” прыроду вільгаццю. Здаецца, самы час падзяліцца уражаннямі, думкамі і назіраннямі.

Калі блукаеш па гарадскіх джунглях, сярод шматлікіх хмарачосаў, якіх у Брысбене дастаткова, не цалкам адчуваеш, што знаходзішся ў Аўстраліі.

314_900

Brisbane skyline

Безумоўна, пра гэта нагадваюць кліматычныя ўмовы, шматлікія дзяржаўныя сцягі, якія гойдаюцца па ўсім горадзе, а таксама птушкі, якія ўтульна ўладзіліся на галінах, хаваючыся ад пякучага сонца, і быццам падміргваюць заклапочаным прыезджым: “Усё добра, вы ў Аўстраліі”. Але поўнае ўсведамленне (шчыра, пакуль яшчэ надта мімалётнае) таго, што ты ў Аўстраліі, завітвае да цябе або калі ты знаходзішся на пляжы, на узбрэжжы Ціхага Акіяну, альбо калі глядзіш на мапу свету і па звычцы спрабуеш знайсці сябе ў Еўропе, але раптам апынаешся ў Аўстраліі.

Ведаеш, чытач, напэўна, пакуль паўнавартаснае адчуванне таго, што я ў Аўстраліі, да мяне яшчэ не прыйшло. Аднак паступова адчуваю, як наліваюся гэтым усведамленнем знутры. Трэба яшчэ няшмат часу, каб працэс пад назвай “perception loading” спыніўся на пазнацы 100 адсоткаў, і я асэнсаваў, што знаходжуся не на Паўночным, а на Паўднёвым паўшар’і, дзе людзі ходзяць дагары нагамі.

Але зрэшты рэшт у першыя гадзіны пасля прыбыцця на аўстралійскую зямлю мяне не пакідала ўражанне, што я вярнуўся ў мілую сэрцу Брытанію: вуха ловіць ноткі чыстай брытанскай мовы, з аўстралійскім адценнем, на вуліцах бачныя надпісы на брытанскі манер, дзесьці трапляюцца дробныя кіёскі з fish&chips… Але вось толькі мая новая Брытанія апынулася нязвыкла спякотнай, дзе Сонейка, неахайна апрануўшы фартух, смажыць мясцовую зямлю на патэльні, метадычна, як шэф-кухар, кідаючы ўверх, як аладкі. Акрамя гэтага, на Туманным Альбіёне ніколі не прыходзілася бачыць пальмы (у такой колькасці). А вушы агортваліся эўфоніяй галасоў невядомых мне птушак. І тады ў мяне запалілася лямпачка, а мозг пачаў атрымліваць трывожныя сігналы: wait a second… this isn’t UK.

1972_900

Але тое быў толькі аперэтыў. Лепш будзе аднавіць паслядоўнасць. І пачну з падарожжа з Еўропы ў Аўстралію.

Мой шлях ішоў праз Паўднёвую Карэю, і на мапе быў пазначаны як Масква – Сеул – Брысбен. Пакідаючы халодны Мінск і пасля падымаючыся на борт самалёту ў марознай Маскве, мне зусім не верылася, што праз 30 гадзін я апынуся амаль на іншым краі Зямлі, дзе лета ніколі не сканчаецца.

