Нататкі з Эразмуса ў Польшчы: час развітвацца


Прывітанне!

Не магу паверыць у тое, што у наступным годзе мяне чакае дыплом. Але спачатку трэба будзе здаць некалькі іспытаў і абараніць курсавую. А яшчэ перад гэтым проста вярнуцца дадому. Трэба вярнуцца дадому і проста асэнсаваць усё, што са мной адбылося.

Складана пасля такого насычанага перыяду жыцця добраахвотна ставіць кропку. Я доўга думала над тым, што мушу напісаць у апошнім з серыі пастоў.

На Познань на некалькі дзён накаціла спёка, такая, што нават з інтэрнату не выйсці. Ды і ў саміх пакоях не лепш – духата. Але я вырашыла гэтую праблему – зараз пішу гэты пост і адначасова трымаю ногі ў тазіку з халоднай вадой. Суседка паехала вандраваць па Італіі, сусед з’ехаў на мінулым тыдні – і зараз я жыву адна. Гэта настолькі крута! Асабліва, калі табе трэба рыхтавацца да іспытаў ці проста хочацца пабыць у цішыні.

ul-a-fredry-w-poznaniu

Меншая колькасць прадметаў сябе апраўдала – адзнакі сталі вышэй, і наогул іспыты даліся лягчэй. Зараз для мяне напісанне эсе ці стварэнне прэзентацый не з’яўляецца праблемай. Для мяне ў гэтым семестры самай цікавай дысцыплінай была “Уводзіны ў вывучэнне і навучанне моў”. Мы былі быццам з двух бакоў – і як студэнты, і як будучыя настаўнікі. Зразумела, што у многім заходнія методыкі зрабілі крок далей. Для мяне было сапраўдным шокам, што адной з задач настаўніка з’яўляецца стварэнне прыемнай атмасферы і матывацыя вучняў. У мяне так ніколі не было – у школе мяне хвалявалі толькі адзнакі, потым я стала больш цікавіцца практычным аспектам. Зараз я вельмі хачу пайсці на школьную практыку, адчуваю, што змагу прымяніць свае веды і заахвоціць дзяцей да навучання моў.

Ведаю, што гэта будзе няпроста, але я гляджу на сітуацыю з аптымізмам. Заўсёды можна паспрабаваць, можна выкарыстоўваць розныя методыкі. Можна проста быць настаўнікам з вялікай літары – каб вучні і бацькі паважалі цябе за тваю працу.

Патрохі развітваюся з сябрамі і знаёмымі. Глядзіш на іх фоткі ў Фэйсбуку, дзе яны ўжо разам са сваімі роднымі, і разумееш, што хутка і ты паездзеш. Хоць я колькі раз скардзілася на імпрэзы і шум, мне гэтага стала не хапаць. Быццам бы выкрэслілі важную частку жыцця.

Засталося паўтары тыдня.

Эразмус даў мне шмат.

  • Даў паразуменне, што ўсё людзі розныя, і трэба з павагай ставіцца да іх поглядаў.
  • Ніколі не ведаеш, дзе ты сустрэнеш найлепшых сяброў.
  • Цяжкасці ў жыцці трэба пераадольваць з усмешкай.
  • Пасля доўгіх вандровак няма нічога лепей за ложак у сваім пакоі.
  • Як казаў Тэд Мозбі: “Не прымай рашэнняў пасля другой гадзіны ночы. Яны ўсе будуць няверныя”
  • Навучылася адпускаць людзей, якія наогул не твае. Твае людзі заўсёды будуць з табой.
  • Людзі могуць казаць што заўгодна, але калі ты адчуваеш, што ты на правільным шляху – ідзі і не слухай нікога.
  • Але пра сям’ю ніколі не забывай! Часам яна дае вельмі карысныя парады (мае дарагія Васількі, прывітанне!)
  • Хоць раз трэба пабачыць світанак, патанчыць так, каб не чуць ног, і прыехаць у Берлін а шостай раніцы ў цёмны зімні ранак.
  • Самае істотнае заўсёды застанецца па-за межамі Фэйсбуку. Яно застанецца ў сэрцы.

Яшчэ я зразумела, што калі чую назву той ці іншай краіны, для мяне гэта ўжо не пусты гук – адразу ж уяўляю людзей з тых краін, якіх я сустрэла на сваім Эразмусе.

Цяжка развітвацца, але трэба. Дзякуй усім тым, хто заставаўся са мной усе гэтыя дзесяць месяцаў! Ваша падтрымка вельмі дапамагла мне! Шчыры дзякуй маёй сям’і і асабліва бацькам – Ірыне і Віталю Васільковым. Дзякуй камандзе Адукацыя.Інфо – за карысныя парады, за тое, што вы проста ёсць! Асабістая падзяка Любе Каспяровіч:)

Не развітваемся!

Алена