Для пералету я вырашыў скарыстацца паслугамі кампаніі Korean Air. Ніколі яшчэ я не лятаў на такія доўгія адлегласці. Таму не ведаў, чаго чакаць ад такіх доўгіх пералётаў. Стаіўшы дыханне, я набліжаўся да свайго крэсла ў самалёце, а ўнутры разліваўся спакой і задавальненне. Нават нягледзячы на мой дужы вопыт у пералётах (але яны былі ў межах Еўропы і не болей за чатыры гадзіны), гэтым для мяне ўсё было ўпершыню. У тым ліку быў першы пералёт на вялікім Boeing 777-200 Airbus (а на шляху з Сеула да Брысбена нам падалі вельмі падобны Airbus A330-300). Таму, уладкаваўшыся ў крэсле, я з-за сваёй цікаўнасці і духу эксперыментаў пачаў ціснуць на ўсе пімпачкі, якія спакусліва глядзелі ў мой бок. Аднак я быў вельмі здзіўлены, калі падышоў да свайго месца, бо знайшоў шмат рэчаў, зразумелых і не вельмі. З зразумелых быў вельмі ўтульны мяккі плед (шкада, але яго нельга было забраць), падушка, слухаўкі, бутэлька карэйскай вады. З незразумелых – невялікі пакунак. Раскрыццё пакунку паказала: там была шчотка, паста, а таксама белыя хатнія тапкі. Напэўна, карэйцы добра ведаюць, як стварыць утульную атмасферу. У падгалоўнікі крэсел былі ўмантаваныя кампутары з мноствам медыяцікавостак: вялікі выбар фільмаў (новыя галівудскія, галівудская класіка, азіяцкія фільмы, асобна карэйскія, еўрапейскія фільмы), выдатная падборка музыкі і аўдыёкніг, тэлеперадачы розных фарматаў, забаўкі для дзяцей (яшчэ здзівіла прысутнасць джойстыку). Цягам усяго палёту да самай Аўстраліі мяне асабліва вабіла магчымасць сачыць за ўсімі параметрамі палёту: вышыня, хуткасць, адлегласць, час (колькі прайшло, колькі засталося); магчымасць глядзець на фізічную мапу. Насамрэч, карэйцы робяць сваю працу вельмі якасна, і сэрвіс у іх выдатны.

А стрэлкі гадзінніка імкліва беглі наперад і адлічвалі апошнія імгненні да таго моманту, калі я пакіну еўрапейскі кантынент. “Боінг” разагнаўся  і пачаў набіраць вышыню, а ўнізе  засталіся агні Еўропы, якія паступова знікалі. У думках я казаў “да пабачэння”.

Палёт з Масквы да Сеулу заняў прыкладна 8,5 гадзін. Гэты час прайшоў вельмі хутка,  але мне асабліва запомнілася апошняя гадзіна палёту перад прызямленнем. Цягам усяго рэйсу за вокнамі была толькі цемра, бо мы перасякалі паясы, дзе была ноч. Але мы ляцелі ва ўсходнім накірунку, насустрач узыходзячаму сонцу. І прыкладна за гадзіну да прылёту раптам з’явілася тонкая палоска ружовага свету. “Якое цудоўнае, прыгожае рассейванне Рэлея!” – падумаў я і пачаў насалоджвацца гэтай чароўнай з’явай, якую мог назіраць на вышыні 11,8 кіламетраў над зямлёй на мяжы трапасферы і стратасферы. Палоска свету пачала вельмі хутка павялічвацца, пакуль не праглынула ноч. А наогул, дарагі чытач, я табе кажу, што цемра – усяго толькі адсутнасць фатонаў. А пасля світанку я насалоджваўся ружова-блакітнай часткай бачнага электрамагнітнага спектру. Наш “Боінг” пачаў паступова зніжацца, мы прайшлі скрозь белую коўдру з аблокаў, і ўпершыню ў жыцці перад маім позіркам паўстала карэйская зямля.

Галоўны аэрапорт, які абслугоўвае Сеул і блізкія да яго тэрыторыі, мае назву Incheon International Airport і з’яўляецца найбуйнейшым у Паўднёвай Карэі і адным з самых вялікіх у свеце. Ён знаходзіцца не на карэйскім паўвостраве, а на невялікім востраве каля mainland, таму пры зніжэнні і на падыходзе да аэрапорту з ілюмінатара самалёта бачны цудоўны краявід Жоўтага Мора.

У Карэі ў мяне было каля 11 гадзін, і каб трохі пазнаёміцца з краінай, я вырашыў з’ездзіць у горад Incheon, назву якога мае аэрапорт. Incheon – трэці горад у Паўднёвай Карэі па колькасці насельніцтва (2,5 мільёны чалавек). Ён знаходзіцца паміж аэрапортам і Сеулам. Але з прычыны таго, што ён месціцца на карэйскім паўвостраве, трэба праехаць па прыгожым мосце Incheon Bridge – самым доўгім у Паўднёвай Карэі (даўжыня – каля 21 кіламетра). У Incheon у мяне была невялічкая экскурсія, цягам якой я з большага пабачыў горад, наведаў храм Будды і мемарыял, прысвечаны Карэйскай вайне 1950-1953 гг. Мемарыял знаходзіцца на ўзвышшы, і таму з яго адкрываецца цудоўны краявід на горад. А ля ўваходу ў мемарыял гойдаюцца сцягі краін, якія найбольш дапамаглі Паўднёвай Карэі падчас Карэйскай Вайны. Мой позірк выхапіў сцяг Аўстраліі, які лунаў на фоне хмарачосаў Інчхона. Мне гэта падалося вельмі сімвалічным.

683_900

Australian flag with Incheon skyline at the rear

Але мяне чакаў працяг майго падарожжа ў Аўстралію, і надышоў час вылету ў Брысбен. Другі палёт заняў прыкладна 9,5 гадзін; падчас палёту карэйцы ізноў паказалі цудоўны сэрвіс. І вось аблокі расступіліся – і паказалася аўстралійская зямля. Спачатку я бачыў узгоркі і невялічкія выгнутыя рачулкі. Раптам падалося, што я ізноў прыляцеў у Шатландыю і зараз пралятаю над Highlands.

І, напэўна, я так і думаў бы, калі б сонейка не частавала ўсе ўзгоркі, палі і рэкі сваім спякотным пацалункам. Сонца пачало прабівацца скрозь ілюмінатар і джаліць сваім цяплом. А калі вельмі моцны праменьчык трапіў мне ў вока, я нават не мог глядзець у вакно. Такя зразумеў – гэта не Шатландыя.

Напэўна, зараз мне варта падзяліцца з табой, дарагі чытач, першымі агульнымі назіраннямі, а болей дэталёвае апісанне чагосьці канкрэтнага пакінуць для наступных нататак наглядальніка.

У Брысбене у гэтую пару года (а зараз сярэдзіна лета) досыць часта ідуць дажджы. Часамі яны бываюць вельмі кволымі і хутка праходзяць, а калі-некалі скідваюць усю сваю водную моц на горад, які смажыцца на патэльні. Але прамокнуць пад дажджом тут невялікая бяда, бо калі прыбягаеш пад дах, то хутка абсыхаеш: тэмпература высокая, нават нягледзячы на дождж. Пасля дажджу тут вельмі прыемнае паветра: моцнай спёкі ўжо няма, але як і раней цёпла і прыемна.

Як на тэрыторыі кампусу майго універсітэта, так і па ўсім горадзе можна сустрэць шмат птушак. Тут вельмі распаўсюджаныя Australian ibis.

1659_900

3287_900

Ооо, гэтыя хлопцы маху не дадуць! Яны вельмі ахвотныя да ласунках: напрыклад, некалькі такіх таварышаў можна сустрэць каля ўніверсітэцкага фудкорту. Таму да такіх хлапцоў трэба ставіцца асцярожна, калі жадаеш паесці на свежым паветры, бо яны лёгка могуць выхапіць ваш сэндвіч і, трымаючы яго ў клюве, сесці на суседняе дрэва. Адразу ўспамінаецца: “Вароне Бог даслаў кавалак сыру…” Дарэчы, падобная сітуацыя адбывалася ў Шатландыі, толькі адрозненне ў тым, што замест ібісаў – чайкі, якія жывуць на Паўночным моры. (Мае успаміны памахалі рукой Шатландыі). Але калі ў руках няма нічога смачнага, то ibis – мірныя птушачкі, якія прагульваюцца па лужайках.

Скажы, чытач, ты калісьці меў адчуванне, што на цябе хтосьці непрыкметна глядзіць, а ты не вельмі разумееш, хто гэта? Быццам адчуваеш спіной чужы позірк, але не можаш здагадацца, адкуль ён ідзе. Знаёма, так? Ладачкі, узмоцнім адчуванне. А цяпер, мой дарагі чытач, уяві, што на цябе хтосьці глядзіць з-за кустоў. Адразу дзве пары вачэй. І вось гуляю я, разумееш, па горадзе ў мінулыя выходныя і адчуваю, што на мяне хтосьці глядзіць з-за кустоў. Адварочваюся – а там сядзіць вельмі мілая сям’я stone-curlew.

2480_900

2786_900

Бацькі клапатліва абараняюць сваё патомства, і таму так уважліва назіраюць за незнаёмцамі, якія праходзяць міма, і спадзяюцца, што незнаёмцы іх не прыкмецяць. Але дзе там, каб я і не прыкмеціў такіх прыгожых птушак! Натуральна, у мяне з’явілася жаданне сфатаграфаваць іх, і я ціхенька пачаў набліжацца. Чытач, ты можаш уявіць, каб які-небудзь аўстраліец бегаў па кустах за птушкамі з фотакамерай? Не? Мне, шчыра кажучы, гэта таксама цяжка уявіць. Птушкі думалі таксама такім чынам. Таму калі я пачаў да іх адкрыта набліжацца, птушкі пачалі уцякаць. Пакуль маці “бараніла” птушанят, іх бацька актыўна шыпеў і пішчаў. Так шыпеў, як робяць каты. Я спачатку падумаў, што гэта кот, які вырашыў папаляваць на птушак. Але не! Сам птушыны бацька і шыпеў.

Яны пайшлі глыбей у кусты, не чакаючы, што хтосьці іх можа сфатаграфаваць. Вядома, яны зразумелі, што я не мясцовы, бо я ўсё ж зрабіў здымак. У адказ я мог прачытаць у іх вачах позірк “Прыехалі тут!”

Пасля усёй гэтай сітуацыі я чамусьці ўявіў сябе Шарыкам з Прастаквашына, калі той з фотаружжом ганяўся за трусам. А потым уявіў ката Матроскіна, які дакорліва кажа: “Вось ты зараз за імі паўдня ганяўся, каб сфатаграфаваць, а потым будзеш яшчэ столькі ж бегаць, каб фатаграфію вярнуць”.

А яшчэ ў Брысбене, у цэнтры горада, уздоўж рэкі Брысюен, можна пабачыць шмат яшчарак. Тут іх называюць Australian water dragon. Пабачыўшы ўпершыню ў жыцці такую яшчарку, падумаў, што гэта неверагодны поспех. І, вядома, пачаў яе фатаграфаваць. Прайшоў яшчэ трохі – і ўбачыў другую. Сфатаграфаў – і ўбачыў яшчэ трэцюю. І яе сфатаграфаваў. Прыкмеціўшы яшчэ некалькі, зразумеў, што тут такіх процьма. І таму я прыпыніў. Але з першымі ўжо паспеў пазнаёміцца.

5217_900

4895_900

Знаёмцеся – Ігар. Ігар – яшчарка. Ён мае брысбенскія карані. А яшчэ Ігар – мадэль і пазёр. Ён вельмі любіць, каб яго фатаграфавалі і малявалі. Каб мне было яго зручней фатаграфаваць, Ігар паварочваў галаву, куды трэба, і таксама прыгожа расклаў хвост.

Звычайна яшчаркі сядзяць або на камянях і грэюць жываты і спінкі, або на лісцях. Але Жора сядзеў акурат на асфальце. Павольна прагульваючыся каля ракі Брысбен, я ледзь не наступіў на Жору, бо не чакаў, што ён будзе сядзець на асфальце. Але Жора пільнаваў, таму за некалькі секунд да майго падыходу ён зышоў з асфальту на траву. Жоры нічога не пагражала, таму ён заслужыў фота на памяць.

5409_900

А гэта Іван. Іван стар, ён проста супер-стар! Я, вядома, не ведаю, як высветліць узрост яшчаркі па яе выглядзе, але мне чамусьці падалося, што Іван выглядае нашмат старэйшым чым Ігар і Жора. Напэўна, я памыляюся.

Калі сярод маіх чытачоў ёсць мастакі, асабліва тыя, хто малюе з натуры, вось мая парада – бярыце ячшчарку. Лепшай натуршчыцы не знойдзеце. Яна непераборлівая, і ўсё, што ёй трэба – каб яе фатаграфавалі і малявалі. Яна будзе пазіраваць як трэба і колькі трэба: і лапку адкіне, і хвосцік разложыць ва ўсю даўжыню.

Вось мае першыя уражанні ад Аўстраліі і Брысбена. Шчыльнасць маіх новых уражанняў на адзінку гадзіны невымерна высокая, таму ты, мой дарагі і цярплівы чытач, можаш чакаць новых нататак назіральніка.

Шчыра твой,

назіральнік

1406_900

2170_900

6684_900